Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Пашкоджанні
← Аномаліі разьвіцьця (прыроджаныя хваробы) | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Пашкоджанні Аўтар: Савелій Рубашоў |
Пашкоджаньні чэрапу → |
2. Пашкоджаньні
Зусім іншае значэньне маюць траўмы. Яны складаюць вельмі значную групу хірургічных захворваньняў. У Расіі за 1902 г. у процантных стасунках траўмы давалі 5,5 проц. усёй колькасьці хворых (для параўнаньня — лічба заразьлівых хвароб — 19,7 проц., хвароб стрававальных органаў — 15,7 проц. і т. д.); у 1912 г. гэтая лічба была — 6,9 проц. На Беларусі процант пашкоджаньняў у адносінах да агульнай захворвальнасьці (Смулевіч) — 5,7 проц.
Сярод застрахаванага насельніцтва траўмы бываюць яшчэ часьцей. Паводле даных СССР за 1925 г. сярод хвароб
прамысловых рабочых траўмы займаюць другое месца, даючы 19,1 проц. (пры 24,3 проц. інфэкцыі); у служачых і непрамысловых застрахаваных яны давалі 6,1 проц. Таксама паводле ангельскіх даных 1924 г. траўмы займаюць трэцяе месца (тубэркулёз - 20,1 проц., інфэкцыі - 13,8 проц., траўмы - 13,4 проц.).
У некаторых профэсіях гэты процант павялічваецца да 36,6 (здабывальная прамысловасьць), 34,5 проц. (апрацоўка мэталю, дрэва), 31 проц. (транспорт), 30 проц. (апрацоўка мінэралю) і г. д. (СССР, 1925 г.). Паводле Садоўнікава - да 44 проц. усіх хвароб у рабочых - гэта траўмы.
Якія ўмовы ў цяжкай індустрыі? Дзеравенка ўказвае такія лічбы: на заводзе імя Пятроўскага ў 1924 г. - колькасьць рабочых - 17.192, траўмаў - 15.055 (153 проц.); у 1926 г. - колькасьць рабочых - 17.192, траўм - 16.505.
Траўматызм сярод сялянскага насельніцтва менш, але ўсё-ж і тут ён значны. Калі абазначыць коэфіцыент прамысловага траўматызму лічбай - 80, тады сялянскі траўматызм абазначыцца - 40 (паводле Оппэля).
У якасьці вываду можна прыняць палажэньне, што траўмы адыгрываюць значную ролю ў агульнай захворвальнасьці і яшчэ больш значную - сярод хірургічных захворваньняў.
Таксама не малое месца займаюць траўмы сярод хворых хірургічных аддзяленьняў, хоць значная большасьць траўм, як лёгкія, у стацыянар не пападаюць. Гэта характарызуюць лічбы Дзеравенка: з усёй колькасьці пашкоджаньняў на заводах госьпіталізавана было - 1 проц. У Расіі ў 1912 г. на агульны лік - 3.282.841 хворых, якіх лячылі ў больніцах (ня толькі хірургічных) - траўм было 9 проц., г. зн. кожны 11 хворы лячыўся ад пашкоджаньня.
У хірургічных больніцах процант гэты, зразумела, большы, ён вагаецца залежна ад характару ўстановы. Напр., клініка Дзьяканава мела ўсяго 3 проц., што тлумачыцца яе аддаленасьцю ад цэнтра гораду. Лічба Джыбсона (14 проц. на 12.144 хворых вялікай амэрыканскай больніцы) мабыць, правільней за ўсё паказвае існуючыя стасункі.
У Абухоўскай больніцы ў 1913 г. на 8.199 хворых было 38,5 проц. траўм (зломаў і параненьняў); у Більрота ў Цюрыху пашкоджаньняў было - 47 проц.; у Вэне - 21 проц. усіх захворваньняў. У Ваўковіча (Кіеў) пашкоджаньні складалі 30 проц., а зломы - 17 проц. усіх хворых. У земскіх больніцах дарэволюцыйнага часу — 51 проц. (Тамбоўская), 43 проц. (Елецкая). У другой земскай больніцы на 2.268 хірургічных хворых траўм было 279, г. зн. 10,6 проц. У маёй клініцы (больніцы) процант траўм быў роўны — 18,3. Сярэдні процант траўм сярод хірургічных хворых у стацыянарах можна лічыць роўным 15-20 проц.
Гэты процант, сам па сабе даволі вялікі, аднак значна павялічваецца для некаторых вобласьцей цела і асабліва для галавы і канцавін. Напр., у Інстытуце Скліфасоўскага (Масква 1925 г.) на ўсе захворваньні галавы — пашкоджаньняў было — 90 проц., а ў Елецкай — звычайнага тыпу рускай больніцы — 50 проц.
Паводле матэрыялу раду больніц, пашкоджаньні паражаюць перш за ўсё галаву, потым канцавіны, грудзі і, нарэшце, жывот, шыю і т. д.
Назіраньні маёй клінікі даюць наступны малюнак:
Пашкоджаньні чэрапу складалі | 81 проц. усіх захворваньняў данай вобласьці |
верхніх канцавін | 68 проц. |
ніжніх | 46 |
грудзей | 43 |
хрыбетніка | 35 |
твару | 20 |
шыі | 11 |
жывата | 8 |
мачапалавых орган. | 4 |
Агульная сьмяротнасьць насельніцтва ад траўм ілюструецца такімі лічбамі: у СССР (1925 г.) на 10.000 насельніцтва памерла ад пашкоджаньняў:
Масква 5,1, Ленінград 5,9, іншыя гарады 5,4-5,5, Украіна 4,3 і Беларусь 5 (паводле Смулевіча — 4).
У Германіі памерла ад пашкоджаньняў:
У гарадох, дзе насельніцтва больш 100.000 | 3,6 |
" " " " " " менш " " | 3,0 |
У Італіі, у абсолютных лічбах, у 1924, 1925 і 1926 г. г. памерла ад пашкоджаньняў 12.887, 13.434 і 12.659 чалавек (для параўнаньня падаю лічбы сьмярцей ад злаякасных пухлін там-жа — 25.719, 22.734, 22.548).
Удзел сьмярцей ад траўм у агульнай сьмяротнасьці паказваюць наступныя даныя: на Беларусі — гэты процант роўны — 2,4; па штату Канзас (Паўночна-Амэрыканскія Злучаныя Штаты) — 5,7 проц. Паміж гэтых лічбаў, у якіх яскрава выяўляецца момант індустрыяльнага разьвіцьця, вагаецца лічба ўдзелу сьмяротнасьці ад траўм у агульнай сьмяротнасьці.
Прычыны сьмяротнасьці (даныя штату Канзас на 1927 г.)
абсолютныя | на 100.000 насельніцтва | |
паражэньні сэрца | 2.612 | 142,3 |
злаякасныя пухліны | 1.839 | 100 |
апоплексія | 1.832 | 99,6 |
нэфрыт | 1.534 | 83,4 |
траўма | 1.345 | 73,1 |
Які процант сьмяротнасьці сярод самых траўматыкаў?
Паводле даных Народнага Камісарыяту Працы РСФСР у 1922-23 г. г. ад прамысловых траўм памерла 0,5 проц., што дае вялізарную абсолютную лічбу.
У Расіі ў 1912 г. памерла ад пашкоджаньняў з ліку пацыентаў, што знаходзілася ў рускіх больніцах — 9.207 чалавек, што складае 3,1 проц. і 5 проц. у адносінах да ўсіх памершых у больніцах; у Джыбсона на 1.598 траўматычных пашкоджаньняў памерла 4 проц. Цікава параўнаць з гэтым лічбы аднаго ангельскага госьпіталю 1872 г. (госьпіталь сьв. Георга), дзе процант сьмяротнасьці ад траўм — 5,3. У Більрота процант сьмяротнасьці ад пашкоджаньняў вагаўся паміж 13 і 18,5. У мяне ў клініцы процант сьмяротнасьці траўматыкаў быў роўны — 6,6 проц. Такім чынам, мы бачым, што ў залежнасьці ад цяжкасьці выпадкаў процант сьмяротнасьці вагаецца паміж 4 і 7.
Як можа змагацца хірургія з гэтай сьмяротнасьцю? Конкрэтны адказ можна даць, вывучыўшы голоўныя компанэнты траўматычнай сьмяротнасьці.