Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Уплыў на сьмяротнасьць «запушчанасьці» захворваньня
← Заключэньне | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Уплыў на сьмяротнасьць «запушчанасьці» захворваньня Аўтар: Савелій Рубашоў |
Уплыў опэрацыйнага ўмяшаньня на хірургічную смяротнасьць → |
Б. УПЛЫЎ НА СЬМЯРОТНАСЬЦЬ «ЗАПУШЧАНАСЬЦІ» ЗАХВОРВАНЬНЯ.
Наступным па сваім значэньні фактарам з умоў, што робяць уплыў на хірургічную сьмяротнасьць, зьяўляецца стан захворваньня, або, як я яго называю, «фактар запушчанасьці». Ён мае ўнівэрсальнае значэньне — і для усіх этыолёгічных груп захворваньняў, і для ўсіх лёкалізацый захворваньня. Кожны хірург мае так шмат даных у гэтых адносінах, што не даводзіцца траціць шмат слоў на асьвятленьне гэтага моманту.
Значэньне фактару запушчанасьці (інакш кажачы часу) для вострых выпадкаў настолькі ясна і ілюстравана ўжо вышэй на многіх выпадках, што я абмяжуюся тут толькі некалькімі лічбамі. Для апэндыцыту Бовэр і Клярк (Філядэльфія) выяўляюць гэта значэньне вельмі дэмонстрацыйна: у 1922 г. — сярэдні лік гадзін дастаўкі хворага пасьля пачатку яго захворваньня — 85,2 — сьмяротнасьць — 9,6 проц.; у 1923 г. — сярэдні лік гадзін — 49,5 — сьмяротнасьць — 1,53 проц.
Гольдэн дае такія лічбы для ілюстрацыі значэньня раньняй дыягностыкі і раньняй опэрацыі пры ілеусе. У выпадках, ім асабіста дыягнозаваных і опэраваных, ён меў на 51 выпадак 6 проц. сьмяротнасьці, а ў 84 выпадках, атрыманых ад іншых урачоў, дзе прайшло шмат часу ў хістаньнях — 27 проц. сьмяротнасьці.
Пэрытоніты паводле Гарэ[1] даюць пры опэрацыі.
Праз 12 гадзін | -28 проц. сьмяротнасьці |
24 " | -63 " " |
36 " | -87 " " |
Зьмяшчаю невялічкую табліцу проц. сьмяротнасьці пры пэрфоратыўнай язьве страўніка.
Гадзіны опэрацый | Красінцаў | Мануілаў | Пальк | Гертле |
---|---|---|---|---|
1-6 | 5,5 проц. | 7,68 проц. | 10,5 проц. | 48 проц. |
6-9 | 20 " | 53,3 " | 50 " | 54 " |
9-12 | 40 " | - | - | - |
12-24 | 46 " | - | - | 79 " |
24-48 | 71 " | 100 " | 80 " | 93 " |
больш 48 | 100 " |
Значэньне раньняй опэрацыі і зьвяртальнасьці хворых пры пэрфоратыўнай язьве яшчэ лепш дэмонструецца данымі Петрашэўскай: да 1914 г. сьмяротнасьць была — 62,9 проц.; у 1914—1928 г. г. — 37,2 проц. Пры гэтым процант раньніх опэрацый да 1914 г. 19,6, ад 1914 г. — 40 проц. Раньняя зьвяртальнасьць павялічылася ў два разы; сьмяротнасьць зьменшылася амаль у два разы.
Гэтыя, так званыя, вострыя хваробы намі дастаткова разгледжаны раней і таму спыняцца больш на іх няма патрэбы. Але трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што побач з траўматычнымі і безадкладнымі выпадкамі, мы сустракаем яшчэ больш хронічных выпадкаў, у чым вінаваты часткова самі хворыя, а часткова ўрачы.
У разьдзеле пра пухліны я ўжо паказваў лічбы нэопэрабільных ракаў. Фукс-Панэк у 1928 апублікаваў работу, дзе даводзіў, што на 1.717 выпадкаў нэопэрабільных ракаў віна хворага або ўрача мела месца ў 1.282 выпадках.
Запушчаныя пляўрыты, апэндыцыты, холецыстыты, холянгіты і т. д. сустракаюцца заўсёды ў практыцы хірурга. Значнасьць зьнясіленасьці і няўстойлівасьці ў такіх запушчаных хворых відаць з таго, што часам і так званыя «пробныя» опэрацыі канчаюцца сьмерцю. Напр., у Вазьнясенскага на 243 выпадкі сьмерці 15 сьмярцей было ад «пробных» опэрацый, г. зн. 6 проц.
Уплыў такога моманту, як агульная ўстойлівасьць відаць напр., з наступных даных. Абухоўская больніца дала сьмяротнасьць:
у 1913 г. | 3,8 проц. |
" 1917 " | 7,9 « |
» 1918 « | 11,1 „ |
“ 1919» | 13 " |
Гэта павялічэньне сьмяротнасьці прыходзіцца тлумачць амаль выключна няўстойлівасьцю ў галодныя гады.
Побач з такім фактарам, як характар самога захворваньня, гэты момант — запушчанасьць захвораваньня — адыгрывае другую па важнасьці ролю. Ва ўзьнікненьні самога захворваньня часам вінаваты такія моманты, якія ляжаць па-за нашым узьдзеяньнем; у адносінах да запушчанасьці захвораваньня мы знаходзімся ў іншых умовах. Першым і самым важным фактарам змаганьня з такою запушчанасьцю трэба лічыць добрую організацыю блізкай да насельніцтва мэдычнай дапамогі; у паасобку дыспансэрны мэтод зьяўляецца дастатковай гарантыяй таго, што захворваньне будзе выеўлена ў самым пачатку яго разьвіцьця. Для правільнага хірургічнага значэньня вельмі важна вызначыць тую мяжу, дзе павінна быць спынена консэрватыўнае лячэньне і дзе трэба распачаць опэрацыйны мэтод. Хірургія вымушана з жалем
адзначыць, што опэрацыйны мэтод лячэньня шмат якіх захвораваньняў разглядаецца яшчэ і да гэтага часу, як выключэньне, і іменна гэты погляд параджае шмат непаразуменьняў у той галіне, пра якую ідзе гутарка. Такім чынам і атрымліваюцца сотні хворых, якія зьяўляюцца да хірурга або тады, калі ўжо немагчыма што-небудзь зрабіць, або тады, калі опэрацыйнае ўмяшаньне для хворага зьяўляецца небясьпечным. Атрымліваецца зачараваны круг: кепскія вынікі запозьненых опэрацый адпужваюць хворых і ўрачоў і «слава» опэрацыі, як «крайняга сродку», замацоўваецца ўсё больш. У гэтым пункце, зразумела, неабходзен рашучы пералом, якога можна дасягнуць выключна сумеснай работай тэрапэўта і хірурга і вялікай растлумачальнай работай у адносінах да хворых. Посьпехі хірургіі ў сучаснай стадыі яе разьвіцьця — хірургіі масавай — на бліжэйшы пэрыод будуць залежыць не ад прогрэсу самой хірургіі, а, галоўным чынам, ад стварэньня спрыяльных да яе адносін сярод мас насельніцтва.
З мерапрыемстваў, якія маглі-б радыкальна зьмяніць справу, мабыць, трэба назваць іншае разьмеркаваньне спэцыяльнасьцяй, чым гэта мае месца ў сучасны момант. І сапраўды, цяпер ужо ёсьць цэлы рад спэцыяльнасьцяй, прадстаўнікі якіх уладаюць і консэрватыўным і опэрацыйным мэтодамі лячэньня. У гэтых спэцыяльнасьцях можа ўзьнікаць пытаньне пра больш консэрватыўны ці больш радыкальны кірунак у справе лячэньня, але ніколі ня можа ўзьнікнуць конфліктаў, якія часта бываюць пры «перадачы» хворага тэрапэўтам хірургу. Магчыма, што надышоў час, каб падзяліць мэдыцыну па органах і сыстэмах з тым, каб урач уладаў адначасова і хірургічным мэтодам. Тады зьнікне гэты шкодны падзел на «тэрапэўта» і «хірурга» з усімі яго пасьледзтвамі, як навукова-мэтодолёгічнымі, так і бытавымі, якія прыводзілі часта да таго, што мы, хірургі, называем «запушчаным выпадкам».
- ↑ Спасылка на артыкул у Англійскай Вікіпедыі — Carl Garré