Снапок (1910)/Гэта-ж надта міла!..

Грамафон Гэта-ж надта міла!..
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Няўмекі і лекі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гэта ж надта міла!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЭТА-Ж НАДТА МІЛА!..

„А хвароба галаве! ты ўжо засьпевала?
Дык чэкай-жэ, я-ж цябе, каб ты запрапала!“
Гэтак с курыцай ўдваём Цімох Верэшчака
Падняў крыку на ўвесь дом, якбы йдзе ў іх драка.
Страх заеўся наш Цімоха, дастаў нож с паліцы
І, уткнуўшы у парог, пабег за курыцай.
Ухапіўшы за бакі, выпрастаўшы плазам,
Стаў наводліў, ад рукі, куляць раз за разам.
А па вёсках такі ё звычай, хоць і сьмешны,
Але верыць пакуль што мужычок наш грэшны,
Можэ праўда, можэ й не, ды ўсе кажуць гэта,
Калі курыца пяе — дрэнная прыкмета,
Хоць якой там ні было, але жджы прыгоды:
Там прапало, там злягло, заўжды ёсць прашкоды. —
Каб трафунак стаць ня мог, рада ёсць на гэта:
Трэба с кута у парог (то зычайна мэта)
Мерыць курыцу — тагды, што судзьба прысудзе,
Ці не стане галавы, ці хваста пазбудзе!
Во, сягодня звычай той наш Цімох прабуе
І, сагнуўшыся дугой, курыцай кіруе.
„Не дажджэш ты больш сьпеваць, чаго чэрці дзёрлі?
А патраплю ўжо спагнаць злосць нажом па горлі,
Ці зусім хвост адсяку, калі хвост прыкінеш,
Што падскочыць пад руку… а нажа ня мінеш!“
Гэтак злуе, а парог трэйчы прыпадае;
Бачэ бедны наш Цімох — горла не мінае,
І курыца прападзе праз адну мінуту.
Ён скарэй ўжо нож кладзе, а ёй за пакуту
Кажэ: „ўсёжткі, дараваць я табе ня маю,
Заўтра вынясу прадаць, мо купца спаткаю!“
Слова даўшы, датрымаў, збыў на рынку гора.
Жыд знаёмы, Сроль, спаткаў, купіў курку скора.
Спытаў толькі ў мужыка: несьціся ці будзе? —
Той заверыў, што рука, ручыць вельмі будзе.
Рад Цімох, што ўжо пазбыў — забіць было шкода.
Зато жыду, што купіў, была ўжо выгода:
Толькі ў хаце з рук спусьціў і пасыпаў жыта,
Курка сьпела на падзіў певенем — ды квіта.
Ажно Сроля узяў страх, прыкры і нямілы,
А курыца па начах пяе з усей сілы,
Якой рады не ўжываў, што ей Сроль ня рабіў:
Шмэльц казіны ў горла пхаў — нічым не пасобіў.
Даўно-б к цымусу яе к шабасу прысмажыў,
Але трэфна, бо пяе, дык аддаць наважыў
І што тыдзень тры разы бегаў ўсё па рынку,
Абгледаючы вазы пшарка, без упынку.
Аж нарэшце улавіў з возам Верэшчаку,
Крычыць: „што ты нарабіў?“, лезе проста ў драку.
„Гэта-ж курыца пяе! Па знаёмству мне даў?!“
А Цімох знай плечы жме, быц аб тым ня ведаў:
„Дык чаго ты з ёй прыстаў, у чым рэч паўстала?
Бачу, курка, як прадаў, добра ручыць стала,
Бо поў слова у мяне ад ёй чуць ня было,
А ў цябе дык і пяе — гэта надта-ж міла!“