Снапок (1910)/Хрэзьбіны Ігналі

Рада Хрэзьбіны Ігналі
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Грамафон
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хрэсьбіны Ігналі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХРЕЗЬБІНЫ ІГНАЛІ

Хлопец з дзеўкай, як два шчыглы, зрана да прымрока
Выследжалі той другога, не спускалі з вока.
Ўжо цыгочуць ды рагочуць, абы развіднела,
Але хай сабе як знаюць: то не нашэ дзела!
Спазналіся — міргі, сьмешкі, шэпты, ўціскі — люба!
Глядзі: жарты за вялікі: пара ўжо да шлюба.
Клім з Матронкай, як муж з жонкай абходзіцца сьмела,
Хай бацькі прасьцерагаюць: то не нашэ дзела!
Неяк скора ўсё сталося, — час ляцеў імглою.
Во Матрона нешта Клімку не дае спакою:
Усьлед ходзіць, воч ня зводзіць абы дзе сустрэла,
Пэўне ёсць ужо прычына: то не нашэ дзела!
Пакуль шлюб чуць зрыхтавалі, давялі ўсё к ладу,
Дык мядовы месяц здаўна апынуўся ззаду.
Ўжо радзіны, ды хрысьціны чэкай заўтра сьмела,
Хоць і брыдка глядзець неяк, — то не нашэ дзела!
Чуць сваты вярнулі к дому — бач, прыйшла кабета.
На сьвет Божы сын зьявіўся не прыждаўшы лета.
Трохі гора збылі ўчора — неяк палягчэло,
Хоць с кумамі горэ будзе — то не нашэ дзела!
Бацька з маткай у клапотах — дарма ім здалося,
Што кумамі той быць мусіць, каго хто папросе.
Хтож у праве гэткай справе атказаць насьмела?
Алеж во ні дапрасіцца — то не нашэ дзела!
Змітры ўпёрся: мала часу, Ганна нешта хвора
І Мікіта зноў нядужы — перапіўся ўчора,
А сягоньня нудзіць, гоніць, галава збалела.
Кожны знойдзе так прычыну, — то не нашэ дзела!
Акім толькі заўтра мог бы: жонка к зяцю прэцца,
А Кірыла зноў з Ляксандрай ў запар тры дні бьецца
Як на ліха, скрось ня ціха, а пара ляцела,
Час хрысьціць, ды адкладалі — то не нашэ дзела!
Сын тым часам рос ня ў меру; бульбай, грэчкай пхаўся,
Як цялё; ўжо досыць дужы, — трохі пасьвіць браўся.
Глядзі, гора бацькам скора неяк палягчэло
І ён сам жджэ сваіх хрэзьбін — то не нашэ дзела!
Во нарэшце кумоў хросных удалось сазваці,
Імя сыну Ігнат далі: гоман, танцы ў хаці,
І Ігналя польку смаліць, чарку ў чарку сьмела
Пье і сам другіх частуе, — то яго ўжо дзела!