Совет Российской Республики

Совет Российской Республики
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 26 кастрычніка 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто цешыцца кемкаю памяццю, той, напэўна, памятае, што ў Петраградзе існуе «предпарламент», або Совет Республики. Гэты Совет Республики мае сваім заданнем замяніць Устаноўчы Сойм да яго склікання і будзе замяняць Устаноўчы Сойм, калі ён, дзеля тых ці іншых прычын, не будзе склікан. Гэта вышэйшая расійская інстытуцыя, каторую ўтварыла «ўсерасійская дэмакратычная нарада» ў Петраградзе і каторая з’яўляецца вышэйшым прадстаўніцтвам і нават у дзе-якіх выпадках заканадаўчым ворганам, — пазваляе нам судзіць аб тым, чаго мы маем спадзявацца ад той установы, каторую яна цяпер замяняе і каторая мае сабрацца ў Маскве або ў Петраградзе. Совет Республики — гэта роднае дзіця расійскай (маскоўскай) дэмакратыі, і чыннасць яго паказвае ўсе тыя карты, каторыя будзе трымаць так званы ўсерасійскі Устаноўчы Сойм. Нават больш за гэта, бо да Устаноўчага Сойму трапяць і прадстаўнікі цэнзавых элементаў і можна будзе думаць, што воля расійскай дэмакратыі не магла як след выявіцца, як яна можа выявіцца цяпер, у Совет Республики, дзе ёй ніхто не замінае і нават сам Урад прад ёй адпавядае. Вот і цікава — як жа ставіцца гэта расійская дэмакратыя да спраў нацыянальных дамаганняў, да патрэб недзяржаўных нацый?

Шмат хто песціў надзею, што дэмакратыя, каторая ў сваіх адозвах да ўсяго свету абдарае ўсіх чыста ўсялякімі аўтаноміямі, у першую чаргу, як атрымае ўладарства, зверне ўвагу на сваіх суседзяў — на ўкраінцаў, беларусаў, і патурбуецца знішчыць цяжкую спадчыну маскоўскага царызму. Усе вуглы на вуліцах, камення ў бруку даволі наслухаліся, што расійская дэмакратыя нясе права на самаадзначэнне ўсім народам і не дазволіць, каб адна нацыя ўладала другою. Тым часам, напіс на чырвоным сцягу лгаў, абяцанка засталася цацанкай, і расійскі дэмакрат, ласкава пашыраючы сваю дабрату на тых, каму яна не патрэбна і хто фатыгі яе не патрабуе, стрэла дэкларацыі беларусаў, украінцаў і інш. у Совете Рэспублики крыкам, шыканнем і выскаляннем. А калі расійскай дэмакратыі паказвалі на чырвоны штандар, дык яна тыкала пальцам у пустапарожнае месца ды казала: «Пачакайце — вось будзе Устаноўчы Сойм!..»

Мы ніколі не пакладалі надзей на маскоўскую дэмакратыю, мы не чакалі падмогі ад расійскіх сацыялістаў і заўсёды клікалі парваць зносіны з тымі, хто сам сябе парадзіць не можа. Мы заўсёды казалі, што маскоўскі сацыяліст цяжка хвор на самадзяржаўны цэнтралізм і што там, на Маскоўшчыне, разбой, анархія і несцалёнае разгільдзяйства. Хворага трэба лячыць, але перш забяспечыўшы сябе ад заразы. І цяпер, поўныя веры ў творчую сілу сваёй нацыі, мы звяртаемся да сваіх чытачоў, прыхільнікаў і спагадачоў ды кажам: хіба вы не ведаеце, што наш край пазбаўлен свайго права ў сваёй хаце і не зможа паслаць да Устаноўчага Сойму таго, каго б ён хацеў паслаць? Хіба вы не бачыце, што ў нашай хаце пануе маскаль-цэнтраліст, каторы, абвязаўшы свой твар чырвонай хусткай, пройдзе ад нас і да Устаноўчага Сойму? І працаваць ён там будзе не для нас, не на карысць той нацыі, коштам каторай гадуецца. Хіба мала вам прыкладаў з нашымі меськімі думамі? Пара кінуць вясці кампанейства з безнадзейна нядужым і заразліва хворым: настаў час упэўніцца, што там Масква не дасць нам палёгкі. Наша будучына ў нашых руках, і наш Устаноўчы Сойм павінен быць на нашай слаўнай Беларускай зямлі. Продкі нашы заўсёды цураліся Масквы і змагаліся з ёю і наказалі нам жыць сваім уласным беларускім жыццём, спрабуючыся праз свой беларускі Краёвы Парламент.