Над ракой — туманная лагчына…
Два дзесяткі хат — старых грыбкоў…
Ой, згубіла пацеркі дзяўчына —
па траве рассыпалася кроў.
А у хаце, што з узорным ганкам,
нехта рот усьмешкаю скрывіў,
нехта чысьціць рулю ржавай абразанкі
і змывае з рук сьляды крыві,
Стала хатка над туманнаю лагчынай,
плача хатка тусклым аганьком;
там па сьценах блудзіць сьвет у павучыньні:
хоча вырвацца праз мутнае акно.
Душаць змрокі слабы сьвет газьніцы…
Замігала за ракой зара;
словы простыя на жоўтыя страніцы
выліваюцца з душы гаспадара.
На бяду гандлярскаму разгулу,
на бяду злачынцу-кулаку
панясуцца меткія, як кулі, —
ураганам словы пацякуць.
Можа ў горадзе ў запальныя прызывы
перальлюцца простыя радкі,
мо‘ гандляр са злосьці воўкам ўзвые
і зубамі скрыпнуць кулакі…
Можа ўночы у глухім завулку
абразанка гулка кашляне…
Пад кашуляй зрэбнай сэрца б‘ецца гулка,
і Ільліч прыжмурыў вока на сьцяне.
Аднаму забітаму на зьмену
стануць сотні новых змагароў…
.................
Мільганула цень па загуменьнях —
па траве рассыпалася кроў.
|