З ЦЫКЛЮ „ВЯСЕНЬНІ БАЛАГАН“
Пяю… пяю аб вясьне…
Вясна ідзе паводкай
Вясною дзень ясьней,
Вясною жыць салодка…
Зямля ў прыгожых фарбах,
Людзьмі сьмяецца вуліца,
Заглянуць сонцу ў твар-бы,
Калі за хмары туліцца…
Што сонца? Я і вы
Вясну, бывае, ганім,
Калі парыў гульлівы
Закружыць ў балагане…
Балаган вясеньні,
Вясеньні балаган…
Сонца бляск расьсеяны —
Ад сонца людзі п‘яны.
Вясна ідзе паводкай,
Вясною дзень ясьней,
Вясною жыць салодка
Пяю… пяю я аб вясьне…
Кожнага свая вясна
Сагравае сваёй сарочкай…
І нятрудна яе спазнаць
Яна міргае нам вочкамі.
Вочы вясны для мяне
Сонца гарачага промень…
Ў бойках я камянею,
Рэволюцыі кліч мяне пройме
Калі аружжам ляскалі,
Дым віўся цёмнай хмарай,
Вясна была мне казкаю,
Аб ёй я толькі марыў…
Цяпер-жа фабрык трубы
Пярсьцёнкамі ніжуць блакіт…
Рань вясну мне трубіць,
Сенажаць вітае ракітаю…
Я люблю вясну гэту,
Яна мне міргае здалёку…
Напіцца хачу яе сокам…
За маёю вясной ідзе лета.
Клякоча бусел на ліпе,
Вартуе ён зноў прыгуменьне… Сонца іскрыцца і ўсхліпвае, —
Купаецца ў сіні вясеньняй…
Жаўранак звонам заліўся,
У поле склікае раць…
Узьняўся з блакітнай высі
Першым вясну вітаць…
Лысіны гор пачарнелі,
Толькі лагчыны ў сьнягу…
Балота ў пушыстай белі
Птушкай гамоніць: ку-гу!
Гэту вясну калісьці
У вёсцы спаткаць быў рад
Пад шаптаньне кляновых лісьцяў
Над сагнутай жабрачкай хатай.
Я люблю вясну селяніна,
Першай ральлі радочкі,
Калі кормяць поле асьмінамі,
Каб пасьля зьбіраць бочкамі.
Па-над вёскай
Месяц чуць выгляне,
Пабеліць дрымотныя хаткі…
Жарабочак порсткі
Іржэ на выгане,
Бягучы на начлег за маткай…
Вішні ўсыпаны
Кветкамі-сьнегам…
Люба слухаць дзяўчыны сьпеў…
Нясупынна
Хлопец лаецца з гневам,
Першым прысьці не пасьпеў…
Што слова — ад сэрца ўсё чыста,
Хоць кахае яе, небарака…
Разам з імі быць віхрыстым,
Разам з ім хачу сьмяяцца і плакаць…
Разам з імі ў вясеньняй сіні
Гатоў палюбіць увесь сьвет…
І чакаць, пакуль перакіне
Новы дзень з вясны у лета.
|