Май — басаногі хлопчык Валодзя
Песьні слухае Волгі шырокай,
Май — Ленін на дымным заводзе
На трыбуне з прыжмураным вокам.
Вечны Май… У чырвоным убраньні.
У вачох акіян срэбрасіні…
Ён сягоньня жалобай паранены,
Вэльмам чорным над ім навіс іней…
Песьня-плач, песьня-кліч вызваленьня
Увесь сьвет зачаруе сягоньня…
І памоляцца зноў перад Ленінам
Вольны скіф і нявольнік колёній…
Май цяпла — закалосяцца нівы,
Май сьвятла — сонца грае ў палёх…
Я сягоньня шчасьлівы, шчасьлівы,
Што па сьвету Май песьняй разьлёг.
Слухай, Май! Вясны ты любоўнік,
Тэй вясны, што з чырвонай травы…
Паміж сьцягамі Леніна помнік,
Мне, здаецца, што Ленін жывы.
Мне, здаецца, — з драўлянай трыбуны
Ён на захад кіўнуў галавою…
На загонах там ветрана-буйных
Вольны Май задажджыўся крывёю…
Погляд Леніна ловяць мільёны,
Погляд Леніна маёва-прамністы…
А там… хмары скудлачаным лёнам
Над Нёманам навісьлі імглістым.
Май у пушчы заросшай чуць звоніцца, —
То паўстанцкай зямлі пакаленьне…
Там… у кожным промені сонца
Ловяць погляд няўмёршага Леніна.
Май шапоча сьцягамі-лісьцем
Аб краіне квяцістай і вольнай…
Нёман гойсае, нібы ў калысцы,
І таксама пяе аб раздольлі…
А тут… паміж хваляў маёвых
Я на Леніна помнік глядзеў…
Мне здаецца, вось-вось скажа словы
Шматмільённай сваёй грамадзе…
Ён жыве — адгалосам няслося —
Будзе жыць сонцавеючым Маем.
Бо Май і Кастрычнік увосень
Памяць вечна аб ім уздымае.
Май — басаногі хлопчык Валодзя
Слухае песьні Волгі шырокай,
Май — Ленін на дымным заводзе
На трыбуне з прыжмураным вокам.
|