Сонечны паход (1929)/Песьня пра вясну

Песьня Песьня пра вясну
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Вясна і дзяўчына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня пра вясну.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ПРА ВЯСНУ

Я помню многа вёсен,
І сонцам край убраны…
Была на сэрцы восень, —
Імглістасьць і туманы…

Мне быў тады нямілы
Вясны, зялёны дзень,
І птушак пералівы,
І шумных вод струмені.

Мне погляду ня песьціў
Прастор палёў, блакіт,
Калі я слухаў песьні, —
Сьпявалі іх ракіты.

Ня раз сівога бору
Я сумны шопат чуў…
Аб тым жыцьці і горы
Ніколі не шапчу.

Я помню многа вёсен…
Імглістасьць і туманы…
Замест вясны — у восень
Быў сонцам край убраны.

У сэрцы радасьць, песьні…
Зьнік вечны сум і жаль…
Вясёлы погляд песьціць
Блакітна-сіня даль.

Мільгаюць дні за днямі…
Адну я помню восень,
Як зорамі-агнямі
Жыцьцё ўсё залілося.

Казаць аб днях мінулых
Ня буду ў гэты дзень,
Калі з нячутным гулам
Вясна да нас ідзе.

Вяслуюць год за годам,
А праплыло іх восем…
Вялікім, знаць, паходам
Прайшла калісьці восень.

Плыць далей — хваціць вёсел, —
Ня спыніць ветравей…
Так пройдзе многа вёсен —
Адна другой навей.