Сонечны паход (1929)/Польскім барацьбітом

Комуна — сьвет Польскім барацьбітом
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Вайна і Беларусь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Польскім барацьбітам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЛЬСКІМ БАРАЦЬБІТОМ

Хвалі Нёмну шэпчуць Вісьле,
Шэпчуць грозна і бурліва,
Што над краем маўчалівым
Хмары чорныя павісьлі…

Што ў крыві загон мужычы,
У крыві і раны-межы…
Прытуліць к сабе ўсіх кліча
Маці — пушча Белавежжа…

Слухай, Вісла, будзь сястрыцай,
Змый ты чырваньню дазваньня
Зьдзек, няшчасьце… Хай паўстаньне
Уздымае працы рыцар!..

Зашумелі Віслы хвалі,
Аж цалуюць пабярэжжа…
Нёмну-брату адказалі:
— Змыем, змыем хутка межы!

Шквал чырвоны мае сілы
Рваць слупы з жывога цела…
Каб прыдушаным, пахілым
Воля промнем мільгацела…

Толькі трэба хвалям зьліцца,
Стаць шалёным акіянам…
Смугу-крыўду змыць з зямліцы
Таго краю, што забраны!

І пад шопат хваль чырвоных
Хто паўстаў на ўсход глядзеў ён.
Сьпеў чуваць… Замоўклі стогны…
Сонцам выплыла надзея…

Бо над Нёмнам і над Віслай
З веку ў век жыве панурым…
Хмары чорныя навісьлі…
Гром грукоча — будзе бура!