Зьняволеным братом Заходняй Беларусі
Моладзь зайздросьціла поэтам, што для іх Мілей усіх вянкоў і лаўраў дарагіх Вяночак з цьмянай мяты ды васількоў тым болей Што родная жняя зьвівала ў родным полі.Адам Міцкевіч.
Балоты, лясы, вазёры.
Гэта ў мінулым ты — Беларусь…
Але я — пад новым сузор‘ем
Лёсу твайму дзіўлюся.
Ніяк не загоіш на целе
Ранаў глыбокае зьяньне,
Чужынцамі і багацеямі
Ты сёньня яшчэ асьмяяна.
Цябе, бач, сягоньня крыжуюць,
За праўду тваю цябе судзяць…
Са смуткам у сэрцы гляджу я,
Ад болю сьціскаюцца грудзі.
За што? За якую там здраду
Ты зносіш няволю і зьдзекі? —
За тое, што хоча з пагардай
Назвацца твой сын чалавекам?
Аднак-жа ня згасьне паходня,
Якую нясуць
Табою каханыя дзеці…
Дзьмі, вецер-злачынец, з заходу,
Паходня пажарам засьвеціць…
А хто яны? Хто яны судзьдзі,
Краіна мая, мая маці?..
Якая адплата ім будзе,
Як кліч ты свой кінеш —
— Паўстаньце!..
Нёман апіража стан твой
Чырвонай істужкай,
Крыві не ўбярэ зямля…
Беларусь!
Ты іншага родзіш
Касьцюшку,
Каб паўстаньнем
паном
назаляў!
У Варшаве,
Кракаве,
Вільні Прачытаюць
загад
адзін,
Што ў няволі
жыць
не павінны
Ні адной
гадзіны!
Той загад —
прыгавор
зладзеям,
Што судзілі
людзей
у палоне…
Прыгавор вам,
багацеі,
Пішуць
сягоньня
мільёны!
Балоты, лясы, вазёры
Крывёю даўно заліты,
Але я —
Пад новым сузор‘ем
Сьпяваю аб возеры
Вечна блакітным.
На балоце —
Возера гэта адно, Ніхто не запоўніць крывёю, —
У сэрца людзкім яго дно,
А хвалі — ў магутным развою.
Пачуцьці, надзеі
І ўсе лятуценьні
Зьліліся ў яго берагох…
Час мінулы
Пужлівымі ценямі
На блакіце яго не разьлёг.
То крыніца адвечнае сілы
У кайданы закутых людзей,
Яна песьняй зьвініць,
Што сэрцу так міла,
Чую словы:
„А хто там ідзе?“
І блакітнага возера хвалі
Данясуць нас у сонечны сьвет,
Ну, а там — на новых скрыжалях
Поэму дапіша новы поэт.
|