Ці-ж можна тысячамі зьмераць
Шлях, пройдзены ў такім жыцьці,
Таму, хто ў сэрцы мае веру
У новы вольны сьвет прыйсьці.
Хто шчасьце ў замеці ружовай
Мог вышукаць, забраць хто мог,
У бойку йсьці хто быў гатовы, —
Сябе ніколі не сьцярог.
Прабеглі дні… Ніхто ня верне!
Тут не патрэбны тыя дні.
Няхай кітайскія кавэрны
Запаляць нашыя агні.
Няхай матросы-англафлотцы
Пабачаць сьветлых дзён маяк,
Тых дзён, што ўчора на балоце
Мяцежна сустракаў і я.
Дняпро і Сож, Дзьвіна і Прыпяць,
Нясеце радасьць маю ўдаль,
Няхай нявольнікі ў Эгіпце
Чытаюць новую скрыжаль.
Вякамі сьвет няволю выспаў,
На крыльлях волі узьлятай!
І на далёкай чорнай высьпе
Сягоньня думкаю — я там.
Юнацтва — мудрасьці развага, —
Ня страшны мне ні боль, ні сьмерць…
Жаданьне вечна поўна смагі —
Люблю я ў сьветлы дзень глядзець.
Ці-ж можна тысячамі зьмераць
Шлях, пройдзены ў такім жыцьці
Таму, хто ў сэрцы мае веру
У новы вольны сьвет прыйсьці.
|