Далёка на Захадзе сонца заходзе
І месяц глядзіць ўжо з Усходу,
Плыву я па Нёмне і з чоўна насподзе
Ўзіраюсь на ціхую воду.
Здаецца мне: „сонца зноў бліснула й стухла
І вечар наўкола пачаўся —
І бачу: як, быццам, сьвечкамі бухнула,
Далёка сьпеў сумны раздаўся.
Зусюль навакола званіць ў званы сталі,
Аж лісьці ад дрэў затрасьліся,
А над ракою крукі закрычалі —
Высока уверх падняліся.
Я бачу: плывуць ось плыты за плытамі —
І шмат на іх домікаў-будак,
І чую і бачу я, што між агнямі
Шмат плытніцкіх скрыпак і дудак.
На чорных плытох там харугваў дуброва
Паціху сабе шалясьціць,
А бліжай канца дамавінка кедрова —
І ў ёй Беларусь там ляжыць.
А на абодвух берагох Нёману
Сыны Беларусі ідуць,
За імі радня іх — бяз плачу і гоману
І сьлёзы з вачэй ня плывуць.
Ўсе ціханька хваляць Нябожчыцы сілу
І славу, што мела даўно —
Цяпер праваджаюць Яе у магілу:
Ў Балтыцкае мора на дно…
Званы ўжо апошні раз Ёй загудзелі,
Апошні паклон дасца Ёй,
Глыбока паложаць на морскай пасьцелі
І будзе Ёй вечны пакой…
Нідзе ня чутно ані плачу, ні енку —
Халодныя сэрцы, як лёд.
Дзе-не́-дзе ўздыхаюць дзяды памаленьку,
Ды дзівіцца іншы народ.
Аж зьбеглісь на бераг зусюль каля Нёмана
Дзяцей беларускіх гурткі,
І з берагоў крыху, дзе рака заломана,
Ёй кідаюць з кветак вянкі.
І міла так слухаць іх голас дзіцячы,
Што роднай душой аддае:
„Хай Матухна ўстане, нас крышку пабачыць,
„Мы ўсе тут жывём для Яе!
„Мы ўмеем маліцца пабеларуску,
„Пяяць, і пісаць, і чытаць, —
„У вопратцы роднай, ў школе ўжо нашай
„Народныя танцы скакаць.
„Дык выйдзі-жа, Матухна, ўстань, падзівіся,
„Мы хочам пабачыць Цябе
„Пабагаславі нас, пацеш, памаліся —
„Ды потым паедзеш сабе!“
.................
Тым часам мой човен аб камень ударыў,
Аж скалыхнуўся ды стаў —
Вачом сваім доўга, прачнуўшысь, ня верыў,
Што плыў я на чоўне і… спаў.
„Дык гэта быў сон толькі?.. Мілы мой божа!“
Я, вочы працёршы, пытаў. —
Вось сон часам многа паказываць можа:
Калі што, як прыдзе на яў! —
|