І трудна-ж, трудна, знаць, прышлося
Шмялём струхлеўшага дупля,
Як наша слова праняслося,
Як наша дрогнула зямля!
Загаманілі, зашыпелі
Вось так, пасвоему «во всю».
Яшчэ паказ—пазнаць на дзеле
Ваўка, і ліса, і зьмяю.
Няварта гэтак расьпінацца,
Мае шмялькі, ў чужым вульлі.
Зацесна вам у нашай хатцы—
Гайда! туды, адкуль прыйшлі!
Што вы прынесьлі? Што?.. загляньце
Да беларуса сумных хат…
З тых самых лык пляце ён лапці,
Якія плёў сто год назад.
Вы песьню хочаце спаганіць,
Якой адвечнасьць не змагла,
І свой паступак затуманіць
Брахнёй—з дабра, а не са зла!..
Мы верым, што жывога слова
Ня пойме цёмны ваш хаўрус,
Але ў дружбы вашай сковы
Ўжо не паверыць беларус.
Як трутні, ласыя на соты,
Вы к нам прышлі ў гадзіну бед;
Чуць толькі сталі да работы,
А груганом гатоў абед.
Цямніц і вісельняў асновы,
Слугі нагайкі і штыха,
Сумленьне, край прадаць гатовы
За бліск нагруднага значка.
І з думкай носячысь шалёнай,
Вы! вы! жадаеце з людзей,
Каб вам паверылі мільёны,
Каб вам карысны стогн гудзеў.
Ня вам, ня вам! гасіць паходні,
Што распаліў жывы народ!
І праўда возьме верх нязводне:
Такі ўжо сонца вечны ход.
|