Моладзі Матцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Роднае слова
Іншыя публікацыі гэтага твора: Матцы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАТЦЫ.

Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!

Над калыскай з бегам ночак
Песьні роднай не жалей,
Каб, як вырасьце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.

Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці
Ўсё сваё ў пашане мець.

Бай яму даўнейшы казкі,
Аб бацькох сваёй зямлі,
Як жылі бяз чужай ласкі,
Як слугамі ня былі.

Як на веча сход ззывалі
І тварылі свой закон,
Як жылі ды панавалі,
Покі ўпалі у палон.

Як-жа ў розум убярэцца
Твой сынок, як мак у цьвет,
Дужым стане, што здаецца
Павярнуў-бы цэлы сьвет,—

Выпраўляй яго у людзі,
На дарогу блаславі,
Разам з крыжам дай на грудзі
Роднай вузельчык зямлі:

Каб ня даўся ў крыўду зьдзекам,
Не забыў сваіх старон,
Каб вярнуўся чалавекам
К роднай Бацькаўшчыне ён

Ды узяўся шчыра, міла
Сеець шчасьце, гнаць бяду,
Стаў адважна словам, сілай
За свой край і грамаду.
...........
Гэта ўсё ўпаі дзіцяці
З малаком сваіх грудзей,
Бо іначай пойдзеш, маці,
Жабраваць хлеб у людзей.