Вясна 1915-ая Новы год
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Сярод разьюшаных сатрапаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Новы год (Са звонам пут, са сьвістам пугаў…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОВЫ ГОД.

Са звонам пут, са, сьвістам пугаў,
З брахнёй, з грызьнёю ў чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым саму кругу
Стары зышоў, а Новы йдзе.

Ідзе. А вылюдкі марочаць
Маной мазгі адны адным,
Што будзе сьветамі варочаць
І сеяць зьмены скрозь усім.

Што будзе годам пераменаў,
Тым на дабро, а тым на зло;
Сьляпым і зрачым неадменна,
Таго ня будзе, што было,

Кляцьбой, мальбой, дзе хто як можа,
Рабы і іх гаспадары
Карысьці ўсякія варожаць,
Якіх ня кінуў ім стары.

А хто каго ямчэй скатуе,
Ахвотна роюць сны свае,
Той на другіх пятлю рыхтуе,
Той сам сабе вяроўку ўе.

Той на таргоўлю выстаўляе
Свае сумленьне і душу,
А той па тым зьвяром спраўляе,
За грошы чорную імшу.

За ліхалецьцем ліхалецьце
Так без канца йшло тут і там;
Гібелі людзі на ўсім сьвеце,
Гібець прыходзіцца і нам.

І так з літаньнем луг і пугаў,
З брахнёй, з грызьнёю ў чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу,
Як шоў Стары, і Новы йдзе.

24/XII,—1912 г.