Мой цень На што?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Сьмейся!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашто?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШТО?

Нашто губляць парывы чыстыя
Таёмных дум сваіх, сваёй душы
Для тых, што стопчуць іх бязьлітасна,
Ці высмакчуць з цябе іх, як вужы?

Нашто трывожыць сэрца беднае,
Жаданьнем ласк, сардэчнага цяпла?—
Ўсё роўна збэсьцяць тваё сэрцэйка,
Сьвятое вырвуць з яго ўсё да тла,

Нашто, як жабраку, вымаліваць
Ўсё тоё, шо ты заслужыў жыцьцём?..
Знай, доля к тым не прысуседзіцца,
Хто жабранінай гоніць дзень за днём.

Ідзі праз сьвет з вачмі адкрытымі,
Ў грудзёх гадуй, як сталь, і моц і гарт,
Глядзі ўвакруг свабодным сокалам,
І крэпка знай, чаго ты ў сьвеце варт!

Не паніжай сам духа вольнага
І ў паніжэньне іншым не давай;
Над рабскаю таўпой асьлепленай,
Над злом зямлі у высь, да зор сягай!

15/II—15 г.