А яна… Ночцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Не глядзі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ночцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧЦЫ

К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, няпрытомны я,
І клічу вас, клічу за сьветкі,

Пасьведчыце, як мне тут маецца,
Ў маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.

Пасьведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую…
Мо’ хоць над маёю магілаю
Я вотклік ад мілай пачую.

К табе-ж, брат мой, вецер, зьвяртаюся
З закляцьцем-прысягай такою:
На сьмерць і жыцьцё прысягаюся,
На шчасьце сваё маладое:

Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяцінных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.

Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветра, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
І кінь ёй пад ногі—хай бача!..

13/VII—15 г.