Спадчына (1922)/IV/У зялёным садочку

Не глядзі… У зялёным садочку
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Магіла льва
Іншыя публікацыі гэтага твора: У зялёным садочку (Ой, ня раз удваёчку…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЗЯЛЁНЫМ САДОЧКУ.

Ой, ня раз удваёчку
Пад шырокай вярбой,
У зялёным садочку,
Мы сядзелі з табой.

Друг на дружку глядзелі
Па днях цэлых, даўгіх,
Салаўі песьні пелі,
А мы слухалі іх.

Вецер шумны у поле
Песьні гэтыя нёс,
Нёс у поле, дзе воля,
Дзе няма гора, сьлёз.

І з табой мы кляліся
Дружку друг век любіць,
Хоцьбы людзі ўзяліся
Нашу любасьць згубіць.

Ой, так думкі снавалі
Залацістыя мы,
Покуль нам не сагналі
Беды гэтыя сны.

Цябе выгнала з хаты
Ведзьма-мачыха вон:
Мяне ўзялі ў салдаты,
У чужацкі палон.

Так навек адляцела,
Любата ў неспадзеў,—
Ты мяне больш ня стрэла,
Я цябе больш ня стрэў.

1905 г.