12. Яблыні цьвітуць 13. На сенажаці
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
14. Краса сьвету

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




13. НА СЕНАЖАЦІ.

Выйшлі з ёй, дзе сенажатная краса
Зіхцела, як вясёлкі многацьветны ўзор,
Вострая яшчэ дзе не забразгала каса,
Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор.

Вышлі, яе душы дзьве злучаны навек
Выходзяць, кінуўшы магільную жарству,
Сьветы аглядаць, якія ўзводзіць чалавек…
Прышлі мы й дзівімся такому хараству!

Краскамі ўсьміхаецца ўся сенажаць,
Гараць урочнікі, румянкі, і званкі,
Жоўтыя званцы зялёны луг жаўцяць,
На кветку з кветкі шыбка скачуць матылькі.

Рэчка бурбаліць па каменях між вольх,
Вадзіца бліскатна лялее ў барацьбе,
Сьціха штосьці шэпча, шалясьціць трысьнёг,
А сонца сочыць у вадзе само сябе.

Кветкі з ёю рвём, вянок сабо пляце—
Карону ясна-цьвет з нявысьненай красы;
Хораша, да твару ідзе ён сіраце,
А з-пад вянка плывуць па плечах валасы.

Шчасна так, абняўшыся, ў траве плывём,
Купаюцца у кветках ногі да калень,
Шчокі, грудзі нам гараць, гараць агнём,
Іскрацца вочы, цела просіцца пад цень.

Сонца што раз больш у жылах кроў вагніць
Калені што раз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сьніць
Жаданьнем забыцьця п’янее галава.

Ногі падкасіліся і мне і ей,
Зліліся вусны з вуснамі самі сабой,
Полымем прыпалі грудзі да грудзей,
Зьмяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.