II. Забытая карчма Буслы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Першы сьнег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буслы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУСЛЫ.

Падчысьціла Ўзьвіжаньне ўсю землю шчыра,
Ліст зводзе хмызьняк заскаруслы…
Зьлятаюцца буслы к адлёту у вырай,
На сходку зыходзяцца буслы.

Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
За прасла пасчэпліваў прасла,—
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
Пакуль дню лучына ня згасла.

Хто млечны шлях ноччу дагледзіць, ня зблудзе,
Хто мора адмерыць крыламі,—
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
Той вылеціць ў вырай з бусламі.

Клякочуць, хлапочуць. І крыльлі і скабы
Сусед аглядае суседу,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
Хто болей, хто меней сьвет зьведаў.

Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,
Сьціхае гамонка-клякотка.

Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крылы…
Бач, бусел адзін стаіць хмуры,—
Яго аднаго усе неяк забылі,
Адзін ён ня зьмесьціўся ў шнуры.

Стаіць і чакае сабе прыгавору,—
Знаў—буслава сходка ня сьмешкі…
Ой, болей яму не пабачыці мора,
Ня бачыці, выраю сьцежкі!

Ізноў ўсклекаталі крылатыя сябры:
— Ён слабы, не наскага міру!
Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жабры!
Сьмерць буслу, няздатнаму ў вырай!

Сьмерць! сьмерць!.. Задымела пуховае пер’е,
З-пад сэрца кроў хлынула стужкай…
І, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязьмер‘е
Ўзьняліся за дружкаю дружка.

Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
Плыў з клёкатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
Спавіўся ў туманныя хвалі.

А там, а за выганам сьцелецца поле,
На полі рассыпаны косьці,
Над косьцямі вецер гуляе, скаголе,
Груган залятае у госьці.

А там, ля касьцей залаціцца пярсьцёнак,
А надпісь чужой на ім мовай:
«Як вернецца бусел з нязнаных старонак—
Ка мне мілы вернецца ўзнова…»

14/XI—18 года.