Спадчына (1922)/V/Страшны вір

Зімою Страшны вір
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Казка аб песьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Страшны вір.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТРАШНЫ ВІР.

Ёсьць месца, дзе ўпоўнач над рэчкай,
Пакуль йшчэ пявун не пяе,
Выходзе здань дзіўная з віру
І творыць варожбы свае,

Таёмныя знакі рукамі
На ўсход і на захад кладзе,
Як быццам каго заклінае,
Ці песьню на мігі вядзе.

Сьцюдзёная льецца вадзіца,
Па целе з распушчаных кос,
А вочы блішчаць, як дзьве зоры,
А вочы глядзяць да нябёс.

І рыцар у тую часіну
На белым агністым кані
Над вірам зьяўляецца зьнекуль,
Ці проста выходзіць з зямлі.

З каня свайго злазіць і к здані
Падходзіць, галубіць яе,
У мокрыя косы цалуе,
Яна-ж толькі нема пяе.

Хто ў час той заблудзіць тудою,—
Спужаецца, сам, задрыжыць,
І здань ад яго уцякае,
У віравы сховы бяжыць.

А рыцар маланкай садзіцца,
На быстрага свога каня
І нікне у цемры паўночнай,
А з ім—і трывога, уся.

Шмат чутае аб віры і зданьнях
Чуваць у народзе здаўна;
Што праўда, няпраўда—ня знаю…
Мне ўспомнілась чутка адна.

Былі сабе ў бацькі тры дочкі,
Як кветкі прыгожы былі,
А меншая ўсіх прыгажэйшая,
Другой не знайсьці на зямлі.

Жылі і нядолі ня зналі—
Свабодна, як рыбкі ў вадзе,
А толькі малодшай паціху
Зайздросьцілі старшыя дзьве.

Раз неяк тудою князь ехаў,
Што бітвамі славу прыдбаў;
Заехаў да іх на папаску,
Заехаў—і іх спадабаў.

Адну з трох за жонку ўзяць хоча,
Катору—ня знае і сам,
І князя яны спадабалі…
Ручыць, як-то кажуць, князям.

Вось ён ім і кажа загадку,
Работу такую дае:
Вазьму я з вас тую за жонку,
Каторая лепей сьпяе.

Запелі дзьве старшыя князю,
Запелі, як той салавей;
Запела малодшая князю,
Запела ад тых прыгажэй.

І меншую выбраў за жонку,
Чакаці ёй кажа сватоў;
Сам ладзіцца едзе к вясельлю,
Склікаці гасьцей і дружкоў.

А старшые думаюць сёстры,
Яе зьвесьці малодшу сястру,—
Атрутай няшчасную пояць
І кідаюць цела ў віру.

Як страшнае скончылі дзела,
Напаў і на іх самых страх:
Адна паляцела на захад,
Другая на ўсход знашла шлях.

Князь едзе з дружынай у сваты
І з скарбамі княжства свайго…
Находзіць маркотнага бацьку,—
Дачок не знаходзіць яго.

Дружыну сваю князь кідае,
Пушчаецца ў сьвет сам адзін
Шукаці сваёй наймілейшай,
Шукаць да апошніх часін.

За годамі годы плятуцца…
Што далей, ня знаю—было,
Адну толькі чутку аб віры
Сказаць вам на памяць прышло.—

23/I—14 г.