Спадчына (1922)/VI/Фэлькава вясельле

З нуды Фэлькава вясельле
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Лякарства
Іншыя публікацыі гэтага твора: Фэлькава вясельле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ФЭЛЬКАВА ВЯСЕЛЬЛЕ.

Вось і вяселейка,
Ў нашага Фэлькі!
Ў дзела захоплены
Міскі, бутэлькі.

Што называецца,
Музыка рэжа;
Полька, Лявоніха,
Знай, не залежа!

Хлопцы з дзяўчатамі
Ў жарты заходзяць,
Бабы шлюбоўнікам
Песьні заводзяць.

Людам паўнюханька
Хата набіта…
Гоман, таўпеханьне—
Пекла, і квіта!

Вось, каб дзе дзеўчынку
З гора абняці,
З чарачку выпіці
Дый пайсьці спаці!

1908 г.