Спалох на загонах (1932)

Спалох на загонах
Аповесьць
Аўтар: Платон Галавач
1932 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Спалох на загонах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЛАТОН ГАЛАВАЧ


Спалох
на
загонах

ДВБ

ПЛАТОН ГАЛАВАЧ


СПАЛОХ НА ЗАГОНАХ


ВЫДАНЬНЕ ДРУГОЕ,
НАНАВА НАПІСАНАЕ


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

ЛіМ

МЕНСК

1933

Рэдактар А. Некрашэвіч
Корэктар С. Грахоўскі
Тэхрэдактар І. Белкін
Здана ў друкарню 29-III — 32 г.
Падпісана да друку 1-VI — 32 г.



Заказ № 759.

6.000(12 арк.).

Уп. Галоўлітбелу № 253.


Друкарня імя Сталіна.

ГАЛІНЕ —
НОВАМУ ЧАЛАВЕКУ

„Началасьипотекласостраш-
нойбыстротойгустая,пестрая
невыразимостройнаяжизнь.Она
вспоминаетсямне,каксуровая
сказка,хорошорассказаннаядоб-
рым,номучительноправдивым
гением“.

„Зжабрацкайторбайтвой
патомак
Ня пойдзе па сібірным шляху
Шукаць прытулку, як бяз-
домак
Жудкі гісторыі абломак
Падсказдзёнбурныхзгібне
прахом“.

УСТУП

Было:

вечны смутак, туга вечная і роспач…

Угары над зямлёю плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Яны то зьбіраюцца густою талакою, то разьбягаюцца па неабсяжным прасторы неба і, апранутыя ў сьветлыя вопраткі, вандруюць па ім бязмэтна, то шчыльна сыйдуцца дзесьці за небасхілам і тады сунуцца адтуль мутнай цёмнай сьцяною, злосна грымаць і шыбаюць у асьмяглае цела зямлі гострыя стрэлы маланак.

А па зямлі бесьперастанку паўзуць вялізныя шэрыя цені. Па-над зямлёю, у перагонкі з ценямі лётаюць сьцюдзёныя, то поўныя вільгаці, то сухавеі-вятры.

Ветру многа прастору над гэтай зямлёю. Гучным шолахам лісьцяў, поўным казак цудоўных, сустракае яго густы гай; гулам зычным і тонкім, як музыка струн, праводзіць цёмны бор. Вецер нябачнымі, мяккімі пальцамі рук кратае зычныя струны стромкіх сосен і яны зьвіняць музыкай, тэй, якой жадае чалавечае сэрца.

Па ўсёй зямлі, паміж лесам і полем, ляглі шырокія багны балот, усланыя махавымі дыванамі ці бліскучымі вадзянымі абрусамі. Балоты парасьлі нізкім, рэдкім, ссохлым хвойнікам, ды дзе-ні-дзе паміж хвойніку на ўзгорку, як зблудзіўшая, стаіць сірацінаю, нізкая, скрыўленая, тонкая ад хворасьці бярозка.

Раніцою і ўвечары і позна ўначы вісяць над балотамі густыя, сатканыя з вільгаці, шызыя туманы.

Угары над зямлёю плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Па зямлі лётаюць сьцюдзёныя сіберныя вятры. Па зямлі, уператонкі з вятрамі, носяцца белыя мяцеліцы. Па зямлі, ахутаная мяцеліцамі, ходзіць вобмацкам, блудячы, чалавечая . Яна чагосьці асьцерагаецца, чамусьці дапытліва ўзіраецца ў мяцельную далячынь і нясьмела снуе па зямлі, ідучы насустрач сваёй сьмерці.

Наукол яе, у шчыльным дзікім карагодзе сьмерці, поўзаюць па зямлі агідныя страшыдлы. Яны плююць у спалоханага, згубленага чалавека гарачымі кавалкамі чыгуну і волава ды ірвуць на часткі параненыя грудзі зямлі.

Гэта яны наставілі ў бок чалавека вялізныя чорныя лычы гармат і гострыя і хітрыя пысы кулямётаў і вінтовак і шыбаюць у яго стрэламі з палаючага пораху. Гэта яны наставілі супроць чалавека гострыя, бліскучыя клыкі штыхоў і каб ня ўцёк чалавек, густа абаснавалі вакол яго зямлю сеткамі з калючага дроту.

— Ха-ха-ха! — рагочуць яны ў твар чалавеку. — Ты зусім змарыўся, ты хочаш хоць крышачку адпачыць? Добра адпачні, паслухай як граюць музыкі. Чуеш ты гэты жалобны марш? Гэта табе, там успомнілі сёньня цябе. А гэта струны віолёнчэлі і скрыпак так плакліва выкрыкваюць мэлёдыю чарлістону. А гэта ўжо ня музыка, гэта зьвіняць келіхі і кубкі з-пад выпітата віна і рагочуць здаволеныя тваёю пакорлівасьцю, п’яныя ад радасьці і віна, шчасьлівыя людзі.

Ты спыніўся? Табе спадабалася гэта, ці мо’ зайздросьціш ты іхняй радасьці і іхняму шчасьліваму існаваньню? Ну, не, гэтага табе нельга! Ты не павінен пра гэта думаць. — Твая ўвага павінна быць тут уся цалкам, каб яны мелі мажлівасьць піць віно, радавацца жыцьцю і слухаць музыкаў. Дык ідзі-ж, ідзі, бо там злуюць, што ты сьцішыў крокі.

Ты ня хочаш? Ха-ха-ха! Які ён дзіўны, ён захацеў паслухаць музыкаў, захацеў сапраўднага адпачынку і захацеў падумаць пра сваю сям’ю.

Ты памятаеш сваю хату, у ёй няма памосту і працягваюць дах і столь. Праз шчыліны ў вокнах пралазіць у хату з ветрам мяцеліца. Бр-р-р… Як сьцюдзёна ў сваёй хаце. І як яна за гэтыя два гады апусьцела. Вось толькі на печы на астыглай чаране нешта скурчылася, захаваўшыся ў рызьзё. Гэта тваё дзіця, твой самы меншы сын. У яго счарнелыя тонкія ногі і рукі і праз меру таўсты жывот. Яно нешта гавора? Чуеш? Гэта яно гукае маці, просіць у маці есьці. Але маці няма ў хаце. Яна, вось, тая, бабачыш, у парванай папленай сьвітцы жанчына, стаіць ля парогу ў хаце багатага суседа. Сьлязьлівымі, упалымі вачыма, пазірае яна на суседаў стол і, працягваючы руку, просіць для дзіцяці хоць маленькую скібачку хлеба.

Табе шкода іх? Ты хочаш пайсьці адсюль, каб ратаваць сына і жонку? Ха-ха-ха! Дзівак! Ён забыўся, што ня мае на гэта ніякага права. Забыўся, што яго месца тут і, пэўна, забыўся, што яму загадана спаткацца з чалавекам у зялёным шынэлі і забіць яго, каб была мажлівасьць радавацца, слухаючы музыкаў, і піць віно тым, хто п’яны ад шчасьця. Дык як-жа ты асьмеліўся жадаць пайсьці да сына і жонкі. Тваё месца ня там, каля іх, а тут. Дык ідзі-ж уперад, сьпяшайся адшукаць чалавека ў зялёным шынэлі. Ты ня хочаш?.. Ах, дзівак, дзівак. Які ж ты сьмешны! Да хто-ж табе даў такое права, каб не хацець? Ха-ха-ха…

Страшыдлы падпаўзаюць бліжэй да чалавечае постаці, высалупваюць у яе бок свае палымнеючыя узыкі, злосна сіпяць, дыхаюць на яе атрутамі, дражняць яе і рагочуць над яе бясьсільлем…

Над полем, лесам, над балотамі плывуць, занятыя толькі самімі сабою, мутныя хмары. Па зямлі, у перагонкі з вятрамі, носяцца белыя мяцеліцы. А сярод поля, лесу, пасярод балот, туляцца нізка да зямлі, параскіданыя кучкамі, цёмныя, брудныя, маленькія хаткі і ў іх — чалавек, істота самая моцная і самая кволая з істот прыроды, самая разумная і самая бездапаможная, каб пазнаць самога сябе — чалавека.

У чалавека доўгія косы на галаве, сьветлыя ясноты неба і сінія, як яно, вочы. Чалавек, які жыве чорным хлебам напалам з асьцюкамі і мякінай ды бульбай. Чалавек, прыкаваны ланцугамі адвечнае спадчыны, што пераходзіла ад дзядоў да бацькоў і ад бацькоў да сыноў, — да сваёй уласнай вузенькай палоскі поля, да свайго ўласнага дзядзінца, свайго ўласнага разбуранага хлева і сваёй уласнай цёмнай, поўнай гразі і бруду, хаты.

Чалавек, які жадае лепшае долі і ня ведае, дзе яна; які бескарысна ўвесь век свой выпрашвае гэтую долю то ў царкве, уторачы ўсьлед за бацюшкам, словамі малітваў, што аддаюць культурным багом праваслаўя і католіцызму, то кланяючыся ў адзіноце ў полі, спаленаму маланкай, чорнаму дубу, то молячыся вадзяніку, што выходзіць на яго зямлю ў туманавых вопратках.

Чалавек, які да ўсіх гаворыць сваёй мовай і якому ніхто і ніколі гэтай мовай не адказваў.

Чалавек, які ўсе жаданьні збалелай душы сваёй, усе імкненьні свае выказваў толькі ў надзвычайна прыгожых і багатых казках і ўсе пачуцьці свае выказваў у сумных, поўных тугі і росчачы, песьнях.

Чалавек, які рэдка протэставаў, яшчэ менш змагаўся сам за сябе, мала гаварыў, многа маўчаў. А маўклівасьць, як сказаў адзін вялікі майстра слова, — гэта прытулак простай душы, паспрабаваўшай усю глыбіню тугі чалавечай.

Чалавек, з памяці якога хітрыя і моцныя зброяй політыкі сьцерлі яго ўласнае імя і выхавалі ў сэрцы ягоным сорам за самога сябе.

Чалавек, які, калі яго выгналі вайной са сваёй хаты, ішоў на далёкі ўсход, і шлях свой цяжкі і бясконцы ўстаўляў крыжамі над магіламі дзяцей сваіх, каб ня зблудзіць, калі прыдзецца варочацца дадому…

Чалавек, які цярпеў столькі, як ніводзін яшчэ чалавек у Эўропе…

Было:

вечны смутак, туга вечная і вечная пакута.

Але чалавек больш ня здолеў пакутваць, і тады, народжаная ў завірухах вайны, пажараў і руйнаваньняў, прышла ў вобразе чалавека яна — рэволюцыя. Ня ведаючы ніякіх непарушных сьвятынь, неабцяжараная рызьзём пашаны да ніколі не існаваўшых вечных ісьцін, ведаючы толькі адно, што усё, што ёсьць — ёсьць продукт яе творчасьці, яна карысталася правам разбураць усё, што перашкаджала яе росту.

А наўкол яе, на яе шляху былі:

руйнаваньне і будаўніцтва,
радасьць і сьлёзы,
голад, сьмерць і надзея,
адданасьць і недавер’е,
роспач і вера ў яе.

І на палетках маёй краіны ўзышлі і закрасавалі парасткі ніколі яшчэ нязнанай радасьці.

Яна ішла і клікала кожнага з людзей да любві, народжанай у нянавісьці, каб ня было на зямлі паміж людзьмі людзей, што загадваюць і людзей падуладных, каб ніколі ўжо ня было зьдзекаў чалавека над чалавекам.

Яна прышла, неабдымна вялікая сваімі мэтамі і недасяжна высокая ў сваіх імкненьнях, бо ніколі і нідзе яшчэ чалавецтва не дасягала такіх вышынь. Прышла поўная любві і нянавісьці, кары і літасьці, поўнай нязьмернай сілы разбураць і будаваць і многае парушала з таго, што склалася вякамі. Парушаючы векавыя традыцыі, яна няшчадна ірвала ланцугі старога і вызваляла людзей. І таму яна адных абрадавала, другіх зьдзівіла сьмерцю сваіх імкненьняў, у трэціх абудзіла надзею, у чацьвертых страх і схаваную нянавісьць да сябе, у пятых адкінула ад сябе, як непатрэбнае.

Яна ня была апранута ў лёгкія элястычныя вопраткі, якія так да спадобы людзям. Яна пазбаўляла людзей на нейкі час спакою, да якога яны так ахвочы. І людзі, звыклыя да няволі, баяліся вольнасьці, часта шкадавала парваных ёю ланцугоў. Гэтыя ланцугі часам здаваліся людзям мякчэй за яе вопратку. Людзі бачылі жорсткае і ня бачылі яе велічыны, бо прызвычаіліся яны бачыць толькі тое, што ня вышэй звычайных узгоркаў за ваколіцамі іхняга існаваньня; веліччу іхняй людзі прызвычаіліся захапляцца. Было цяжка бачыць яе вышыні і было страшна перад вялікім. Яны прызвычаіліся слухаць і захапляцца гурчэньнем роўнага бегу ручаёў сваіх дзён з невялічкімі ўздымамі і спадамі, і таму іх палохае веліч кіпучага струменю жыцьця.

Такой прышла яна і сюды, на загоны.

Яна несла людзям вызваленьне ад самага страшнага рабства — рабства ў сваёй уласнасьці. Адны ішлі за ёю, апазнаўшы волю, другія імкнуліся ісьці і ня мелі моцы. Трэція, поўныя страху і нянавісьці да яе, хаваліся і забівалі чалавека — яе пасланца.

Яна-ж, вялікая, непераможная і перамагаючая ішла і руйнавала, каб будаваць.



I

З зарасьніку на ўзгорак успаўзае фурманка. Высокая дуга хістаецца ў бакі над узгоркам, а пад дугою, у тахт ёй, павольна хістаецца ў бакі конская галава. Гэта цягнецца доўга і ўсё нібы на адным месцы — і дуга, і конская галава, толькі нарастаюць яны паступова, павялічваюцца. Вымалёўваюцца над узгоркам шырокія конскія персі. Здаецца, конь лёг на сьнег і, падкурчыўшы пад сябе ногі, цяжка паўзе ўгару. Потым конь адразу ўзьняўся над узгоркам і, махаючы ад бегу галавою, зафыркаў, пачаў часта перабіраць капытамі шчыльна ўтаптаны сьнег.

Панас пазірае на фурманку, прыкладае да вушэй далонямі рук, трымае іх так некаторы час, а пасьля засоўвае рукі глыбока ў кішэні паліто і там перабірае пальцамі падкладку, камечыць яе, каб хутчэй адагрэліся пальцы.

Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасьцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага сьнегу. На санях, у шырокіх развалах, засланых саломаю, ляжаў чалавек, захаваны ў кажух. Галава ягоная заматана ў пярэстую вялікую коўдру, а падкурчаныя ногі схаваны ў саломе. Твару ягонага ня відаць, і Панас не пазнаў, мужчына то ці жанчына. Побач з ім мужчына ў гэткім-жа вялікім кажусе, у касматай з аўчыны шапцы. Ногі, абутыя ў валенкі, ён выцяг на санях паверх саломы. Калі фурманка параўнялася з Панасам, мужчына гэты спрытна падкінуў пад сябе ногі, узьняўся на калены і замахаў над канём пугаю. Конь ірваў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй.

Мужчыну Панас не пазнаў.

За фурманкай з-за ўзгорку вырасла чалавечая постаць. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па сьлізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Калі ён крыху наблізіўся, Панас пазнаў, што гэта не Камека. Панас пастаяў яшчэ колькі хвілін, пазіраючы ўсьцяж гасьцінцу і вярнуўся ў хату.

— А я зноў да вас, не шанцуе штось мне, нябачна Камекі…

Праказаў гэта, стоячы ў парозе, і пачаў шапкай атрасаць з паліто сьнег.

З цёмнага запечку вынес гаспадар да стала услончык і запрасіў Панаса сесьці.

— Камека ня прыдзе цяпер, пасароміцца, — сказаў гаспадар і адышоў ад стала на сярэдзіну хаты, дзе на цаглінах стаяла жалезная пячурка. Там ён сеў на нізкай круглай калодачцы і пачаў выцярушваць на газэтную паперку са скуранога старога капшука дробныя, пацёртыя зерні махоркі. — Няхай-бы, Панаска, таварышы нам махорачкі больш вазілі, — сказаў ён, — мы-б тады болей і слухаліся, а то-ж закурыць няма чаго: дадуць пачак на тыдзень, а яго за адзін дзень у кумпаніі скуру.

Ён змоўк на хвіліну, думаў, што Панас нешта адкажа на гэныя словы пра махорку, але не дачакаўся Панасавых слоў і працягваў гаворку сам.

— … А зноў-жа падмётку калі ўзяць, ці боты скажам. Гэта-ж сьмяхоцьце з нас ладзяць людзі, дый годзе: дзевяць пар ботаў далі на сто трыццаць сем гаспадароў! Ці-ж гэта мысьліма… А ўсе-ж босыя, а вясна блізка, кожны баіцца, што ня будзе ў чым на работу ў поле высьці…

На ложку, абапершыся рукамі на біла, сядзела Галіна.

—Да работы яшчэ прывязуць і ботаў і лапцей, — праказала яна і змоўкла.

— Так вось і прывязуць, чакай толькі…

Гаспадар дастаў з пячуркі, з самага полымя вугаль, перакінуў яго некалькі разоў з далоні на далонь, пакуль вугаль крыху абтух, закурыў, трымаючы вугаль кончыкамі пальцаў, і тады даказаў сваю думку да канца.

— … Мо’ яшчэ і абуюць цябе?

Засіпеў на сьцяне і празваніў на палову сёмай гадзіньнік. Панас узьняў голаў, зірнуў на гадзіньнік і запытаў:

— Дык на сход загадвалі, ці не?..

Гаспадар зірнуў на жонку, пасьля на Галіну і адказаў са зьдзіўленьнем:

— Не-а. А хіба-ж хто наказваў?..

— Камека, здаецца, умаўляўся.

— Хіба без мяне загадвалі? Але-ж ня можа гэтага быць, — азваўся гаспадар, — ніколі так не загадвалі. — І, хвіліну памаўчаўшы, дадаў:

— А на якое ліха той сход ужо?

— Як так на якое ліха? Хіба-ж можна так кінуць, як гэта вышла?

— А што-ж трэба?

— Колгас трэба.

— А калі мы ня хочам? Гвалтам-жа гэтага, як той казаў, нельга, а людзі ня хочуць, дык чаго-ж тут тады і намагацца вельмі?

— Мы гвалтам і ня будзем рабіць, сабярэмся, пагутарым…

— А-ат…

У хаце было цёмна. Галіна падышла да сьцяны, ля якой сядзеў Панас, зьняла з цьвіка лямпу і пачала ручніком праціраць шкло. Рабіла гэта яна моўчкі. Моўчкі наліла ў магазын газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Сама адышла і зноў села на ложку.

Гаспадар закурыў, глыбока зацёгся дымам, пасьля выгнаў дым адразу праз рот і нос і праказаў:

— Нічога, браце, з гэтага ня выйдзе, дарэмна ты гэта, Панас, ходзіш.

— Чаму дарэмна? А па-мойму, дык выйдзе, — адказаў яму Панас.

А-ат… Гаспадар махнуў рукою. — Ня выйдзе…

— Паспрабуем…

У пячурцы засіпела. На хату з пячуркі паваліла густая пара. А за гэтым з печы спрытна зьлезла гаспадыня, схапіла на запечку анучу і анучаю выхапіла з пячуркі чыгунок з бульбай, панесла ў кут ля парогу, каб адцадзіць над цэбрам бульбу.

У хату ўвайшоў сын гаспадара. Гойдаючыся ў бакі, ён прайшоў праз усю хату ў цёмны кут, скінуў там стары, каравы армяк і зношаны чырвонаармейскі шлем, сеў на лаўку і тады прывітаўся з Панасам і адразу загаварыў да яго:

— На паўтары рублі за дзень я з канём зарабіў… вось, таварыш Панас, як мы жывем. А колькі я іх папаварочаў, папакачаў колькі, зьбіраючы ў кучу. А табе за дзень паўтары рублі!.. Круцяць… Бачаць, што народ пачаў вазіць, дык цану ў момант зьнізілі… І заўжды так. Летась гліну на заводзе капалі, дык спачатку адну цану сказалі, а як плаціць, дык у іх ужо другая. А пастой жа ў гліне, папагніся, папакідай дзень рыдлёўкаю… Насілу праз суд свайго дамагліся… Я так разумею гэта, таварыш, што сьвет існаваць ня будзе, калі мужыка абдурваць ня будуць…

Гаворку ягоную перабіў бацька.

— Панас сход склікаць хоча, Камека нібы з кім гутарыў…

— Ды мо’ яны й сабраліся ў каго?

Сын неахвотна ўзьняўся, насунуў шлем, апрануў новы даўгі кажух і пашоў. А бацька, як вышаў сын, працягваў сынаву гаворку.

— Праўду ён, чалавеча, кажа. Абдурваюць мужыка… Цераз гэта і ня будзе нічога ў нас, бо няма нам сэнсу ніякага…

— Чаму так?

— А таму, што не да лепшага, як я думаю, гэта, а да горшага вядзе нас.

— Хто гэта вам сказаў?

— Сказалі… Ты, вядома, як партыйны з гораду, дык адно кажаш, што лепей будзе, а Камека свой, дурней трохі, дык запамятаў, мусіць, што яму з гораду даручалі гаварыць, дый сказаў нам праўду ўсю… Як спыталі бабы пра сьмятанку, ды маселка, каб варыва хоць забяліць, канешна, каб аладку ў сьвяты дзень памазаць, дык ён і сказаў: — Забудзьцеся, кажа, бабкі, на сьмятанку ды на маселка.

… Вось так і сказаў праўду горкую…

— Ды што ён здурнеў? Гэта глупства, бязглузьдзіца. Ня можа быць, каб ён такое казаў!..

— Можа яно і ня можа быць, а вось ён сказаў. Запамятаваў і сказаў праўду… І газэтку статутную мы чыталі, дык і ў газэтцы-ж тое: за хату, арэнду, за хлявы, арэнду, а прыбытак увесь у фонды…

— Ну, і нагаварыў-жа вам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта.

— Хто-ж яе ведае, ці мана? Газэтка-ж піша…

— Ды дзе тая газэтка, хто яе чытаў?

— Чыталі. Каля млыну чыталі, як быў вось на днях…

Абое змоўклі. Панас абапёрся локцямі на стол і пазірае перад сабою на чысты, выбелены абрус. Ён думае, што на сходзе трэба будзе сказаць і пра арэнду, і пра фонды. У хаце ціха. А за сьцяною хатняй поўзаюць глухія шолахі ветру. Мокрыя, вялізныя сьняжыны абляпілі акно і растаюць. Па шыбах тонкімі струменькамі сьцякае вада. На мокрых шыбінах, залепленых знадворку сьнегам, прыгожымі, дзівоснымі пляценьнямі, іскрыцца сьвятло ад лямпы. Ад гэтага, ноч за акном здаецца яшчэ цямнейшай.

У пячурцы трашчыць, палаючы, яловая лучына. Іскры прабіваюцца праз шчэлкі ў дзьверцах, вылятаюць на хату. У хаце ад пячуркі цяплынь і крыху чадна. Ад стомы ные Панасава цела, ныюць змучаныя ногі, а цяплынь гэтак прыемна агортвае цела і салодкай дрымотай, як вэлюмам мяккім, ахінае яго. Панасу хочацца легчы на лаўцы і заснуць.

У сьцяну ля акна дробна-часта стукае акяніца і па-ціху тоненька пішчыць іржавымі завескамі:

пі-гі-гі-і… пі-гі-гі-і…

— Замарыўся, — кажа да Панаса гаспадар. — Ходзіш усё па людзях, мала мусіць сьпіш…

— Не, нічога, сну хапае, — адказаў Панас і варухнуў плячыма, неўзаметку пацёгся.

— Сходу, пэўне, ня будзе. Пётра дзесьці як сеў, дык і прыкіпеў…

— Ды яно так, — дадала з печы старая, — пашлі дурнога, а за ім другога…

— А мо’ сход там? — нечакана з ложку азвалася Галіна і ўзьнялася. — Хадзем, я пакажу, дзе гэта…

Яна апранула паліто і чакала Панаса. Як выходзілі з сенцаў, перасьцерагала: — не ўпадзі толькі, парог у нас высокі, ганку яшчэ няма… на бервяно станавіся.

— Не ўпаду, я яшчэ добра бачу…

На дварэ вільгаць і густая цемра, ледзь бачна сьветлая шэрань усьнежанай зямлі. Галіна спрытна перашла двор і ўперадзе ад Панаса пашла вуліцай. Дарога ў вуліцы няроўная, вузкая, нельга ісьці поруч двом. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Панасу ня ёмка, што ён спатыкаецца, але ён спрабуе ісьці поруч з Галінай. На дварэ Галіна адчувае сябе з Панасам вальней, ана больш гутарыць з ім і спрабуе жартаваць. Гаворыць яна тонам суровым, нібы загадвае Панасу, як часам меншаму ад сябе.

— Па дарозе ідзі за мной, — кажа яна, а то няроўна, упадзеш яшчэ, ногу зьвіхнеш.

— Нічога. Мне сорамна што ты мяне, як малога вядзеш…

— Бо я дарогу ведаю, а ты-ж, мусіць, ужо на ўсё тутэйшае забыўся, ня то, што на дарогу…

— Што-ні-што памятаю, ні на ўсё забыўся…

Галіна нічога на гэта не адказала. Тады Панас запытаўся:

— Ты думаеш, што сход там?

— Нічога я ня думаю, — жартуючы адказала Галіна і пасьля больш сур’ёзна дадала:

— Наўрад, ці ёсьць сход. Нашыя на сход ня пойдуць… Чаму? Умовіліся паміж сабою. Яны цяпер сена потайкам прадаюць, бульбу з капцоў дастаюць, баяцца ўсё, што згоняць у колтас, дык сьпяшаюцца, каб прадаць усё. Ноччу кабаноў колюць, ды смаляць…

У хаце, дзе звычайна зьбіраліся сходы, сьвятла ўжо ня было, і Галіна спынілася ў вуліцы, не хацела ісьці далей.

— Ці ня сьпяць яны ўжо? Нешта-ж цёмна ў хаце.

А, сказаўшы гэта, падышла пад самае акно і пастукала рукою ў шыбіну. З хаты на стук нехта азваўся. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала:

— Ці сходу ня было ў вас?

— Не-э. Камека быў, пасварыўся з бабамі і пашоў.

— А мой ці быў?

— Быў, таксама пайшоў.

Галіна ад акна адышла.

— Нічога, значыць, ня будзе. Цяпер хадзем дамоў.

Калі пашлі, яна пажартавала:

— Не баяцца цябе нашыя, нічога ты з імі ня зробіш.

— А хіба трэба, каб баяліся?

— Вось-жа трэба… а ты-б мо’ чаго другога хацеў?

—Гм-м… я хацеў-бы каб мяне кахалі, напрыклад…

— Ого, які ты. Каб усе цябе кахалі? Захацеў…

— Няхай ня ўсе. Няхай хоць хто-ніхто.

— А мо’ хто й кахае?

— Наўрад. Дзе там!

— Галіна больш нічога не сказала. Яна ішла моўчкі ўжо аж да самага свайго двара. Каля брамы Панас спыніўся, каб разьвітацца.

— Начуй у нас, цяпер-жа позна вельмі, боязна.

— Дзякую, я пайду да дому.

— Цёмна-ж, баяцца будзеш.

— Я непалахлівы.

— Ну, як хочаш, упрашваць я цябе ня буду. Я вось толькі пра гэта яшчэ хацела сказаць. Нашыя разышліся, але гэта нічога, некаторыя ёсьць, што і пойдуць. Разышліся таму, што не разьбіраюцца яшчэ ў гэтым. Я і сама яшчэ добра не разьбіраюся нешта палохае, як падумаю як гэта яно ўсё тады будзе. Калі слухаю цябе, дык і разумею і штосьці палохае. А ў нас-жа ўсе такія цёмныя яшчэ. Хадзілі, гутарылі, палохалі, самі сябе, а тут яшчэ паперка гэтая пуду паддала, дык і разышліся… Так што ты нас ня кідай, яшчэ ўломіш, цябе яны паслухаюцца.

— Ды ўломім, я інакш і ня думаю. А ты-ж, як сход будзе, падтрымай мяне.

— Я то падтрымаю…

Галіна стаяла ля брамы, пакуль не растала ў цемры вулічнай Панасава постаць і сьціхлі крокі, потым таропка пашла да сенцаў.


Панас спыніўся і прыслухаўся.

Дзесьці засьпявалі ў начы званы. Урачыстыя і трывожныя плылі галасы іхнія.

Блям-бо-о-м… блям-бо-о-м… блям-бо-о-м…

Зьвінелі па чарзе. Каротка, тонкім голасам вызваніваў сваё меншы і не пасьпяваў яшчэ змоўкнуць ягоны голас, як сьледам, цяжка ўздыхаючы, гучэў большы. На хвіліну галасы іхнія спляталіся ў адзін працяглы гул, але хутка зноў разыходзіліся, плылі адзін за другім чарадою і губіліся, глухія ў вільготным паветры.

Панаса званы нібы разбудзілі. Да гэтага ён ішоў павольна і скрозь дрымоту, што агортвала яго, штосьці думаў. А як данесьліся да вушэй галасы званоў, перарвалася ценкая нітка павольных, лёгкіх дум і яны зьніклі. Панас ужо нават не памятаў, пра што ён думаў. Ён слухаў. Адхінуў ад вушэй каўнер паліто, узьняў шапку і, узіраючыся ў цёмную далячынь поля, настаўляў вуха, хацеў адгадаць, адкуль плывуць галасы званоў. Але зноў наплывала забыцьцё і самі павольна сплюскаліся вочы.

Перад вачмі гойдалася густая цемра. Мокры сьнег падаў на твар, на павекі вачэй. А галасы званоў то на хвіліну спляталіся, то зноў разыходзіліся і плылі ў суворай чарзе па-над санлівым, зьмярцьвелым полем і сеялі неразгаданую яшчэ трывогу. Здавалася, усё зьвініць наўкола, здавалася, што чорныя, лахматыя постаці носяцца мяцеліцай на полі і сеюць за сабою гэты трывожны звон.

Панас стаіць, ня кратаецца з месца. А на твар падаюць мокрыя сьняжыны.

Наукола густая цемра і ў ёй ціхія таемныя шолахі, ды галасы званоў і болей ніводнага гуку. Ад галавы, ад карэньня валос па ўсім целе расьцякаецца тонкімі цуркамі холад, цела наліваецца сьцюжай. Ледзь бачная шэрань поля цямнее ад узіраньня ў яе, зьліваецца ў адно з густымі чорнымі хмарамі, што ўгары і перад вачыма плавае, гойдаецца чорная, шырозазная бяз меры, заслона. Панас узіраецца ў яе. Вочы бачаць сьветлую маленькую капельку. Яна толькі што зьявілася, задрыжэла, замятусілася і пачала нарастаць, расплывацца ў бакі, налівацца бліскучасьцю. Вось ужо ня капля, а сьветлая паска поўзае ў цемры па небасхіле і ўсё больш наліваецца бліскучасьцю, а небасхіл і ўсё навокал яшчэ цямней. З-за паскі гэнай вылятаюць ужо залочаныя іскры і ў нейкім ладзе кладуцца на небасхіле і небасхіл пачаў палымнець, а ў полымі нараджаюцца і плывуць адтуль па-над полем урачыста трывожныя галасы званоў.

«Гэта-ж полымя, пажар, — думае Панас і за тэтым здалёку знутра падпаўзла раптоўна здагадка. Захацелася кінуцца і бегчы праз поле на зарава пажару, але разумеў, што гэта будзе дарэмнай справай, што з гэтага ўсёроўна нічога ня выдзе, бо не дабяжыць ён, не пасьпее і ня зможа нічым асаблівым пасабіць там. Зразумеў гэта і ўзьняў руку, каб зноў паставіць каўнер паліто. Рука каўзанулася на мокрым, сьлізкім каўняры. Каўнер датыкнуўся вушэй і шчок і няпрыемна казыча твар. Панас глыбей нацягнуў на вушы шапку і паціху пайшоў гасьцінцам, пазіраючы на зарава, услухоўваючыся Ў галасы званоў.

Увашоў у алешнік. Не заўважыў, як змоўклі званы. Мякка ступаюць у сьвежы, няпрытоптаны сьнег ногі і зноў варочаецца спакой, а з ім прыходзяць новыя думкі. Панас аддаўся ўспамінам.

Неўзаметку адышло ў мінулае багата год з ягонага жыцьця і толькі ў памяці пакінулі яны свае сьляды. Бурна імчыцца ў прасьцягу ўсіх гэтых год гарачы струмень яго дзён. Яны ў суворым суладзьдзі пазьменна прыходзяць і адыходзяць жывымі істотамі. Вось яны, адышоўшыя, перажытыя, жывым ланцугом, як у карагодзе набліжаюцца і аддаляюцца ад яго, то ў ціхім суладзьдзі, аднолькавыя, то зблытаныя ў натоўп, у якім нічога не разьбярэш, то розныя, але паступова нарастаючыя адзін за адным. З гэтага струменю дзён усплываюць разгубленыя, але ўсё-ж у нейкай сыстэме, невялічкія выспы ўспамінаў і па іх раскідана далёкае, цяжкае, поўнае пакуты дзяцінства і гарачымі кавалкамі, блізкае яшчэ, поўнае палкасьці, юнацтва…

Хмары цярушаць перад вачыма роямі белых сьняжын, усьцілаюць зямлю пухам крыльляў сваіх лебядзіных. Цёпла. Вочы зьліпаюцца і бачаць ня цёмную шэрань гасьцінцу, а асьветленае соннам поле. У полі так багата сьвятла сонечнага…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Сонца гарачае і ляное спынілася на поўнебе якраз, дзе самы глыбокі і чысты блакіт і кружыцца па ім, гуляе.

Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароняцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Валоў за матузок вядзе малы хлапчук. Ён босы. Ногі ў яго чорныя ад зямлі, накалоліся па сухой мураве і леташнім жытнішчы. Ён паціху ўздымае ногі і асьцярожна ставіць іх на зямлю. За валамі вядзе саху дзед сівы, у белай кашулі і ў белых пачосных ісподніках. Ён таксама босы.

Уперадзе ад поля хвойнік малады, рэдкі і сухі напалову. Гэта выгары. Перад хвойнікам зацішна і над самай зямлёй жывым срэбрам пераліваецца нагрэтае паветра. Над полем казачнымі аганькамі снуюць, мятусяцца матылькі. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя, пасярэбраныя валасы і такіяж густыя, колеру кудзелі кужэльнай, у хлапчука.

Хлапчук трымае ў руцэ лёгкі матузок, абкруціў яго вакол далоні і пазірае ў поле, дзе хвойнік, штосьці думае. Дзед ідзе за сахою, паціху ступае ў вузкую разору на халаднаватую зямлю і сьпявае ціха, сумна:

Э-эх ты, до-о-ля-а-а май-й-а-а,
Ты-ы няў-да-а а-ла-й-а-а,
Ка-ліж ты-ы мя-а-не-э-э
А-а-а-чу-у-ра-а-а-есь-ся-а.
Я з табою, доля,
Увесь век перажыў,
За табою, доля,
Шчасьця ня бачыў…
Голад, холад знаў,
Сыта ні пад’еў,
Хвілі ня згуляў,
А шчасьця ня меў…
Э-эх ты, доля мая,
Ты скажы па праўдзе,
Ці хутка сьмерць мая
З табою прыдзе…

Ціхія словы дзедавай песьні падаюць на ральлю і зьнікаюць, сашнікі закідаюць іх зямлёй. У дзеда худы, патрэсканы ад ветру, твар. Вочы ягоныя блішчаць схаванымі ў куткох сьлязьмі. А хлапчуку ад гэтага і ад слоў песьні дзедавай хочацца заплакаць. Ён туліць вочы ў зямлю, мысьленна ўторыць словы дзедавай песьні, ад якіх разьліваецца па ўсім целе сьцюдзёная, незразумелая балючасьць і пракусвае губы, каб стрымацца і не расплакацца.

— Прагонім гэны раз туды і назад і паедзем да дому, — кажа дзед, — а то я, браце, замарыўся дужа. Увечары лепш дааром…

Дадому валы па шляху ідуць хутка. Пыліць ззаду за валамі саха. Дзед ідзе за сахою з боку, а хлапчук уперадзе, побач з валамі. Па абое бакі ад шляху цягнуцца вузкія, у два загоны, і бяз меры даўгія, аж да рэчкі і да асіньніку ў другі бок, палоскі. Каля шляху яны засеяны ярыною. Дзед пазірае на палоскі, на нізкую і рэдкую ў разорах ярыну і кажа:

— Вымакае… а й без разоры нельга, зусім тады вымакне… Мала зямлі ў нас, браце, мала… Як аслабаненьне было, пан усю «Кунаведзь» сабе ўзяў, а нас, мужыкоў, на «адмену», у багну гэную. Вось яно і вымакае… Гэта яшчэ за маёй памяцьцю было, лес тут быў вялізны, бор і балота. Дзе «Дзякава» — падступіцца тады нельга было, грузьлі і чалавек і карова. А пасьля адкупілі ў пана лес купцы высеклі, а бацькі нашыя зямлю адкупілі і поле зрабілі… І усё мала зямлі, — працягваў ён. — Тое-ж як вокам зірнуць, скрозь пушча была, а цяпер поле скрозь і мала… Вось гэта палоскі Аўхіма, Каленіка, Рыгора і Стэпкі, а раней-жа б’ала бацька іхны адзін араў, паласа была во-о!.. А цяпер з бараной не завернешся… Усе палосы былі шырэй… Б’ала мы ў бацькі разам жылі, аж да старасьці, пакуль дзяцей не падгадуєм і дружба была, а цяпер, як штаны навучыўся насіць сам, дык і дзялі, тата… А што дзяліць? Хіба можна бяз конца зямлю дзяліць?.. Падзялілі ўздоўж, падзеляць упоперак, а тады што?.. А хіба-ж яму чаго не хапае?.. Дзялі… Ды яно падзялю, падзялю… — махнуў дубцом, сагнаў з вала авадня. Падзялю… І ты, мусіць, браце зьвярнуўся ён да хлапчука, — як падрасьцеш, возьмеш загрудкі бацьку, каб дзяліў. А?..

Хлапчук думае пра дзедавы словы і не адказвае. Маўчыць. Тады дзед працягвае свае разважаньні.

— Яно ўсе так, спрадвеку ідзе так ужо. І мае бацькі дзяліліся, і дзяды… не зьмяніліся пакуль што людзі…

На заўтра дзяліў дзед двох сыноў сваіх Мірона і Лазара.

Як толькі пагналі пастухі на ранкі статак, дзядзіна, Лазарава жонка, пякла аладкі, нервуючыся браскала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй. А на дварэ Лазар крычаў расьцягваючы словы:

— Абдзялілі! Старцам па сьвету пусьціць хочаце!

Яму ціха, але са злосьцю ў голасе, адказвае дзед:

— Ня пушчу старцам! У мяне сыны роўныя, што прыпадае на тваю долю, тое я й даю табе.

— Дык чаму-ж, — крычыць на дзедавы словы Лазар, — доля мая такая, што ўсяго пуня мне, ды цялушка, а яму і валы і карова…

— У яго дзеці малыя, у яго я, валы мае, — адказвае дзед.

— Дык няха-жа ён пяць мерак дабра возьме, калі так, — зноў крычыць Лазар, — а я не хочу, я тое вазьму.

— Ня возьмеш, возьмеш тое, што даю табе.

— Што тваё, — бяры тое, а што маё, — азваўся Мірон, — таго ня дам!

Лазарыха палівае на патэльню з дзежачкі цеста і ўслухоўваецца ў сварку. Хлапчук саскочыў з палацяў, зьлез на лаўку і ўсунуў у рашчыненае акно голаў. Тады Лазарыха зачмыхала носам, засмаркалася ў фартух і пачала фартухом выціраць сьлязьлівыя вочы.

На дварэ, насупроць акна, месьціцца старая стопка. У стопцы стаіць каля засеку дзед, а Мірон і Лазар схіліліся над мяшком, ушчаперыліся за яго рукамі, цягнуць яго кожны ў свой бок. Цяжкі мяшок коўзаецца па зямлі на адным месцы, а яны пазіраюць друг на дружку злосныя, чырвоныя ад злосьці і стомленасьці. Галовы іхнія, блізка. У абодвух вочы наліваюцца крывёю, у абодвух ад моцнай злосьці і напружанасьці трасуцца рукі.

— Мой мяшок! — крычыць Лазар, — я яго вазьму, за валоў, за карову!

— Ня твой! Ня дам! — крыкліва адказвае Мірон і напінаецца, каб перацягнуць мяшок на свой бок.

У дзеда трасецца галава, ён нешта хоча сказаць і ў злосьці не знаходзіць слоў. Вось ён падышоў да Лазара, узяў яго за рукаў кашулі на плечы і адцягвае ад мяшка. Як узяў за кашулю, тады знашоў словы:

— Не разбойнічай, тое бяры, што даю табе, а сілай ня дам браць, людзей клікаць буду!

Мірон, пад’ахвочаны словамі бацькі, напяўся, скрануў мяшок з месца і, калі мяшок пасунуўся паціху да яго, выставіў у бок да брата на выцягнутай, аголенай шыі, аброслы твар.

Дзед адцягвае Лазара ад мяшка і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось, вось самлеюць пальцы і пусьцяць мяшок. А тады, разумее Лазар, усё прапала, мяшок возьме тады брат. І ён хуценька адарваў ад мяшка правую руку, замахнуўся, стукнуў локцем дзеда ў жывот пад дыхальніцу. Дзед схапіўся рукамі за жывот, разявіў рот, адхінуўся назад і абсеў пад засекам ля кубла. Лазар хацеў зноў схапіцца за мяшок, але не пасьпеў, бо падскочыў Мірон і ўшчаперыўся пальцамі за каўнер Лазаравай кашулі. Сьціскае каўнер горла ўсё мацней і мацней, як абцугамі сьціскае, ужо цяжка дыхаць ад гэтага, мутнее ў вачох і млоснасьць спавівае цела. Але памутнелы погляд бачыць з боку на кубле мерку. Адзін толькі міг затрымаўся погляд на мерцы, настолькі, каб працягнуць руку і ўзяць яе. Лазар намацаў пальцамі мерку, сьціснуў яе за ручку і замахнуўся. Мерка кантам, дзе дно, стукнула Мірона па галаве. Пальцы Міронавы растапырыліся, пусьцілі Лазараву кашулю, а сам ён няўдала сагнуўся, абсунуўся і лёг на мяшок, закінуўшы пад засек галаву.

З-пад кубла ўзьняўся перапуджаны дзед, кінуўся са стопкі на двор і тады ў адзін голас, так вышла, закрычалі і дзед і хлапчук:

— Во-о-о-й!..

— З-а-б-і-ў!

Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыкам на вуліцу. А дзед падбег да студні, схапіў вядро, што вісела на круку і няўдала лінуў на галаву сабе ваду, абліў грудзі. Ён тупаў каля студні на адным месцы, разгублены і перапуджаны, далоньню гладзіў на грудзёх мокрую кашулю.

З хаты з ёмкаю выбегла Лазарыха. З вуліцы беглі ў двор суседзі. У стопцы на мяшку, у які было насыпана насеньне, ляжаў Мірон. У цёмным куце на засеку сядзеў Лазар. Ён, то хапаўся рукамі за голаў і сьціскаў далонямі скроні, нібы пяўся штосьці ўспомніць і зразумець, то апушчаў рукі і яны, даўгія, абвісалі ўдоўж ног, аж за калены. Пад нагамі ў яго бокам ляжала на пяску цяжкая, з дубовае клёпкі, мерка.

Падыходзілі да стопкі палахлівыя жанчыны. Яны асьцярожна зазіралі ў стопку, на хвіліну застывалі каля дзьвярэй і, скучыўшыся, таўпіліся тутака-ж. Падыходзілі мужчыны. Расьпіхалі груба локцямі жанчын, зазіралі ў стопку і адыходзілі і, ужо стоячы далей ад стопкі, пачыналі гутаркі, ківаючы паціху галовамі.

Адышоў ад студні дзед. Ён успомніў пра тое, што здарылася і закрычаў ціхім надарваным голасам:

— Старасту! Старасту сюды!..

За дзедам адразу, усе гуртам, закрычалі да кагосьці жанчыны:

— Старасту!

— Клікайце старасту!

— Хутчэй старасту!

З двара мятнуліся ў вуліцу гурбою дзеці, пабеглі на старастаў двор. Прыбегла ад суседа Міронава жонка. Жанчыны далі ёй дарогу. Яна, праклінаючы страшнымі словамі забойцу, паціху ўвайшла ў стопку, спынілася каля парогу, нібы раздумваючы што зрабіць, і, заенчыўшы, кінулася на зямлю каля мужа.

Прышоў стараста. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і ня быў страшным, пастромкам завязалі за сьпіну рукі. Жанчыны ўзялі на рукі і аднесьлі ў хату Міронаву жонку. Стараста зачыніў у стопцы дзьверы і загадаў дзесяцкаму нікога туды ня пушчаць, пакуль ня прыедзе ўраднік. Лазара павялі ў воласьць. За ім на вуліцу выйшлі суседзі. Хлапчук стаяў пасярод двара маўклівы, з вялікім затоеным дзесьці ўнутры болем. Да яго падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала:

— Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся… божачка мой…

Цёплая рука жанчыны адагрэла, растапіла застыглыя ў камячку пад горлам боль і сьлёзы і яны прарваліся. Хлапчук выпусьціў з зацятых вуснаў здушаны, скамечаны крык і хуценька пашоў з двара ў загуменні, трасучы над схіленай галавою плячыма.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Зышліся і скучыліся каля гасьцінцу кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою ціхімі, таемнымі шолахамі.

Угары парадзелі хмары. Зьвесіўся з хмары, зачапіўшыся адным рогам за край яе месяц і падглядае, што робяць кусты, асьвятляе белыя іхнія вопраткі.

Панас ішоў патупіўшы ў зямлю вочы, бачыў у гары збоку месяц і хаваў ад яго вочы, хацеў працягнуць далей жывую паску ўспамінаў. Але пад нагой затрашчаў тонкі лёд. З гэтым адразу зьнікла дрымота і дзесьці далёка ў памяці ўжо хавалася тое, што вось-вось было ўспомнілася. З поля падуў у твар Панасу халодны, калючы вецер. Панас яшчэ глыбей насунуў на галаву шапку, захаваў у запазуху пад паліто руку і пайшоў шпарчэй.


Спаў Панас позна і праснуўся тады, як за дзьвярыма яго пакою пачала пяяць дачка гаспадыні. Яна шоргала па памосьце ў сенцах дзеркачом і дыскантам выцягвала словы песьні:

А мой міленькі, голуб сізенькі,
Коніка-а-а сядлае…

Песьня абрывалася, шпарчэй шоргаў дзяркач, пасьля сьціхаў, і зноў пачыналася песьня. Панас прыслухаўся да песьні, зірнуў на гадзіньнік, спрытна апрануўся і выйшаў мыцца.

— Нешта-ж ніколі ня бачна вас, — зьвярнулася да Панаса дзяўчына, — усе вы прападаеце дзесьці, ніколі не пагуляеце з намі. А ў нас учора вечарынка была, усю ноч скакалі!

— А-а, вось шкода, што я ня ведаў, я прышоў-бы.

— Другі раз прыходзьце, яшчэ будзе вечарынка.

— А ці прымуць-жа мяне дзяўчаты,

— Уга! Яшчэ як! І пакахаюць!

— Ну, дык прыду, абавязкова прыду, калі так.

— Глядзеце-ж…

З дому Панас пайшоў у сельсавет. Ішоў вуліцаю ля коопэратыву, спадзяваўся напаткаць каго з знаёмых. Ад коопэратыву, насустрач яму пайшла жанчына. Параўняўшыся з ім, жанчына загаварыла доўга і блытана пра хворае цялё, прасіла дазволу, каб зарэзаць яго на мяса і, гаворачы камечыла, пальцамі рог мультановае хусткі.

— Ты ў савет, цётка, схадзі, а я ня маю права даваць такога дазволу, гэта савет робіць.

Жанчына не хацела зразумець яго слоў. Яна яшчэ больш настойліва прасіла:

— Будзьце-ж так добрынькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне бедную, а то-ж ніяк я праўды не знайду. У каго, дык і занадта тлуста, а каму дык і зусім трэба пасьціць. Дзе-ж яна праўда тая? Хто дык і сьвіней і цялят парэзаў, а я-ж, няхай людзі во’ скажуць, ня вораг які, усе сьвіньні жывыя, а цялё хворае трэція суткі ня сьсе, у рот ня можа ўзяць…

З боку падышоў мужчына. Ён заступіўся за жанчыну.

— Вы пасабеце ёй, таварыш, цялё ў яе гэтай нейкае нягеглае, клыкі ў яго, ці што, дык у роце само сябе паколе і ня бярэ ссаць, бо баліць… А так у яе ўся маемасьць не разбазарана, уся на месцы, як і была.

Падахвочаная словамі суседа, жанчына не адыходзіла.

— Вось-жа і суседзі ведаюць, — казала яна зноў, — які я ёсьць прыяцель савецкай улады, парасяці я нават не кранула, раз улада разбазарваць не дазваляе, а цялё-ж зусім хворае, зусім ня сьсе…

Тлумачэньняў Панасавых жанчына ня слухала, не хацела зразумець іх і Панас адышоў ад яе, параіўшы:

— Ідзі, цётка, у савет, да Камекі, а я зараз прыду туды, мо’ што зробім.

Але насустрач Панасу падышлі яшчэ дзьве жанчыны і старэйшая адразу загаварыла:

— Як мы чулі, — праказала яна, — вы багата дзе людзям, таварыш, душу паднялі, дык просім і да нас прыйсьці, пагутарыць з намі хоць трошку.

— Крыўды наскія паслухаць, — дадала другая, — а то-ж ніхто да нас не трапляе. Чуем мы гавораць гэта ўсё, што ходзіць прадстаўнік дык мы чакалі, чакалі, ды бачым, — ніяк ён да нас ня дойдзе, усё абмінае нас і пайшлі шукаць… Дык вы прыходзьце, ад усіх мы просім.

— Я прыду, — адказаў Панас, — хутка прыду на сход да вас.

Падышла Галіна і прывіталася за руку. Жанчыны разьвіталіся… Адыходзячы, старэйшая яшчэ раз сказала.

— Дык прыходзьце-ж, таварыш, мы ўсе чакаем, а то пакрыўдзімся.

— Гэтымі днямі прыду, цётачкі.

— Вось-жа будзем рады, — азвалася жанчына, — а то мы нічога ня ведаем, запуджаныя мы.

— Чаго гэта яна? — Запытала Галіна.

— На сход да сябе просяць, я ня быў у іх яшчэ.

— Няўжо ня быў? Я-ж думала, што ты ўсіх ужо абышоў у нашым савеце.

— А вось жа, як бачыш, ня ўсіх яшчэ. А ты чаго так рана тут?

— Цябе даўно ня бачыла, — жартуючы адказала Галіна, — сумаваць пачала, дык прышла вось. — І потым дадала: — сацінет давацьмуць на спадніцы, дык я хочу ўзяць сабе.

— А-а, ну, бяры, бяры, прыбірайся, хлопцы больш кахаць будуць.

— Я-ж гэта і думаю вось… А ты асабліва ня выдумлівай, а то вундзека бабы пазіраюць, яшчэ плявузгаць што пачнуць. Я пайду. Прыходзь да нас.

— Прыду на днях.

— А ўчора, мусіць, боязна было ісьці? — сказала гэта і пачырванела.

— Не,-а, я нават і ня зьмеціў, як прышоў да дому.

— А я думала, баяўся. Ну, я пайду. Ты чуў — праказала яна ўжо адыходзячы, — пасёлак-жа ноччу згарэў.

— Пасёлак?

— Ага.

— А я думаў, што ў суседнім сельсавеце гэта.

— Не, пасёлак. Мусіць самі неяк не даглядзелі…

Галіна пайшла да крамы, а Панас накіраваўся ў сельсавет. У вуліцы чакала яго жанчына і ўсё гэтак-жа камечыла пальцамі рог вялізнае мультановае хусткі. Яна ў сельсавет пайшла разам з Панасам.


Блізілася вясна. Зранку і да самага вечара неба было чыстым, незатуманеным і па небе, забіраючы з кожным днём усё большы круг, праходзіла свой шлях сонца, а праходячы праз меру палівала ўсьнежаную зямлю сьвятлом і бессаромна зазірала ў вокны Панасавага пакою, напамінаючы пра вясну.

Панас ляніва пацёгся, ноччу не адпачыў, хацелася спаць, адкінуў ад сябе газэту і адвярнуўся да акна. Пасядзеў крыху так, пазіраючы ў двор, потым нахіліўся на падваконьнік грудзямі, паклаў рукі і на рукі схіліў галаву. Сонца ласкава сагравала галаву і не хацелася падымаць яе.

Дарогаю ад коопэрацыі ішлі жанчыны. Яны спыніліся на дарозе перад тым, як разысьціся і пра нешта гутараць. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. З боку стаіць Галіна, галаву, абвязаную хусткаю, яна задрала крыху ўгару і пазірае на сонца. Сонца сьветлае і па-вясноваму радаснае. Па-вясноваму радасная і Галіна. А тое, як яна пазірае на сонца, скалячы вочы, прыпомніла Панасу ягонае ўласнае і Галініна мінулае. Мінула патрапляла акурат у тон настроям цяперашнім.

Панас вырас разам з Галінаю і, пэўне, з тае прычыны, што рос з ёй разам, амаль на адным дварэ, адчуваў у мінулым да яе таварыскую прывязанасьць і трымаўся за ёю вельмі блізка. Гэтыя адносіны ішлі ад дзіцячых год, калі разам гулялі, разам хадзілі за гумны ў ціўкі, разам лазілі па гародах. А пасьля ўжо, значна пазьней, блізкасьць гэтая пачала губляцца. І калі Галіна, як і ў дзіцячыя гады, часам брала яго рукою за шыю, і нахілялася да ягонага вуха, каб што-ні-што сказаць яму, ён чырванеў, яго шчаку апальвала цяплынь шчакі Галінінай, а рукі дрыжэлі, датыркаючыся локцямі да яе грудзей. Адчуваў тады Панас, што ў ягоных адносінах з Галінаю зьяўляецца штосьці новае. У пяршыню ён адчуў гэта аднойчы ў часе гутаркі з Галінаю на вечарынцы. Галіна доўга кружылася ў польцы, вальсах, аж покуль зусім стамілася, тады пакінула скакаць, схапіла Панаса за руку і павяла яго за сабою на двор. У сенцах, як выйшлі на ганак, Панас запытаў:

— Здорава ты замарылася? Гэтак жа круціў ён цябе ўвесь вечар…

Галіна нахілілася да яго і, каб ня чулі другія, перасыпаючы гаворку рогатком, сказала:

— Накруціў-то нічога, але ён, дурань гэты, скачучы ўзяў, ды як сьцісне рукою мяне за цыцку, дык я хацела яму локцем у зубы стукнуць і кінула скакаць.

Панас пачырванеў, чырвань густа прыліла да твару, і нічога не адказаў.

А яшчэ пазьней здарылася такое, што страшыла Панаса і перашкаджала яму сустракацца з Галінай.

Прыехаўшы аднойчы з поля, Панас выпраг каня, завёў яго на гумнішча і адтуль пайшоў да Галіны. Як і звычайна, ён пастукаў знадворку ў акно. Але на стук ніхто з хаты не адгукнуўся. Галіны ў хаце ня было. Панас прытуліў твар да шыбы і зазірнуў у сярэдзіну хаты. У прахладнай цемры яе ён убачыў незасланы ложак і на ложку, на падушцы, санлівую чорную кошку. Кошка ляжала скурчыўшыся нярухома. А з-пад запечку са шчыліны выпаўзла на хату маленькая мыш, спынілася асьцярожна і водзіць у бакі пыскаю, нюхае. Вось яна выцягла пыску ў бок да акна, зірнула на Панаса і хуценька мятнуўшы па памосьце гострым хвастом, шмыганула праз шчыліну пад памост. Панас стукнуў мацней у шыбіну і адышоў. На дзьвярах у сенцах, убачыў ён, вісеў маленькі замок.

Панас спыніўся каля дзьвярэй, крануў рукою замок, ці замкнёна, патрымаў замок на долоні, і пайшоў ад дзьвярэй праз двор у гарод.

Прыгожа зробленыя грады ад суседніх гародаў зелянелі высокай сьцяною сланечнікаў і маку, а на сярэдзіне шчацініліся кустамі цыбулі, маладога бацьвіньня і капусты. У разоры, каля грады з цыбуляю, стаяў пусты кошык і ля кошыка, а пабое яго бакі, дзьве кучкі абвяўшай, выпаланай з грады, травы. Панас спыніўся ля град і поглядам пачаў шукаць Галіну. Галіна, убачыў, ляжала пад сьцяною хлева на мураве. Глава яе была ў цяньку, а на ногі і на грудзі сьвяціла сонца. Руку адну Галіна адкінула ў бок на мураву, другую паклала на грудзёх пад кашулю сабе. Панас падышоў да яе, спыніўся, але не пабудзіў, стаяў моўчкі. Зьявілася было жаданьне паціху пайсьці назад, каб яна не пачула, але не пайшоў, застаўся стаяць.

Яна ляжала, адхіліўшы крыху набок галаву і спакойна мерна дыхала. З крыху разяўленага роту, з-пад адтапыраных губ, бялелі яе, шчыльныя ў радох, сьвежыя зубы. Адтапыраныя губы вялікія і ў куце на губах сьлюна, смачна сыпіць Галіна.

Ногі Галіна паклала адна на адну. Адхінула сукенку і Панас бачыць яе аголенае, круглае, чырвонае ад загару калена. На калене засталася, як палола грады, зямля. Зямля на сонцы высыхла і на калене ляжыць маленькім шэранькім камячком. Панас пазірае на калена, яму хочацца сагнуцца і скінуць з калена зямлю. Панас кашлянуў, але паціху, так неяк выйшла, і Галіна не праснулася, жаўнула толькі зубамі, сьціснула губы і пракаўтнула сьлюну. Тады Панас сеў на мураву побач з ёй, сарваў галінку мятліцы, была думка паказлытаць Галіне нос, але замест гэтага паднёс руку да яе калена. Рука дрыжыць. Пальцы адчуваюць загрубелую скуру калена. Асьцярожна правёў пальцамі па калену, скінуў з калена ссохлы камячок зямлі і адхінуў руку, узяў мятліцу і мятліцай дакрануўся да яе носу.

— Ідзі! Не казыч! — нечана азвалася Галіна і зарагатала. Села падкурчыўшы пад сябе ногі. Панас пачырванеў і не знайшоў што сказаць. Галіна з рогатам дадала:

— Я-ж чула, як ты сеў і калена кратаў, думала: што-ж ён будзе рабіць. Вось-бы дала нагою, каб ты вышэй палез.

Разгублены Панас ня ўмеў сабрацца са словамі.

— У цябе на калене пясок быў, дык я скінуў яго.

І ў разгубленасьці ён мэханічна, нечакана для сябе, зноў узяўся рукой за яе калена і гэтак-жа нечакана для сябе, ужо асьмялеўшы, сказаў:

— Калена ў цябе, як антонаўка сьпелая.

Галіна ўзяла рукою за яго плячо і, падняўшыся на каленкі, схапіла Панаса за валасы, пачала нахіляць ягоную галаву да зямлі і ўжо, зусім нечакана, калі ён хацеў вызваліць галаву з яе рук, нахіліла ягоную галаву да сябе і апаліла яго шчаку сваімі губамі.

— Вось як! — сказала яна, а за гэтым хуценька ўсхапілася і пайшла да кошыка. І ўжо, накладаючы ў кошык траву, не пазіраючы на яго, сказала:

— Пайду сьвіньням есьці дам. — Узьнялася з зямлі, схапіла кошык і, ня зірнуўшы ў яго бок, пабегла ў двор. Панас, як пабегла з гароду Галіна, стаяў там разгублены, маўклівы і радасны, сплюскаў вочы і ўяўляў, як кранаюцца яго шчакі Галініны губы. Сарваў макавіну і паднёс яе да носу, панюхаў. Зялёная макавіна ня пахла. Тады паціху пайшоў з гароду, але не праз двор, а праз гумнішча, сароміўся ў дварэ спаткацца з Галінай. Ня прышоў да Галіны і ўвечары, хоць было моцнае жаданьне бачыць яе і нясьмелая надзея, што паўтарыцца тое, што здарылася ў агародзе. Але тое не паўтарылася ні ў бліжайшыя дні, не паўтарылася і пазьней.

Сонца было радасным. З гоманам, з задзірастым говарам разышліся жанчыны.

II.

У паветры над палем, над асіньнікам, у якім ляжыць Сідар, носяцца па ветру белыя, бліскучыя, як срэбныя, ніткі павуціньня, чапляюцца, павісаюць на гальлі асіньніку. Вочы сочаць за павуціньнем, а вушы ўслухоўваюцца, бо навокал вельмі-ж ціха, нават лісьце на асіньніку ня дрыжыць, а за асіньнікам злуе, шуміць вецер. Бывала так: гэта ўжо вельмі даўно.

… Злосна шуміць у гальлі старых тапалёў вецер, схінае іх над хлявамі. За хлевам халодна, халодна, а тут, з другога боку, пад сьцяною, зусім цёпла, сонца нагрэла і сьцяну і зямлю каля хлева, дык стаіш там босы, прытуліўшыся да сьцяны, жмурыш на сонца вочы і зьмяняеш па чарзе ногі, на адной стаіш, а другую прыкладаеш ступнёй да нагрэтага бервяна.

За хлевам злосна шуміць у тапалёвым лісьці вецер і нікуды ня хочацца тады ісьці з-пад сьцяны, нават тады, як гукае з сенцаў маці, каб ішоў есьці забелены пшонны крупнік. Прыемна слухаць як гудзе вецер, здагадвацца, што ён вельмі халодны і не адчуваць холаду. Акурат вось так…

Сідар прыслухаўся да шолаху ветравога, успомніў адразу, чаго ён тут у асіньніку і ўстрывожыўся. Захацелася ўзьняцца, сесьці і прыслухацца ўважлівей. Упёрся рукамі ў зямлю, узьняў голаў, хацеў падцягнуць ногі і сесьці. Але, як скрануў правую нагу, яна страшна забалела і тады ўскрыкнуў нечакана для сябе, зноў аблёг. Ад нагі пацякла балючасьць па ўсім целе, гострая, пякучая. Рукою намацаў прыкарэўшую да нагі штаніну, крануў яе, уразіў рану і ўскрыкнуўшы, адкінуў руку ў бок на мураву.

Угары ляніва паўзьлі кавалкі хмар. Яны сьвятлелі, расплываліся, нібы раставалі пад сонцам. А неба мутнела, зьвісала ніжай і ніжай аж да самай зямлі і ціснула на павекі воч, прымушала заплюснуць вочы…

Прытомнасьць зноў вярнулася і Сідар пачуў дзесьці зусім блізка мужчынскія галасы. Гутарка была спакойная, роўная. Сідар раплюснуў вочы і зьдзівіўся: Цяпер ён быў у прасторнай сялянскай хаце. У хаце ня было больш нікога. Праз акно ўвашоў у хату апошні вячэрні промень сонца, лёг на сьцяну і застыў, заснуў на ёй чырвоным зайчыкам. На акне і на стале сядзяць лянівыя, сытыя мухі. Адна на куце пад абразамі ўбілася ў павуціньне і жаласна, тоненька верашчыць. Некаторыя ляніва лётаюць па хаце, садзяцца на ложак, на білы, на жэрдкі, на балькі пад стольлю. А гутараць мужчыны на дварэ. І на дварэ захлопаў крыльлямі і прапяяў певень. Дзесьці ў вёсцы пішчалі галодныя сьвіньні, мэкала ў хлеве малое цялё і цягучым му-у адгукалася з вуліцы яму карова.

З двара ў акно зірнуў мужчына, мусіць гаспадар хаты і, як убачыў, што Сідар пазірае ўжо, усьміхнуўся, хуценька адышоў ад акна і зараз-жа крокі ягоныя пачуліся ў сенцах.

Сонечны зайчык папоўз ціханька па сьцяне аж пад столь, перапоўз на столь, памутнеў, разбавіўся шэраньню столі і хутка неўзаметку зьнік зусім. У хаце зрабілася цямней.

Увашоў гаспадар і, усьміхаючыся, падышоў да ложка, ветліва заківаў Сідару галавою.

— Вельмі-ж акволелі вы гэта, бо ня чулі, як і прывезьлі вас, як і нагу перавязваў фэльчар. — Гаспадар занепакоіўся, адышоў да стала, махнуў над сталом рукою, сагнаў мух і зноў падышоў да ложку. — Гаспадыні маёй няма, каб што смачнае зрабіць, бульбу капае, дык я мо’ малака халодненькага прынясу, яно здорава выпіць у такім стане…

Сідар кіўнуў у знаю згоды галавою, было прыемна і не хацелася гаварыць словамі.

Гаспадара прынёс з каморы поўную малака вялікую медную конаўку. Як паднёс да ложку, убачыў, што ня зможа Сідар піць гэтак з конаўкі і тады вытлумачыў:

— Знарад хлопцы гэта, знайшлі, дык я конаўку зрабіў; ваду піць добра, а шклянак, гэтак няма ў нас, я хіба лыжку падам, дык вы лыжкай.

Прынёс лыжку і скібку пачарсьцьвелага хлеба, Сідар узяў лыжку і чэрпаў з конаўкі малако, закусваў хлебам. Малако халоднае, смачнае. Хочацца кусаць па багату хлеба і патрошку запіваць хлеб малаком, так як малы калісь рабіў, каб малака хапіла надоўга — надоўга. Гаспадар заўважыў гэта, нібы адгадаў думкі Сідаравы.

— Пеце, пеце, малака ў нас багата ёсьць, я яшчэ гэта налею. Пеце…

Гаспадар пайшоў у камору за малаком. Сідар адкінуў на мяккую падушку голаў і пазіраў у столь. На столі і на бальках, застыглымі невялікімі чорнымі плямкамі судзелі мухі.


Раніцою з бальнічнага бараку яшчэ двох вынесьлі ў мярцьвецкую. Ніхто добра ня ведаў, ад чаго яны памерлі, бо перад гэтым іх зусім нядаўна перавезьлі ў барак з гарадзкой больніцы. А ў барак прывозілі толькі тых, хто папраўляўся, чыё лячэньне набліжалася да канца.

Калі выносілі на насілках мерцьвякоў з захаванымі пад шынэлі тварамі, чырвонаармейцы паўставалі з ложкаў, скучыліся сярод бараку і маўклівыя доўга стаялі там.

Па бараку хадзілі старыя, у падраных паліто, сядзелкі. Заходзілі на хвіліну сёстры, раздавалі зельле, папраўлялі перавязкі і, хукаючы ў свае рукі, сьпяшаліся ў пакойчык аптэчкі, дзе вартаўнік падтрымліваў большую цяплынь, чым ва ўсім бараку.

За сьценамі бараку жыў па-свойму галодны і нервовы, разбураны белымі окупантамі, хворы горад. Адтуль прыходзілі да сядзелак знаёмыя і расказвалі пра здарэньні, якія адбываліся ў горадзе.

У горадзе панаваў тыфус. Вечарамі сядзелкі пераказвалі навіны чырвонаармейцам. Ад навін гэных у сэрцах маладых сялянскіх хлопцаў нарастала трывога.

На нач чырвонаармейцы абкручваліся коўдрамі і шынэлямі, хаваліся пад коўдрай з галавой, саграваліся і засыналі. А раніцою, праснуўшыся, апраналі шынэлі, чаравікі, сядзелі на ложках і пра рознае гутарылі. Перачытвалі адзін аднаму атрыманыя з дому лісты, успаміналі далёкія вёскі і сваю маладосьць, што прынесьлі адтуль, шкадавалі пакалечаных рук і ног і сваіх маладых цел, неабпешчаных яшчэ жыцьцём.

Праз пяць хвілін пасьля таго, як вынесьлі мерцьвякоў, хворыя чырвонаармейцы пачалі патрабаваць, каб адміністрацыя ацяпляла барак больш, чым да гэтага. Прышоў стары доктар. Ён стаяў сагнуўшыся, устрывожаны, разводзіў шырока ў бакі рукам і тлумачыў, што нічога ня можа зрабіць, бо павінен шчадзіць паліва, якое вось-вось кончыцца.

— Няма амаль ніводнага палена, таварышы, ня прывозяць, — казаў ён, — мусіць няма як прывезьці, — і шырока разводзіў рукі. А ў канцы, хоць і сам мала ведыў у тое, што гаварыць, абнадзеіў:

— На днях павінны падвезьці дроў, падвязуць абавязкова, вось толькі крышку пачакаць трэба, а дроў прывязуць, мы гаварылі ў Рэўкоме… Тады будзем лепей грэць…

Чырвонаармейцы таксама ня верылі ў тое, што хутка падвязуць дроў, але як доктар пайшоў, яны разышліся па бараку да сваіх ложкаў.

Сідараў ложак у самым куце ля акна. Акно зіма акасмаціла лёдам і сьнегам, нічога праз акно ня відаць, толькі холадам яшчэ большым ад яго павявае. Холад асабліва непакоіць Сідаравага суседа. У суседа гэтага рука правая адарвана і хоць загаілася рана ўжо, але баіцца холаду. Сусед атрымаў з дому ліст, а прачытаўшы ня стаў, як рабіў гэта звычайна, пераказаваць напісанае ў лісьце Сідару, а паціху лёг у падушку тварам і доўга ляжаў так, час-ад- часу толькі смаркаўся ў левую жменю, выцягваў руку і дастаючы пад ложак, абціраў яе там аб сяньнік. Маўчаў. Але доўга маўчаць было цяжка, бо маўчаць значыла ня мець спачуваньня, а без спачуваньня цяжка зьмірыцца з тым, што здарылася. Ад таго ён хутка ўзьняўся з ложку і яшчэ ня ведаючы, што зрабіць, пайшоў каля ложкаў, паказваючы таварышом ліст.

— Вось… ваяваў, руку згубіў, — казаў ён, — а цяпер вось… — Чырвонаармейцы ўзьняліся з ложкаў, маўкліва чакалі, што ён скажа, што здарылася. А ён ішоў адтапырыўшы ў бок абрэзак рукі і гаварыў блытана, незразумела. — Дык як-жа гэта, га? Абое зразу… Што ж гэта?.. У два дні ды такое… Каму-ж скардзіцца? Каму-ж гэта, а?.. — І крыху спакайней, як дайшоў да сярэдзіны барака, праказаў яшчэ: — І бацька і маці, абое ў два дні, адразу, што-ж гэта? А тут і сам хутка скалееш…

— Ды дзіва, што скалееш, — азваўся адзін з чырвонаармейцаў, — скалееш і ніякі чорт не пашкадуе цябе. Усе пакалееце, калі так будзеце маўчаць! Закрычалі, а як прышоў доктар, сказаў слова, дык і раскісьлі ўсе, на холад забыліся, паверылі, што хтосьці дроў ім сюды прывязе… А па-мойму, — гаварыў ён далей, — ня слухаць треба, не прасіць, а патрабаваць, каб не марозілі нас. Лесу хапае, куды ні глянь — лес…

Некалькі чалавек падтрымала яго. Тады ўзьняўся Сідар і пачаў, як і доктар, тлумачыць чаму не хапае паліва. Некалькі чалавек закрычала на Сідара:

— Ладна, ты там, чулі ўсё гэта мы, ня раз ужо чулі, заткніся пробкаю!..

Сідар ня ўмее падоўгу тлумачыць, ня любіць гэтага. Таму махнуў рукою і змоўк. Але яго падтрымаў хтосьці з другога канца барака. Той гаварыў хвалюючыся, нэрвова.

— У нас халодна? А ў другіх цяплей хіба? А мо’ няма каму гэтага самага паліва вазіць, бо на фронце ўсе. Гэта разумець трэба. Республіка мо’ нам апошняе аддае, каб мы тут лячыліся, бо абдзіралі яе і немцы і палякі…

Яго выслухалі і змоўклі. Сідараў сусед пастаяў яшчэ крыху, нездаволена махнуў рукою, адышоў і зноў лёг тварам на падушку.

Раніцою на другі дзень чырвонаармейцы праснуліся ўстрывожанымі. З адным з хворых здарыўся прыпадак. Ён пачаў крычаць, ускочыў на ложак і з ложка кінуўся на вакно. У вакне зазьвінелі шыбы, разьбіліся. Вуліца праз забітыя шыбіны дыхнула ў барак холадам, сыпанула густым роем сьняжын. Сьняжыны ляцелі ў барак, кружыліся, клаліся на ложак, на падлогу, мутнелі і зьнікалі, не пакідаючы сьледу. Прыпадачны ўдарыўся аб раму галавой, стаміўся і ўпаў на памост. Яго схапілі сядзелкі і, хто мацней з чырвонаармейцаў, паклалі на ложак. З вуліцы ў вакно ляцелі сьняжыны і з ветрам лез холад, слаўся па бараку сівымі клубкамі. Сядзелка схапіла з вольнага ложку падушку і падушкай засланіла ў вакне дзіркі. Прыпадачны сьціх і, ахутаны коўдраю, тросься і ляскаў зубамі.

Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложку, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Аб’індзівелая нізкая столь бараку абвісла маленькімі цёмнымі лямпачкамі і барак распаўзаўся ў бакі, поўніўся холадам.

Прышлі сёстры каб раздаць зельле і зрабіць перавязкі. Рукі ў сясьцёр мерзлі, халадзелі. Скура на аголеных для перавязкі чырвонаармейскіх нагах і руках рабілася гусінай, крылася пухіркамі, сінела. Прышоў доктар. Ён дыхаў сабе ў складзеныя лыжкаю далоні рук, цёр далоні адну аб адну, абыходзіў хворых і ўгаварваў іх класьціся на ложкі.

Прыпадачны тым часам супакоіўся, а праз некаторы час хрыплым, кволым голасам запяяў старую салдацкую песьню расійскай арміі. Словы песьні цягучыя, нудныя, важкія.

… За-чем на сьвет ты ра-а-ди-и-ла-а!..

Цягне хрыплым голасам хворы і, слабеючы глытаючы ў хрыпе, словы пяе далей:

Судьбо-о-й не-счаа-стно-ой на-а-а-гра-ди-ла…

У бараку ціха і страшна ад гэнай песьні. Маўклівасьць парушыў голас таго, што ўчора крычаў, каб ня слухаць нікога і патрабаваць паліва. Ён усхапіўся з ложка, на якім сядзеў, апрануў на адзін рукаў шынэль і, шукаючы рукой другі рукаў, закрычаў ва ўвесь барак:

— Калейце, хто хоча тут, а я ня хочу, я жыць яшчэ хачу, ня хочу тут сядзець, каб вось да гэтага дайсьці!

Ён паказаў на хворага, які сьпяваў, апрануў у канец другі рукаў, падпяразаўся папругаю і, махнуўшы рукою, зазываючы за сабою другіх, пайшоў ад ложку да дзьвярэй у карыдор барака. Сьпяшаючыся апраналі шынэлі другія, бралі мяшкі са сваімі рэчамі і ішлі да дзьвярэй.

— Падохнем тут ад тыфусу ды холаду, — гаварыў Сідару сусед, — дык лепш на фронце ад кулі белагвардзейскай, чым ад марозу тут.

І таропка, баючыся, што нехта прыдзе і перашкодзіць яму, ён, не падперазаўшыся, пайшоў з бараку. Сідар закастыляў ад ложку, хацеў нешта сказаць, каб затрымаць чырвонаармейцаў. Узьняў перавязаную, загорнутую ў бінт, руку той, што ўчора падтрымаў Сідара і нервуючыся злосна крыкнуў:

— Куды вы!.. ачмурэлі!.. Згубіць сябе хочаце!..

Некаторыя з чырвонаармейцаў спыніліся ў нерашучасьці, але гэта толькі на адзін міг, бо пярэднія пашлі і тады за імі пашлі і астатнія. Усьлед за імі выбег у корыдор доктар. Сёстры стаялі пасярод бараку каля прыпадачнага. Па памосту ў корыдоры стукалі кастылі апошніх, што адыходзілі з бараку. Доктар нешта крычаў ім наўздагон, махаў рукамі, каб варочаліся, але яго ніхто ня слухаў.

Сідар вярнуўся да свайго ложка. Ля сьцяны, пасярод бараку, стаяў зьбялелы, устрывожаны з перавязанай рукой. Сідар запомніў яго: сьветларусы, на левай шчацэ каля вуха шрам невялікі. Шрам пачынаўся ля вуха і губіўся ў густых валасох. Ён стаяў адзін пасярод пустых, непазасьціланых ложкаў. Ля акна, у якім тырчэла падушка, ляжаў на ложку прыпадачны. Каля яго стаяла сястра, а на сьцяне, на доўгім іржавым цьвіку вісеў пакінуты чырвонаармейскі шлем. Было пуста ў бараку і халодна. І пустэча і холад палохалі. Сідар пастаяў каля ложку, апрануў шынэль, паправіў штаніну на параненай назе і пашоў ад ложку. Ідучы праказаў нібы сам сабе, каб пераканаць у нечым сябе і яшчэ кагось.

— Нічога тут ня будзе, пайду і я, на завод свой паеду, а там загоіцца нага і на работу…

Прашоў абапіраючыся на кастыль з бараку ў калідор і па даўгім халодным і цёмным корыдоры ў вуліцу.

Вуліца, як і заўжды ў гэтую пару, была маўклівай. Спалі яшчэ нізкія драўляныя хаты ўскраіны. Мятусіліся па ветру лянівыя сьняжыны, садзіліся на твар, заляталі Сідару за каўнер шынэлю. На дварэ каля бараку Сідар спыніўся няёмка неяк перад таварышам, які застаўся ў бараку адзін. Але ад барака вее няўтульнасьцю і холадам. Ледзь-ледзь расьсейвае цемру ў корыдоры невялічкая лямпачка.

«Пайсьці назад хіба да яго? — Не, ні зашто, што-ж я рабіць там буду, — думае Сідар. Але ня ідзе і ад бараку, думае і другое: — А як жа ён адзін там, што ён рабіць будзе. Мо’ дрэна, што я вось кінуў так сабе барак і пашоў за другімі, за натоўпам, бо гэта-ж зусім неяк ня так, як трэба было…» — Але як трэ было зрабіць? Сідар ня хоча думаць пра гэта. Холад пачынае са сьняжынамі разам залазіць за каўнер шынэлю і стаяць так дарэмна чаго-ж, прыстанеш толькі. Сідар ведае, што назад у барак ён ня вернецца ўжо, барак апусьцелы абсунуўся пад шырокім нізкім дахам, яшчэ глыбей угроз у сьнягу.

«Няма чаго мне туды назад ісьці, што-ж я там буду. Дома на заводзе мо’ загоіцца хутчэй нага, карысьці больш будзе — думае Сідар, апраўдвае сябе ў думках і паціху перастаўляе ногі, адыходзіць ад бараку.

У вуліцы ўсё яшчэ пуста. Сьпяць, пад нізка спушчанымі крыльлямі дахаў, драўляныя хаты ўскраін, шчыльна пазачынялі ад вуліцы акяніцы, каб не зазірнула хаця ў хату староньняе вока, каб не парушыла як-небудзь спакою іхняга санлівага. Акяніцы ў хатах нізка, акурат супроць локця Сідару прыходзяцца. Локаць дакранецца да акяніцы і Сідар ужо зусім забыўся на барак, успомніў такую-ж нізкую хату на ўскраіне другога гораду, пачаў пра яе думаць. І тады, сьпяшаючыся, пашоў у бок да вагзалу.


Над заводзкай брамай, як і багата год таму назад, вісіць старая, іржавая, пагнутая шыльда. Адна палова яе прыбіта над брамай, а другую палову хтосьці адарваў і загнуў — заламаў яе. Паска іржавае бляхі зьвісла над брамай, яе прысыпала сьнегам. Яна па-маленьку калышацца ад ветру і стрэсвае з сябе сьнег, стукаючы ў браму.

— Вось ужо ў каторы раз думаю адарваць яе, — кажа вартаўнік Мікода, — трывожыць яна мяне, усё здаецца, што нехта на зовод прышоў, ды стукае, але ўсё з галавы выходзіць. Вось так успомню, як застукае, потым зноў запамятую.

Ён пазірае, што Сідар з кастылём прышоў, круціць галавою і кажа:

— Наваяваў, значыць? Быў чалавек, а цяпер што-ж значыць? Што-ж табе вось за гэта будзе, што, значыць, скалечылі цябе?.. З людзьмі — як з заводам. Быў завод, а цяпер двор пусты. Неразумею, значыць, я што з гэтага будзе.

— Будзе тое, што завод заводам будзе, а я і без кастыля хутка пайду.

У драўляным доме, ранейшай конторы, зрабілі клюб. Над дзьвярыма, што на вуліцу, на шырокай дошцы намалявана слова «клюб» і яшчэ будынкі і коміны заводзкія. Сідар загледзеўся на шыльду клубную, змоўк. Мікода з кішэні дастаў жменяй табаку, чарэпнуў яе з далоні люлькай і пачаў па карабку чыркаць запалкай. Коўзаецца па карабку запалка, зьдзірае з карабка паперку, што намазана серкаю, і не загараецца. Узяў запалку пальцамі бліжэй да галоўкі, намерыўся, чыркануў. Запалка не загарэлася, а зламалася.

— Цьфу, каб ты згарэла, запалкі людзкай, значыць, ня маем, каб чаго добрага… — Са злосьцю кінуў зламаную запалку ў сьнег, пачаў паціху чыркаць другой.

— А запалі, дык як дась у нос, значыць, дык да нутра пройме, — кажа ён. — Гэта клюб наш, — тлумачыць ён закурыўшы, — сходы тут розныя мітынгі. Сойдуцца бабы, крычаць, крычаць, значыць, што цяжка жыць, ды на тым і сядуць, а ў другі раз зноў пра тое-ж.

Мікода пальцам уціскае памаленьку табак у люльцы і прагна смокча люльку, а зацягнуўшыся, як мага глыбей, выганяе праз ноздрыны дым.

— У цябе, дзядзька, — кажа Сідар, — з ноздрын дым ідзе, як з фабрычнага коміна…

— З заводу ня ідзе дым, — адказаў Мікода, — дык я, значыць, пушчаю так, каб людзі думалі, што з коміну гэта.

І рагоча, выняўшы з роту люльку.

У дварэ, адразу за брамаю, складзкія будынкі заводу. Цяпер на складзе толькі паламаныя часткі варштатаў ды кучаю рознае жалеза і дошкі. У сладзе перабіраў драўляныя брускі Клім. Ён узьняў голаў насустрач Сідару, адкінуў нагою брусок пад сьцяну і пашоў да Сідара, абціраючы крысою падзеўкі рукі, каб павітацца. Кліма столяра Сідар даўно ведаў. Звалі яго на заводзе ня проста Клімам, і не па прозьвішчы, а «клім-бацьвіньне». Сідар успомніў гэта і ветліва заківаў Кліму галавою. Прыўзьняў шапку. Прыўзьняў шапку і Клім і як падыйшоў доўга трос Сідараву руку і ўсьміхаўся. Але загаварылі не адразу. Абое маўчалі, абое чакалі адзін ад аднаго пытаньня.

Мікода даў Кліму закурыць і пашоў у кантору. Тады Сідар, не дачакаўшыся пытаньня ад Кліма, хацеў запытаць:

— Ну, як-жа жывеце тут, а?

Але падумаў, што вельмі-ж не падыходзіць гэтае пытаньне і таму праказаў:

— Дык завод, таго, абсеў, маўчыць…

— Маўчыць, адказаў Клім, — і мы ня жывем, а марнеем тут разам з ім… Я, браце, ня ведаю, як кажуць, што робяць і што мне рабіць адным словам, як кажуць, не памойму ўсё ідзе… А тым мо’ паглядзець завод прышоў?.. Хадзем толькі ня будзе з таго табе весялей. Яшчэ ў сталярным цаху тое-сёе робім, ды час-ад-часу ў кавальскім… Завод… Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць… У модэльнай аглоблі робім…

Модэльная мясьцілася адразу-ж каля складу у невялікім драўляным будынку, а было ў модэльнай цяпер пара варстакоў сталярскіх, ды каля сьцяны куча дошчак. Сталярскі цэх мясьціўся гэтак сама ў асобным драўляным будынку. А пасярод двара даўгі нізкі будынак, цаглыны. Тут мясьціўся кавальскі цэх, ліцейня, такарня і бляшарня.

У сьнягу, каля дзьвярэй ліцейні валяюцца кавалкі жалеза, нейкія, адлітыя даўно ўжо, дэталі. Сідар крануў жалеза кастылём, шчысьціў з яго сьнег і пазнаў дэталь, якую рабілі некалі для малатарні.

— Папрабіраць варта, а то іржавее дарэмна, — праказаў ён.

Клім ня чуў. Ён шырока расчыніў дзьверы і чакаў Сідара.

У ліцейні ціха, халодна і пуста.

«Акурат, як у бараку тады,» — думае Сідар, — «кінулі, паўцякалі ўсе, няма каму даглядаць такога дабра… А як гэта той бялявы, што ён тады рабіў, як адзін застаўся? Яго пэўне перавялі ў другую больніцу, а мо’ і другіх вярнулі зноў у барак?»

У ліцейні, дзе калісь шчыльна радамі стаялі адна ля другой формы, цяпер зямля чорная ўтаптана, па ёй параскіданы валяюцца апокі, яны паіржавелі, псуюцца. Ля сьцяны высокая круглая вагранка. Яна даўно, даўно астыла. І зусім лішней тырчыць «канаўка». У ёй, на дне, застыў кавалачкамі даўні чыгун. А калісь канаўкаю цёк чыгун белым малочным ручаём. Яго набіралі ў вёдры і таропка бегаючы па ліцейні, разьлівалі ў формы. Гэта даўно было. А цяпер формы разбураныя і пагранка астыла.

У акне адным выбіта шыба. Праз дзірку вецер намёў у ліцейню сьнегу. Сьнег гладкім, хітрым зьвярком ляжыць на чорнай зямлі ліцейні, не баіцца, што хтось прыдзе і патрывожыць яго.

З даху вісяць закапцелыя канцы электрычнага шнура, без патронаў бяз лямпачак.

— Як на могілках, — кажа Сідар. Яму сумна і чамусьці мацней як калі баліць нага. Клім нічога не адказаў на Сідаравы словы, аж пакуль не расчыніў дзьверы ў кавальскі цэх. Тады, як расчынілася халоднае і пустое нутро кавальската цэху, ён азваўся:

— Як на могілках, брат…

І пасьля, прытрымліваючы Сідару дзьверы, дадаў:

— А вось і твой цэх, любуйся…

У Клімавым голасе злосьць.

— Чаго-ж тут любавацца, — адказаў Сідар, — плакаць варта-б.

— Я да таго і кажу, — згадзіўся Клім, — бо радасьці вялікае, як кажуць, няма з усяго гэтага. Некалькі горнаў на днях работалі, тое-сёе рамантуем сялянам… Завод зьвялі да вясковай кузьні… Цьфу!..

Шарэнгаю стаяць халодныя горны. І яны ўжо даўно патухлі. Сідар памятуе свой горан, вось той у самым куце. У горне колішнія дробныя вугалькі з пяском зьмешаны, хтось насыпаў у горан жоўтага пяску. Сідар пальцам капануў вугальле. Яно шчыльна зьлежалася. Калі ўзяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу ня мажуцца.

Каля горану кавадла. На зямлі ля кавадлы невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зьверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі.

— Вугальля нават няма, — кажа Клім, — а то-б мо што і зрабілі.

Пасярод цэху невялікі паравы малаток. Ім кавалі большыя рэчы. Цяпер ён дзюбу сваю тупую падабраў, схаваў у нутро сваё.

— Як на могілках, — паўтарае цяпер ужо Сідаравы словы Клім. — Усё мярцьвецкае, што-ж ён вось малаток гэты бяз пары, бяз пасу…

— Як у нас у мярцьвецкай было, — гаворыць за ім Сідар, — цёмна, халодна і цішыня. Ляжаць людзі ды няжывыя, не шавеляцца…

Зноў яшчэ мацней баліць Сідарава нага, хволасьць па целе распаўзаецца і млоснасьць. Клім угадвае настрой Сідараў і адводзіць яго ад горана.

— Хадзем у бляшаны, — кажа ён, — там робяць, гэта, як кажуць, самы жывучы цэх у нас… вёдры, даёнкі, конаўкі робяць і прадаюць, бляхі ў нас пакуль што хапае…

У бляшаны Сідар адмовіўся ісьці. З кавальскага вышлі на двор. Клім пачаў закурваць. Закурваючы загаварыў:

— А ад такарнага нічога амаль не засталося. Варстакі палякі пазабіралі пры адыходзе, ня было тут каму перашкодзіць ім.

Клім лізнуў кончыкам языка паперку папяросную, правёў па папяросе пальцам, каб прыклеілася паперка і, патрымаўшы папяросу ў зубах, узяў яе не закурыўшы зноў у пальцы і канцамі пальцаў закруціў кончык паляросы, каб табак не высыпаўся.

Закурыў Клім як вышлі з заводзкага двара на вуліцу.

Сідар пазіраў праз расчыненую фортку на заводзкі двор. Двор сьнегам глыбокім замецены, пазамятаў сынег усе ранейшыя сьцежкі, што былі на дварэ. Цэлыя гурлакі сьнегу і на дахах. Усё замецена.

— Багата работы трэба, — кажа нібы сам сабе Сідар.

— І грошай багата, — дадае Клім. — Ой, як багата грошай трэ’ будзе…

— Яно так…

— А то як-жа? Адбяры ў чалавека ўсё, пакінь з голымі рукамі, дык ён што-ж? Ні пры чым ён тады, пакуль хто работы ў рукі ня дасьць… І з заводам тое-ж… Ні жалеза, ні вугальля, ні варстакоў…

— А хто галоўны ў нас цяпер на заводзе? — Нечакана для Кліма спытаў Сідар.

— Галоўны-то ёсьць, але што-ж з таго, глядзіць толькі, каб не раскралі чаго… ну, ды такі-сякі заказ прыме. Тут ён і ўвесь наш галоўны, як кажуць.

Гэтак-жа нечакана, як загаварыў пра галоўнага, Сідар і разьвітаўся. На разьвітаньне Клім запрапанаваў:

— Прыходзь часьцей цяпер, будзем, як кажуць, рабіць што-небудзь.

— Буду, буду прыходзіць… Трэба будзе зрабіць, каб завод пашоў.

— Наўрад?

— Чаму наўрад? Зысьціся, пагутарыць, ды рабіць нешта…

— Дык што зысьціся? Не такія заводы сталі, а тут… Баюся я, каб не зачынілі зусім, як кажуць, нашае крамкі…

— Не зачыняць, пойдзе.

— Дай бог, як кажуць, чутае бачыць… Хіба мо’, калі-б узяцца гэта…

Паціху, абапіраючыся на кастыль, Сідар пашоў пасярод вуліцы. А Клім пастаяў каля форткі і зноў вярнуўся ў заводзкі двор.

III

Лукаш паважна прайшоў у натоўпе сялян і, хрысьцячыся на хаду, пацалаваў у руках бацюшкі крыж. Пасьля, ціскаючыся, расьпіхаючы локцямі жанчын, пашоў праз царкву да выйсьця. За дзьвярыма царквы, на шырокім высокім ганку спыніўся, перахрысьціўся, пазіраючы ў сярэдзіну царквы на бліскучы іконастас і тады паважна пашоў з ганку, апранаючы на хаду шапку.

Каля царкоўнае брамы Лукаша чакалі свае вяскоўцы. Разам усе яны паціху пашлі шляхам да свае вёскі.

З-за лесу ўзьнялася цёмная хмара. Яна паціху напаўзала насустрач і злосна гірчэла. Хмару раз за разам разрывалі гострыя паламаныя стрэлы бліскавіц. Цяжкая цёмная хмара ўсё бліжэй і бліжай. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. За ветрам упалі першыя рэдкія, буйныя кроплі.

Лукаш зірнуў палахліва на хмару і, паказваючы рукой на елку, пазваў:

— Хадземце пад елку. Пад елкай перун ня страшны.

Усе подбежкам пайшлі да елкі, скучыліся наўкола таўстога яе ствала. Дождж закапаў часьцей, хутка сьветлыя вядзяныя ніткі пацягнуліся ад хмары на зямлю, усталі яе тонкаю плеўкай туману. Часьцей забегала па хмары бліскавіца, мацней і дзесьці зусім блізка ўжо стукаў пярун. Лукаш зыняў шапку, перахрысьціўся і шапкі не апранаў. За ім перахрысьціліся ўсе, хто быў пад елкай.

— Во дзе сіла боская, — пачала гутарку адна жанчына, — пабіць, папаліць усё можа.

— Ды так сьпепяліць можа, што нічога не застанецца, — азваўся на яе словы Лукаш.

— Кажуць, што багата папаліла ў Ложкаве…

— Людзі грэшныя сталі, дык і паліць і б’е, — уставіў яшчэ свае словы Лукаш. — Вось яшчэ дась бог і ня так паліць будзе.

— Што ты, Лукашка, хай тых і паліць, што прэшаць.

— А мы ня грэшым? Мы тым ужо грэшым, што грэх вакол сябе цярпім.

— Ох-жа і праўда яно, — зноў азвалася жанчына, — божачка ты мой, якая праўда. Даём мы грашыць. Гэна-ж бацюшка ў каказаньні пра гэта гаварыў…

— А як-жа прыгожа, як жаласьліва гаварыў ён, — умяшалася ў гутарку другая жанчына, — гаворыць і аж ня плача бедны за людзей ён.

— А ты разумей, бо казаньне ён ня так сабе гаварыў, а з эвангельля браў, каб мы зірнулі, ці няма ўжо таго, пра што прарокі казалі…

— Ды ёсьць ужо, Лукашка, ёсьць… Гэна-ж і памор, і хворасьць розная і распуста. Сын на бацьку пашоў, гнёзды сатанінскія насаджваюцца…

— А не-ж яны т’кі і зоймуць двор? — запытаў селянін, які дагэтуль маўчаў.

— Калі дадзім, дык і зоймуць, — адказаў яму Лукаш.

— Такая зямелька, такая зямелька. Век-бы гною ня трэ’ было класьці.

— Дзіва. Так апрацавана: і дзяды і бацькі ўгнойвалі…

— А чорт лысы спажывацьме.

— Калі дадзім, дык і спажыве.

— Вядома-ж… дарэмнаму каню ў зубы не глядзяць.

— А як жа ім не дасі? — Горача запытаў селянін, — воласьць-жа за iх.

— Ці за іх яшчэ? Трэба-б схадзіць пагутарыць.

— Ведамая справа, трэба. — А то ваявалі, браце мой, за зямлю, да рэволюцыі на загоне адным душыліся, жыцьця ня бачылі, а цяпер зноў. А дзе-ж закон? Зямля раз панская, дык, браце мой, маю долю мне дай, а на сваёй што хочаш рабі, хоць чорту лысаму аддай яе…

— Праўду кажа. На сваёй долі хай хоць галовы паскручваюць, ні то што комуну робяць…

Дождж ужо ня ішоў. Гром грымеў дзесьці далёка і сьвяціла сонца. У сьвежых лужынах чыстай вады весела іскрыліся яго праменьні, обмываліся.

Лукаш, не надзяючы шапкі, паважна пашоў з-пад елкі.

— Хадзем ужо — праказаў ён. — Я кажу, што дэлегацыю нам трэба-б у воласьць паслаць, з тых, хто на гэтай вайне быў.

— Трэба.

— Дык чаго-ж? Вось Лукаша, ды яшчэ двох, трох і няхай сходзяць.

— Мяне ці варта? — азваўся Лукаш.

— Чаму-ж не? Ты ўсё ведаеш пра гэную зямлю, усё і скажаш у воласьці. Табе трэба пайсьці.

— Ды яно ўсё ведаю, як і ад каго зямля гэная…

А роўна праз дзень у габінет да старшыні валаснога выканкому зайшла дэлегацыя з пяці чалавек. Старшыня павітаўся з дэлегацыяй, расплікнуў каўнер кашулі і, паціраючы далоньню шыю, запытаў:

— Чаго вы да мяне, дзядзькі?

Сяляне пераглянуліся.

— Са справай сваёй мы, за праўдай.

Наперад крыху выступіў самы малады з дэлагацыі і, матаючы па-над сталом старшыні шапкаю, загаварыў:

— Панскі двор, як ведаеце ў Навікох у нас ёсьць…

— Ну?..

— Дык от-жа ў дварэ там комуну хочуць зрабіць…

— Ну?..

— А яно нам і ня зусім нібы падыходзіць.

— Што?

— Ну, ды гэта-ж…

— Комуна?..

— Ня тое, каб комуна, а зямля, што ідзе пад комуну.

— Зямля ад самага веку нашая, як мы і бацькі нашыя ёсьць вечныя тутэйшыя жыхары, — падтрымаў селяніна Лукаш.

— Дык што?

— А тое, таварыш старшыня, — гаварыў далей малады дэлегат, — што мы ваявалі і да гэтага век свой пакутвалі за гэную зямлю, каб мець яе, знацца. Ня зьелі добра, ня згулялі, ня выйшлі ў сьвята па-люцкаму… Гэная зямля адзіны ратунак наш, а яны прышлі нямаведама хто, занялі…

— Дык вы зямлю хочаце?

— Ага, зямлю, ведама-ж зямлю…

— А як-жа комуна?

— І комуна няхай сабе, калі так ужо, але-ж каб па закону. Панская зямля ўсім нам, пароўну, а на сваёй частцы яны няхай сабе і комуну робяць, ці хоць чорту лысаму хай яе аддадуць.

Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперы. Лукаш тады стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавету. Нахіліўся і загаварыў:

— Мы дэлегацыя прышлі, ад усіх значыць. Зямлю няхай сельсавет, або воласьць па душах возьме, колькі каму, і падзеліць…

— Закону такога няма, каб ад комуны адабраць зямлю, — праказаў старшыня.

— А ад нас адабраць, хіба ёсьць такі закон? — запярэчыў Лукаш. — Ды хто яе за комунай той замацоўваў? Які закон?

— Ад вас-жа не адбіралі, гэта-ж маёнтак.

— А маёнтак чый? Мы на ёй, на зямлі гэнай, на пана працавалі, крывёй ды потам сваімі кармілі яе, дык тады ніхто ня бачыў, а цяпер гаспадары!.. Закон такі, таварыш старшыня, павінен быць, што зямля ўсім малазямельным і бязьзямельным…

— А хто там у вас у комуне?

Дэлегаты загаварылі ўсе гуртам.

— Ды ўсялякія там сышліся.

— Каскевічаў Ян з салдат, ды яшчэ такія…

— Радню ўсю сваю сабраў…

— І каб-жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць.

— І ўсю зямлю яны ўзялі?

— Яно колькі тае і…

— Усю, усю чыста. Каб-жа сваю частку толькі, а то-ж усю…

— А можа-б вы з імі як памірыліся, га?

— Без загаду вашага нічога ня будзе, яны ня мірацца.

Старшыня памачыў пяро асадкі ў атрамант і пачаў пісаць.

— Я напішу, каб сельсавет у трохдзённы тэрмін законна ўрэгуляваў гэтае пытаньне з зямлёю, на якую вы маеце прэтэнзію… Вось гэта. Сельсавет разьбярэцца і зробіць па закону.

— А як гэта? — запытаў малады.

— Ну, як? — Старшыня ўставіўся поглядам у таго, хто запытаў. — Раз па закону, дык каб ні комуны не пакрыўдзіць і ня вас. Законы, браце, не на сьмех пішуцца. З законамі табе ня жарты…

Старшыня падпісаўся на паперцы і задаволена ўсьміхнуўся.

— Каб ні закон, дык вы пакалечылі-б адзін аднаго з-за гэнае зямлі, а так па закону разьбярэм і ўсё…

— Вось-жа мы прышлі прасіць, каб па закону зрабілі нам.

— Мы не якія-небудзь там, — дадаў Лукаш, — мы век свой па закону жылі…

Лукаш узяў ад старшыні паперку і, разьвітаўшыся, пашоў з габінету. Пашла і ўся дэлегацыя. На дварэ дэлегаты доўга гутарылі паміж сабою. Лукаш нешта тлумачыў ім. А ў той-жа дзень, пад вечар, пад павець, дзе Каскевіч Ян аглядаў старыя паламаныя калёсы, прышоў старшыня Навікоўскага сельсавету і двое панятых. Старшыня быў п’яны. Крыху выпілі і панятыя.

Ня вітаючыся, старшыня сеў на прызьбе каля хаты, выняў з пуралесу паперку, што прынесьлі яму з воласьці і гукнуў Каскевіча. Каскевіч, трымаючы ў пальцах загваздку, вышаў з-пад павеці.

— З чым гэта прышлі? Што добрага скажаце? — запытаў ён.

— Ты ўсё добрага хочаш? — азваўся старшыня, — што калі мы паганае скажам?..

— Мяне і паганае не спалохае.

— Дый чаго там, — умяшаўся ў гутарку адзін з панятых, — ні з добрым мы, ні з паганым, а з законам прышлі…

— Ага, у мяне вось загад. — Старшыня паказаў паперку.

— Гэта каб я сам і па закону разабраўся ў зямлі панскай. А закон такі: як усяе зямлі пахалі шэсьцьсот, а нас сто семнаццаць, дык вось і разумей колькі вам, а колькі нам… — Ён хітра падмігнуў.

З хаты вышаў стары селянін — комунар Дыбун. Ён прыслухаўся да гутаркі.

— А па якім гэта законе так выходзіць? — запытаў Каскевіч.

— Па савецкім. А ты бяз усякага закону тут сеў.

— Пакаж-жа паперку, хто гэта яе так напісаў?

— Паперкі я табе не пакажу, яна мне напісана, офіцыяльна, каб я ўласнаручна ўрэгуляваў гэта пытаньне. І я ўрэгулюю яго.

— Ну, гэта пабачым. Так як ты хочаш ня будзе. Зямля комунская, а што сёньня мала ў нас яшчэ сем’яў, дык гэта ня факт, заўтра можа быць болей… Ды такога і закону савецкага няма…

— Ня ведаеш, дык і не плявузгай, а я сваё па закону зраблю.

Да старшыні падышоў Дыбун, нахіліўся да ягонага твару.

— Які ты законьнік, сукін ты сын! Налізаўся самагонкі, як кот сьмятаны, ды яшчэ законы наводзіш тут? іч!..

Старшыня зірнуў на Дыбуна пасалавелымі вачыма і ўзьняўся з прызбы.

— Ты што-ж гэта? — злосна запытаў ён, — ты мяне сабакай абзываць?

— У астрог пойдзеш за гэта! — памахаў пальцам у старога перад тварам. — У астрог за зьнявагу ў часе выкананьня службовых абавязкаў! Я табе гэта офіцыяльна кажу! Я акт напішу!..

— Я табе напішу, сукін ты сын, акт. Вось як вазьму дручок. Дык як пачну пісаць, дык маці сваёй не пазнаеш. Гані яго адсюль, — зьвярнуўся Дыбун да Яна, — чаго яму тут трэба?..

Пакрыўджаны старшыня злосна крычаў, махаў у старога перад тварам паперкай і падзываў да сябе панятых. Панятыя стаялі моўчкі, чакалі што будзе.

— Я зраблю, — крычаў старшыня, — як мне загадана. І вам я забараняю пастолькі-паколькі араць, раз вы ідзеце супроць закону… каб не араць мне, бо я ў воласьць данясу на такое, я вам пакажу яшчэ як значыць!..

Панятыя, зьбітыя з панталыку п’янымі разважаньнямі і крыкамі старшыні адышлі ў бок, аб нечым гутарылі паміж сабою. Старшыня ўсё яшчэ стаяў каля прызбы, махаў рукою, у якой трымаў паперку і ніяк ня мог успомніць патрэбных слоў, якія трэба яшчэ сказаць Каскевічу. Пасьля ўспомніў іх, ступіў два крокі ўперад, у бок да Каскевіча, узьняў паперку ўгару і сказаў:

— Я офіцыяльна дакумантам валасным прапаную вам не араць зямлі, а за зьнявагу пакажу яшчэ хто я ёсьць…

Сказаўшы гэта, ён павярнуўся да старога і шматзначна паківаў у яго бок пальцам. Стары злосна чмыхнуў, адпіхнуў ад сябе старшынёву руку і ўзлавана, неспакойна загаварыў:

— Вон ідзі з двара ты! Вон, гадзюка ты гэткая! Наш двор тутака, які ты нам указчык, п’яніца!..

Старшыня азірнуўся на панятых і, віхаючыся, пашоў да брамы. Там спыніўся і, паказваючы на пеперку, праказаў яшчэ:

— Вы гэта ня думайце, так гэта вам ня пройдзе! Я вам пакажу яшчэ, хто я! Уласнаручна разьбяруся я з вамі яшчэ! Офіцыяльна законам савецкім пакажу, раз так вы…


Іх было сямёра. П’яныя, толькі што з-за стала, яны, разгарачаныя гарэлкай і словамі Лукаша, сьпяшаліся. І Лукаш, у каторы раз ужо, баючыся, каб яны пад п’яную руку не нарабілі крыві, раіў:

— Галоўнае — спудзіць, страху нагнаць. На сям’ю і на самога яго каб страху нагнаць, тады кіне, ачураецца. А раз ён, дык і ўсе. Калі што, — можна і стукнуць раз другі кулаком. Кулаком толькі, каб не да крыві, каб напалохаць толькі. Дык з богам ідзеце… Прагонім — зямля тады ўся наша, па паўчасьці на сям’ю прыпадзе…

Яны пашлі.

Маці Янава варыла есьці. У печы ўжо даўно выгаралі дровы. Яна загрэбла камянёю ў пячорку вугальле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Хацела засланіць печ і сагнулася, каб узяць з-пад прыпечку засланку. Нечакана забалела сярэдзіна, закалола штосьці ў паясьніцы і яна стаяла выпрастаўшыся, трымаючы ў руцэ засланку, чакала пакуль пройдзе боль. Тады ўбачыла, што па двару ідуць мужчыны п’яныя. Дагадалася, што ідуць з пагрозамі і выпусьціла з рукі засланку. Засланка ўпала на памост пад ногі ёй, забрашчэла іржавай перагарэлай бляхай. Кінулася ў сенцы, каб заперці дзьверы, але не пасьпела. Высокі барадаты мужчына штурхануў дзьверы і расчыніў іх. Яна кінулася назад у хату і стала за парогам, не зачыняючы дзьвярэй. Мужчыны ў хату не пашлі адразу. Высокі спыніўся перад дзьвярыма і зазіраючы ў незаслоненую печ, праказаў:

— Варыш! Злодзея свайго карміць будзеш?

Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала.

— Сам ты злодзей, — адказала яна, — а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён ня ўкраў.

— Ні ў мяне, а ва ўсіх нас украў, зямлю нашую ён украў.

Гаворачы, высокі пераступіў парог у хату. Маці адышла ў бок.

— Шукай, хлопцы, цацкі ягонай.

Сам зазірнуў на паліцу, пасьля пад бэлькі. Мужчыны агледзелі кублы ў сенцах, перарылі ўсё ў сундуку ў хаце, на ложках і тады высокі зноў пагражаючы загаварыў да маці:

— Няма? З сабой узяў, думае, што збаімося? Гэта не паможа! Са свае зямлі мы яго прагонім. Па бервяну хату разьнясем, раскідаем, а прагонім…

З хаты мужчыны віхаючыся пашлі праз двор на сьцежку, што вяла ў поле. Як толькі мужчыны вышлі з двара, маці кінула незасланіўшы печ, не заперла хаты, а пералезла цераз плот ля хлявоў, каб ня зьмецілі мужчыны і нацянькі подбежкам пашла ў поле да сына…

Душна Яну. Спацеў ужо і конь. Ля каня круцяцца кучаю сьляпні і авадні, ліпнуць да яго, лезуць яму ў вочы. Конь злосна махае галавою, спыняецца і трэ вочы аб калены пярэдніх ног, або дастае галавою і зубамі хапае за месцы, дзе накусалі сьляпні. Ян тузае лейцамі, сьцёбае каня пугаю і конь ідзе шпарчэй, а за ім плуг кладзе рассыпаючы мяккую зямлю.

Ян у зялёных чырвонаармейскіх штанох. На нагах у яго яшчэ чырвонаармейскія чаравікі, а гімнасьцёрку скінуў, душна, і расшпыліў каўнер у ніжняй кашулі.

Па-над полем носіцца гульлівы легкі вецер. Ён прылятае, шавеліць на галаве валасы, залазіць у запазуху і мяккімі крыльлямі прахлады прытуляецца да грудзей.

З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Ян шмаргануў лейцамі, спыніў каня, прыслухаўся. Крык паўтарыўся зноў і ўжо больш выразна. Ян прыклаў да вачэй руку і зірнуў у бок вёскі. Адтуль сьцежкаю да яго ішлі мужчыны, а ў баку ад іх, праз поле, бегла жанчына, крычала і махала яму рукою. Ян пазнаў маці і дагадаўся, што мужчыны ідуць, каб прагнаць яго з поля.

Выняў табаку, скруціў не сьпяшаючыся папяросу і закурыўшы стаў, абапёршыся на плуг. Ужо недалёка мужчыны. Яны ідуць віхаючыся, відаць аб нечым гутараць, бо шырока махаюць рукамі. А праз поле, спатыкаючыся бяжыць маці і крычыць Яну, каб ён ратаваўся. У маці зьляцела з галавы хустка. Яна трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узьнімаецца, сьцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца і зноў ідзе подбежкам. Ян крычыць ёй:

— Мама! Ня бойся! Не бяжы! Ня бойся!..

А вецер насустрач яму даносіць яе крык:

— Уця-кааай! Ра-туй-й-ся!..

Тады ён зноў крычыць, каб маці ня бегла. Яна пэўне чуе, а мо’ змарылася зусім і ад таго сьцішыла крокі, але паціху ідзе ўжо і трымае ля грудзей у руцэ хустку.

Яшчэ бліжэй мужчыны. Яны махаюць кулакамі ў бок Яна і крычаць:

— Во-о-н з поля, маць тваю!.. во-о-о-н! — даносіць вецер.

— Убірайся во-о-н!.. во-о-о-н!..

Крычаць і махаюць кулакамі. Вецер мяккі ласкава абымае твар, варушыць на галаве ў Яна густыя сьветлыя косы, адхінае каўнер кашулі і ласкава туліцца да голых успацелых грудзей, супакойвае. На каўняра кашулі месьціцца невялікай чорнаю плямкаю яшчэ нязмытая палкавая пячатка. Ян пазірае на мужчын, слухае, як крычыць высокі:

— Ідзі з поля! Ня пойдзеш — касьцей не зьбярэш!.. За ім крычаць другія:

— Во-о-н з зямлі нашай!

— Во-о-о-н!..

Яшчэ бліжэй падышлі мужчыны і сьцішылі крокі. Ян выплюнуў папяроску сабе пад ногі, усунуў рукі ў кішэні штаноў, мацней абапёрся на плуг і моўчкі пазірае на мужчын. Мужчыны думалі, што Ян кіне каня, або адчэпіць пастронкі ад ворчыка і ўцякаць будзе, да гэтага нарыхтаваліся і таму, зьдзіўленыя тым, што ён не ўцякае, скучыліся, затрымаліся і загаманіўшы не пашлі далей. І высокі больш спакойным, але крыклівым усё яшчэ голасам загаварыў:

— Па-добраму ідзі з поля. Сам лепш ідзі, ня ўводзь у грэх!

— Не дамо комуны рабіць! — крычаць за ім другія, — во-о-о-н ідзі!..

Мітусіцца перад вачыма ў Яна каўнер кашулі з палкавой пячаткай. Неспакойна б’ецца ў грудзёх сэрца. Але яшчэ спакойным голасам ён адказаў мужчынам:

— Чаго-ж сталі, мусіць ня дорага заплацілі вам?.. Няўжо-ж па шкаліку толькі?.. Танна-ж вельмі, варата — болей бы ўзяць за такое…

Гаворачы гэта адчуў, як сьціснулася, згарнулася ў камячок сэрца і забілася часьцей і мацней. Тады ўспомніў даўнія-даўнія дні ў палку, як на фронце быў. Была ноч і ральля была грузкая ад дажджу і халодная. А трэба было падпаўзьці па ральлі да пуні, зьняць бяз стрэлаў вартавых белых і выратаваць сваіх кулямётчыкаў, якіх белыя рыхтаваліся вешаць. Тады акурат вось так білася сэрца. Не ад страху перад пагрозай, што могуць зьмеціць і забіць, а ад страху, што не пасьпеюць сваячасова дапаўзьці і выратаваць таварышоў. Акурат вось так білася тады сэрца… ту-ту, ту-ту, ту-ту…

— Не забаўляй, вон з поля! — крычыць высокі. — Чаго зубы загаварваеш!.. Вон з зямлі нашай!..

Але стаіць на месцы, ня ідзе далей да Яна. Стаяць на месцы і ўсе нясьмела пазіраюць адзін на аднаго. Ян зразумеў, што мужчыны баяцца падысьці бліжэй да яго, што варочаецца да іх у полі цьвярозасьць і знэрвованым голасам крыкнуў ім:

— Купілі вас! За гарэлку купілі! Эх вы, людзі!..

Адштурхнуўся з гэнымі словамі ад плуга і пашоў проста на мужчын, цяжка ступаючы па ральлі чаравікамі, трымаючы рукі ў кішэнях.

— Танна заплацілі вам! За комуну-б варта больш узяць, мы за яе крывёю плацілі…

Мужчыны змоўклі, разгубіліся, спалохаліся і пачалі адыходзіць назад, пазіраючы на яго рукі ў кішэнях. Ян ідзе проста на іх, ідучы гаворыць:

— Скажэце таму, хто напаіў вас і самі запомніце, што комуна будзе жыць!..

Ідзе ён высокі, спакойны, трымае рукі ў кішэнях, цяжка ступае па ральлі вялікімі чарвонаармейскімі чаравікамі. Спакой ягоны палохае мужчын… Яны адыходзяць, туляцца адзін за аднаго так, каб ня быць нікому ўперадзе ад другіх і ўжо нясьмелымі галасамі выкрыкваюць:

— Ня маеш права араць! Ня маеш права араць! Наша зямля гэта! Не па закону арэш ты яе!..

Выкрыкваюць і адыходзяць ужо шпарчэй. З боку да Яна падышла маці. Змарылася яна і напалохалася. У вачох у яе сьлёзы. Яна штосьці гаворыць ідучы побач з Янам, ці то адгаварвае, каб ня йшоў ён за мужчынамі, ці то скардзіцца яму на нешта, не разумее Ян. Маці бачыць гэта і схапіла яго за рукаў кашулі, затрымала. Ян спыніўся і азірнуўся на маці, убачыў пасярод загона каня. Конь вылез з пастронкаў і, стоячы бокам да плуга ўпоперад загона, шырока ўзмахвае галавою, бароніцца ад аваднёў.

IV

Кліма сход не задаволіў. І калі старшыня сходу, перад тым, як абвясьціць сход зачыненым, пазваніў, заклікаючы прысутных да парадку, Клім узьняўся з месца і падышоў да Сідара. Сідару ён сказаў, што хоча з ім гутарыць, а сам пачаў закурваць. У гэты час сход скончыўся. Клім пашоў сьледам за Сідарам да выйсьця, але ля дзьвярэй згрудзіліся ўсе рабочыя і Кліма ад Сідарава адштурхнулі. Здарылася гэта яшчэ таму, што Сідар не пільнаваўся Кліма, яго ўвага была занята ў гэты момант другім. Сярод рабочых ён замеціў вельмі-ж, як яму здалося, знаёмага чалавека, але ніяк ня мог прыпомніць, дзе ён сустракаў гэтага чалавека раней. Натоўп націскаў і Сідара пасунулі за дзьверы, а Кліма адштурхнулі ў бок. Баючыся, што Сідар ня будзе чакаць, Клім узлавана адпіхнуў локцямі з дарогі пярэдніх і хуценька пашоў у цемры па сходках уніз. Ужо за дзьвярыма на вуліцы ён дагнаў Сідара і затрымаў яго за рукаў паддзеўкі.

— Вось сказаць што-ні-што хочу, душу, як кажуць, аблягчыць хочу, — сказаў ён і пашоў сярод вуліцы поруч з Сідарам.

У вуліцы было пуста, горад засынаў. З далёкага канца кварталу падмігваў цемнаваты ліхтар. Да ліхтара уперадзе ад іх, паціху паўзла ў гору абшарпаная каламашка рамізьніка. Стары рамізьнік сядзеў у перадку сагнуўшыся, а з рукі ягонай нізка, аж за аглюблю, зьвісла лейчына і здаецца Сідару, вось, вось укруціцца яна ў кола, шмаргане рамізьніка за руку і ён прасьнецца. Хацелася крыкнуць рамізьніку, каб той падняў лейчыну, але не зрабіў гэтага. Ішоў побач з канём кульгаючы, шырока заносіў нагу ўправа. Крывая нага пыліла. Конь таксама пыліў ляніва перастаўляючы цяжкія, кашлатыя ля капытоў, ногі. Здавалася, вось, вось спыніцца каламашка, потым пакоціцца назад пад гару і пацягне ўніз за сабою каня.

Як абагналі рамізьніка, Клім яшчэ сказаў:

— Акурат, як мы завод свой выцягваем…

Сідар на гэтыя словы не адказаў нічога. Ён памаўчаў і пасьля запытаўся ў Кліма:

— Ты ня ведаеш, што гэта за новы ў нас на сходзе быў? Бялявы такі, малады.

— Прыслалі яго на днях, у модэльнай работае. Дэмобілізацыя…

Сідар успомніў барак. Барак-больніцу. Каля сьцены стаяў гэны бялявы, махаў гаворачы абвязанай рукою.

— Я, здаецца, ведаю яго, — сказаў Сідар, — разам мы ў больніцы ляжалі пасьля параненьня. Гэта ён. У яго на шчацэ шрам ёсьць…

Зьявілася жаданьне апавядаць Кліму пра тое, як калісьці кінулі ўсе яны халодны барак і ў бараку пакінулі толькі гэтага бялявага. Але нічога не сказаў. Ішоў моўчкі. Клім пазіраў на крывую Сідараву нагу, думаў з чаго пачаць гутарку. Над галовамі ад ветру хістаецца ліхтар, а па зямлі пад нагамі коўзаецца ў бакі цень ад слупа, замінае ісьці. Клім зноў узяў Сідара за руку паддзеўкі і адразу сказаў пытаючы:

— Дык што-ж гэта Сідар, будзе?

— Як што? — запытаў, не разумеючы Сідар.

— Ды з таго вось, пра што цэлы вечар гутарылі.

— З гэтага? Будзе, дзядзька, тое, што трэба, без чато ніяк не абыдзешся.

— А ці трэба яно так вось, як робім? Пра гэта я кажу. Я цэлы вечар слухаў гэнага з ЦП. Як ён гаворыць, я разумею, усё гэта можа і правільна, але чаму-ж гэта ўсё на плечы рабочым кладзецца?

— А на чые-ж плечы яшчэ можна пакласьці па-твойму?

— Дык на вошта-ж рабіць так, на вошта? Завод, сам памятуеш, які быў. Мы яго па кавалачку, па шрубачцы зьбіралі. Пусьцілі, зноў заводам зрабілі, пачалі самі, як кажуць, ліпець па трошку, а тут на табе, скарачэньне. За што-ж гэта яму, катораму з рабочых, такая бяда? Таму, з ЦП, канешне нічога, ён сваё адбарабаніў, рацыяналізацыю зрабіў языком і паедзе, а мы, я вось скажам, чаму я, як я буду галасаваць, каб скараціць таго, ці другога? Усе-ж мы рабочыя. За што-ж мы яго, каторага, з заводу прагонім?..

Ты мяне не перабівай, пачакай, а потым сваё скажаш, я ведаю, што ты скажаш, але чаму так? Да чаго мы так вось прыдзем?.. Рацыяналізацыя? Продукцыя ня танная? А далей як? Мы да тэхнікі новай з кожным годам ідзем, а тэхніка, яна заўжды мацней за рабочага чалавека, яна заўжды выцясьняла з фабрыкі рабочага, дык што-ж будзе? Сёньня мы з гэнай паршывай тэхнікай скарачаем, ужо сёньня лішнія рукі, а што-ж заўтра, што-ж на лета будзе? Значыць і заўтра скарачаць, і пасьлязаўтра скарачаць?.. Рабочага чалавека на вуліцу выкінуць, гэта сьмерць яму, што-ж ён без работы…

На другую работу пойдзе? А куды? на біржы і так поўна. Б’юцца на біржы з-за работы, каб хаця зямлю дзе пакапаць. На біржу з вёскі ідуць, там работы няма, а мы тут сваіх выкідваем. Цяжка мне ў гэтым разабрацца. Ня так, пэўне трэба рабіць.

— А як-жа трэба? — запытаў Сідар, — як па-твойму трэба рабіць? Усіх трымаць на заводзе, каб завод згубіць, каб ад яго верстакоў не засталося? Хай завод гіне, а потым што?

— Чаму згіне завод? Даць работу людзям, дык ня згіне.

— А калі сёньня работы няма, калі гэта лішнія рабочыя на заводзе, з-за гэтага завод узьняцца ня можа?

— Чаму ня можа?

— А як-жа можа, калі мы скубсьці яго з усіх бакоў будзем, калі мы браць будзем болей, чым даём продуктаў. Як-жа?

— А гэтым дык уздымем? Ну, уздымем, а потым што?

— А потым прымем на завод і скарочаных.

— Прымем? А машыны новыя? Тады-ж яшчэ менш рабочых патрэбна будзе, тады яшчэ выкідаць будзем, а ня браць.

— Дык і новыя-ж заводы будуем…

— Дык што-ж з новых? Новыя мы па замежнай, самай новай тэхніцы будуем, на новай машыне за людзей работу рабіць будуць, а беспрацоўных кожны дзень прыбаўляецца, а не ўбывае. Дык што-ж тут новыя пасобяць? Бачыў я, будуем мы новыя, багата будуем. Але-ж адзін новы некалькі старых па продукту замяняе, старыя мы зачыняем, а рабочых ня ўсіх бярэм на новы… На новым адным менш рабочых, чым было на чатырох старых…

Ты ня злуй, я не да таго кажу, што я супроць, я разабрацца хочу, я і хаджу і сплю з гэнымі мысьлямі, я выйсьця ніякага ня бачу, лепшага ў гэтым я ня бачу, вось, да чаго я кажу. І не адзін я ня бачу, ёсьць і ў ячэйцы такія. Такія ёсьць, што яны галасавалі за рацыяналізацыю, а самі баяцца, што і іх скароцяць…

Ты кажаш… Я разумею гэта, не пра гэта я, я пра тое, што варта-б другіх спосабаў пашукаць, вось пра што я кажу… Але можа хопіць, ты прыходзь да мяне, маю бабу паагітуй, а то я ніяк з ёй ня ўпраўлюся.

Разьвіталіся. Клім пашоў далей у вуліцу, дадому.

Жыве Клім у сутарэньні. Дзьве сходкі цэмантавыя вядуць проста з тротуара да нізкіх дзьвярэй і за ім пакой, у якім сьвятло дзённае заўжды муціцца шэрым змрокам сутарэньня. У пакоі на сьцяне адной вільгаць і ад гэтага цяжкое, прэльлю пахне, паветра.

Жонка адшчапіла Кліму дзьверы і зноў лягла на ложак. Ужо з ложку, як ён вешаў на крук паліто, сказала:

— У грубцы варыва бяры, вячэрай.

Клім падвялічыў у лямпе агенчык і сеў ля стала. Лянаваўся ўзьняцца, каб дастаць з грубкі варыва. Замест гэтага адрэзаў скібку хлеба, пасыпаў хлеб густа сольлю і адкусіў. Соль захрумсьцела на зубах. Захацелася запіць хлеб вадою. Трэба было ўзьняцца і ўзяць з лаўкі конаўку. Як узьняўся, глытнуў з конаўкі вады і палез у грубку за варывам. Жонка павярнула твар на хату і з-пад коўдры запытала:

— Чаго гэта так позна сядзеў?

Справы важныя былі, дык сядзеў.

— Што-ж гэта там за такія важныя справы? Мо’ пра скарачэньне ўжо?

— Ага, пра гэта.

— Дык значыць дажылі-ткі свайго вы, дачакаліся, выганяюць ужо вас!..

— Хто гэта нас выганяе?

— Табе-ж лепей ведаць, ты-ж гэта яры комуніст, ты-ж усё бароніш гэныя парадкі, дык табе і ведаць. Мусіць-жа не гаспадар гоніць, а свае-твае.

— Паехала! Разумець трэба, што да чаго. Раз інакш нельга, значыць трэба і скараціць некаторых.

— Чаму-ж гэта нельга інакш?

— А таму нельга, што вось лішнія іншыя работы ім сёньня на заводзе няма, а завод на сабе ўтрымліваць так сабе з-за ласкі людзей ня можа.

— Ды канешне-ж, ласку вялікую табе зрабілі, — што робіш там. Па-твойму ўсё добра. Па-твойму, каб і цябе скарацілі, дык было-б добра.

— А што я, за другіх лепшы? Калі трэба, дык і трэба скараціць.

— Канешне. Як-жа ты ’шчэ скажаш…

Жонка зноў адвярнулася тварам да сьцяны і ўжо тады скончыла сваю думку:

— Канешне-ж табе ўсё добра, бо ня бегаеш па рынку, не стаіш у чарзе, не баліць галава твая, дзе што знайсьці, каб жэрці…

Клім маўчаў. Ён чэрпаў з міскі варыва, адкусваў пасолены хлеб і заядаў яго варывам. На зубах хрумсьцела соль.


Для Панаса гэтае спатканьне было зусім нечаканым. Адвячоркам сядзелі на лаўках ля клюбу дзяўчаты і хлопцы, чакалі пачатку кіно. Сьпявалі. Панас сядзеў маўклівым, слухаў сьпевы. І раптам ля самага вуха ў яго дзяўчына крыкнула:

— Гляньце, «касі-сена» ідзе!

— «Сідар-касі сена»!..

Дзяўчаты зарагаталі. Панас зірнуў у вуліцу. Там, пасярэдзіне незабрукаванае вуліцы, усьміхаючыся насустрач моладзі, ішоў кульгаючы, Сідар. Ідучы ён узмахваў правай нагою, нібы касой на сенажаці, перастаўляў яе адносячы далёка управа, нёс нагу па-над самай зямлёй і нага пыліла. За гэта дзяўчаты і празвалі яго так: «Сідар-касі-сена». Дзяўчаты рагаталі, а Сідар, здалёку, кульгаючы, замахаў ім шапкай.

Спыніўся Сідар, навітаўшыся з усімі разам. Зьняў шапку і трымаючы яе над галавою, усьміхаючыся, абвёў усіх поглядам. А пасьля кіўнуў галавою Панасу і падышоў да яго.

— Здаецца, не памыляюся. Мы, здаецца, разам ляжалі ў лазарэце.

Панас устрапянуўся, пачаў узірацца Сідару ў твар, успамінаючы, а Сідар падказаў:

— Памятуеш, барак такі халодны, тады ўсе пашлі з бараку, а ты застаўся і яшчэ прыпадачны…

Панас успомніў.

— Памятую, памятую добра гэта. Ты здаецца, апошнім тады пашоў.

— Ага, я думаў яшчэ, ці пайсьці, ці застацца…

Хлопцы і дзяўчаты наглядалі за Сідарам і Панасам, слухалі іхнюю гутарку. Іх зацікавіла гэтае нечаканае спатканьне Сідара з новым рабочым, а Сідар, зьвярнуўшыся да прысутных, паказаў рукою на Панаса і вытлумачыў: — разам мы ляжалі ў больніцы. Холад быў тады ў больніцы большы, чым у нас зімою ў кавальскім цаху, а параненых было багата, ды ўсе такія, што папраўляліся. А тут у горадзе тыфус, паніка, народ памірае. Ну, а паміраць, нікому, ведама, ня хочацца дык хлопцы і забузілі дый кінулі барак самі, разьбегліся хто куды. Усе пашлі, да аднаго. Застаўся толькі ён, ды адзін хворы прыпадачны.

— Мяне ў той жа дзень перавялі ў другі лазарэт, — сказаў Панас, — а таго хворага, таксама некуды забралі ў горад. Лазарэта таго я болей і ня бачыў. Але-ж і злосьць мяне тады ўзяла, ня ведаў што рабіць. Мароз, холад на дварэ, а яны не ачуняўшы добра бяз доктарскага дазволу — дадому.

— Чаго-ж толькі ня было ў тыя гады, — азваўся Сідар, — і цяжкога і вясёлага было багата.

— Было-о!..

У клюбнай залі тры разы празваніў званок. Пачынаўся кіносэанс. Сідар разам з Панасам пашоў у залю.



Клім да дому прышоў роўна а палове шостай. Жонкі дома ня было. Пасярод хаты, на памосьце сядзеў самы меншы Клімаў сын і да карабка ад запалак прывязваў ніткаю шпулькі ад нітак. Клім распрануўся, падышоў да сына і, сагнуўшыся, узяў яго за падбародак рукой. Сын узьняў галаву ўгару і, прыбраўшы каробкі да сябе ў прыпол, сказаў:

— Асьцярожна, а то паломіш аптабус.

— А ты што такое робіш?

— Аптабус раблю. Гэта будуць каткі. — Ён паказаў на шпулькі і за гэтым запытаў, пазіраючы бацьку ў твар: — А чаму ты, тата, ня купіш мне аптабуса ў капэраціве?

— Ня бачыў я ў капэратыве аўтобуса. Як убачу, куплю.

Клім адышоў ад сына і сеў на зэдліку каля акна. На дварэ ідзе дождж. Вада з даху бяжыць па вадасьцёчнай трубе і цурком льлецца на асфальтавы тротуар, раздрабляецца падаючы на цьвёрды асфальт і пырскае на шыбы акна. За акном паставіла пад дождж парожняе вядро суседка. Цяжкія каплі падаюць з даху ў парожняе вядро і звоняць, разьбіваючыся аб вядзёрнае дно. Звон гэны, з тым, як нацякае ў вядро вада, глухне патроху, разбаўляецца вадой. Клім ня бачыць вядра, але выразна чуе, як падаюць у вядро каплі і ўслухоўваецца, сочыць за тым, як зьмяняюцца гукі за кожнай новаю капляй вады. Вочы ляніва пазіраюць за акно на тротуар.

За акном, сьпяшаючыся, пратупалі цяжкія мужчынскія боты. Клім зьмеціў толькі ў ботах скрыўленыя заднікі і пазнаў жонку. Загэтым успомніў, што на рабоце, як нёс дошку, зачапіўся рукавом за цьвік і прадраў на рукаве дзірку. Дзірку трэба было зашыць.

Жонка ўвайшла ў хату, калі Клім сьцягваў з рукавоў кашулю. Яна паставіла на лаўку кошык, распранулася ў парозе і, трымаючы паліто за каўнер, некалькі разоў страсанула яго. З паліто на памост паляцелі пырскі вады. Пасьля павесіла паліто ў камешніку каля печы.

лім паклаў на стале кашулю і паціху павёў па сьцяне ля акна шырокай далоньню. Далонь намацала ўторкнутую ў абоі голку. Клім выняў голку і ня ўмеючы, абеімі рукамі, завязаў на канцы ніткі вузельчык.

Жонка выняла з кошыка некалькі цыбулін, качан капусты і невялікую кулідку хлеба. Хлеб яна патрымала на руцэ, паважыла і тады падышла і паклала на стол.

— Нешта хлеба ў крамах не хапіла, — спакойна сказала яна, — не даюць колькі хочаш, а ўсяго па кулідачцы. Каля крам зрабілася вялікая чарга, кажуць, — ня будзе хлеба…

Клім скончыў шыць, завязаў вузялок і паднёс рукаў да роту, адкусіў нітку зубамі. Пасьля гэтага спакойна, як і жонка, азваўся на жончыны словы:

— А дзе хлеб дзенецца? Мала што казаць будуць… Хлеба хопіць…

Спакойны Клімаў голас нэрваваў жонку. Яна ўзлавалася і, ужо згубіўшы спакой, загаварыла сварліва, задзіраста.

— Па табе ўсё хопіць! Па вашаму ўсё будзе, толькі нешта ніякай хваробы нідзе няма! За гэтымі няшчаснымі кіло хлеба я тры гадзіны ў чарзе прастаяла, пад дажджом мокла!..

— А хто цябе трымаў там? Магла-б у другі увечары...

— Магла-б у другі раз узяць, увечары…

— Магла-б? А можа-б і не магла? Па вашаму ўсё можна! Як-жа! Рабочыя, свая ўлада, дзе-ж там на яе крыўдзіцца, што-ж там супроць яе казаць. Гэта-ж каб пахваліць, дык вы майстры, на гэта ў вас языкі нагостраныя, умееце людзям зубы загаварваць. Як выйдзе гэна, дык будзе ў яго і тое, будзе і гэта, мы вам і тое, мы вам і гэта, падстаўляй прыгаршы ды бяры, так і сыпле дабром з языка і ўсё ў яго сытыя і абутыя…

— А хто-ж гэна босы, ці ня ты?

— Дык твае-ж мо нашу!

— Але-ж ня босая.

— А ты хацеў бы, каб я мо шчэ голым пузам па вуліцы трэсла?

— Дык чаго ты крычыш?

— Таго, што ты маўчыш! У цябе-ж цяляты язык аджавалі, вы-ж ня ўмееце пра непарадкі гаварыць! Хіба можа, вось як і хлеба ня стане, ды ня будзе чаго жерці, дык тады мо’ хваліцца перастанеце, мо’ тады хоць…

Жонка села на ложак і змоўкла. Клім апрануў кашулю, узьняўся з-за стала і апрануў падзеўку.

— Куды гэта ты?

— На сход пайду.

— Вечна ў вас сходы. Усё гаворыце, а карысьці нешта мала з таго…

— Крышачку болей, чым з твае гаворкі.

— Ды ўжо-ж! То-та бачу я, аж штаны ў цябе ззаду працерліся ад сходаў, хутка голай будзеш сьвяціць. Мусіць усяго тае і карысьці будзе…

— Тады пабачым…

Клім пашоў. Жонка пастаяла пасярод хаты, потым зьняла ў камешніку з вілак паліто і павесіла яго перад печчу на жэрдцы. З паліто сочацца, набракаюць кроплі вады і цяжка падаюць на памост. А за акном часта адна за аднэй сьцякаюць з даху краплі дажджавой вады і падаюць зноў у парожнае вядро. Падаюць звысоку, цяжка, і вядзёрнае дно зьвініць.

V

У горадзе чароды гэткія ўжо чацьверты дзень. Чатыры дні таму назад у крамах гораду не хапіла хлеба. Гэта было ўвечары. Вестка, што не хапіла хлеба, хутка абляцела ўвесь горад і ля хлебных крам неўзабаве вырасьлі вялікія чароды. За хлебам прышлі і тыя, ў каго хлеб яшчэ быў. Чароды стаялі да адзінаццаці гадзін ночы і разышліся тады, калі крамы, распрадаўшы хлеб задоўга да гэтага, зачыніліся.

На другі дзень раніцою ля ўсіх хлебных крам, яшчэ да таго, як яны адчыніліся, стаялі вялікія хвасты. У гэты дзень завод павялічыў выпечку хлеба на дваццаць пяць процантаў супроць звычайнае выпечкі, але крамы зноў задоўга да зачыненьня апусьцелі. Хлеба не хапіла. Чароды стаялі. На трэці дзень завод павялічыў выпечку хлеба яшчэ на семдзесят пяць процантаў. На заводзе думалі, што вялікай колькасьцю хлеба яны сунімуць паніку і зьменшаць чароды. Грузавікі, спэцыяльна для гэтага вылучаныя, развозілі хлеб па крамах і не пасьпяваў хлеб астыць, як яго разьбіралі. Хлеба зноў не хапіла. А па гораду з гэтым папаўзьлі чуткі пра голад. Успомніліся мінуўшыя дзесяць год таму, часы і, нябачная папаўзла тады па гораду, па вуліцах і завулках, па дварох і кватэрах чорная пошасьць панікі. Горад спуджана азіраўся наўкола, знэрвована прыслухоўваўся да чутак і паціху, хаваючыся ў кватэры, назапашваў продукты. На трэці дзень у крамах не хапіла і круп. Пляны забесьпячэньня гораду былі парушаны. Людзі, адказныя за гэтую справу, бачачы, што чарга не зьмяншаецца, замяшаліся, ня ведалі, што рабіць. А чарга нарастала. Яна перакінулася і на іншыя продукты. Ня стала некаторых продуктаў і на рынку, а ў вуліцах каля чародаў зьявіліся жанчыны з кошыкамі, з якіх прапанавалі кускавы цукер, швейныя ніткі і шаўковыя панчохі. У гэты дзень паніка дасягла апогею. У чародах ля крам людзі стаялі з другое гадзіны ночы. Міліцыя ўгаварвала жанчын разыйсьціся па кватэрах. Жанчыны адказвалі на гэта лаянкай і не разыходзіліся. Раніцою парткомам у горад былі кінуты сілы, каб вытлумачыць становішча з хлебам. На вуліцах, дзе стаялі чароды, праводзіліся кароткія мітынгі. Прамоўцы лічбамі даводзілі, што горад мае хлебныя запасы, якіх хопіць да новага ўраджаю, а натоўп, заражаны панікай, слухаў, ня верыў прамоўцам і зноў распаўзаўся, каб стаць у хлебныя хвасты.

Хвастамі пачаўся і чацьверты дзень.


Панчошка бачыў уперадзе ад сябе даўгую, бясконцую шэрую паску постацей. Паска выгіналася, то тулілася да сьцен камяніц, то адхіналася ў бок да бруку і паціху пасоўвалася ўперад туды,ідзе канец яе зьнікаў у краме. І ў агульным руху, усьлед за шырокаплечай нізкай жанчынай, ступаў кароткімі крокамі Панчошка. Яго погляд то бязмэтна блукаў наўкола па тротуару на процілеглым баку вуліцы, то нярухома застываў, затрымаўшыся на шэрані запыленага бруку. Дома ён многа нэрваваўся, а тут, у чарзе, супакоіўся і ўжо зусім задаволеным слухаў крыклівую гаворку пярэдніх ад сябе жанчын.

За шырокаплечай суседкай Панчошкі, уперадзе ад яе, стаяла старая жанчына. Яна ўжо атрымала адзін раз хлеб, але не задаволілася гэтым і стала ў чаргу нанава. Павярнуўшыся бокам да суседкі, старая выняла з кошыка хлеб, каб паказаць, як яго мала, а потым, пазіраючы ў твар суседцы, пхала адной рукой хлеб у кошык. Хлеб ніяк не пападаў у кошык, у старой дрыжалі рукі і пхалі хлеб у бок кошыка. Панчошка сачыў за рухам рук у старой і на твары ў яго ўсплывала ухмылка. У гэты момант хлеб выкаўзнуўся з куркатых пальцаў старой і ўпаў на брук. Панчошка зарагатаў паціху, хацеў сагнуцца падняць хлеб, але раней за яго падняла хлеб яго суседка. Яна паклала хлеб старой у кошык і штосьці сказала да той. Старая не пачула і ў сваю чаргу запытала суседку:

— Што гэта будзе? Што гэта будзе?

— Бя хлеба будзем! — адказала суседка.

— Дык што-ж бяз хлеба? А як-жа жыць? — зноў запытала старая, — што есьці будзем?

— Ня еўшы, бабулька, будзем, — умяшаўся ў гаворку Панчошка, — ёсьць закон такі, каб адвыклі людзі ад ежы…

Сказаў гэта і паціху задаволена зарагатаў. Суседка, не зьвярнула ўвагі на ягоныя словы, сказала старой:

— Сухары вунь сушаць людзі!

Старая не пачула.

— Што кажаш? — запытала яна…

— Сухары сушыць трэба! — Ужо мацней крыкнула суседка.

— Сухары, сухары? А з чаго іх насушыш? Няма каму ў мяне за хлебам стаяць, адна я жыву, са старым толькі, а ён ня хоча ў чаргу ісьці, лаецца…

Ухмылка на твары ў Панчошкі спахмурнела, скрывілася і зьнікла… Ён адвярнуўся і стаяў тупа пазіраючы на брук. З-за чаргі зышоў на брук і пайшоў да Панчошкі Пацяруха. Яшчэ здалёку ён прыўзьняў крышку над ілбом кончыкам пальцаў шапку і прывітаўся, а як падышоў бліжэй, тады спачувальна сказаў пытаючы:

— І вы ў чарзе, Дзям’ян Андрэевіч?

— Як бачыце, Сымон Сымонавіч. Аўгена Сьцяпанаўна крыху нездаровая, дык я сам пашоў. З-за гэтага вось і на службу спазьнюся.

У гэты момант каля чаргі праехала аўто. Пацяруха прыўзьняў над галавою шапку і схіліў галаву ў бок аўто.

— Хто гэта паехаў? — запытаўся Панчошка.

— Сакратар Парткому.

— Які з іх?

— А гэты, што з барадою.

— Вы з ім знаёмыя?

— Так, знаёмы, сустракаўся…

— І блізка знаёмыя? Гутарылі з ім калі?

— Так, гутарыў… Часта нават. Ён прасты такі…

— Зайздрошчу я вам, Сымон Сымонавіч.

— Вось знайшлі чаму зайздросьціць. Што-ж тут дзіўнага?

— Усёткі, сакратар, ведаеце…

— Я з многімі з начальства знаёмы, нічога дзіўнага ў гэтым няма. — Пацяруха зрабіў сур’ёзны выгляд твару. — У партыі гэтак і павінна быць… Але гэта галоўнае, а галоўнае тое вось, што ён езьдзіць у аўто, а па гораду чорт ведае што робіцца. Вось пра гэта і варта было-б падумаць, і падумаць сур’ёзна і варта-б нешта рабіць, а то так небясьпечна да соцыялізму ісьці. Гэта хоцьбы. — Ён паказаў на чаргу, — а мо’ гэта і завецца «перамагаем цяжкасьці»… Дрэнная гэта справа… А як Аўгена Сьцяпанаўна? — запытаў Пацяруха.

— Крышку нездаровая нешта.

— Ага, правільна, вы ўжо казалі. Ну, я паўду на службу. Бывайце. Кланяйцеся Аўгені Сьцяпанаўне.

— Дзякую. Заходзьце гарбаткі папіць…

— Зайду. Не дачакаецеся вы тут нічога, Дзем’ян Андрэевіч, пашлі-б да прыватніка: там на пару капеек даражэй, але бяз гэтага тлуму затое.

— Дык-жа няма, кажуць, і ў прыватніка.

— Н-ну-у?

— Забаранілі, кажуць, ім пячы, мукі не даюць ім…

— Вунь што?.. — Пацяруха крыва ўсьміхнуўся і гіронічна чмыхнуў: — ня ведаў я гэтага, ня ведаў… Бывайце.

Тым часам аўто, у якім ехаў сакратар парткому, спынілася каля будынку акругкому. «Старык», так звалі яго ў організацыі, спрытна вылез з машыны і кульгаючы, але гэтак-жа спрытна, пашоў на другі паверх, дзе быў ягоны габінет. Сьледам за ім ішлі яшчэ двое, што прыехалі разам у аўто. Аўто засталося чакаць. У габінэце «стары» скінуў паліто, сеў за стол і з портфеля выняў кароткую табліцу даных пра запасы хлеба ў горадзе. Пазіраючы ў табліцу, загаварыў:

— Чарга нарастае, хоць мы і выкінулі значныя запасы хлеба. Такое становішча можа толькі павялічыць паніку, значыць, трэба неяк па другому організаваць разьмеркаваньне хлеба. Я пра гэта думаў… У нас па гораду ёсьць на сёнешні дзень мукі жытняй абойнай 31 вагон; адсеўнае жытняй 2 вагоны і 58 вагонаў нямолатага жыта. Мукі панічнае мы маем 54 вагоны і 3 вагоны пшаніцы зернем. Значыць мы ўсяго маем на 8 чэрвеня 148 вагонаў хлеба. Спадзяемся, што ў ліпені зможам завезьці 36 вагонаў абойнае жытняе мукі і 15 вагонаў пшанічнае прастога памолу. Усё гэта дае нам 127.000 пудоў жытняе і 72.000 пудоў пшанічнае мукі. А калі ўзяць і ўлічыць 40 процантаў прыпёку, я бяру самае, праўда, максымальнае, дык мы будзем мець усяго 255.000 пудоў хлеба. Да першага верасьня ў нас 95 дзён застаецца… Так… Гэтым хлебам трэба забясьпечыць рабочых, беспрацоўных, дзяцей, служачых, і рэшту працоўнага насельніцтва гораду, якое не забясьпечана хлебам… Так… І без суровага ўліку кожнага кілё хлеба мы нічога ня зможам зрабіць. Значыць трэба нам больш дасканала ўлічыць насельніцтва, вызначыць нормы выдачы і метод разьмеркаваньня. Мае меркаваньні, што мы зможам даваць па паўкілё на дзень рабочым і па 300 грам для служачых. Гэта прыблізна. Колькасьць людзей трэба ўлічыць больш дасканала. І тады ўдакладніць нормы. А што тычыцца методу разьмеркаваньня, дык я лічу, што гэта трэба рабіць па коопэрацынуых кніжках і спэцыяльных пасьведчаньнях, хто ня мае кніжок…

Пакуль гаварыў «старык», усе прысутныя слухалі ўважліва. Але прадстаўнік коопэрацыі весь час нэрваваўся і на пасланай на стол паперы рабіў нейкія для сябе заўвагі. А калі «старык» змоўк, ён першым загаварыў сьпяшаючыся, знэрвована, блытаючы гаворку.

— Я думаю — гэта няправільна. Мы прапануем не па кніжках… Няправільна па кніжках, трэба па хлебных картках выдаваць. Кніжкі не дадуць мне мажлівасьці ўлічыць кожнае кілё хлеба…

— А я заяўляю, — перабіў яго «старык», — што коопэратары самі спалохаліся панікі, хаця ў зьяўленьні яе самі-ж здорава і вінаваты. Цяпер картак нельга ўводзіць, — казаў ён, — картка хлебная сёньня падыме яшчэ большую паніку. Трэба нормаваць выдачу хлеба кніжкамі, а там пабачым, можа знойдзем і лепшы мэтод, больш дасканалы…

— Але-ж мы ўжо друкуем карткі, — заявіў коопэратар.

— А хто вам гэта дазволіў рабіць?

«Старык» змоўк, чакаючы адказу і, не дачакаўшыся, праз хвіліну ўзлавана ўжо гаварыў:

— Я прапаную зараз-жа зьняць карткі з друкаваньня, думаю, што ўсе з гэтым згодзяцца. Панікай панікі вы не ліквідуеце, таварышы коопэратары. Нам ня гэта патрэбна. Прымеце, узгадніўшы з профсаюзамі, канчатковыя нормы і з сёнешняга дня выдавайце хлеб па кніжках. Завязіце хлеб на заводы ў буфеты, каб рабочы ня ішоў у чаргу. Павялічце колькасьць крам хлебных, менш чаргі ў вас будзе тады. А на заводах трэба сёньня-ж пасьля працы правесьці кароценькія сходы, каб інформаваць рабочых пра становішча з хлебам. Праз дзьве гадзіны агітпроп вылучыць патрэбных для гэтага людзей… Вось і ўсё… Ну, профсаюзам, наогул па-мойму трэба больш сыстэматычна працаваць на прадпрыемствах над усімі пытаньнямі гэткага парадку… Так… усё…

«Старык» узьняўся з-за стала і з табліцаю выйшаў з габінэту. Калі вярнуўся назад, яшчэ праказаў да коопэратара:

— Неадкладна-ж зрабеце, каб былі зьняты з друкаваньня хлебныя карткі і займецеся хлебным пытаньнем… бяз панікі…

VI

Пасварыліся.

Жонка загаласіла, узяўшыся за голаў і пашла ў камору. Адтуль яшчэ нейкі час даносіліся яе незразумелыя словы. Словы зьнікалі ва ўсхліпах, потым слоў ня стала чуваць, а даляталі ў хату толькі кароткія, адрывістыя ўсхліпы.

Пётра сам сядзеў ля стала і далонямі рук моцна сьціскаў скроні, думаў пра сваё цяжкое, няўдалае, як ён казаў, жыцьцё. Сіліўся прадумаць тое, з-за чаго толькі што адбылася ў яго сварка з жонкаю і ніяк ня мог знайсьці патрэбных думак. А калі лавіў іх у агульным струмені дум, дык ніяк ня мог знайсьці канца іхняга. На лаве, непадалёк ад дзьвярэй, абапёршыся на падваконьнік, сядзеў Пётраў сын і пазіраў, ня кратаючыся з месца погляду, кудысь у двор. На печы, павярнуўшыся тварам да сьцяны, ляжаў і мармытаў нешта неразборлівае і вохкаў Пётраў бацька.

У печы зырка палаюць сухія дровы, трашчаць на агні. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Петра разумее, што трэба ўзьняцца, узяць вілкі і вынуць з печы чыгун з вадою, але, ня можа ўзьняцца, бо ня можа адхінуць далоняй ад скроняй. Разумее і сын, што трэба зрабіць, каб ня сіпела ў печы вада, але таксама сядзіць, ня кратаючыся з месца, і пазірае ў вакно.

Але раптам з каморы данесьліся частыя, няроўныя ўсхліпы, а за гэтым хутка жонка зноў загаласіла, вымаўляючы неразборлівыя словы расьцягнута і крыкліва, наўмысьля, каб чуў іх Пётра і каб чулі іх другія з хаты. Тады раптам сарваўся з лаўкі сын і вышаў з хаты, не прычыніўшы добра дзьвярэй. Словы жанчыны сталі мацнейшымі і больш выразнымі. Павярнуўшыся на печы, бацька, узьняўся і сеў, спусьціўшы на запечак ногі і мацней застагнаў сагнуўшыся, нешта сам сабе замармытаў, перасыпаючы словы гаворкі вохканьнем.

У печы з чыгуна ўсё гэтак-жа бегла вада і сіпела на гарачай чарэні. Пётра схапіўся з лаўкі, зірнуў у акно, дастаў з-пад лаўкі мяшок і пашоў з хаты. За дзывярыма хаты ў сенцах у яго зьявілася жаданьне падысьці да каморы, дзе была жонка і сказаць ёй ласкава: дурная, ня плач, у печы вунь выгарала, ідзі ў хату, а я мукі пайду пазычу. Але не зрабіў гэтага, а толькі спыніўся на паўхвіліны за хатнімі дзьвярыма, прыслухаўся да ўсхліпаў жонкі, да яе слоў, што выплывалі з усхліпаў і пашоў з сянец і праз сядзібу ў вуліцу вёскі.

На дварэ Пётра спыніўся, зноў хацеў убачыць сына, але сына ня ўбачыў. Погляд ягоны, шукаючы сына, спыніўся на раскрытым, з гнілымі сьценамі, хлеве, на паламаныя і бяз шын каткох у калёсах, на раскіданым плоце. Зрабілася крыўдна на самога сябе, што пасварыўся з жонкаю, хоць яна і ня ў чым ня была вінаватай.

Па абодва бакі даўгой і грузкай вуліцы стаяць старыя, даўнія платы. Пад платамі вырасла густая і высокая крапіва, а за імі шыракалісты зялёны блёкат. Кусты блёкату падышлі аж пад самыя ганкі ля малых падсьлепаватых хат. Хаты крыты саломаю, або дранкай сасновай і на дахах старых ад поўначы парос густы буры мох. А побач з хатамі стаяць калекамі яшчэ старэйшыя, з гнілымі, нахіленымі на двор шуламі, хлявы. Дзе-ні-дзе толькі крыху навей будынкі, ды ў канцы вёскі, пад высокімі ліпамі вялікі і моцны яшчэ бацюшкаў дом. За гэтым домам, крыху ўбок ад вёскі, царква. А далей у полі хутары. Хутароў небагата. Пётра, як мінуў вуліцу, пашоў нацянькі праз узгорак на хутар да Мышкіна. Ішоў сьпяшаючыся, нібы баяўся, што спозьніцца і тады не засьцігне дома самога Мышкіна і не пазычыць мукі.

Мышкін, зусім не стары яшчэ чалавек, падграбаў каля хлева гной. Ён, ня спыняючы работы, адказаў на Пётрава прывітаньне, і, пазіраючы на запэцканыя гноем сахор і на Пётравы лапці, запытаў:

— З чым бог прынёс, суседзе?

— З горам, — адказаў Пётра.

— З горам ня варта на мой двор хадзіць, а то і ў мяне гора завядзецца.

— Ты шчасьлівы, табе вязе.

— Дзё яно вязе? Няма, чалевеча, таго багацьця, што было калісь. Ну, успомні, скажам, хоць да вайны. Хіба была такая галеча, як цяпер? У людзей грошы былі, і апранаха была, і выпіць было з чаго, і да выпіўкі было… Было жыцьцё, а цяпер ня жыцьцё, чалавеча, а Салаўкі, як той казаў.

— Хай яно згарыць… Але табе што?

— Тое і мне… На сходзе, дык і мы бедната, і мы такія, і мы сякія, за савецкую ўладу ўсе, а пра сябе і забыліся. А той прыедзе, адбарабаніць языком сваё і паехаў. У яго ў кішэні ёсьць, а ты — дохні, пухні з голаду…

— Не кажы ўжо… Я да цябе, выратуй, хоць на зацірку дай. — А Мышкін нібы ня чуе і працягвае свае разважаньні.

— … і каб-жа адзін так, два, а то-ж усе, уся вёска.

— Дык паратуй, — просіць Пётра, — а то дзеці памруць. Стары канае на печы, жонка раве, я ўжо ня ведаю, што рабіць. Я аддам, ці адраблю, як захочаш.

— У самога-ж у мяне няма. Дзе ўзяць?

— Пашкадуй, суседзе, мне нямашака куды больш ісьці.

— А коопэратыў? Беднаце-ж здэцца там даюць? Ці не? Мо’ і гэта толькі так сабе яны языкамі чаўпуць? Яны-то сытыя… — Памаўчаў. — Пуд мо’ які і нашкрабу ў кубле як небудзь. Цябе я ведаю, ты свой чалавек, старацельны, а каб гультаю, ні за што ня даў-бы… А там разьлічымся, цану-ж ты цяперашнюю ведаеш… Улетку ці адажне жонка, ці сам адкосіш, няхай ужо, па суседзку разьлічымся.

— У мяне не прападзе, — адказаў Пётра, — ты-ж мяне ведаеш, адраблю. Дзякуй і за гэта. Хоць па жмені на зацірку будзе…

Калі Пётра ўзяў муку і намераўся ісьці да дому, Мышкін запытаў:

— А там нічога ня чуваць хіба пра дапамогу якую, ці што? Людзі-ж гэта ў восень хлеб здавалі, мо-ж ткі і для сваёй беднаты трохі там?

— Ня чуў я.

— Ды яно дзе там дадуць. Абы ўзяць… А я вось пазычыў табе, а сам баюся, ці дацягну? А як выдасца год такі, што няўрод будзе, што-ж тады?

— Ды яно ўродзіць. Дзякую, што пазычаў, браце.

— Еж на здароўе, чалавеча… Дажылі-і-ся, дзякаваць богу.

Пётра старанна прычыніў за сабою фортку і пашоў.

Поле ў зялёнай руні. Над полем такое чыстае веснавое неба. Па-над полем, пад нізкім небам, ветры носяць і рассыпаюць густыя сьпевы жаваранкаў. Радасна. Усё цяжкае нікне з памяці. Здалёку прыходзіць нявыразная надзея і падманьвае нечым лепшым. Надзея. Як багата людзей, што, падаючы ў абдымкі роспачы, думалі ўжо над сэнсам свайго ўласнага існаваньня і мерыліся перарваць ценкую нітку яго, якіх выратавала надзея. Яна зьявіцца, нявыразная, далёкая, але заўжды вабячая і абудзіць у чалавека патухаючую іскарку жаданьня жыць. І тады чалавек зноў з пакорлівасьцю жывёлы церпіць крыўду, зьдзекі над сабою, голад і хворасьці. Усё гэта робіць маленькая надзея. Такую надзею песьціў ужо думкамі і Пётра, аж пакуль не падышоў блізка да свае сядзібы. Тады надзея раптам зьнікла. Пётра пачуў, як на гародзе за хатаю закрычала, загаласіла моцна жонка. Ён ірвануўся, пабег бягом па вуліцы. У дварэ кінуў ля калёс мяшок з мукою і пабег да гароду, але спыніўся ля плоту. Плот, якім абгароджаны грады, здаўся вельмі высокім. Пётра ня змог узьняць нагі, каб пералезьці цераз яго. У ваччу ў яго пацямнела, паплылі перад вачыма плямамі няправільныя сьветлыя і зялёныя кругі.

На густой, зялёнай высокай мураве ляжаў, выцягнуўшыся на ўвесь свой рост тонкі і даўгі сын. Здавалася, што ён лёг у цяньку на росную яшчэ мураву, каб ахаладзіцца ад веснавое гарачыні, каб адпачыць. На зямлі каля сына сядзела маці і сьмешна дрыгаючы плячыма, глытала кароткія, частыя ўсхліпы.

Роўна праз паўтара месяца пасьля гэтага выпадку, ў Цярэшкавым бродзе быў сход. На сходзе з вялікай прамоваю выступаў інструктар акруговага выканкому Яўмен Асьцюк. Прамова была спакойная і доўгая. Сяляне сядзелі моўчкі, падоўгу пазіралі на прамоўцу і думалі штосьці сваё, што было бліжэй за гэную прамову, што балела і пра што нічога не сказаў прамоўца.

Калі прамова была скончана і Асьцюк, выціраючы хустачкай успацелы лоб сеў за сталом, слова ўзяў мясцовы член сельсавету, старшыня сходу.

— Дакладчык скончыў, — пачаў ён, — і будуць цяпер пытаньні. З гораду, — гаварыў ён далей, пазіраючы па прыгладжаную Асьцюкову прычоску, — дакладчыкі ў нас вельмі рэдка бываюць, дык і ня ведаюць яны як мы жывем у Цярэшкавым бродзе, дзе няма ні партыі, ні комсамолу, каб хто нам пасобіў. Дык вось, грамадзяне, каб ведалі ў горадзе ўсе наскія крыўды і скаргі, трэба, грамадзяне, усё сказаць таварышу дакладчыку… Дык у каго ёсьць якія пытаньні?..

Ён сеў. Моўчкі сядзеў і сход, ніхто не адзываўся. Маўклівыя людзі пазіралі на Асьцюка, на свайго члена сельсавету, пазіралі праз акно на двор, гадаючы, якое надвор’е будзе і думалі пра нешта сваё. Праз акно сьвяціла ў хату сонца. Мутнай плямай ляжала яно на шэрым памосьце, каля дзедавых ног, абутых у лапці. Дзед уважліва пазіраў на Асьцюка. Асьцюку было няёмка ад гэтага погляду мутных, застыглых дзедавых вачэй і ён апусьціў свае вочы, пазіраючы на памост пад дзедавы лапці. Ужо думалася Асьцюку, што ня будзе ў сходу пытаньняў да яго, што сход хутка скончыцца і ён завідна яшчэ заедзе на станцыю.

Узьняўся з-за стала старшыня сходу, хацеў штосьці да сходу яшчэ сказаць і не сказаў, бо з кута, ад самых дзьвярэй нехта крыкнуў:

— Давайце пытаньні! Чаго вады ў рот набралі! Як за вугламі, дык усяго ў нас наслухаешся, а як прыехаў чалавек, дык маўчыцё!..

За ім гуртам, перабіваючы адна адну, загаварылі жанчыны:

— Праўду кажа!

— Чаго маўчыцё!

— Гаварыць трэба!

— Па завугольлю ўмееце гаварыць, а тут не! Баіцеся!..

І няпрыметна ў гэты крык жаночых галасоў упляліся крыклівыя мужчынскія галасы.

— Няхае ведае таварыш, як мы жывем!

— Як нас да нітачкі абабралі ўжо, слава богу!

— Чаму ў коопэрацыі нашай няма нічога?

— Што есьці будзем?

— Што з беднатой будзе, што вунь гібее бяз хлеба?..

Асьцюк не патрапляўся запісаць пытаньняў, моршчыўся і прасіў старшыню сходу, каб пытаньні ставіліся па чарзе. Старшыня слухаў Асьцюка, гэтак сама маршчыўся, барабанячы па стале алоўкам і заклікаў сход да парадку.

— Так-жа нельга, грамадзяне! — казаў ён. — Таварыш-жа нічога не запіша. Трэба пытаньні ставіць па чарзе, а пасьля спрэчкі і там выкажэце ўсё…

— Я-ж і стаўлю пытаньне, — адгукнуўся нехта з сярэдзіны. — Вядома-ж пытаньне. Як прыяжджаюць, дык усё ў іх гладка і ўсё за беднату, а як беднаце есьці няма чаго, дык іх няма тут!..

— Дык што ты пытаеш? — зьвярнуўся да яго старшыня.

— Таго-ж і пытаю чаму яно так!

— Чаму рэдка, знацца, прыяжджаюць і чаму голад, ён пытае, — сформуляваў па-свойму пытаньне першага другі селянін. А за гэтым зноў усе разам загаварылі:

— Салому мы са стрэх павыцягвалі, пакармілі ўсю!

— Падаткамі і хлеб зьвялі і статак!

— Паўміраюць людзі ад падаткаў іхных!

— А начні гаварыць, дык кулак ты і сякі і такі!

— Ды ня вераць яшчэ! Надоісь быў зямельшчык з раёну, дык яшчэ кажа, што статку мала ад таго стала, што карміць няма чым, а не з-за падаткаў.

— Бач — разумны які ён! Карміць няма чым! А чаму няма? Раней і самому было, і карове было, і авечцы было… а цяпер няма чым карміць…

— І ня будзе чым! За зямлю дай! за карову дай! за сьвіньню дай! за авечку дай! за ўсё ім дай!..

— А ў іншага зямлі і ўдвая, а ён нічога ня плоціць…

— Усё кулакі, а ў кулакоў тых пуза з голаду пушыць.

— Каб ня кулакі, дык і зусім-бы падохлі!..

Крыклівыя галасы наплылі на Асьцюка вялікай глыбай цяжкіх пытаньняў, а ён зноў не пасьпявае занатоўваць іх і з трывогай пазірае на сход, на рухавыя твары людзей, чакае калі яны змоўкнуць. Пазірае і нервуецца ня ведаючы, як адкажа на ўсе гэтыя запытаньні.

Са струменю крыклівых і рознастайных галасоў вырваўся моцны, жаночы, крык перамогі. Жанчына махнула ў бок да Асьцюка рукою, шыбнула ў яго словамі:

— Чаму вось, пытаньне, савецкая ўлада дазваляе багатым браць па дзесяць рублёў за пуд і зьдзеквацца з беднаты! Я не пасаромлюся, я проста скажу, у вочы Гарбулю: я прышла да яго, дык ён сьмяецца з мяне, ідзі, кажа, хай комітет табе пазычыць, ты-ж бяднячка і ня даў, не пазычыў!..

— Праўду Палашка кажа!

Наперад сходу праціскаўся нізкі ростам мужчына. Расплікнуў каўнер грубой пачоснай кашулі, агаліў худыя грудзі і выставіў іх да Асьцюка.

— Бядняк я! — крычаў ён поўным надрыву голасам. — Я на фронце быў у абоіх войнах! Сілы свае разгубіў па акопах, а тут у коопэрацыі сволач розная сядзіць, пра нас не клапоціцца, як то ад савецкай улады сказана. Праўду Палашка кажа, няхай ведае гэта таварыш, няма чаго таіць нам!..

І не пасьпеў гэты скончыць свае думкі, як нехта з сярэдзіны крыкнуў:

— Натое і комітет, і коопэрацыя, каб ты, дурань, думаў, а нехта кнюха сваё гадаваў…

Калі сход, пад вечар ужо змоўк, выкрычаўшы самае балючае, што трывожыла яго ўсе дні, Асьцюк зноў гаварыў прамову. У хаце было ціха. Сяляне ні то слухалі прамову, чакаючы адказу на свае выказаныя думкі, ні то думалі пра нешта зусім іншае. Толькі калі Асьцюк у прамове памянуў комуну, яго перабіў стары дзед, што сядзеў сьпераду сходу, насупраць Асьцюка.

— Нагледзеліся мы на жыцьцё комунскае, — сказаў ён, — ведаем яго, дзякаваць богу. Былі нашыя там, ды паўцякалі нешта, нездарма мусіць…

Дзедавыя словы выбілі з вуснаў і з памяці Асьцюковай словы, прыгатаваныя ім для сходу. Асьцюк змоўк, пачаў хвалюючыся шукаць новых слоў і, не знайшоўшы іх, хутка скончыў прамову.

Калі сход разыходзіўся і Асьцюк рыхтаваўся апрануць паліто, да яго падышло некалькі мужчын. Мужчыны спыніліся перад сталом, пачакалі пакуль Асьцюк апрануў і заплікнуў на ўсе гузікі паліто, а тады стары з шырокай рыжай барадою сказаў:

— Вы не падумайце, таварыш, пра нас чаго дрэннага. Мы народ цёмны, нічога ня ведаем. Крычым мы таму, што казаць ня ўмеем. Казаньне наша мала дапамагае, дык мы крычым. А каго і падвучаць, каб пакрычаў…

— Э, хто там вучыць, — умяшаўся ў гаворку яшчэ адзін, — баліць, дык і крычым. Цёмны народ ня бачыць шляху-дарогі, дык гукае, а мо’ хто адгукнецца…

— Чаму так ня вучаць? Ву-у-чаць прамовіў першы.


На станцыях Асьцюк ехаў, як зусім зьмерклася. Ад сходу у яго засталося вельмі цяжкое ўражаньне. Гэтае ўражаньне было ад таго, што сход быў надзвычайна шумным і што Асьцюк ня змог сказаць свае апошняй прамовы да канца. І яшчэ брала злосьць, што паслалі яго ў такое делёкае ад чыгуначнай станцыі месца. Злаваў Асьцюк на партком і на партком хацелася ўзваліць віну за крыклівы сход, за цяжкое сялянскае жыцьцё. Крыху супакоіўшыся, ён ужо думаў, як напіша сваю дакладную запіску прэзыдыі АВК і ў запісцы выкажа ўсю сваю злосьць. Меркаваў, каб у запісцы абвінаваціць кагосьці за гэты крыклівы вясковы сход.

Каткі калёсныя каціліся роўна па глыбокіх, выразных за многія леты, каляінах і калёсы паціху ўздрыгвалі. Гэта супакойвала. Асьцюк моўчкі сядзеў, адкінуўшыся плячыма да задняй драбінкі і пазіраў у сьпіну маўкліваму хурману. Час-часам каток пападаў у ямку. Тады раптам нахіляліся на бок калёсы, моцна ўздрыгвалі і Асьцюк стукаўся локцем аб баковую драбінку. Думкі перарываліся, але хутка зноў варочаліся і Асьцюк зноў супакойваўся.

VII

Вялікі рыначны пляц выпукліўся квадратовым пакатым узгоркам сярод нізкіх драўляных хат ускраіны і спуджаныя хаты разьбегліся ў бакі, ды так і скучыліся там вакол вузкіх завулкаў і на пляц пазіраюць нясьмела з-за густа зачастаколеных расаднікаў.

3-за хат, з поля, што за ўскраінай, прылятае злосны сіберны вецер, гоніць на пляц сухі дробны сьнег, абсыпае сьнегам людзей, хурманкі, коняй.

З вузкіх завулкаў выпаўзаюць малыя лахматыя сялянскія коні, цягнуць за сабой па сьлізкай гарадзкой дарозе нізкія санныя вазы і цяжка напінаючыся ўспаўзаюць на ўзгорак. Яшчэ ў завулку саскаквае селянін з возу, узіраецца ў залюднены пляц, выбірае месца, кудэй праехаць праз рынак, каб стаць на сваё месца. А рынак ужо з самага ранку жыве сваім уласьцівым яму жыцьцём. Снуюць густа з месца на месца паміж вазоў людзі, прыяжджаюць і ад’яжджаюць хурманкі і растасоўваюцца па рынкавым квадраце, займаюць адведзенае ім месца. Блізка ад вялікай вуліцы Лібкнехта, дзе яшчэ высокія белыя камяніцы, што прышлі сюды ад цэнтру, скучыліся хурманкі з жытам, з бульбай, захаванай у мяшкох, у саломе. Ля хурманак жанчыны з кошыкамі, у якіх куры, яечкі, сыры, цыбуля. Жанчыны і далей радамі аж да сярэдзіны пляцу. У баку ад іх вазы з сенам, з саломай, з кулямі. За імі, побач, рэдкія, нібы выпадковыя яны тут, вазы з дрыўмі. І далей, займаючы амаль палову пляцу, скучыліся хурманкі з прывязанымі да саней каровамі і коньмі. Паміж хурманак блукаюць сьпяшаючыся людзі з кошыкамі. На хурманках сядзяць, або стаяць каля іх, людзі, апранутыя ў бурыя кажухі, у шэрыя зношаныя армякі. Хаваючы ад ветру галовы ў высокія каўняры, яны тупаюць ля саней, каб ня зьмерзьлі ногі і ляніва адказваюць гарадзкім на пытаньні пра цану.

Клім прышоў на рынак, каб купіць дроў. Ён прайшоў праз увесь рынак ад самай вуліцы і цяпер спыніўся ля хурманак, дзе прадаваліся коні і каровы. Пакупцоў і тут было багата. Яны аглядалі каровам вымя, абыходзілі вакол іх, давалі паесьці сена, або пальцамі рук мацалі, ці сытая карова і маркавалі пра яе вагу. Коням падоўгу заглядалі ў зубы, на капыты, на персі, потым сьцёбалі іх путамі, варажылі пра коньскі спрыт, або проста так аглядалі іх стоячы з боку.

Лахматыя сялянскія каровы курчыліся, убіралі ў сябе і так худыя бакі і туліліся да вазоў, становячыся задам да ветру. Коні тупалі ля саней, выбіраючы з іх засьнежанае сена, таксама мясьціліся, каб ня дуў вецер у вочы, потым станавіліся, растапырыўшы крыху заднія ногі і, трусячы ўсім целам, стрэсвалі з сябе сьнег, саграваліся.

Клім стаяў пазіраючы на высокага гнедага каня, вакол якога снавала некалькі мужчын. Ад каня адышоў адзін з іх і, параўняўшыся з Клімам, прамовіў:

— Дванаццаць рублёў за каня. Таней, чым гусь, чым курыца…

Клім не паверыў.

— Што вы, хіба так?

— Дык вунь-жа! — Ён паказаў на людзей, што стаялі вакол гнедага высокага каня. Гаспадар просіць ужо васемнаццаць, а даюць дванаццаць… а за дваццаць пяць рублёў можна добрага каня купіць.

— Дванаццаць рублёў, — зьдзіўлена паўтарыў Клім.

— І аддасьць, — азваўся мужчына. — Болей яны і не дадуць. Прадаюць на скуру, абы з рук збыць.

Мужчына пашоў. Клім хвіліну яшчэ пастаяў штосьці мяркуючы, потым пашоў у бок, дзе стаялі вазы з дрывамі.

Нізенькі ростам селянін, гаспадар дроў, падкладаў каню сена. Калі Клім падышоў да дроў і пачаў аглядаць іх, гаспадар выпрастаўся, трымаючы ў жмені сена і сказаў:

— Дровы добрыя гарэць як газа будуць… васемнаццаць рублёў. Бярыце, каяцца ня будзеце…

— Восемнаццаць рублёў за воз дроў? — зьдзіўлена перапытаў Клім.

— А вы-ж думалі за што, — спакойна адказаў селянін. — За воз, за мой воз…

— Дорага, — прамовіў Клім.

— А што-ж цяпер таннае? — гэтак-жа спакойна сказаў селянін. — Усё цяпер дорага…

— Дорага, то дорага, але-ж за дровы ты больш бярэш, як за каня…

— А што конь, конь не да толку нам цяпер, — сказаў селянін, — каня можа і рад цяпер каторы прадаць, хоць на скуру, абы збыць, а бяз дроў халодна, дроў цяпер ніхто не вязе…

Сказаў гэта, хітравата ўсьміхнуўся і змоўк.

Клім больш нічога не адказаў. Ён адышоў да другога возу, але селянін не паклікаў яго назад, не запрапанаваў збавіць цану, на што крыху спадзяваўся Клім, а сеў на воз на дровы і сядзеў моўчкі, стукаючы нагой аб нагу, грэў іх. Другія два вазы дроў, якія былі тут-жа на рынку, былі меншымі, але цану за іх прасілі такую-ж, чаму Клім зноў вярнуўся да першага возу.

— Дык ня збавіш, дзядзька, цаны?

— Не, чалавеча, хочаш бяры, ня хочаш, другі возьме… дровы цяпер трэба.

Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх восемнаццаць рублёў і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што ня ўмеў таргавацца і ня сьмела спадзяваўся, што селянін сам збавіць цану, калі пастаіць яшчэ троху. Хацеў ужо моўчкі адысьці, пахадзіць па рынку, але баяўся, што прыдзе хтось другі і забярэ дровы, таму, адыходзячы, нібы сам себе прамовіў:

— Чорт яго, мусіць прыдзецца ўзяць… я вось толькі трошкі па рынку прайдуся мо’ што куплю.

— Ладна, толькі доўга ня баўся… часу ў мяне няма чакаць лішне…

Праціскаючыся паміж хурманак, Клім вышаў у самую сярэдзіну рынку і спыніўся там, раздумваючы, што-б такое варта купіць у хату. На шырокіх, з разваламі, закіданых саломай санях, сядзела жанчына. Яна ўкрывала саломаю свае ногі і, нацягваючы з-пад посьцілкі салому, закрывала ад ветру скрынку. У скрынцы сядзелі, скурчыўшыся ад холаду, куры. Каля возу стаялі гурбою жанчыны. Яны цягнуліся рукамі да скрынкі, хацелі выняць адтуль курэй і паглядзець, ці сытыя яны. А гаспадыня адпіхала іхныя рукі і нацягвала на скрынку посьцілку, потым навальвалася на скрынку тулава, і са злосьцю, пазіраючы ў твар жанчынам, крычала.

— Куды вы лезеце са сваімі лапамі! Курэй падушыце. Не бачылі… І так відаць. Па дваццаць рублёў штука… плаці, дый бяры, а ня мацай тут… размацаліся… выбіраць яшчэ хочуць…

Жанчына накрыла скрынку посьцілкай, прыкінула яе зьверху саломай і тады змоўкла.

— Ды ты ці маеш бога, — азвалася адна з жанчын, — гэта-ж бога трэба ацурацца, каб прасіць столькі за курыцу.

— То-ж вы бога ня маеце, — азвалася сялянка, — а я-то маю.

— Дык ці-ж варта яна, курыца, дванаццаць рублёў, што ты, цётка, — умяшаўся ў гутарку Клім.

— Дык вазьмі за менш, калі ня варта… найдзі… а мы ў вас ў горадзе, што, дык за мала бярэм?.. ’Шчэ і ня столькі будзеце плаціць, — дадала яна шматзначна. — Ня варта!.. а прыдзі чаравікі купіць дык вунь колькі злупіце.

Адна з жанчын палезла ў портмоне, дастала адтуль зьмятыя паперкі і падала сялянцы. Тая пералічыла грошы і, трымаючы іх ў руцэ, выцягла наўгад са скрынкі курыцу і падала яе жанчыне. Жанчына ўзяла курыцу, агледзела яе і пасадзіла ў свой кошык. Зараз- жа ўзялі і апошнія тры курыцы. Але жанчыны не разыходзіліся. Сялянка, хаваючы ў хустачку грошы, сказала да іх:

— ’Шчэ ня столькі будзяце плаціць, дый то ня будзе дзе ўзяць… цяпер народ хаваецца, ды прадае, а як адбяруць, ды абагуляць, дык і прадаваць ня будзе чаго, хаця-б самім з голаду не паздыхаць. ёщё ё

— У-г-га! Не плявузгай лішняга, цётка, — сказаў да яе Клім. — Хто гэта там у вас адбірае так?

Жанчыны настарожыліся, а адна з тых, што купіла курыцу, сказала:

— Добра было-б, каб у вас усё адабралі, можа-б ня лупілі тады такіх цэн.

— Скулу тады купіш, бабачка, а ня курыцу, — адказала ёй сялянка. — Хай душу ў цябе адбяруць! Во’ што прадала-б я табе, а ня курыцу, каб ведала… — сялянка махнула ў бок жанчыны рукой, паказала ёй кукіш. Жанчына адразу не зразумела ў чым справа, потым плюнула, вылаялася па жаночаму, нязлосна, але пагана. Другія жанчыны зарагаталі, загаварылі разам усе. Клім адышоў ад їх.

Да дроў Клім вярнуўся, нічога ня купіўшы. Селянін усё гэтак-жа сядзеў на возе, грэў у рукавох кажуха рукі і калыхаў ногі, стукаў іх адну аб адну.

— Дык скідкі ня зробіш, дзядзька? — усьміхаючыся запытаў Клім.

— Скідкі? Не… Хаця… для цябе тройку скіну, а ты мне за гэта пачок махоркі дасі. Ладна?

— Ладна.

— Ну, вось бачыш, скідку атрымаў… я без махоркі паміраю, нідзе яе купіць нельга.

— Хіба ў вас у коопэрацыі не даюць?

— Даюць, ды толькі колгасьнікам, а хто не ў колгасе, таму не.

— Гэтага ня можа быць.

— Вось-жа праўда… сельсавет так загадаў рабіць… везьці куды табе? — запытаў селянін.

— На Савецкую, каля саду…

— Ага… далекавата трохі…

Селянін пугаўём падгроб сена, якое даваў каню, сабраў яго ў жменю, каб пакласьці зноў у мяшок і штосьці заглядзеўся ўбок да завулку. У канцы завулку, перад уездам на рыначны пляц, стаяла хурманка і каля яе некалькі чалавек, заўсёдашніх рыначных абыватэляў. Селянін запхнуў сабранае сена ў мяшок і пакіраваўся ад возу да хурманкі.

— Пайду пабачу, што там такое.

Клім пашоў усьлед за ім.

Падкаваныя жалезам паласы ўзьехалі на голы, ледзь прыкрыты сьнегам брук. Конь напяўся, тузануў сані ў адзін, у другі бок, фыркнуў і стаў. Каня паганяў нізкі, каранасты мужчына. Ён увесь зарос барадою. На лоб, з-пад кашлатай кучомкі-шапкі, навісьлі густыя, даўгія валасы. З-пад армяка вылез і абматаў яго шыю рыжы каўнер кажуха. Барада зблыталася з воўнай кажуха, ускудлацілася. На вусох, на барадзе і на каўняры каля барады іней. Мужчына ўпёрся плячом у сані, сьцебануў каня пугаю раз, другі, трэці. Конь ірвануўся, матнуўся ў бокі, аж сагнуліся аглоблі але не скрануў саней з месца, зноў стаў. На сані ціснула даўгое, цяжкое бярвяно. Мужчына кінуў лейцы на бервяно, пачаў сьцёбаць каня путаю. Пуга ўзьвілася ў каня над галавой, біла яго па сьпіне, па шыі, блыталася ў дузе і гужох, а мужчына яшчэ больш злаваў ад гэтага і зласьлівей махаў пугаю. Конь ад болі тужыўся, браў воз рыўкамі, кідаўся ў бакі. Гнуліся аглоблі, скрыгалі палазы, церлася жалеза аб камень, але сані з месца ня краталіся.

Пуга абматалася вакол дугі і адарвалася. Узлаваны мужчына пачаў біць каня пугаўём. Конь напінаўся, забіраў нагамі пярэднімі дарогу, але някутыя ногі коўзаліся на халодным сьлізкім бруку і конь падаў на каленкі, уздымаўся і ўжо толькі цяжка дыхаючы махаў галавою на удары, ды фыркаў. Мужчына ўсыпацеў б’ючы каня, стаміўся. Адзін міг ён стаяў раздумваючы, абыякава пазіраючы на людзей, што зышліся вакол хурманкі, потым учапіўся левай рукой за аглюблю, заскакаў сьмешна каля каня, узмахваючы пугаўём. Пагаўё біла каня па бакох, па сьпіне, па галаве. Некалькі мужчын узяліся пхаць воз. Конь зноў мятнуўся ў бакі, пачаў брыкацца, ірвануў і ўпаў на каленкі. Хтосьці з натоўпу крыкнуў:

— Ня бі, сволач ты, ня маеш права!

Мужчына зірнуў у бок на натоўп, мацюгнуўся і зноў замахаў пугаём. Пугаўё стукнула аб дугу і разламалася. У руцэ ў мужчыны застаўся кароткі кавалак. Зноў з натоўпу крыкнулі:

— Не давайце біць, самога-б яго такім кіем…

Мужчына зноў зірнуў моўчкі на натоўп, на абломак пугаўя, што застаўся ў яго руцэ, вар’яцкімі вачыма зірнуў на каня, на сані і схапіў з саней, выцяг з вяроўкі смольны сыры хваёвы кій, якім была закручана вяроўка на бервяне. І, не пасьпелі ў натоўпе азірнуцца, як ён зноў заскакаў ля каня, учапіўшыся адной рукой за аглюблю. У мужчыны ссунулася з рукі і ўпала на брук пад ногі яму, парваная, пашытая з суконкі рукавіца. Голыя пальцы напяліся, цэпка сьціснулі кій. З’ехала ніжэй на лоб лахматая кучомка. Навісьлі на ўспацелы лоб густыя валасы. Памутнелыя вочы ягоныя ўжо нічога ня бачаць, а рука ўзьлятае ўгару разам з усім яго целам і б’е цяжкім сырым кіем па шырокай коньскай сьпіне, па худым яго баку, па назе. Лахматыя конскія ногі напружваюцца, перабіраюць непадкутымі разьбітымі капытамі сьлізкі брук, коўзаюцца, падаюць на каленкі. Конь цяжка сапе, тужыцца. Худыя яго бакі ўздымаюцца, раздуваюцца шырока і ўпадаюць. З мясістых шырокіх ягоных губ на брука упалі белыя кавалкі пены. Ногі яшчэ напяліся, але каўзануліся і зноў упалі на каленкі. І конь ужо ня тужыцца ўстаць, а храпе, дрыжыць усім целам і махае па-над зямлёй галавою.

Клім праціснуўся праз натоўп, штосьці злоснае крыкнуў мужчыну, той спыніўся на хвіліну, зірнуў на Кліма злоснымі памутнелымі вачыма, замахнуўся кіем:

— Адыйдзі! Ня лезь! Заб’ю! Мая!..

І не пасьпеў Клім схапіць яго за руку, як ён зноў ужо махаў кіем, наносячы каню ўдары па сьпіне. Конь яшчэ раз ірвануўся, адчуўшы новыя ўдары, схапіўся з кален і тады цяжка грымнуўся бокам на аглоблю. Аглобля сагнулася, трэснула, і паловай адскочыла убок. Клім схапіў мужчыну за рукаў армяка і цягне ад каня, а той упіраецца, няўдала штурхае Кліма ў нагу сваёй нагой, б’е каня па ўздутым баку і злосна скрозь сьціснутыя зубы крычыць:

— Ня лезь!.. маць тва!.. заб’ю-ю, мая-а…

А конь яшчэ сабраўся з сіламі, ускінуў галаву, каб узьняцца з зямлі, але цяжкая галава матнула густой ускудлачанай грывай, пырскнула з-пад губ на сьнег, каля ног у людзей, камякамі крывавай пены і цяжка ўпала на сьнег на выцягнутай даўгой шыі. Клім ірвануў мужчыну за армяк, крутнуў яго, наваліў плячыма на бервяно. Мужчына ірвецца, тужыцца і ад злосьці крычыць:

— Пусьці!.. Заб’ю!.. Пусьці!..

З рукі ягонай выпаў кіёк. Клім пусьціў мужчыну, адышоў у бок ад яго. Прышоў міліцыянэр. Каню рассупонілі хамут, зьнялі дугу. Ён усё яшчэ цяжка дыхаў, высока ўздымаючы бок, соваў па сьнезе на даугой шыі цяжкую сваю галаву, скаліўшы вялікія жаўтаватыя зубы і адтапыранымі губамі лавіў сьнег, змочваў яго афарбаванай у кроў пенай.

Міліцыянэр склаў протакол і даў двом з прысутных расьпісацца. Натоўп пачаў разыходзіцца.

— Скалечыў каня, здурнеў, што за народ… — прамовіў Клім.

На яго словы хтосьці з натоўпу сказаў:

— Злоснымі людзі зрабіліся цяпер, як зьверы… Нічога не шкадуюць: ні чалавека, ні жывёліны…

— А што-ж шкадаваць, — азваўся селянін, у якога Клім купіў дровы, — усёроўна конь цяпер не ягоны, абагулены… Давялі да злосьці народ, — дадаў ён ужо ідучы да возу, — а было, што народ ужо і абжыўся, звыкся, палюбіў савецкую ўладу.

Клім маўчаў. Ён усё яшчэ ніяк ня мог супакоіцца, пасьля толькі што бачанага і ня слухаў таго, што гаварыў селянін. Той змоўк, спрытна ўскочыў на воз, шпаргануў лейцамі і пагнаў каня праз рынак у адзін з завулкаў. Клім пашоў поруч з возам.

Як паехалі, селянін зноў загаварыў, пытаючы ў Кліма:

— Што будзе, грамадзянін, з усяго гэтага? Як жыць будзем цяпер? Няўжо-ж гэта мужыка так такі ўсяго і лішаць!.. Да чаго давялі!.. Вам, грамадзкім што: зарабіў, дый купіў, зьеў, але-ж і купіць ня будзе чаго. Цяпер дорага, а тады ’шчэ і ня так дорага будзе.

— Чаму гэта ты так думаеш?

— Тут і думаць вельмі ня трэба, яно і так ужо відаць. Заганяюць, абагульваюць усё і дабро, і карову, і сьвіньню, і курыцу… усяго чалавек лішаецца: што меў, што век зьбіраў…

— А ты ня выдумлівай ужо так. Ня ўсё-ж абагульваецца, а і тое, што і абагульваецца, дык у колгасе яно-ж тваё будзе, а ня чыё-небудзь.

— Тваё… — селянін гіроічна ўсьміхнуўся, — маё, ды не маё… сваё сала, ды ў чужым кубле, адтуль ня возьмеш, калі захочаш…

— А ты, калі так ужо баішся колгасу, дык і ня ідзі туды.

— Ня ісьці? А каб-жа мяне пыталі, ці хачу я…

— А як-жа? Што-ж цябе сілай хто туды гоніць?

— Тота-ж, што ня пытаюць. Прыдзе, пагаворыць і запісвае, а хто не запісваецца, дык пагражаюць, а то і арыштоўваюць…

— Дык ня можа-ж так быць.

— Ня можа…

— Ці ў вас каго арыштавалі?

— У нас пакуль ніхто ня ідзе. Сход ужо тры разы быў з гэтага поваду, але ніхто ня ідзе… а арыштаваць, у нас яно нікога не арыштоўвалі, а на другіх валасьцях-раёнах, дык кажуць, што і высылаюць ня толькі арыштоўваюць. Усё адбіраюць і высылаюць… — А ты менш слухай таго, што кажуць, — параіў Клім, — а сваёй галавой лепш прыкінь, перадумай, дык і ўбачыш, што не ўцякаць ад колгасу табе трэба, а ісьці туды. Для вашае-ж карысьці колгасы, каб ты лепш жыў, каб ня рыўся, як крот у зямлі, а каб па-людзкому яе апрацоўваў.

Убачыўшы, што Клім ня верыць яму, селянін змоўк і ўжо сядзеў моўчкі, слухаючы Клімаву гаворку. І пазьней, ужо скінуўшы дровы, загортваючы ў газэту пачок махоркі, ён прамовіў:

— Хто яго ведае, грамадзянін, як яно лепей. Можа і сапраўды ў колгасе лепей будзе, толькі трэба, каб яно неяк па-другому, а то людзі баяцца.

— Баяцца няма чаго, думаць трэба, меркаваць.

— Калі-ж вакол гавораць, што гоняць, што ўсё адбіраюць.

Моўчкі селянін падабраў сена, закурыў, завярнуў каня і разьвітаўшыся выехаў з двара. Складаючы ў хлявушку дровы, Клім злаваў на сябе і быў нечым нездаволены. Яго нэрвовала бачанае на рынку. Было нездаваленьне ў тым, што ён, як яму думалася цяпер, ня змог пераканаць селяніна.


Клім сагрэўся, пачынаў супакойвацца. Каля печы стаяў таўсты, прысадзісты самавар і сьмяяўся з Кліма блескам сваіх гладкіх, халодных бакоў. А Клім напінаўся, выцягваў шыю і, надзьмуўшы шчокі, выдыхаў сабранае ў легкіх паветра ў самаварную трубу. Вугальле ў самавары ўспыхвала нясьмелымі жоўтымі агенчыкамі, але трэскі не загараліся. Стомлены Клім уздыхнуў і сеў каля самавара на памосьце. Хвіліны тры сядзеў так, думаючы, што-б зрабіць, сядзеў таму, што прыемна было пасядзець так спакойна і адпачываць, але хутка самому стала сьмешна, што ён як малое дзіця сядзіць на памосьце, таму зноў узьняўся на каленкі, выняў з кішэні газэту, адарваў ад яе кавалак і трэскай запіхнуў яе ў самавар на вугальле. Папера пачала адразу тлець. З самавару пашоў едкі дым. Тады ён сагнуўся над самай трубою, набраў лёгкімі, як мага больш паветра і выдыхнуў. З самавару хлынуў у вочы Кліму густы едкі дым. Клім, як стаяў на каленках перад самаварам, адхінуўся ад яго, заплюснуўшы вочы і рукамі пачаў праціраць іх. Ад дыму вочы набеглі сьлязьмі.

— Ха-ха-ха!.. Ня ідзець справа!

Клім расплюснуў вочы і павярнуў галаву да дзьвярэй.

На парозе, абапіраючыся на кіёк, стаяў Сідар.

— Ня ідзець, кажу справа! А ты халявай, халявай раздуеш, — параіў ён і падышоў бліжэй, падаў Кліму руку. Клім ня ўстаючы з памосту, як стаяў на каленках, падаў Сідару сваю і, ціскаючы Сідараву руку ў сваёй, прамовіў:

— Нюхалка ў цябе, відаць, добрая, акурат на гарбату засьпеў.

— Дык дзе-ж твая гарбата, калі самавар яшчэ зусім халодны.

— Не разгараецца нешта вугальле, — адказаў Клім, — мусіць сырое.

— А ты ботам яго, халявай яго раздувай.

— Мусіць так і прыдзецца. Распранайся, ды сядай.

— Я не надоўга…

— Дык яно і ня будзе доўга. Вось зараз распалю, дык ён у адну хвіліну закіпіць… самавар гэны фацкі…

Сідар скінуў паліто, павесіў яго на цьвіку на сьцяне і сеў ля стала, а Клім пачаў разуваць левую нагу, каб ботам, як раіў Сідар, распаліць у самавары вугальле. Скідаючы бот, убачыў, на бліскучым носе самаварнага кранту, вісела буйная, сьветлая капля вады і паціху гушкалася, але ня падала. Клім крануў каплю пальцам і яна распаўзлася па пальцы і зьнікла. Хвіліну яшчэ ён моўчкі пазіраў на кран, потым узьняўся, паставіў зьверху на самавар, халяваю ўніз, бот і пачаў ім раздуваць вугальле. А Сідар узяў з зэдліка газэту, разгарнуў на голым стале яе шырокае шэрае палатно і застыў поглядам на радкох густога мутнага шрыфту.

Да Кліма як зашамацеў Сідар газэтай, зноў вярнуліся і нездавальненьне і злосьць на самога сябе. Цяпер яму захацелася ўціхамірыць гэную злосьць на Сідары. Надзяючы бот на ногу, ён праказаў:

— Ненавіджу!.. адно яшчэ ненавіджу я ў нас, што вельмі часта мы праўду не гаворым пра сябе-ж…

Сідар паклаў далоньню на газэту руку і ўзьняў голаў.

— … Самім сабе не гаворым праўды, — працягваў Клім, — і самі ня ведаем потым, што ў нас пад бокам робіцца.

Сідар усьміхнуўся.

— Ты пра што гэта, бацька? —

— А пра тое, што вось на якога чорта круціць перад самімі сабою. У нас-жа, здаецца, гэтага не палагаецца.

— А-а!.. чарговае выступленьне супроць савецкае ўлады… Ну, ну, пабурчы, бацька, — жартуючы прамовіў Сідар, — пабурчы. Што гэта з табой сёньня здарылася?

— Ты мяне, браце, ня страш, як кажуць, што супроць савецкае ўлады, я яе можа больш за цябе люблю, але я вось пытаю цябе, чаму газэты ня пішуць па-праўдзіваму пра тое, што ў нас робіцца?

— Дзе? Што робіцца?

— Дзе? Што? Вось і сам ты нічарта лысага ня ведаеш. А яшчэ, як кажуць, сакратар… Ну, на чорта хаваць? Хаваюць, а з-за гэтага плёткі розныя ідуць, чорт ведае што гавораць вакол і чорт не разьбярэцца ва ўсім гэтым… Тут-жа такая справа, што яе паціхуньку, потайкам ня зробіш, дый няма чаго потайкам рабіць…

— Да ты пра што кажаш? — ужо сур’ёзна запытаў Сідар, — Ты толкам скажы.

— Ды пра колгасы-ж… чытаеш газэту, дык там толькі і пішуць, што організавалі: там організавалі, тут організавалі там, столькі процантаў, тут столькі процантаў, а як організавалі, пра гэта нібось, ня пішуць. Як чытаеш, дык усё нібы і глатка у іх там, а на рынку мужыкі чорт ведае што гавораць…

— Не ўсяму трэба верыць, што гавораць, ды ’шчэ на рынку…

Кліма гэныя словы крыху зьбянтэжылі. Ён сам заўжды ня любіў навін, якія прыносіла жонка з рынку, лаяў яе за іх і цяпер яму няёмка зрабілася, што сам ён гэнымі рынкавымі чуткамі абгрунтаваў сваё нездаваленьне і ён мякчэў ужо, але не здаваючыся, гаварыў далей:

— І я ўсяму ня веру. Але калі гавораць, дык мусіць-жа праўда такі, хоць трохі… Дабраахвотныя колгасы ў нас? Дабраахвотныя, так? — запытаў ён. І не даючы Сідару мажлівасьці адказаць, гаварыў зноў і гарачыўся: — дабраахвотныя, а работнікі прыяжджаюць у вёску, ды пужаюць, арыштоўваюць… якога-ж чорта гэта добраахвотная колектывізацыя. Мужык ідзе, канешне, пойдзе, як-жа не пайсьці, калі запужаюць, што ўсё адбяруць, ды арыштуюць… Але мужык хітры. Ён слухае цябе, маўчыць, а сваё думае… Ты яму сваё, а ён сваё. Ён сваё думае, што раз гоніш, знацца, як кажуць, нешта ня так… Як-жа ён паверыць, што для яго гэта карысьці, калі яго прыпужалі. Ён то пойдзе, як кажуць, залішацца, а рабіць ня будзе, будзе ваўком у лес пазіраць, на хутар. А раз рабіць ня будзе, дык якая-ж карысьць з таго колгасу…

А ты пастой, ведаю я як там растлумачваюць. Каб растлумачылі, ды пераканалі, дык ня тое было-б, а то нешта тлумачэньня таго і ня відаць, а мужык нагамі ў колгас нібы ідзе, а рукамі на рынак валачэ карову, каняку, ды за дванаццаць рублёў каняку аддае на скуру… А араць увесну чым будзе? Каб тлумачылі, дык не пацёг-бы… курыца дванаццаць рублёў і конь дванаццаць. На скуру, бяры толькі…

Ды калі ўжо на тое пайшло, дык чаму-б дзяржаве ня скупіць коняй, каб ня даць іх зьнішчыць, а іх і ня бачна на рынку, спэкулянт бярэ, ды на скуру зьнішчае.

Сідар узьняўся з-за стала, падышоў да Кліма, каб суняць яго.

— А ты бацька, спакайней, не хвалюйся, — праказаў ён, — пра такія скрыўленьні і ў газэце пісалі, за гэта ня хваляць…

— Скрыўленьні… Ты мяне ня вучы, я разумею, што партыя ня так кажа рабіць, але чаму газэта ня вучыць як сьлед рабіць, а толькі аб процантах піша…

— Далібог пашлем, цябе, бацька, на колектывізацыю.

— А думаеш не паехаў-бы? І яшчэ як-бы зрабіў. Лепш, чым вось робяць там многія… На такую справу, раз рэволюцыя поўная ў гаспадарцы, як кажуць, трэба пасылаць людзей з галавою, хто і політыку, але і гаспадарку хто разумее, а ня тых, хто языком толькі добра чэша. А то вось яны і робяць так, што потым і чорт не разьбярэ, хто вінаваты.

— Ды ты пачакай… — Сідар махнуў рукой.

— Чаго мне чакаць?

— Хай лепш робяць, паказаць трэба, а ня так… Ня ўсё спаганілі? Ды каб усюды, дык тады-б усіх там разагнаць варта такіх работнічкаў. Ня ўсюды… А хіба мала?

Сідар зноў адышоў да стала і седзячы спакойна слухаў, ды па слову кідаў у Клімаву гаворку, ахалоджваў яе. Адчуваў ужо і сам Клім, што супакойваецца ён і таму, каб ня здацца адразу, лёгка, ён наўмысьле злосна гаварыў, стоячы над самаварам:

— Усю гаспадарку к чорту зьнішчыць так можна. Ня скажуць толкам мужыку, што да чаго, плявузгаюць, а той думае, што адбіраюць, дык валачэ ўсё на рынак, а потым ні ў яго нічога ня будзе, ні ў калгасе… за дванаццаць рублёў каняку аддае, а то і проста б’е, келечыць, абы каб ня здаць у колгас… Нагаспадарыш з такімі… а каб растлумачылі як сьлед, дык хіба ён рабіў-бы так? Гэтым-бы і шаптуноў розных білі…

Сідар маўчаў і паціху ўсьміхаўся, чакаючы калі Клім выгаварыцца і сьціхне. Ён вельмі добра ведаў Клімаў нораў. Пачні хваліць, што занадта, як Клім злосна пачне хаяць тое-ж, прыдзірацца, шукаць хоць маленькае прычапкі, каб давесьці, што хвалёнае не заслугоўвае пахвальбы. А пачні хаяць сам і што Клім гэтак-жа злосна будзе бараніць. Адчуваючы сябе поўным гаспадаром у ва ўсім жыцьці, што ладзілася навакол яго, Клім лічыў сябе ў праве лаяць тое, што да яго было ня зусім добрым, але лаючы сам у той-жа час не дазваляў хаяць гэнае жыцьцё абы каму другому. Такі ўжо нораў. І Сідар моўчкі ўсьміхаючыся, любаваўся Клімам, чакаў пакуль ён сьціхне.

Самавар засіпеў, забулькаў, здавалася і ён паціху задаволена рагоча з Кліма. Вырвалася з самавару і пашла шызымі слупкамі пара. Клім хуценька схапіў і зьняў з самавара бляшаную настаўную трубу і самавар трохі прысьмірэў, пара з яго пашла павольней.

З крану ў вялікі белы, размалёваны чайнік цёк цурком вар. Клім на карачках стаяў ля самавару і, трымаючыся за кран рукою, пазіраў у сярэдзіну ў чайнік. Там мятусіліся, то тапіліся, то ўсплывалі напаверх цёмна-бурыя чайныя палачкі.

Сідар згарнуў газэту, паклаў яе на край стала і ўсьміхаючыся запытаў:

— Гарбата, значыць, гатовая? А дзе-ж гаспадыня?

— У коопэрацыі дзесьці, а гарбату мы без яе піць будзем, яна потым пап’е, — адказаў Клім.

— А я т’кі прызнацца, з ахвотаю пап’ю, прамёрз трохі, як быў на вуліцы.

Клім паставіў чайнік наверх на самавар, асьцярожна ўзяў самавар за вушы і перад сабою панёс яго на стол. Самавар усё яшчэ вурчэў і сіпеў, дражнячы сваёй цяплынёй. Сідар, схіліўшыся над сталом, узіраўся ў бліскучы самавар. Адтуль, з гладкае бліскучае паверхні яго бакоў усьміхаўся Сідару шырокі, расьцягнуты ўбакі незнаёмы твар. Сідар міжвольна зарагатаў.

— Ты чаго гэта іржэш? — запытаў Клім.

— Убачыў самога сябе ў самавары, вельмі даўно на сябе пазіраў.

— А-а-а-а! хм… знайшоў, называецца работу чалавек. — Клім усьміхнуўся. — А ведаеш, я далібог паехаў-бы цяпер у вёску так на месяц, на другі і здорава там рабіў-бы. Дарэмна беспартыйных не пасылаюць.

— Чаму не пасылаюць? Вось і пашлем, пачакай толькі трошкі. Тады, бацька, навядзеш там парадак.

— І навяду…

Пілі гарбату. Клім наліваў гарбату са шклянкі ў сподачак, падоўгу чакаў, пакуль яна зусім прастыне і тады піў. П’ючы казаў:

— І на заводзе варта-б, як кажуць, парадак навесьці. Нехапае яго. Нехапае гаспадарскага добрага вока. Хіба толк з нашае ліцейні? Хіба гэта работа? — Клім зноў загаварыў са злосьцю. — Не прадмет даюць для апрацоўкі, а глум адзін. Глумяць чыгун, псуюць. Ды каб на добрага гаспадара, дык так бы падцёг, а мы цацкаемся, угаварваем…

— Зноў забурчаў. А хіба карамі што зробіш тут? З адных пакараньняў мала толку будзе.

— Мала толку. Ну, дык угаварвай іх яшчэ, а яны будуць глуміць.

— Не-е. Трэба, каб ня толькі адміністрацыя гаварыла, а каб самі рабочыя, каб вось вы, токары.

— Дык ты-ж сакратар, чаму-ж ты гэтага ня зробіш?..

— Ну, во. Дык дай-жа мне, бацька, хоць слова сказаць. Я за гэтым і да цябе прышоў.

Клім сьціх. Але не пасьпеў Сідар пачаць гаворкі, як ён загаварыў:

— Узяў-бы, як сакратар падзудзіў нашых хлопцаў, у нас дружныя, дык мы-б іх і падцягнулі.

Сідар разьвёў рукі.

— Вось табе і на. Дык дай-жа мне сказаць. За гэтым, кажу: прышоў я да цябе. На бюро мы гэта абмеркавалі. А цяпер я да цябе прышоў, каб ты гэта організаваў. Разумееш?

— Я-та разумею, — адказаў Клім. — А ты пасабі. Прыдзі да нас на лятучку, ды сказані слова, а то ў мяне ня так складна выходзіць.

— У цябе ня выходзіць! Як-жа! Цэлую гадзіну гаварыў, мне слова ня даў сказаць і ў яго ня выйдзе… Дык умовіліся?

— Ну, а як-жа? Я здарма не гавару.

Потым, зачыняючы за Сідарам дзьверы, Клім яшчэ раз сказаў:

— Дык я лятучку пасьля заўтра ў полудзень зьбяру, а ты прыдзі, скажаш слова, пасобіш…


У пакой бюро, дзе быў Сідар, Клім забег проста ад работы. У пальцах ён трымаў даўгую, скручаную спружынай, жалезную стружку. Стружку, як падышоў, кінуў на стол перад Сідарам.

— Нашыя палуднуюць ужо, — прамовіў ён. — Я што трэба зрабіў, пагаварыў са старэйшымі хлопцамі, а на лятучцы зацьвердзім свае пункты. — Ён зноў узяў са стала стружку, пакруціў яе ў пальцах і сагнуў. Стружка разламалася адразу на тры кавалкі. Клім кінуў іх на стол, на паперы, што ляжалі перад Сідарам. Сідар скінуў кавалкі стружкі на памост.

— Дык ты прыходзь зараз-жа пасьля полудню. — Сказаў гэта, пастаяў хвіліну, штосьці ўспамінаючы, і выйшаў.

Насупроць акна вялікі забудаваны пляц. Яшчэ ўвесну мінулага году пляц пуставаў. На пляцу пасьвілася чыясьці карова, ды яшчэ хадзілі пад наглядам дзяцей дзьве гусі. Пляц зелянеў густой маладой муравой. На мураве гулялі гурбамі дзеці. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі, часта, схілялі нізка, над самай муравай свае даўгія, белыя, гнуткія шыі і, выцягваючы іх на ўсю даўжыню сіпелі ў бок на дзяцей.

Улетку пляц вымералі, абгарадзілі шчыльным плотам з дошчак-адпіловак і пачалі вазіць на пляц цэглу, жалезныя рэйкі і лес. Тады-ж і пачалі закладку падмуркаў для новых заводзкіх цэхаў. А пазьней усё лета на пляцу вяліся работы, з кожным днём усё вышэй і вышэй уздымаліся новыя заводзкія сьцены.

Сідар амаль кожны дзень бываў на пляцу і ня гледзячы на гэта, ён заўжды, як ішоў пасьля работы дадому, спыняўся ля плоту і праз вузкія шчыліны паміж дошчак, падоўгу пазіраў на пляц. За плотам доўга рабілі падмуркі. Пасьля доўга, так здавалася Сідару, выводзілі сьцены. Сьцены паступова вырасталі, сьцягвалі прастору пляцу ў няправільны абсечаны трохкутнік і поўнілі пляц сваёй сьвежаю чырваньню.

Паглядаў Сідар на пляц праз плот, аж пакуль ня выглянулі з-за плоту на вуліцу самі сьцены. Тады ў яго зьявілася другая звычка. Калі трэ’ было ісьці каля пляцу, Сідар паціхеньку ішоў тротуарам далей ад пляцу, каб бачыць адтуль будоўлю. Ідучы, сачыў за кожным, хто ішоў па тротуары, сачыў, як той пазірае на будоўлю. Калі ідзе хто і сьцішыць хаду, пазіраючы на будынкі, Сідар тады неўзаметку далучыцца да незнаёмага, пойдзе поруч з ім і запытае, паказваючы на пляц:

— Што, падабаецца?

І калі незнаёмы пытаўся, што там будуецца, Сідар ахвотна тлумачыў:

— Завод, новы завод. Вунь, бачыш, — гаварыў ён спыняючы незнаёмага, каб паказаць на стары заводзкі двор, — там стары завод і не завод, а хутчэй майстэрня, а гэта новыя цэхі будуюць ліцейня, кавальскі, такарны, бляшаны… Сідар спыняўся поруч з незнаёмым і разам з ім, нібы таксама ў першы раз, любаваўся вялікай будоўляй, заўжды знаходзячы ў ёй штосьці новае, чаго да гэтага не заўважаў.

Цяпер зіма. На пляцу маўклівыя, засьнежаныя будынкі новага заводу. Над прасторнымі іхнымі сьценамі ўжо стаяць даўгія кроквы. З-за гораду на новы заводзкі двор прыходзіць мяцельны вецер. Ён падоўгу блукае па над пустым дваром, шыецца ў рыштаваньні, злосна сьвішча, зблудзіўшы там, а вырваўшыся ганяе пад кроквамі сьнегавыя белыя табуны.

— Пазіраеш на новы?

Сідар уздрыгануў і адвярнуўся ад акна.

— На новы ўгледзеўся? — зноў запытаў Панас. — Ну, як вырашылі?

— Паедзеш. Месяцы на два, каб і сяўбу правесьці там — сказаў гэта не адрываючы погляду ад акна і дадаў: — а здорава ўсётакі мы расьцем. Летась вясною прыродай адсюль любаваліся, а цяпер завод. Цікавае, брат наша жыцьцё. Во, якое цікавае. — Ён разьвёў убакі рукі. — Ці даўно ў больніцы халоднай ляжалі, уцякалі адтуль, каб не скалець, ня было сіл паліва дастаць, а цяпер заводы будуем…

Адтаго, што ўспомніў Сідар барак-больніцу, Панасу захацелася таксама нешта сказаць, параўнаць тое, былое з нечым, але сказаў толькі два словы:

— Добра, брат… — і памаўчаўшы, пазіраючы на пляц, дадаў: — дык я днямі і паеду.

— Хочаш у такарны на мітынг? — запытаў Сідар. — Ліцейны такары ўльтыматум прад’яўляць будуць. Клім організаваў. Добры ён, бурчыць, як гаспадар, што-б не здарылася…

— Я не палуднаваў яшчэ — адказаў Панас, — пайду палуднаваць… А ў цябе кажух добры…

— Дык што з таго?

— А так, нічога, добра было-б у ім паехаць у вёску.

— Вунь куды ты гнеш! Падумаю, можа і дам табе. А ў цябе хіба няма чаго цёплага?

— Ёсьць паліто, я так, жартую.

Панас кіўнуў Сідару галавою, выбег з высокага ганку і гэтак-жа подбежкам прайшоў праз двор да сталоўкі.

VIII

Дарога роўная, гладкая. Яна выпаўзае з-пад ног і то нечакана губіцца ўперадзе сярод сьнягоў, у лагчыне, то разьбегшыся ўбакі, узьбягае на ўзгорак і іскрыцца адтуль, са сьцежак, выпрасаваных палазамі россыпам дарагіх, бліскучых каменьняў.

З узгорку дарога раптам спаўзае ўніз і хаваецца ў гушчары маладога зарасьніку, а адтуль зноў узьбягае на ўзгорак і на самай яго верхавіне застывае, залюбаваўшыся даляглядамі. З-за ўзгорку, насустрач ёй нясьмела выходзяць старыя бярэзіны. Скучыўшыся яны высока ўгару выцягваюць свае аголеныя верхавіны і палахліва ўзіраюцца ў далячынь, туды, адкуль прышла дарога.

У лагчыне за ўзгоркам, побач з бярэзінамі, талакою зьліліся сялянскія хаты. Над хатамі віецца шызымі слупамі дым. Як нейкія здані ўздымаюцца яны ў памутнелым паветры вечару, цягнуцца далёка ўвышынь, у марознае сіняе неба і адарваўшыся ад зямлі, расплываюцца там, растаюць.

З-за бярэзін выглянула белым, засьнежаным купалам царква і зноў схавалася, затаіўшыся сярод дрэў. Зірнулі з-за ўзгорку белыя, саламяныя стрэхі хат, узмахнулі пудліва шэрай плямінай комінаў і схаваліся, а яшчэ праз пяць хвілін ужо талакой цэлай выступілі яны і застылі на месцы.

Выбег з вёскі насустрач гасьцям абгароджаны парканамі вузкі прагон і за гумнамі затаіўся, схаваўся ў сьнягох, у баку ад дарогі. Са сьнегу мясьцінамі выглядаюць канцы жэрдак, ды яшчэ няроўныя крывыя колікі парканаў.

Віецца над вёскай шызымі слупамі дым, расплываецца ўгары па-над стрэхамі. З поўначы ціхімі ветрамі наплываюць густыя змрокі і поўняць сабою лагчыну. Паветра ў лагчыне гусьцее, разбаўляецца цьмянымі фарбамі, плыве ў вуліцу і лёгкай, мяккай змрочнасьцю атуляе хаты. Пустуе ў гэтую пару даўгая маўклівая вуліца. У вуліцы густыя частаколы і даўнія, выкладзеныя ў шулы платы. За платамі, пад старымі кучаравымі грушамі, прыселі да зямлі нізкія хаты і неасьцярожна цераз платы, з-пад чубатых, густых ігруш пазіраюць на вуліцу.

Вуліца нагадвае Панасу дзяцінства. Яна амаль зусім не зьмянілася і ўсё гэтак-жа нясьмела пазіраюць у вуліцу з-за платоў нізкія старыя хаты. Толькі яшчэ ніжэй да зямлі прыселі яны за гэтыя гады і яшчэ ніжай схілілі над дзіркамі вокнаў кучомкі саламяных стрэх.

— Жыцьцё тут, як вада ў копанцы, — кажа Панас, — адвык я ад такога жыцьця.

Упоруч з Панасам ідзе Камека. Але ён ня чуе Панасавых слоў, ідзе пазіраючы сабе пад ногі, штосьці думае. У яго такая звычка, ідучы думаць пра штосьці сваё. У такія хвіліны ён нічога ня чуе, ні на што не зварочвае ўвагі.

Маўклівасьць Камекава дзівіць Панаса, але ён ня хоча парушыць гэнае маўклівасьці і больш ня робіць спробы пачаць з Камекам гаворку. Моўчкі, кожны са сваімі думамі, прашлі яны і палову вуліцы. Тады загаварыў сам Камека:

— Мы да Галінінага сьвекра зойдзем, — сказаў ён, — сьвёкар ейны членам сельсавету састаіць. Так што ты адразу і яе пабачыш. — І за гэтым Камека ўсьміхнуўся, пазіраючы на Панаса. Зашлі ў двор.

У цёмных сенцах, перад хатнімі дзьвярыма Камека моцна стукаў аб падлогу ботамі, каб не занесьці ў хату сьнегу, а рукой шоргаў па дзьверах, шукаў клямкі.

Перагнуўшыся з запечку пазірала насустрач гасьцям гаспадыня. Узьняўся з лаўкі гаспадар, утыркнуў сьпічак у высокую лапцеву пяту і стаў пазнаючы гасьцей. А, пазнаўшы, падаўся наперад да Панаса, шавяльнуў усьмешкай густыя вусы і падаў руку. Падала маршчатую кволую руку гаспадыня і, вітаючыся, дапытліва, ўзіралася Панасу ў твар, пазнавала. Чырванеючы падала і хутка адабрала сваю руку Галіна.

— Дык вэнь хто да нас! — Гаспадар узяў акраўкі і, скруціўшы іх, паклаў у чыгун з цёплай вадой. — А мы думалі — другі хто, бо гарадзкія тут цяпер не навіна: то па падатку, то па лясных справах, то па якіх другіх, ды ўсё едуць… Дык ты гэна як да нас? — запытаў ён Панаса, — па службе, ці так праведаць?

— І не па службе, і ня так сабе, — адказаў Панас, — а парашыў паглядзець, як вы жывяцё тут, ды мо’ што параіць, як сваім…

— Яно дзякуем, — адказаў гаспадар, — мы рады новаму чалавеку, ды яшчэ свайму колішняму, дзякуем, мо’ што і параіш.

І гаспадар настарожыўся. Словы Панасавы ўстрывожылі састаялую было ваду ягоных думак і ў галаве пабеглі кругамі настарожаныя здагадкавыя мысьлі. Захацелася яму ўсьміхнуцца хітра, ледзь-ледзь і як свайму сказаць Панасу: ведаем, чаго ты прыехаў, пра колгасы казань казаць нам будзеш, але мы пра гэтае чулі ўжо, скрозь наўкола сябе чуем гэта кожны дзень і ты лепш не кажы болей бо ўсёроўна нічога ня будзе, лепш пра іншае што. Але не сказаў гэтага, а сеў на лаўцы з другога канца стала, абапёрся локцямі на стол і загаварыў пра другое, наўмысьле, каб адцягнуць увагу Панасаву ад нядобрых ягоных думак і каб тым самым хоць на нейкі час яшчэ адгарадзіць ад іх свой спакой. Але разам з тым, хацелася яму як мага хутчэй з вуснаў самага Панаса пачуць, чаго ён прыехаў і ў словах ягоных злавіць адгадку на свае мысьлі, што так трывожаць яго ў апошнія дні. І таму загаварыў ён так, каб і далёка быць ад трывожных дум і каб пачуць адгадку на іх.

— Яно так і трэба. Гарадзкія людзі багата чулі, багата бачылі, дык мо’ і пасобіце, каб тое, сёе, лепей зрабіць для нас. Што-ж пагаварэце, пакажэце, а мы народ стары, новага цяперашняга мы ня ведаем, дык вось паслухаем, падумаем, ды можа што і зробім пасьля, параіўшыся…

Гаварыў гэта, а ўнутры ў самога рос неспакой. За спакойным і хітраватым абліччам гэнага простага чалавека туляўся другі, напалоханы чуткамі і здагадкамі і той навязьліва шаптаў, адганяючы спакой: падумаеш? параішся? а як не дадуць падумаць? а што, калі і пытаць у цябе ня будуць, ці хочаш ты? што-ж тады?.. Гэны палахлівы чалавек сваімі шэптамі зноў абуджаў трывогу і перасіляў яе. І гаспадар змоўк, нэрвова зацерабіўшы вусы, і цяжка ўздыхнуў. А за гэтым зусім нечакана, злучаючы, што самі не здагадаюцца зрабіць гэтага, праказаў да жанчын:

— Гляк настаўце, мо’ гарбаты пап’юць людзі з дарогі.

Гаспадыня стоячы на запечку, дастала з печы лучыну, скінула яе на хату. Галіна ўзяла лучыну, распаліла агонь у жалезнай пячурцы, наліла шырокі жоўты гляк вадою і паставіла яго зьверху на пячурку. У гляк кінула малінавых цурак.

— Вось і госьці, — зноў загаварыў гаспадар. — Дык ты гэта, Панас, надоўга, ці мо’ хутка і паедзеш?

— Мусіць з месяц прабуду, а можа і болей, — азваўся Панас.

— Аж месяц? Уга! — Зьдзівіўся гаспадар і, памаўчаўшы нясьмела, прамовіў пытаючы:

— Дык мусіць усіх ужо ў колгасы заганяць будзеце?

Запытаўся пра гэта і настарожыўся, чакаючы што скажа Панас.

— Заганяць мы нікога ня будзем, — адказаў Панас.

Гаспадар не паверыў.

— Ня будзеце? Дык чаго-ж аж на месяц ты?.. Знацца ты па гэнай лініі прыехаў. Дык то цябе ад самае ўлады прыслалі, ці што? Знацца і ўлада загадвае гэта, у колгасы ісьці?.. Бог яго ведае, што гэта ўжо будзе, як гэта яно…

— Лепшае жыцьцё будзе, дзядзька.

— Лепшае? А хто гэта ведае, што яно лепшае будзе?

— Мы ведаем, людзі ведаюць.

— Людзі… А мы вось нешта яго, лешпага таго і ня бачым. Так вось дык людзі пачалі падымацца патроху, а цяпер што-ж, усё ні да чаго пойдзе…

— Няпраўда, дзядзька. Толькі так і даможамся лепшага, толькі так і падымемся.

— Можа, можа…

— Ён болей за ўсіх колгасу баіцца, — прамовіў Камека, — як загаворыш, дык ён ані блізка.

Гаспадар змаўчаў. Панас усьміхнуўся. Погляд ягоны сустрэўся з поглядам Галіны. Яна сядзела на ўслончыку каля печы і, слухаючы гутарку, ківала галавою і ўсьміхалася на сьвёкравы словы. Панас сказаў, усьміхаючыся Галіне:

— Чаго баяцца. Вось зьбярэмся, пагутарым і дзядзька першым у колгас запішацца.

— Не-е-а!.. — азваўся гаспадар, — я першым не запішуся. Пагляджу, як ужо там будзе, калі на тое ўжо пашло, а тады можа… Я хочу век свой яшчэ па-старому пажыць, як бацькі жылі…

— Каб не гнявіць бога жызьняй, — уставіла свае словы гаспадыня. А гаспадар, памаўчаўшы, дакончыў сваю думку.

— А гэта, хай ужо маладыя, як хочуць галовы свае круцяць. Выдзялю сыну долю і няхай ідзе сабе, калі хоча, а я ўжо так дажыву веку свайго… Можа маладым і лепш яно будзе…

У пячурцы зырка пылала смольная, сухая лучына. З вузкага, выгнутага глякавага горла пашла пара. Вада ў гляку забулькала, бурбалкі дайшлі даверху, закружыліся ў вузкім глякавым горле і закіпеўшая вада палілася цурком на пячурку, засіпела пенячыся на гарачым жалезе. А за акном, дзесьці ў паркане, даўно ўжо увяз вецер мяцельны і глуха злосна сьвішча, ды сыпле у асьветленае акно ахапкамі дробнага сьнегу.

Са сходу ў суседняй вёсцы Панас у Цярэшкаў Брод трапіў акурат на ігрышча.

У вялікай, прасторнай Ашуркавай хаце было душна, накурана, цесна.

Стол з хаты вынесьлі ў сенцы і на стале ў сенцах сядзеў хлапец з дзяўчынаю. Прыкрываючы дзяўчыну палой кажуха, хлапец туліў яе да сябе і, зацягнуўшыся папяроскай, пускаў ёй у твар табачны дым. Дзяўчына адхінала свой твар ад хлапца, хацела рукамі выбіць у хлопца з роту папяроску, а ён стрымліваў ёй рукі, зноў зацягваўся папяросай і абдаваў яе твар дымам.

— Прывыкай, — праказаў хлопец, зьмеціўшы Панаса. — У колгасе ўсім роўнасьць будзе, усе курыць будзем. — І сам зарагатаў. Загэтым праказаў да Панаса: — Праўда, таварыш, га?..

Панас зірнуў на яго, але нічога не адказаў і ўвайшоў у адчыненыя хатнія дзьверы. І стоячы на хатнім парозе, пачуў, як хлапец сказаў усьлед яму:

— Іч, сволач, ужо і гаварыць ня хоча… Угаварвае хлопцаў, каб ячэйку комсамольскую з’організаваць…

Каля дзьвярэй у хаце, каля акна супроць печы гуртам стаялі, прыбраныя па-нядзельнаму, дзяўчаты, чакалі пакуль запросіць хлапец у пару. Каля іх церліся адскакаўшыя, з успацелымі ілбамі хлопцы і багата курылі. Каля сьцен на лаўках сядзелі парамі дзеўкі і хлопцы, пазіралі на тых, што скакалі і пра нешта шапталіся. На самым куце хаты, пад абразамі, сядзелі музыкі. П’яны гарманіст рыўкамі шырока, на ўвесь мех, расьцягваў гармонь і не сьпяшаючыся перабіраў агрубелымі і тонкімі пальцамі белыя, пажоўклыя гузікі галасоў. Гармонь зьдзіўлена, шырока раскрывала складкі свайго меха, піскліва ўскрыквала і зноў зьбірала іх, каб разгарнуць яшчэ шырай. А гарманіст перабіраў пальцамі гузікі галасоў і, схіляючы нізка да гармоні вялую ад віна галаву, услухоўваўся ў яе стомленае дыханьне і здавалася, што за яе крыклівай музыкай ён чуе другую, нутраную яе музыку, больш мілагучную, яму аднаму зразумелую. Побач, цяжка ўздыхаючы охаў бубен і часта знэрвована браскаў, навешанымі на яго лубок, бляшкамі.

Гармонь цяжка ўздыхала, разгортваючы свае складкі і выгінаючыся выкрыквала даўно прывычныя ёй:

Цім-там, цім-там, ціль-ліль, лім-там, цім-там, цім-там, цім-там-там.

Цім-там, цім-там, ціль-ліль, лім-там, ціль-ліль-ліль-ліль, лім-пам-пам…

А на сярэдзіне хаты густа мятусіліся спацелыя пары, мерна выраблялі нагамі нескладаныя «па» танцу, цяжка саплі, выціралі пот гразнымі хустачкамі і зноў кружыліся, а адскакаўшы хлапец вёў дзяўчыну за руку праз круг у сенцы, каб астыць.

На парозе Панаса сустрэў гаспадар. Павітаўся.

— Гуляюць, — ён паказаў на моладзь, — а пра жыцьцё мала думаюць, ім хоць-бы што, не далёка адышлі ад бацькоў… Цяжка з нашымі людзьмі зрабіць што…

Выйшлі ў сенцы. Гаспадар шукаў вядра, каб пайсьці напаіць карову. А стоячы з вядром дадаў:

— Каб часьцей хіба да нас езьдзілі, ці каб блізка ячэйка дзе была, а так мала толку…

У сенцы з хаты вышла Галіна.

— Ты тут ужо? — запытала яна, — спрытны! І на сходзе мусіць пабыў і на ігрышча пасьпеў:

— А як-жа, — адказаў Панас, — не аднымі-ж сходамі мне жыць.

Як вышлі на двор Галіна сказала:

— Пётра добры чалавек, ён цябе вельмі любіць і ня супроць колгасу, але баіцца, затукаюць тады людзі. І ён не адзін такі…

Гаспадар адчыніў хлеў. Вароты ў хлеве рыпнулі, адкінуліся аж да сьцяны і абвісьлі на шуле, расчыніўшы халодную, цёмную пустэчу прасторнага хлева. Хлеў стары, сьцены на сярэдзіне абселі ніжэй, мусіць згнілі падрубіны, а ад гэтага абсела, увагнулася на сярэдзіне страха.

З хлева выйшла да студні бурай масьці карова, стала каля карыта і маўкліва пазірае кудысьці за двор, піць ня хоча. У каровы абвіс жывот, сьпіна ўвагнулася і выразьней выпукліліся на сьпіне косьці, а на баку абвіслы жывот нацягнуў скуру і з-пад скуры, выпінаючы яе, тырчалі сухія каровіны рэбры.

Нядаўні вецер-віхор вырваў са страхі на сярэдзіне цэлую лапеку струхнелай, даўняй кулявой саломы і агаліў паміж кроквамі сьсінелыя, сухія, даўнія асінавыя латы. Сьнегу на страсе няма і латы гэныя на бурай, струхнеўшай саломе тырчаць голымі, пачарнелымі пярэбрынамі.

— Маемасьць… — праказаў нібы сам сабе Панас. — І ў большасьці-ж у вашых такая, а ў колгас іх на вяроўцы трэба цягнуць… І чаму такія дзівакі ў вас людзі? — запытаў ён, — няўжо ня вераць, што ў колгасе лепш будзе жыць.

Галіна адказала ня зразу. Вуліцаю ішлі да Пётравага дзядзінцу чацьвёра мужчын. Галіна ўзіралася ў іхныя твары і, пазнаўшы іх, сказала Панасу:

— Хто і верыць, да баіцца, а большасьць ня верыць, самі ня ведаюць, чаго яны хочуць. Гавораць рознае. Як цябе няма, дык такое пра колгасы гаворыць, што страх бярэ.

Падышлі з вуліцы мужчыны. Сьвёкар Галінін першы падаў Панасу руку і запрапанаваў закурыць. А калі да ягонага кісету працёг руку адзін з хлапцоў, ён хуценька зашмаргнуў кісет і паклаў у кішэнь. Хлопцу сказаў.

— Цяпер, браце, ня тыя часы, каб другіх табачком частаваць, самому няма чаго курыць. — І зьвярнуўшыся да Панаса, запытаў: — Ну, дык як-жа, ці пішуцца хоць дзе людзі да цябе ў колгас?

— Будуць пісацца, — адказаў Панас, — ня ўсё-ж адразу. Я хачу, каб цярэшкаўцы першымі запісаліся.

— Э-е, не, мы ўжо потым, за другімі хіба.

— Усё вы потым. А хай-бы ж другім прыклад паказалі. Я вось дзіўлюся на Пётраву маемасьць. І ў хляве са страхі і рэбры тырчаць, і ў каровы рэбры тырчаць. А ў вас-жа ва ўсіх амаль такая маемасьць… І я разумею, ну, калі чалавек яшчэ троху багата жыве, ды баіцца новага, шкадуе, а то-ж ня жывуць, а гніюць людзі…

— Ды яно праўда, гніюць, — азваўся адзін з мужчын.

— Бо жыць не даюць, — перабіў яго другі.

— О! зноў тое-ж, жыць не даюць. Ды хто не дае? Ну, няўжо-ж вам вось ад такога жыцьця шкода адчурацца? Гэта-ж пекла, а ня жыцьцё. Ужо горшага пэўне-ж нідзе ня знойдзеш.

— Ды канечне-ж, ня добра мы жывем, — азваўся Галінін сьвёкар — але ў колгасе яшчэ горш будзе.

— Вось табе і на! Ды горшага-ж жыцьця ад вашага і ня прыдумаеш, хоць-бы і хацеў.

Тады загаварыў Мышкін:

— Панас праўду кажа, тут як ні круціся, дык праўда. Як ні круціся, — праўда. І мы, Панас, ня супроць колгасу. Гуртам, талакою лепш, спарней, хто-ж гэтага ня ведае, але другога людзі баяцца, я так думаю, баяцца, што ну, скажам, чалавек на сваёй рабоце, дык ад досьвіцьця на работу стане і не глядзіць, пад’еў ён, ці не, а работы ня кіне, а тут па несьвядомасьці, думаецца, што не на сябе ўжо, на казну рабіць, дык чалевек і ня будзе старацца… Ня будзе ладу ў рабоце, гэтага людзі баяцца.

— Дык канечне-ж, — умяшаўся ў гутарку сьвёкар Галінін, — зраўняў чалавек работу. Адзін рабіць будзе, а другі ў цянёк пад кусты пойдзе, прахаладзіцца.

— Ды чаму вы так думаеце, што ўжо і ў кусты?

— А што тут думаць? Хто гэта ахвоч на казну рабіць?

— Далася вам гэтая казна. Самі на сябе рабіць будзеце, а не на казну, свая-ж гаспадарка будзе, а не дзяржаўная. Дзяржава ’шчэ дапаможа. А што да згоды, ладу, дык ад саміх залежыць. У колгасе менш сварыцца будзеце, чым цяпер. Цяпер вы адзін ад другога адгароджаныя, кожны ў свой бок пазірае, цягне, а там вось і будзе лад, сяброўства…

— Не, чалавеча, быў лад, было сяброўства колісь паміж народам, а цяпер няма яго, згінула. Як вугальля гарачага вы паміж людзьмі накідалі, усё згінула цяпер, злосны народ стаў, друг дружкі баяцца, хаваюцца друг ад дружкі, так і глядзіць кожны, каб другога ўтапіць… Колісь народ сяброўскі быў, а цяпер не-е!..

— Ну, гэта ня зусім так, мала таго сяброўства мусіць было. Сябравалі, а па судох век цягаліся.

— Дык яно канечне-ж не бяз сваркі, у сям’і нельга, каб бяз сваркі пражыць. Бывала і бацька з сынам сварыцца, ды судзіцца і брат з братам, сам ведаеш-жа, пры дзяльбе бацьку твайго забіў брат, але ня тое…

— А вось у колгасе і ня будзе гэтага, ня трэба будзе ірваць на кавалкі дабро, ды біцца з-за гэтага, бо ўсе рабіць будуць і мець будуць.

— Хто-ж яго ведае, дай бог таго дачакацца.

Зноў пачалі закурваць. Галіна разьвіталася і пашла ў вуліцу, да дому. Мужчыны моўчкі стаялі пасярод двара, курылі, а ў хаце гармонь пасьпяваючы за тупаньнем лёгкіх, гнуткіх ног, выкрыквала сваё, даўно знаёмае ёй, толькі ўжо больш пісклява і задзіраста.

IX

Гэта быў трэці сход.

Панас сядзеў каля стала і слухаў уступную, перад пачаткам сходу прамову Камекі.

На дошках, прымайстраваных гаспадаром замест услонаў, шчыльна сядзелі ў кажухох, кучомках-шапках і суконных хустках сур’ёзныя і маўклівыя людзі і слухалі прамову. Панас уважліва ўзіраецца ў іхныя твары, хоча ўбачыць, адгадаць, што затоена ў думках іхных, чаго яны чакаюць ад сходу, чым скончыцца гэты трэці сход. І нічога ня можа ўгадаць. Ён бачыць перад сабою іхныя худыя, маршчатыя паўжоўклыя і бледныя твары. Бачыць на некаторых тварах буйныя каплі нездаровага поту. Бачыць іхныя вялікія, патрэсканыя, пазьбіваныя і ў мазалёх рукі, бачыць і парваныя старыя кажухі, лапленыя, парыжэлыя армякі і сьвіткі. Бачыць змучаныя, са сьлязьлівымі вачыма твары старэйшых жанчын, іхныя ногі ў лапцях, з высока закручанымі па пачосных анучах і грубых парцяных панчохах аборкамі. Бачыць і асобныя новыя, жоўтыя кажухі і сьвежыя, з чырваньню твары, але погляд не затрымліваецца на гэтых, нешта прыкоўвае яго да спацелых, бледных твараў, да худых вялікіх рук, што трасуцца, калі чалавек уздымае іх, каб расшпіліць каўнер армяка, ці зьняць шапку. Панас уяўляе жыцьцё гэтых.

Цёмныя, цесныя хаты з земляною падлогай. Бруд, гразь, напоўгалоднае існаваньне, замурзаныя, палахлівыя дзеці.

Жаданьне чагосьці лешпага, праклёны і нянавісьць да таго, што ёсьць і страх, вечны страх перад тым, што будзе.

Хочацца Панасу ўзьняцца, кінуць гэтым людзям гарачыя і цяжкія словы праўды пра іхнае жыцьцё, распаліць у іхных сэрцах веру ў тое жыцьцё, у якое так моцна верыць ён сам. Маўкліва сядзяць людзі і пазіраюць нямымі поглядамі вачэй, у якіх не адгадаць, што схавана, што затоена, ці то страх, ці то надзея, ці то просьба аб нечаканым, ці то нянавісьць да чагосьці.

«Трэба сказаць ім так, каб зразумелі, што я для іх, для іх жыцьця лепшага хочу», — думае Панас. І як толькі змоўк Камека, ён стаў ля стала і, хвалюючыся ад багацьця простых і шчырых думак, пачаў гаворыць.

— У жыцьці вашым і цяпер яшчэ многа жудаснага, цяжкага, цёмнага. Цяжкая доля, з холадам, з голадам увесь век ходзіць поруч з бедняком, з яго дзецьмі. Гэтая доля засталася ад нядаўняга яшчэ мінулага. Тады з аднаго боку былі і голад, і жабрацтва, і ўвесь век бяз конца цяжкая праца. Гэта было для рабочага і селяніна. А з другога боку былі сьветлыя палацы, аздобленыя золатам, раскош, маёнткі ў тысячы дзесяцін зямлі і сытыя, за чужую працу, жыцьцё. Гэта было для абшарнікаў і капіталістаў. Усё гэта навекі зьнішчана рэволюцыяй, каб на зямлі было жыцьцё шчасьлівае, радаснае, каб было разумнае жыцьцё роўных людзей. Але гэтае сьветлае жыцьцё ня прыдзе само, яго трэба рабіць самім нам. Шляхам да такога жыцьця і ёсьць жыцьцё колгаснае. Вось чаму мы ў трэці раз зьбіраемся каб давесьці, каб пераканаць вас, што няма іншага шляху для выйсьця з паняверкі, з жабрацтва…

Сход маўкліва, напружана слухае словы Панасавы і аднекуль з гэтае напружанасьці вырваўся крык, спыніў Панаса:

— А дзе-ж выйсьце, скажы, дзе?

— Ага, дзе, дзе яно? — падтрымалі яшчэ некалькі галасоў.

— У стварэньні колгасу выйсьце, вось дзе, — адказаў Панас, — іншага выйсьця няма, іншы шлях, гэта той-жа стары, назад да старога.

— Дык чаму-ж, — запытаў той-жа голас, — няма таго, пра што кажэце вы? — і за ім хтосьці ў паўголаса праказаў з сярэдзіны сходу:

— У іх па тэорыі ёсьць, а на практыцы ўсё па іншаму.

Панас узіраецца ў сход, хоча адгадаць, хто гэта гаворыць, але ня можа і спакойна адказвае:

— Няпраўда, грамадзянін, ёсьць і практыка, і вельмі добрая. Ёсьць нямала колгасаў, комун, вось хоць-бы Навікоўская ў вас у раёне.

— Дзякуем, таварыш — адгукнулася некалькі галасоў, — за такое дабро! Ня дай ужо бог пазнаць такое жыцьцё, як у іх.

— Чаму? А што-ж такое там страшнае? — пытае Панас.

— Чаму? Ня ведаеце? Дык я скажу, перад усімі скажу перад народам…

З ложку узьнялася жанчына, расхінула каўнер кажуха, адкінула з галавы на плечы хустку.

— Бяднячка я, усе гэта ведаюць. Я была ў Навікох у комуне, я паспытала, што ёсьць за шчасьце ў комуне. Прывезла я ў комуну і коніка, і калёсікі, і плужок і кароўку з цёлкаю. — Яна заплакала і гаварыла далей праз сьлёзы, расьцягваючы словы. — Гнула сьпіну, гаравала працуючы ад цёмнага і да цёмнага, шчыра, сумленна, недаядала, недапівала, а там такая бядаку нашаму пашана, што калі хворы ты, дык гультай і вон ідзі… Каскевіч там над усімі пан… Выгнаў з конікам адным, з санямі паламанымі, а карову ўзялі, сьвінак узялі… Ня ведаеце? Дык я скажу, як там жывуць. Голыя, ды босыя ходзяць усе, толькі ён у боціках ды паліто, толькі ў яго пакоі, а ў комунараў вошы па сьценах поўзаюць, хлеб з прусакамі ядуць яны… Вось чаму я ад такога жыцьця ўцякла, каб ня знаць яго болей ніколі, каб ня ведаць…

— Ведама-ж, ад добрага жыцьця не пабяжыць наўцёкі чаларек, — праказаў хтосьці са сходу.

— Дзе-ж бы я ад добра ўцякла. Дзеці там голыя, босыя хварэюць усе ад жыцьця таго.

Спрачацца словамі было дарэмна і Панас, парашыў, што лепш будзе паслаць ад вёскі ў комуну сялян, каб яны паглядзелі самі, каб самі праверылі жыцьцё ў комуне. І калі сход крыху змоўк, ён запрапанаваў паслаць у Новікі дэлегацыю.

— Няпраўду цётка пра комуну кажа, наманіла багата, дык няхай дэлегаты самі паедуць і правераць, — сказаў ён.

— Ня трэба нам дэлегацыі, — закрычала зноў некалькі галасоў, — і так тое ведаем.

— Вось-жа ня ведаеце, верыце ўсяму.

— Бо так яно і ёсьць, таму і верым.

Але большасьцю сход згадзіўся з прапановаю і дэлегацыю вылучылі. Калі галасавалі склад дэлегацыі, з сярэдзіны нехта праказаў:

— Словам ня верым, бо, як кажаце, дык па тэорыі так, а на практыцы іншае, як той казаў…

Панас заўважыў таго, што гаварыў і зьвярнуўся да яго.

— Адкуль ты гэта бярэш, дзядзька?

— Бачу сам усё.

— Што? Дзе?

— Скрозь, ага, скрозь, дзе не пайдзі. У коопэрацыі, у горадзе. Летась езьдзілі, езьдзілі, угаварвалі, што даўгунец, а мы, дурні паслухалі, узялі, а як пасеялі, дык каратун вырас. А з ячмянём зноў-жа. А чорт-жа вас ведае! Па тэорыі-ж вашай ён даўгунец быў… Вы-ж усё прасьвяшчаеце…

— Яны беднату прасьвяшчаюць, а ў беднаты ад сьвятла гэтага хутка вочы на лоб павылазяць.

Панас ня зьмеціў, хто сказаў гэтыя словы і таму нічога не адказаў на іх, уважліва слухаў кароткія, крыклівыя і ціхія сказы сялян, і думаў, як адказаць на гэтыя сказы, каб сход зразумеў яго. А сход гаварыў. І ў кароткіх сказах былі і скаргі і неразуменьне і захаваная злосная гіронія.

— Раней на хутары нас гналі, — гаварыў адзін, — цяпер у колгасы гоняць.

— З нас душу выцяглі, пятлю на нас надзелі з хутарамі гэтымі.

— Як бралі каменьне вазіць, дык абяцалі і хлеба і цукру, і табакі, а цяпер кукіш, муку чорную даюць прэлую і ня ведаем мы, ці кулак нас мучыць, ці іншы хто.

— Правільна, правільна кажа!

— Чаго вы ад нас хочаце? Чаго да нас прыстаеце? — закрычала некалькі жаночых галасоў. Панас хацеў жанчынам адказаць адразу, адказаць так, каб зразумелі яны.

— Таварышы! Мы працуем, каб…

І ня скончыў. З кута каля печы мужчына крыкнуў:

— За грошы добра працуеш ты, за максымумы добра вам, а на наша месца стань!..

Панаса кальнула ў сэрца гостраю голкаю крыўды. Зьнікла думка, якую хацеў выказаць перад гэтым. Хацелася крыкнуць на гэныя словы сваімі, гарачымі, цяжкімі, але зноў стрымаўся, бо ззаду ўзьняўся стары, пераступіў праз пярэднія рады, зьняў шапку і дрыглівым голасам загаварыў:

— Я увесь век свой, таварыш, аж сорак пяць год у колектыве пражыў, а цяпер зноў вы зганяеце… — Нехта зарагатаў. Стары змоўк, азірнуўся наўкола і сеў.

— Ён у пана парабком быў, — растлумачыў нехта. Дзед пачуў гэта, зноў узьняўся, зноў загаварыў:

— Вызвалілі нас было ад паншчыны, ад званкоў гэтых, а цяпер, знацца, зноў званкі, а мы ненавідзім іх… — І дзед зноў сеў, тады загаварыла хутка, захліпаючыся ад уласнае гаворкі, старая жанчына.

— Праўду, Дзямід, кажа, праўду, чаму зноў званкі? Дайце пажыць нам хоць некалькі год вольна, дайце паспрабаваць вольнага жыцьця. Я хочу жыць вольна, каб ніхто нада мной не стаяў, а тут зноў у парабкі ідзі ў тым колгасе…

Сэрца Панасава крыўдай балючай сьціскаецца, чаму не разумеюць, што колгас, іхная гэта гаспадарка.

— Чаму ў парабкі, — пытае ён. — Колгас-жа гаспадарка будзе. Усіх вас.

— Не, ваш! ваш, а ня наш! — адказвае жанчына. — Што вы захочаце, тое і будзе.

— Вы гаспадары поўныя ў колгасе будзеце. Там усё ваша будзе, толькі не аднаго каго, а ўсіх вас, — кажа Панас.

— Дзе там наша! — зноў крычыць ужо жанчына. — Дайце па дзевяноста рублёў пэнсіі, як рабочым, дык усе ў колгасы пойдзем, а тое, што ты, таварыш, гаворыш, хто яго ведае. Ні цябе, дык іншага чорта лысага пасадзяць на нашую галаву.

Камека да гэтага сядзеў моўчкі, слухаў і курыў. Цяпер ён парашыў умяшацца ў спрэчкі.

— Сорам, грамадзяне, — загаварыў ён, узьнімаючыся за сталом, — як гэта вы не разумееце, што таварыш кажа. Увойдзеце ў колгас і ўсё: дома гаспадар і там гаспадар, толькі над усім ужо гаспадар.

— Над усім і усе гаспадары, а гаспадаркі і ня будзе, — праказаў нехта.

— Што вы захочаце, тое і будзе ў колгасе.

— А мы хочам без колгасу, каб было.

— Бяз колгасу нельга, як таварыш сказаў. Адзінае выйсьце — колгас.

— А што будзе, — запытала жанчына, — калі я не пайду ў колгас, вось рэжце, страляйце мяне, а я не пайду? Што?

— Што? — Камека на поўхвіліны задумаўся. — А вось ты гаспадар, едзеш па шляху і ўсе мы з Цярэшкавага Броду едзем, а на шляху плот загарадзілі, дык ці мы аб’яжджаць яго будзем, ці адкінем ў бок за шлях, каб ня шкодзіў? Мне здаецца, што ўсё зразумела. Калі ўся Беларусь, увесь СССР пашоў ў колгасы, дык адзін нічога ня зробіш…

— У кусты значыць?

І за гэтым загаманіў разам сход, закрычаў і ўсё, і словы Камекі, і крыклівыя словы жанчыны, што спрачалася з ім, згубіліся ў агульным гомане. Камека яшчэ нешта гаварыў, потым змоўк і назіраў на сход, ківаючы галавою Панас узяў слова, каб растлумачыць тое, што сказаў Камека.

— Ня у кусты, таварышы, — праказаў ён, — гэта няправільна будзе, гэта ніхто рабіць ня будзе. Мы пераконваем вас ісьці ў колгас таму, што няма іншага шляху ў селяніна, каб палепшыць сваё жыцьцё, а хто ня схоча ісьці ў колгас, яго воля. Няхай сам вырашае як зрабіць, але вядома справа, што калі ўся вёска ў колгасе, а адзін ці два не, дык не дадуць-жа ім зямлі ў цэнтры колгасу, а з краю адрэжуць дзе-небудзь, вы гэта самі разумееце.

— А як усе ня пойдуць?

— Чаму ня пойдуць? Я думаю, што мы ўсё-ж даб’ёмся організацыі колгасу, растлумачым вам усё і колгас організуем. Я ўпэўнен, што калі ня ўсе, дык большасьць будзе ў колгасе і ўжо вясною вы колектыўна выедзеце на колгаснае поле…

Яшчэ доўга цягнуўся сход. Гарачыя бурныя спрэчкі то вырасталі ў агульны гоман і тады нічога нельга было разабраць у ім, то пераходзілі ў крыклівыя кароткія прамовы асобных сялян, якія ў гэтую сваю прамову ўкладалі толькі свае ўласныя жаданьні і сумненьні, то прымалі характар перамоў паміж Панасам і адным якім-небудзь селянінам, то зноў перарасталі ў гоман.

У хаце душна і чадна ад накуранага дыму. Сіні махорачны дым вісіць пад стольлю ў хаце, нібы туман і ахутвае сабою твары людзей. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа.

Было чатыры гадзіны ночы. На дварох пад павецямі, на седалах, даўно ўжо тукалі адзін аднаго пеўні.


Мулка стаяць каленамі на цьвёрдым таку. Ныюць ногі. Каб адначыць і падумаць, Клемс сеў на варотніцу, выцяг перад сабою ногі, веялку кінуў на мякіну.

Управа ад яго ног, кучка нязьвеенага яшчэ жыта. Далей, у перадзе невялікім паўкругам мякіна, а яшчэ далей таксама паўкругам, чыстыя жытнія зерні. Зерні ляглі густа і ад таго, што чыстыя яны, здаюцца вельмі буйнымі. Клемс узяў жменю нязьвеенага жыта, пачаў перасыпаць яго з далоні на далонь. Мякіна адлятае ўбок, а на далоні застаюцца чыстыя сухія зерні. Ён памацаў зерні пальцамі, паважыў іх на руцэ і сыпануў у зьвеенае. Зерні забраскалі і зьніклі ў кучы.

«Пудоў каля дваццаці набярэцца…» — падумаў Клемс… Пасядзеў яшчэ колькі хвілін моўчкі, блукаючы позіркам на пукатым, чыстым зерні. — «А іць тады яго ў адзін засек ссыпаць трэ’ будзе, у адзін засек…»

Зноў падкурчыў пад сябе ногі, падгроб веялкай пад калены мякіну і пачаў веяць. Ад веялкі далёка адлятаюць і кладуцца прыгожым паўкругам, калі махае рукою Клемс, чыстыя зерні. У перадзе блізка паціху сьцелецца ў паўкруг мякіна.

Сьцелецца мякіна і роўна, спакойна плыве дума. Ужо ўсё вырашана, засталося толькі сказаць пра сваё рашэньне жонцы. Сказаць трэба хутчэй, не адцягваючы гэтага да апошніх дзён, бо трэба даць ёй часу пасварыцца, пабурчаць і падумаць. Думае гэта Клемс і, падграбаючы ў веялку апошнія зерні, мяркуе, як, прышоўшы з гумна, загаворыць з жонкаю, як скажа ёй самае галоўнае. І самае цяжкае Клемсу сказаць, а потым няхай злуе яна, няхай сварыцца, потым ён зможа адгаварыцца.

У хату Клемс прышоў з гумна, як зьмерклася. Жонка сказала нешта ветлівае насустрач яму і хутка паставіла на стол страву. А сама села на запечку і пачала апавядаць пра навіны, падслуханыя на вуліцы. Клемс моўчкі еў, не адзываўся на яе гаворку, некалькі разоў клаў лыжку, зьбіраючыся пачаць гаворку сваю, але не адважыўся, толькі раззлаваў і скончыўшы вячэру, пашоў паіць каня. Ад злосьці пакрыкваў на каня, што той ня п’е, а набірае ў рот вады і, жуючы губамі, вылівае яе пад ногі Клемсу. Але ў хлеве, падкладаючы каню сена, зьмяніў настрой, парашыў, што прыдзе ў хату і скажа жонцы, што трэба, а яна, хай як хоча потым, хоча маўчыць, хоча, хай сварыцца. Калі клаў сена, конь усунуў галаву ў ясьлі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. А, не знайшоўшы, пачаў церціся галавой аб руку гаспадарскую. Клемс пахлопаў далоньню каня па падбародзьдзі, правёў рукой па яго шыі пад грывай.

— Ды іць і цябе, брат, тады ў адну кучу…

Конь на словы гаспадарскія зафыркаў, матнуў галавою, узяў у губы некалькі каліў сена і так трымаў іх, не перажоўваючы. Клемс яшчэ раз пагладзіў каня рукою па шыі і вышаў.

Калі ён вярнуўся ў хату, жонка на печы клалася спаць. Ён распрануўся, сеў, на лаўцы насупроць печы і пачаў разувацца. Парашыў пачынаць гутарку зараз-жа і прамовіў неяк нават нечакана для сябе:

— Гэта-ж прыходзіў зноў той, Панас.

Жонка пазірае моўчкі.

— Яйбо…

— Чаго яго носіць?

— Хоча ўсёткі ўламаць нашых.

— Так і ўломіць. Хай пачакае яшчэ трошкі… І для каго ён толькі стараецца?

Жонка пачынала злаваць. Клемс, як скінуў адзін бот, так і сядзеў, не разматаўшы анучы.

— Для сябе стараецца, для людзей. І ўломіць. Ты думаеш не?

— А хто гэта пойдзе?

— Людзі пойдуць. Чаму не пайсьці?

— Можа і ты вось пойдзеш? Га?

— А хіба я горшы за другіх? Я вось і думаў… Мы сёньня з Яўсеем раіліся. Можна і пайсьці. І Тодар-бы пашоў, і Пётра, і Палашка… Жонка настарожылася.

— І ты з імі ў кунпаніі?.. Здурней вось! Чаму разумныя людзі ня ідуць? Нябось Гарбулі ня пойдуць…

— Іх і ня прымуць, хоць-бы і хацелі яны.

— Ня прымуць! А ты і рад, што цябе прымуць. Кожнага дурня прымуць, абы ішоў!

Яна села на печы, зьвесіла на запечак ногі.

— Розуму дзесьці набраўся, пойдзе ўжо… Табе канечна, першаму лезьці ў гэта, ня ведаючы, што будзе. Век свой ты так: Як што якое, дык ён наперад: я тут, мяне! Асэсар-та такі… Пайдзі, пад’ясі вось хлеба там, можа, дась бог, паспытаўшы, назад вернешся… Паспрабуеш, як гэта кішкі мэтрамі дзеляць.

… Ідзі, ідзі...

— Ды чаго гэта ты разышлася? Які гэта дурань кішкі дзяліў? Можа яшчэ і вас там дзяліць будуць, у каго жонкі няма?

— А мо’ і не? А што людзі кажуць, паслухай.

— У-у, каб цябе з людзьмі такімі!..

Старая ня сьціхала. Раззлаваная, яна хутка сыпала словамі.

— Дабро ўбачылі, рады, што іх просіць туды нейкі чорт лазаты, а чаму ён сам ня ідзе? Сам толькі езьдзіць, ды ўгаварвае! Хай бы-ж у горадзе раней колектывы рабілі, дык не, яны з мужыкоў нашых усё хочуць… пайдзі вось, здурней на старасьці!..

А Клемс як пачаў разувацца, дык так і сядзеў з адной неразутай нагою. Добры настрой зьнік, як яго ня было. Зьявілася злосьць на жонку.

— Вось намалола, каб табе язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш? Захочу, — пайду і цябе ня спытаю.

— Ня спытаеш? А ці я ня часьніца ў дварэ? Пайдзі!..

— Я табе такую чась задам, што ты і месца ня знойдзеш! Гарбулі ёй хеўра…

— А табе Палашка хеўра?

— Маўчы! А то ботам кіну!.. Цыбуля гэта…

— Дык і ты-ж маўчы, мурмоль стары, ня думай, што ты разумней за ўсіх?

Клемс не адазваўся. Ён плюнуў сабе пад ногі, паправіў на назе анучу і зноў абуў бот. Потым узяў кажух і, не распранаючыся, лёг на лаўцы тварам да сьцяны.

Клемс усе гэтыя дні хадзіў неспакойным, крыху узлаваным. Пачалося гэта з тае пары, як у вёсцы зьявіўся Панас. А ўся справа была вось у чым. Чуткі пра колгас у Цярэшкаў Брод трапілі не адразу. Спачатку яны спляталіся дзесьці далёка, аж у суседнім раёне і адтуль даходзілі заблытанымі, нявыразнымі, як нешта далёкае, што ня мае адносін да Цярэшкавага Броду. Ад таго яны Клемса і непакоілі. А цяпер, яно, тое, што ўкладаў Клемс у разуменьне колгасу, падступала балюча да грудзей і пытала: ну, а як-жа ты, як-жа ты вырашыш, куды-ж ты пойдзеш? Цяпер яно не адыходзіла, не давала нідзе спакою. Прыдзе Клемс у гумно, стане ў таку, а з бакоў нахіляюцца абскубленыя торпы сена, саломы, кулёў, цягнуцца гострымі канцамі каліў да нутра самага і пытаюць: а як будзе тады? Чыімі тады будуць кулі і сена? Ляжа ўвечары спаць і доўга ня можа заснуць, варочаецца з боку на бок, нэрвуецца, а яно ўсё не адыходзіць. Мысьліў, што ўвесну перасыпле хлявы, купіў сем пнёў лесу для гэтага, а цяпер як? Рабіць, ці не?

Калі гаворкі пра колгасы хадзілі яшчэ далёкімі ваколіцамі ў баку ад Цярэшкавага Броду, Клемс як і другія, зараней парашыў ня верыць, калі пра колгасы будуць добрае гаварыць і зараней гарадзіўся ад колгасу сьцяною сваіх, важкіх, як яму здавалася, меркаваньняў. А тут зьявіўся Панас і ўсё зблыталася і першы-ж сход гэную сьцяну разбурыў. Панас гаварыў пра жыцьцё праўдзіва і так, што ў ягоных словах Клемс чуў свае думкі, якіх ён, праўда, ня мог выказаць. Клемс злаваў, нэрваваўся, адчуваючы, што нявер’е ягонае разбураецца, што ўсё менш і менш застаецца для яго падстаў, але на сходы ішоў, слухаў Панасавы гаворкі і спрачаўся з Панасам злосна, задзіраста. Задзірастасьць гэтая была сродкам абароны ягонае ад Панаса. Ён разумеў, што Панас адгадаў яго і таму наўмысьле б’е словамі па-ягоным самым слабым і самым балючым месцы. Уздумае Клемс пярэчыць, а Панас адразу скажа тое-ж, толькі па-свойму, інакш, але так, што пярэчыць больш нельга і Клемс пасьля гэтага згаджаецца, або садзіцца і маўчыць.

На трэцім сходзе Панас наўмысьле, так думаў Клемс, запрапанаваў Клемса ў складзе дэлегацыі, якую пасылалі ў Новікі. Клемс пярэчыў, адмаўляўся. Ён разумеў: паедзе ў комуну і калі там гаспадарка добра вядзецца, яму прыдзецца скарыцца і вырашаць. З гэтай прычыны ён пасьля сходу адцягваў паездку Новікі, казаў дэлегатам, каб ехалі без яго, але без яго ня ехалі і ён яшчэ больш злаваў і нэрваваўся.

А калі селі ў развалы і конь зачасьціў капытамі па знаёмай, лёгкай выяжджанай дарозе, Клемс схапіўся за апошняе: была надзея, што ў комуне дрэнна, можа і ня так, як кажа Бабковічыха, але ўсё-ж дрэнна. Гэтая надзея жыла, аж пакуль ня ўбачылі з узгорку вялікі комунскі сад і яе шэрыя будынкі. Тады гэная палахлівая надзея скамячылася і зьнікла. Зьявілася трывога: а што, як там добра? Тады прыдзецца скарыцца і вырашыць неадкладна, зараз-жа, і зьявілася было жаданьне: хай-бы было хоць трохі дрэнна, каб хоць не адразу скарыцца, каб хоць якія мець аргуманты супроць жорсткай Панасавай праўды.

У комуне каня распрэжанага паставілі пад павець, а самі пашлі да гумна. У гумне дзед Дыбун і трое хлапчукоў рэзалі ў пуні сечку, калі брама расчынілася і ў парозе спыніліся, вітаючыся, дэлегаты з Цярэшкавага Броду.

Клемс абтрос з лапцей сьнег, стукаючы нагой аб варотніцу і першы загаварыў:

— Паглядзець хочам, як вы тут?

— А вы-ж гэта адкуль? — запытаў дзед.

— Цярэшкавага Броду, дэлегацыяй.

— Дык выглядайце, мы не шкадуем. Тут у нас салома толькі складзена і трохі сена.

Дэлегаты ўвайшлі ў сярэдзіну вялізнае былое панскае пуні. З абоіх бакоў у пуні ляжалі аж пад самую страху высокія торпы саломы. Дзед паказаў рукою на салому:

— Скармілі-ж ужо багата, дый на подсьціл багата пашло. Саломы у нас уга колькі:

— І дабра-ж мусіць багата? — праказаў мужчына-дэлегат.

— Яно і дабра нямала, убачыце і дабро… Вы ўжо самі, хлопцы, рэжце, — зьвярнуўся ён да сваіх, а я пайду пакажу ім.

Як ішлі праз гумнішча па сьцежцы ў сьнягу, дзед спыніў дэлегатаў і паказаў ім пуню з сенам, а пасьля павёў дэлегатаў у сьвінарнік.

— Гэты хлеў мы ўжо летась збудавалі. Жывёлінка цёплае любіць. У сярэдзіне тут і кухня для статку ёсьць. Памаленьку робім усё. Цяпер, гэта, нам многія зайздросьцяць. А раней і цяжка было, ды яшчэ як цяжка, — разважаў ён. — Колькі бабы пагаласілі, уй-ю-ю-у. А цяпер сьмяюцца, што баяліся. Дый сам я, як паехаў сюды сын, ды паступілі ўжо мы, дык ні за што не хацеў даць хату сюды перавозіць, няхай у комуне, думаў, буду, і хата каб стаяла мала што, усялякае думалася. А сын не паслухаў і перавезьлі хату, гэта вунь яна, — дзед паказаў рукой на нізкую старую будыніну, — там цяпер збруя наша ляжыць. І добра, што перавезьлі. Як цяжка было, ды ўсялякае думалася, дык і назад пайсьці ня раз мерыўся, але хаты няма сваёй, куды пойдзеш? З-за гэтага застаўся, а то-ж і ад сына хацеў пайсьці. Сын ведаў гэта, таму і разбурыў хату, а цяпер я дзякую, што разбурыў, што адразу ўсё сваё з коранем выкапалі і сюды перанесьлі… Вось…

Дзед адчыніў дзьверы і пусьціў дэлегатаў у сьвінарнік. Гэта быў нізкі хлеў з помостам. Пасярод вузкі калідор, а па бакох загарадкі для сьвіней, кожнай асобна.

— Васемнаццаць у нас кабаноў адных, — сказаў дзед, — што сабе, а што і прадаць, бо і грошы-ж патрэбны. Даглядаюць іх хлопцы, трое хлапцоў сюды прызначана ў нас.

Дзед сагнуўся, прасунуў у загарадзь руку і пагладзіў па галаве кабана, паскроб пальцамі ў яго па шыі. Кабан выцяг галаву і захрукаў.

— Дзюшка, дзюшка, — азваўся дзед і ўсьлед растлумачыў — гэты хварэў быў, але акрыяў і цяпер ужо есьць. Крышку схудаў, ведама недаядаў, але пудоў з пятнаццаць будзе… А тут за сьцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія.

На драўляным памосьце прасторнага аддзяленьня расхаджвалі высокія белыя куры і разграбалі накіданую на памосьце салому. Дзед сыпануў на памост жменю зернят і куры адразу скучыліся, заквохкалі, пачалі зьбіраць зерняты.

— Дарагія гэта куры, пакуль што на завод толькі купляюць. Па рублю яечка прадаем…

— Уй-я! Чаму гэтак? — запытала Палашка.

— Такіх кур вельмі мала ёсьць, — растлумачыў дзед. — Мы самі іх ледзь купілі… А гэта кухня поруч тут.

На кухні, складзеная самімі комунарамі, печ з вялізным катлом. У куце нейкая простая машынка і каля яе цэбар з буракамі. Далей ля сьцяны дзежкі з мякінай і вотрубямі. Каля печы стаяў ўсьміхаючыся малады хлапец. Калі адна з жанчын падышла да машыны і пачала разглядаць яе, ён усыпаў у машыну буракоў і пакруціў за ручку кола. Зьнізу ў цэбар пасыпаліся дробныя, парэзаныя кавалкі буракоў.

— А цяпер, — пазваў дзед, — да кароў хадзем. Кароў у нас багата, а хлева ім яшчэ добрага мы не збудавалі, дык у іх ня зусім цёпла.

У высокім прасторным хлеве пад стольлю вузкія акенцы. Па бакох хлева загарадзі для кожнай паасобна каровы. Дэлегаты маўкліва стаялі пасярод хлева і азіраліся наўкола. Кожны з іх у гэты момант пра сябе пералічваў колькі ў хлеве кароў. Палашка абводзіла наўкол сябе вачыма, трымала палец ля губ і моўчкі лічыла.

— Аж сорак тры штукі! — зьдзіўлена праказала яна.

— Сорак тры, — пацьвердзіў дзед, — і два бугаі завадзкія.

Каровы пазіралі на зьдзіўленых дэлегатаў, цяжка саплі і перажоўвалі ежу. Палашка яшчэ раз азірнулася набок і запытала:

— А масла як? Адбіраюць ад вас?

— Хто гэта?

— Ну, а чыя комуна, хто кіруе вамі.

— Як-жа гэта хто адбярэ? Што лішняе, тое прадаем коопэрацыі, а адбіраць ніхто не адбірае.

Заўважыўшы зьдзіўлены Палашчын твар, ён растлумачыў:

— Хто-ж адбярэ, калі мы гадуем статак? Масла мы прадаем і сабе хапае. У сталоўцы пабачыце, — раніцою ў нас масла да гарбаты ёсьць і ўвечары.

Калі ішлі ад хлявоў да клеці, дзе хавалі комунары сваё дабро, Клемс застаўся ззаду ад дэлегацыі. Яму хацелася пабыць аднаму, разабрацца ў сваіх думках, параіцца з самім сабою. Ён спыніўся на вузкай сьцежцы пасярод двара і стаяў так, пазіраючы праз двор кудысьці ў засьнежанае поле, за комунскія будынкі, аж пакуль не зайшла дэлегацыя у клець. І тут, на сьцежцы цяпер Клемсу стала зусім зразумелым, што ён ужо вырашыў для сябе пытаньне, якое хвалявала яго ўсе гэтыя дні і варашыў канчаткова, хоць нідзе і нікому яшчэ не сказаў гэтага. І можа з гэтае прычыны Клемс адчуваў сябе так, нібы нешта вельмі добра вядомае яму, але чаго ён ня хоча самому сабе прыпомніць цяпер, згублена ім ужо назаўсёды.

Але, як ні дзіўна было гэта яму самому, адчуваў, што зусім не шкадуе гэтага згубленага. Было нешта другое. Няёмка было прыйсьці цяпер на сход і адразу сказаць, што ён, Клемс, згодзен з Панасам.

У клеці дэлегаты стаялі каля засекаў, слухалі дзедаву гаворку.

Палашка на дзеда не пазірала, у двор праз расчыненыя дзьверы, а рукамі неўзаметку для самой сябе набірала поўныя жмені чыстага аўсу і, падымаючы руку, сыпала авёс назад у засек. Чыстае, залацістае зерне цякло са жмені густым цурком і паціху браскала, рассыпаючыся па ўсім насеньні.

Клемс паціху падышоў да клеці, спыніўся каля парогу і, пазіраючы на Палашку, прамовіў пытаючы:

— Дык мо’ да дому хутка паедзем?

Палашка ўстрапянулася, высыпала адразу са жмені авёс і адказала:

— А яшчэ-ж старшыня прыдзе, распытаем у яго што-нішто.

— Пытаць няма чаго, — азваўся Клемс, але ўсьлед за другімі пашоў у комунскую сталовую, каб дачакацца Каскевіча.

У сталовай, дзед пакінуў дэлегатаў адных, а сам пашоў шукаць Каскевіча. Дэлегаты моўчкі сядзелі на ўслоне каля сьцяны і разглядалі сталовую. Насупроць іх у меншым пакоі гулялі трое дзяцей. Дзеці былі ў аднолькавых чорных паліто і ўсе былі абуты ў валёнкі. У другім баку за незачыненымі дзьвярыма была кухня. Палашка ўвесь час пазірала на дзяцей, а потым узьнялася, паціху падышла да дзьвярэй дзіцячага пакою і стала там. Дзеці стаялі каленкамі на нізкіх услонах і разглядалі кніжку з малюнкамі! Калі яны зьмецілі Палашку, дык усе адвярнуліся ад кніжкі і адзін запытаў у яе:

— Цётка, цацак паглядзець хоца?

— Ага, хачу, дзеткі, пакажэце-ж мне цацкі вашыя.

Дзеці зьлезьлі з услона і ўсе трое прынесьлі да Палашкі розныя цацкі. Палашка пазірала на цацкі, на твары дзецям і запытала:

— Чые гэта сьвіткі ў вас?

— Насыя, — зьдзіўлена адказалі ўсе ў адзін голас. — А ў цябе хіба ня цётцына сьвітка?

— У мяне свая, а ў вас казённыя мусіць…

— І ў нас свае.

— І сапкі такія ва ўсіх.

— І валёнацкі ва ўсіх.

Палашка пагладзіла рукой па шчацэ меншага, хацела ісьці назад, як нечакана гэты хлопчук запытаў у яе:

— Ты ў нас зыць будзес?

— Ага, у вас, дзеткі, у комуне.

— І мы ўсе ў комуне зывем.

— А чым-жа вас кормяць?

— Усім. Яецкі дае цётка, сыл, масла. Гэта нас стол, а там, мамы насыя ядуць.

Палашка яшчэ крыху пастаяла і адышла назад да сваіх. Вярнуўся дзед і сеў побач з дэлегацыяй.

— Яго няма, у лес паехаў. А ў полудзень пабачыць і яго.

— А хіба і ён ў лес езьдзіць? — зьдзіўлена запытаў мужчына.

— А то як-жа?

— А Бабковічыха-ж казала, што ён як пан, толькі кіруе.

— Яшчэ што яна скажа. І кіруе ён і працуе. Выгналі яе, дык плявузгае няма-ведама што. Не хацела працаваць, па гасьцёх езьдзіла, а казала, што ў больніцу, а як праверылі, ды выключылі, цяпер плявузгае. Яго толькі шкода, — сказаў дзед, — ён ціхі, працавіты мужчына. Каб ня ён, дык-бы яе даўно выгналі, але яго шкадавалі. А з-за яе колькі сварак было. Усё ёй ня так: той больш зьеў, той менш зрабіў, той схаваўся з яблыкамі і ёй ня даў, іншы ёй другім чым не дагадзіў і ўсё сварка… Ёй і чорт ніколі не дагодзіць, такая ў яе натура.

Пазьней дэлегаты агледзелі яшчэ некалькі кватэр комунараў. А да дому варочаліся, як зьмеркалася пасьля вячэры ў комуне.

Калі выехалі ў поле і бягом пабег конь па роўнай, усьнежанай, утаптанай дарозе, калі падуў у твар халодны вецер, Палашка схавала твар у каўнер кажуха, скурчылася і пачала з самой сабою разважаць пра бачанае ў комуне. Клемс таксама сядзеў моўчкі. А два другія дэлегаты гутарылі паміж сабою.

— Стары, а не перахрысьціўся пасьля вячэры, — праказала жанчына.

— А чаго? Абы было што есьці, дык і бяз хрышчэньня можна.

— Есьці ёсьць што, як відаць, багата дабра… Хлеб у кошыках, колькі хто хоча, варыва, мяса і кантлеты… А малака-ж не перагон зусім, а чыстае. Дзед аж тры шклянкі выпіў… Багата дабра ў іх.

— Чаму-ж не, на гатовае панскае селі, — азваўся мужчына.

Змоўклі. Потым жанчына яшчэ паціху сказала:

— Хто яго ведае, як яно лепш будзе, можа і трэба гэта комуна ўжо, мо’ такі сьвет цяпер настаў…

Мужчына на яе словы не адказаў нічога. Гутарка на гэтым спынілася. І ўжо ехалі моўчкі ўсю дарогу, аж да самага дому.

Толькі скончыўшы ліст Панас адчуў, што зьмёрз. Каб нагрэцца, пачаў хадзіць па пакоі. Ходзячы насьвістваў мэлёдыю вельмі знаёмай песьні, але слоў гэнай песьні ніяк ня мог прыпомніць. Вось-вось дзесьці шавеляцца ў памяці гэныя словы і ніяк ня можна прыпомніць іх. Панас перастаў сьвістаць, напруджваючы памяць і тады заўважыў, што ў кватэры за корыдорам ужо даўно пануе глухая цішыня, там даўно ўжо сьпяць, а за акном стаілася густая ноч. Падышоў да акна, спыніўся і прытуліў да халоднае шыбіны лоб, узіраючыся ўноч. За акном на сьнягу сьветлая пляміна акна, на пляміне ягоны цень і далей густая цемра і мёртвыя, глухія гукі начы. Бяз дай прычыны ў нутро закраўся страх і, абдаўшы нечакана ўсё цела холадам, спачатку скаваў Панаса на месцы, потым адхінуў яго ад акна. Яшчэ не апамятаваўшыся, Панас ужо з сярэдзіны пакою зірнуў на окны, ці завешаны яны газэтамі. Убачыў газэты і супакоіўся, але яшчэ крыху пастаяў ня кратаючыся з месца, услухоўваючыся ў цішыню за акном, а потым, зьдзівіўшыся страху, усьміхнуўся і зноў сеў за стол, каб перачытаць напісанае ў лісьце. Прачытаў наступнае:

Дзень добры, Сідар! Напісаў дзень добры, а за акном ужо зусім ноч. Гэта мэханічна. Парашыў я напісаць табе ўсё, што перадумаў за гэты час.

Я тут вельмі часта ўспамінаю паседжаньне парткому, на якім было пастаўлена пытаньне пра колектывізацыю. Гэта, калі слухалі даклад, аднаго з райкомаўцаў. Як правільна ставіў ужо тады пытаньне «старык»! Зусім правільна. Процэс колектывізацыі насьпеў зусім, яго трэба організаваць і дапамагчы ягонаму росту. Гэта правільна і ў адносінах да тых раёнаў, дзе яшчэ няма ніводнага колгасу. Калі я думаю пра вёску, дык я ўяўляю яе вялізным організмам. У гэтым організьме з першых год рэволюцыі была невялікая колькасьць бактэрый, якія працавалі на нас. За гэтыя гады бактэрыі так разьвяліся, што організм пачынае зьмяняцца, набывае зусім новы выгляд. На гэтым організьме нарастаюць новыя клеткі, жывыя, здаровыя, і праз нейкі час увесь організм будзе здаровым, моцным і зусім іншым.

Дрэнна толькі, што вельмі мала сіл, людзей, якія дапамагалі-б разьвіцьцю гэтага процэсу аздараўленьня і абнаўленьня. Асабліва гэта адчуваецца ў мяне. Сельсавет, у якім знаходжуся я, самы далёкі ад цэнтру раёну. У раёне гавораць, што тут да апошняга самага часу амаль ня было савецкае ўлады. Тое-ж, пэўне, можна сказаць і пра ўвесь раён. Ва ўсім раёне толькі дзьве парт’ячэйкі. Адна ў цэнтры, у вёсцы, дзе РВК, а другая, кандыдацкая група, а не ячэйка, у комуне. Тут усяго адзін член партыі, ды чатыры кандыдаты. Праўда, затое ячэйка комсамольская налічвае дванаццаць чалавек, але і гэтая комуна ад майго сельсавету вельмі далёка.

Людзі з раёнаў да апошняга часу ў сельсаветы траплялі рэдка, толькі ў часе перавыбараў, ды яшчэ калі падатак зьбіраюць. Цяпер, праўда, бываюць часьцей, але сяляне да прыежджых ставяцца недаверліва, насьцярожана, бо сярод сялян вядуць работу другія людзі, ня нашыя. І ўсё-ж вёска зьмяняецца. Людзі пачалі больш думаць, гаварыць.

Усе, ведаеш, усе і скрозь гавораць цяпер пра колектывізацыю. Слова «колгас» самае распаўсюджанае цяпер. Гэта — бактэрыя. Яна бударажыць. Але з тае прычыны, што мы ў вёсцы мала працавалі, а ворагі нашыя пастараліся зрабіць сваё, — колгас у разуменьні вельмі многіх яшчэ, гэта нешта страшнае, гэта амаль прыгон, паншчына. Трэба вельмі багата працаваць, каб пераканаць, што гэта ня так. З гэтае прычыны я выпрацаваў сабе ўласную тактыку. Я хучу дабіцца стварэньня колгасу спачатку ў Цярэшкавым Бродзе, а потым ужо і ў другіх вёсках. Растлумачальную работу мы сіламі сельсавету і настаўнікаў вядзем ва ўсіх вёсках, але галоўную ўвагу я концэнтрую на Цярэшкавым Бродзе. І ўжо цяпер адчуваю, што колгас тут будзе. Ужо вызначаюцца патроху і людзі, у будучым колгасьнікі.

Вёска ўзбударажана (я ня толькі пра Цярэшкаў Брод кажу, а наогул пра вёску) і цяпер ужо жыць па-старому яна ня будзе. Я ня думаю, што вельмі лёгка і гладка пачнецца новае, але для мяне зусім зразумела, што па старому ўжо ня будзе. Рэволюцыя сваімі ідэямі і разуменьнямі прапітала глыбока ўсе нават самыя глухія куткі. Скрозь расьце новае, расьце бурна. І ўсё-ж перарабіць жыцьцё, ня так лёгка. Перарабіць наш завод, пабудаваць новы, таксама было нялёгка. Перарабіць жыцьцё, людзей значыць, цяжэй. Бо калі на новым заводзе старыя людзі, то на гэтым заводзе, разам з людзьмі вельмі багата і таго, што перанесена людзьмі ў нашыя часы ад старога жыцьця. Тут, у вёсцы, яшчэ цяжэй. І ўсё-ж ідэі і пляны, пра якія многія гаварылі і гавораць, як пра фонтазію, ператвараюцца ў рэчаіснасьці, хоць рэчаіснасьць нашая, да слова, заўсёды была і будзе фонтастычнай, чымся самыя сьмелыя фонтазіі чалавека.

На фронце я, малады яшчэ тады, нутром, галавой разумеў, за што гінулі людзі, а цяпер разумею гэта па іншаму, цяпер бачу і асабліва добра разумею, што нядарам так багата згублена сіл.

Цяпер уся краіна — фронт. Хіба няпраўда? А мы паступова і раз назаўсёды выбіваем ворага з яго позіцый. А вораг лезе скрозь, шыецца ў кожную шчыліну, дзе няма нас. Вораг часта і ў галавох людзей і людзей соцыяльна зусім блізкіх нам. З галоў ворага выбіваць ня зусім лёгка, ва ўсякім выпадку гэта значна цяжэй рабіць, чым выбіваць ворага з акопаў на фронце вайны. Стрэламі, сілай, наогул вельмі лёгка дзейнічаць і проста. Розуму для гэтага вялікага ня трэба і думаць, ня трэба над сэнсам і вартасьцю чалавечага жыцьця. Пэўне, з гэтае прычыны людзі і выбралі ў барацьбе паміж сабой самы лёгкі і просты сродак — страляніну, штыкі, газы, бомбы. Улюблёны сродак буржуазіі. І ўсё-ж, як ні шырока яна скарыстоўвае гэты сродак, комуністычныя ідэі пранікаюць у галовы рабочых вельмі глыбока. І галоўнае, што расстраляць ідэй гэтых нельга і нельга саслаць іх на катаргу. Можна расстраляць сотні рэвалюцыянэраў, дзесяткі тысяч рабочых і ўсё-ж комунізму расстраляць нельга.

Сёньня я ўяўляю сьвет суцэльным фронтам. Над зямлёй ня хмары, а бяскрайна вялікае палотнішча, афарбаванае ў кроў. Яно ўсьцілае ўсё большы і большы прастор. Яно сьведка таго, якой дарагой цаной можна купіць комуністычнае заўтра, з якім прыдзе агульна-чалавечае шчасьце. Гэтага шчасьця нельга атрымаць так вось на сподачку, як гарачы пончык. Яно ня прыдзе да цябе ў пакой у мяккіх начных пантоплях. Яно прыдзе, ступаючы праз гады важкімі крокамі, прыдзе растоптваючы старое і ў кожнага з людзей нашай эпохі запытае, што ён зрабіў для яго прыйсьця? Агульна-чалавечае шчасьце, бачу я, ідзе пад палотнішчам, афарбаваным у кроў. Гэта сымбаль нашае веры. Гэты сымбаль таго, што агульна-чалавечае шчасьце можна толькі заваяваць у жорсткім змаганьні. Мы яго заваёўваем, але яшчэ не заваявалі. Але ў нас ужо і цяпер ёсьць такія, што забясьпечылі сваё асабістае існаваньне, засеўшы ў габінетах соцыялістычнай дзяржавы. Яны мысьляць, што іхная місія скончана і што яны маюць права на сваю долю шчасьця ад таго, агульна-чалавечага. Яны сёньня гатовы ўжо сесьці ў мяккія крэслы сваіх кватэр, у якія (крэслы) так шчыльна ўмяшчаюцца іхныя таўстыя зады і ўспамінаць аб бойках рэволюцыі, як пра нешта мінулае. Яны гатовы скрозь вывесіць шыльды з лёзунгамі аб рэвалюцыі і заваяваным ёю, назваць вуліцы гарадоў імёнамі вялікіх рэволюцыянэраў нашай эпохі, абвясьціць соцыялізм пабудаваным і заклікаць чалавецтва да вечнага міру. Яны гатовы увагнаць соцыялізм у форму бронзавых і гіпсавых статуэтак і помнікаў, каб гэтым паралізаваць яго дзейную сілу.

Сюды-б іх, гэных гэрояў. Тут-бы яны напэўна пераканаліся-б, што змаганьне яшчэ патрэбна, што ворагі далёка яшчэ ня зьнішчаны і напэўна пераканаліся-б, што садзіцца ў мяккія крэслы яшчэ зарана.

Бачыш, Сідар, якім злосным зрабіўся я тут. Лічу, што гэта добра. Бывай.

Панас.

17 лютага 1930 году.

Панас прачытаў ліст, усьміхнуўся задаволена і дапісаў унізе на лісьце яшчэ:

Цяпер за акном ноч, цёмная, цёмная. Звычайна ў такую пару канчаюцца сходы і я іду са сходу дадому. Ідучы я ніколі нічога не баяўся, а сёньня сяджу ў хаце, а на мяне нейкі страх дурны напаў. Пэўне з тае прычыны, што вакол тупая нейкая цішыня, а я ніколі ноччу не сядзеў у пакоі ў такой цішыні і адзін. Мне ўсё здаецца, што хтосьці за вокнамі крадучыся ходзіць. Я нічога ня чую. Глупства такое ў галаву ўлезла. Ладна, хопіць дурыць табе галаву яшчэ і гэтым. Бывай.

Панас.

Панас паклаў ліст у конвэрт, надпісаў на конвэрце адрэс і зноў неяк супроць жаданьня пачаў услухоўвацца ў цішыню ночы, ня кратаючыся з крэсла. Зноў надышоў страх. Каб пераканаць самога сябе, што за акном нікога няма, Панас устаў, падышоў да акна, прытуліўся тварам да шыбы і доўга стаяў так, пазіраючы ў густую цемру ночы.

X

— А я ўсё зьбіраюся прыйсьці да цябе, — сказала Галіна, — зірнуць, як ты жывеш там.

Панас сьцішыў крокі, узяў Галіну пад руку і адказаў:

— Дык чаму-ж! Хадзем цяпер, я вельмі рад буду.

— Хадзем, чаму-ж а то даўно я цябе бачыла, ссумавалася зусім была.

— І я-ж здорава засумаваў быў.

Абое зарагаталі. А праз хвіліну, зварочваючы на сьцежку да кватэры дзе жыў, Панас ужо сур’ёзьней дадаў:

— Жарты, жартамі, а я такі сумую, дый здорава.

Галіна зарагатала.

— Табе ўсё рогат. Кахаў, называецца, дзеўку, столькі кахаў, а як паехаў, дык яна хутчэй замуж, дзе і каханьне тoе дзелася…

— А няўжо-ж цябе-б чакала? — азвалася ўсьміхаючыся Галіна. — Па табе магла-б у дзеўках на век свой застацца.

— Не засталася-б, вось-жа прышоў-бы. — І ўсьміхаючыся запрапанаваў: — а ведаеш, яно-ж ня позна і цяпер яшчэ выправіць памылку, кідай Макара, дый гайда да мяне.

— Дай падумаць раней, ці варта. Каб не зьмяніць быка на індыка…

Панас адамкнуў дзьверы і першай у пакой зайшла Галіна. Пакой дыхнуў цёплынёю і чадам, толькі што юшка закрылі мусіць. Галіна спынілася ў пакоі непадалёк ад дзьвярэй і стаяла так, азіраючы пакой, а потым сказала:

— Чадна у цябе, галава забаліць.

— А я фортку адчыню.

Панас падышоў да акна, адшчапіў фортку і адчыніў яе. Праз фортку надвор’е дыхнула ў пакой халодным струменем і закружылася па пакоі сьцелячыся над падлогай. Галіна ўсё гэтак-жа стаяла на адным месты пасярод пакою і пазірала кудысьці за акно. На ёй новы жоўты кажух, а на галаве павязана простая шарсьцяная хустка. Такой яна помніцца Панасу з даўніх часоў і такой вельмі падабаецца яна. Панас адышоў ад акна, стаў поруч з Галінай і сказаў, пазіраючы ёй у твар:

— Ты, Галіна, вельмі прыгожая, калі вось так апранута і так хустку завяжаш. Не магу я тады стрымацца.

На твары Галіны мільгнула чырвань і зьнікла. Яна памаўчала хвіліну, потым пазіраючы ўсё туды-ж, за акно сказала:

— Хустка-ж так проста… Нябось у горадзе ў вас лепшыя, са шляпкамі.

У голасе, якім былі выказаны гэныя словы, Панас адгадаў і гіронію, і крыўду і ціха адказаў на іх:

— Але-ж я цяпер пра цябе кажу, пра тваю хустку, дык пры чым-жа тут хтосьці са шляпкаю.

Яна нічога не адказала на гэтыя Панасавы словы, а разматала хустку, скінула кажух і адышла да печы. Там стала, прытуліўшы да печы сыну і тады сказала:

— Зачыні фортку, а то будзе халодна ў хаце. Я люблю вось так каля печы грэцца. У школе ў нас такая печ была, дык я на пераменках грэлася ўсё… Ну, хадзі і ты пагрэйся. Вось тут стань.

— А я думаў, што ты злуеш на мяне, — адказаў Панас, і стаў побач з Галінай. Ня люблю я злосных.

— Дык палюбіш, калі ня любіш яшчэ… Мо’, думаеш на цябе і злаваць ніколі ніхто ня будзе?

— Так і будзе, — сказаў Панас, тулячыся бокам да яе.

— О-ё-ё! А як-жа, чакай, цябе толькі песьціць будуць…

А пазьней ужо, калі сядзелі на ложку блізка друг каля дружкі і гутарылі, Галіна схілілася да Панаса і гэтак-жа, як калісьці на агародзе, апаліла нечаканым пацалункам яго шчаку. І пачырванеўшаму і радаснаму Панасу сказала:

— А я… кахала цябе… тады…

Не сказала калі, Панас запытаў:

— А цяпер?

Узяў яе за рукі, сьціснуў іх у сваіх.

— Можа і цяпер кахаю, але-ж цяпер…

Хацела сказаць, што мае мужа, Панас угадаў гэта. Нахіліў яе да сябе, сьціснуў у абдымку, пачаў цалаваць. Галіна адхінулася крыху, як пусьціў Панас, паправіла на галаве зьбітую на бок касынку і загаварыла:

— Уй, які ты здаровы… Нельга-ж…

— Па вёсцы нашай плёткі розныя ходзяць, — сказала яна, — да майго Макара дайшлі ўжо. Гавораць, што я з табой гуляю. — Яна ўсьміхнулася. — Што праз гэта і за колгасы я гавару. Гавораць, а мне толькі сьмешна неяк. Зусім я гэтага не баюся. І ведаеш, — працягвала яна, — я гэта так, па праўдзе табе скажу, мне неяк на зло ім хочацца, каб так было, як кажуць. З гэтага наўмысьля з табою сюды пашла… А мне лепш, мне добра з табою.

Змоўкла і прыгарнулася да Панаса, падставіла для пацалункаў твар. А ён цяпер бачыў толькі яе шыю, плячо, закрытае тонкай сітцавай кофтай і ўсё мацней, мацней сваімі губамі ціснуў яе чырвоныя, пругкія губы. Цалуючы адчуваў, як часта забілася сэрца, як уздымаюцца і спадаюць пад тонкай сітцавай кофткай яе грудзі і схіліў яе на падушку. Яна чакала гэтага і не працівілася, толькі мацней сьціскала рукамі яго шыю. Яна сама, зараней прадумаўшы ўсё, прышла да яго, прынесла яму сваё, даўняе, маладое каханьне. І калі зблудзіўшая Панасава рука дакранулася да яе гарачага калена, Галіна адкінула на падушку голаў і сказала, гладзячы яго па галаве.

— Я для цябе аднаго шчадзіла сябе, доўга шчадзіла, а ты ня прышоў…

За лесам далёка хавалася вялікае, пазалочанае чырваньню, сонца. Позьні промень ягоны яшчэ заглянуў праз акно ў пакой, і затрымаўшыся на хвіліну на цёплай печы, папоўз па белай бліскучай кахлі ўгару, пад столь і там зьнік.

Як віталіся, Галіна сказала:

— Ты ня ідзі са мной, ня трэба, я адна, а то яшчэ ўбачаць… каб толькі Макар ня ўведаў, што я з табою вось так ужо… Я яго не баюся, але сварак ня люблю ягоных, абрыдзелі ўжо… Ён здагадваецца пра нас, але ня ведае. Цябе ня любіць, праз гэта ён ніколі ў колгас ня пойдзе…


Зноў і ўсё ў той жа хаце зьбіраўся сход. Панас вышаў на ганак закурыць. Усьлед за ім выйшаў немалады мужчына і таксама пачаў круціць папяросу. Як закурыў, дык падаў запалку Панасу.

— Угаварваеце, таварыш, ўсё?

— А што?

— Ды як сказаць… страшнавата яно, каб хто першы пашоў.

— Чаму, каб хто? А сам ты дзядзька, чаму ня хочаш першым. Вазьмі каго з суседзяў, з радні і будзеш першым.

— Я ня супроць, але першым, гэта, брат, таварыш, ня нашая справа. Ніколі я такога ня бачыў жыцьця, а тут наслухаешся рознага па людзях страшнага…

— Хіба страшыць хто?

— А як-жа!

— Хто?

Селянін падумаў крыху і тады сказаў:

— Ды так, што самі сябе… А мо’ хто і запішацца.

— Нічога, запішацца хто-ніхто, а потым і ўсе.

— Можа. Мы ня супроць. Можа і мы запішамся.

— Ды чаму не. Ужо тры заявы ёсьць.

— Ад каго?

— Ад Мышкіна і ’шчэ ад двох.

— Ён падаў? — у голасе селяніна прагучэла ня то зьдзіўленьне, ня то трывога.

— А што? які ён? — запытаў Панас. Селянін памаўчаў раздумваючы.

— Чалавек, як чалавек, але ня думаў я, каб ён пайшоў у такое.

— А вось пайшоў. Ну, хадзем у хату, дэлегаты можа што скажуць.

— Ат! Што яны скажуць. Мож і ня прышлі на сход.

Панас пашоў у хату. Калі ён зайшоў за стол, гамонка ў хаце сьціхла. Людзі нарыхтаваліся слухаць.

— Пагаворым, дзядзькі, — прамовіў ён.

— Чаго гаварыць, — азваўся адзін з сялян, — ты гавары, а мы паслухаем.

А пасьля мы пагаворым, — уставіў словы другі, — а ты паслухаеш.

— Я ўжо казаў сваё, а цяпер вы павінны. Няхай дэлегаты скажуць, што бачылі ў комуне.

Сяляне з пярэдніх радоў азірнуліся, ці ёсьць на сходзе дэлегаты. Ля печы стаяла з дэлегатаў толькі адна Палашка.

— А што яны скажуць? — прамовіла некалькі галасоў, — ці ёсьць там што казаць…

— Як гэта? Што бачылі, няхай тое і скажуць.

— Дабра, мусіць, асаблівага ня бачылі, — гукнуў нехта з кута.

— Няхай тое скажуць, што бачылі, — адказаў Панас. — Дрэннае, дык дрэннае, а калі добрае, хай добрае кажуць абы праўду толькі. А тады будзем вырашаць ужо, каб больш мне не хадзіць да вас з угаворамі.

— Вы прыходзьце. Мы любім паслухаць людзей.

— Выходзь, Палашка, скажы, што бачыла, — праказала некалькі жаночых галасоў. — Паслухаем ужо і цябе.

Нехта зарагатаў.

— Нічога я ня ўмею гаварыць, самі ўжо гаварэце, — адказала пакрыўджаным тонам Палашка.

— Скажы, што бачыла.

— Што бачыла, тое і бачыла!

— А я прапаную, што можна і пайсьці нам у колгас, — загаварыў нечакана для сходу Мышкін, — пайсьці і працаваць з богам. Савецкая ўлада нас не абманіць, яна нашая ўлада.

Сход змоук. Мышкін гаварыў далей:

— Што цяжка нам, дык улада гэта ведае, бо сама-ж улада гэта і падатак з нас бярэ і ўсё такое. Уладзе яно, знацца, больш відаць, як трэба. Народ расьце, а зямлі мала, хлеба мала. Рабочых у горадзе ў нас багата стала, хлеб-жа трэба, дык вось я і кажу. Раз таварыш з гораду гаворыць, знацца трэба так рабіць. Праўда, бывала горад нас і крыўдзіў часам, а цяпер мо’ ня будзе, цяпер мо’ і сітчыку больш дасьць і падэшвачкі… Раз пролетарыят, — значыць гаспадар, дык слухаць трэба…

— Нагаспадарыць, — адгукнуўся хтосьці з кута, — што і есьці ня будзе чаго.

— Я не пра тое, кажу, — азваўся Мышкін, — што ў гаспадарцы, на зямлі ён гаспадар, а ў краіне гаспадар, дыктатар, знацца…

— А наш брат селянін, дык і цяпер значыць мужык? — азваўся зноў той-жа голас.

— Мужык, — працягваў Мышкін, — раз не ў колгасе, што з яго дзяржаве за карысьць? Не ў колгасе ён у горад завязе, ды прадасьць хлеб, а ў колгасе ўжо не. У колгасе павінен у коопэрацыю здаць, дзяржаве, знацца. Так што з мужыком такім што-ж рабіць…

Панас чуў словы Мышкінавы і хоць адчуваў у іх штосьці такое, што не павінна гучаць у словах, таго, хто выказваецца за колгас, ня змог разгадаць іхнага сэнсу. Увага ягоная была занята ў гэты час іншым. Ён хацеў абавязкова дамагчыся выступленьня хоць каго з дэлегатаў, бо адчуваў чамусьці, што іхнае выступленьне прынясе яму перамогу над сходам. Па самім сходзе і па словах сялян ён угадваў, што гэты сход будзе рашаючым і рашаючым у тым сэнсе, як гэтага хоча ён. Таму, калі Мышкін скончыў прамову і сеў, Панас нічога не сказаў пра яго прамову, а адразу зноў зьвярнуўся да дэлегатаў.

— Вы, скажэце, што бачылі ў комуне. Ці яно так страшна і пагана, як цётка Бабковічыха казала, ці мо’ не. Што-ж вы?

Ніхто не адказаў. Палашка стаяла ля печы і маўчала.

— Шкода. Шкода. Што-ж вы гэта?

— Ды яны і ня прышлі на сход. Мужчыны ня прышлі, а Палашка, што яна скажа. Яна няпісьменная…

— Што бачыла, хай тое і скажа.

— Ня ўмею казаць я, вось і ўсё, — азвалася Палашка.

Яна адышла ад печы ў парог, пастаяла хвіліну там і вышла ў сенцы.

— Калі-б было дрэннае што, дык сказалі-б, а то мусіць няма, а праўды пра добрае ня хочуць казаць. Дык маўчаць, і гэта нічога. Няхай сабе і так, абыдаемся і бяз гэтага. Дык што будзем рабіць? — запытаў Панас. — Хто яшчэ сказаць што хоча.

Сход маўчаў. У аднэй кучцы сяляне пераглядаліся паміж сабою, нешта гаварылі адзін аднаму, паглядаючы то ў прэзыдыум, то на сход, мусіць нешта сказаць хацелі, але ніхто з іх не адважваўся загаварыць першым. У куце хтосьці шэптам злосна лаячы выгаварваў нешта другому. Той апраўдваўся. Некалькі чалавек, схаваўшыся ўсярэдзіне сходу, паціху гіронічна рагаталі. А большасьць сходу сядзела маўкліва і чакала.

— Дык хто-ж яшчэ сказаць што хоча? — у другі раз запытаў Панас.

У гэты момант рыпнулі піскліва дзьверы, шырока расчыніліся і ля парогу стаў, здымаючы шапку Клемс. Ён зірнуў на сход, чакаючы, што адкажа сход на Панасавы словы і, нічога не дачакаўшыся, пашоў да стала.

Панас заўважыў Клемса, адгадаў яго намер і насустрач яму сказаў пытаючы:

— Мо’ дзядзька Клемс скажа што-ль пра комуну?

— Пра комуну то нічога не скажу, — азваўся Клемс ужо ля стала. — Скажу толькі, што горай як было, ня будзе, бачна па ўсім гэтым. А калі горай — разыдземся. Самі робім, самі і разбурыць зможам. Але я не да таго кажу, каб разбураць. Рабіць, дык каб на заўсёды, каб моцна…

Ён зьняў шапку, хацеў перахрысьціцца, але сустрэўся поглядам з Панасам і працягнуў руку за алоўкам.

— Давай падпішу протакол я, за колгас, значыць, — прамовіў ён з напускной злосьцю ў голасе. І на протаколе дзе паказаў Панас, Клемс паставіў тры косыя крыжыкі.

— Сам хочу запісацца, каб не ўцякаць, калі што.

Потым зьвярнуўшыся да суседа Яўсея, што стаяў каля печы, сказаў:

— Ідзі, кум, пішыся. Я ўжо.

Да стала падышоў кум, зьняў кучомку, хуценька тры разы перахрысьціўся на абразы і гэтак-жа хуценька вывеў на протаколе пад Клемсавымі крыжыкамі два кружочкі.

— А гэта маё будзе… Каб толькі лад быў добры…

Ён адышоў за Клемсам і стаў каля печы.

— Дык і я, як ужо казаў, пішуся.

Да стала падышоў Мышкін і падпісаўся на протаколе.

— Пішэцеся, грамадзяне, — зьвярнуўся ён да сходу, — каб ня думалі таварышы, што мы якія там...

Тады ўзьняўся сход, загаманіў. Сяляне падыходзілі адзін за адным да стала і на протаколе ставілі па рознаму свае подпісы, а пасьля ўсхваляваныя, нэрвуючыся, нібы саромячыся чаго, адыходзілі і закурвалі. З кута закрычала жанчына:

— Хай бы-ж самі яны папісаліся ў горадзе! З комісараў сваіх хайба-ж колгасы рабілі, дык не, з мужыка ўсё! Ідзіце! Пішэцеся! Паспытайце хлеба колектыўскага!..

А да стала падыходзілі сяляне, падпісвалі протакол і адыходзілі. Калі падпісаў протакол сто трыццаць сёмы, апошні, Панас радасны, усхваляваны ад гэнае радасьці, узяў протакол, даў падпісаць яго старшыні і сакратару сходу, а пасьля пачаў гаварыць да сходу шчырыя гарачыя словы пра жыцьцё, якое трэба збудаваць колектыўнымі сіламі. Сяляне шчыльна зышліся бліжэй да стала, маўкліва стаялі, слухаючы Панаса, упіваючыся ў яго поглядамі і зноў нельга было разгадаць, што яны думаюць. У асобных толькі погляды іскрыліся новай, нарастаючай радасьцю. І калі Панас скончыў гаварыць, некалькі галасоў разам праказалі:

— Сьпець! Сьпець трэба!

— Марсэльезу!

— Сьпець! Такая справа!

І няроўнымі густымі галасамі зацягнулі словы песьні. Панас абапёрся далонямі рук на стол і маладым, моцным голасам умяшаўся ў песьню, падхапіў яе, узьняў вышэй.

…І-і на-а-с раз-бу-дзі-і-лі,
Мы зна-а-ем што трэ-э-ба рабіць…

Песьня мацнела, нарастала, здавалася, што расхіне яна сьцены хатнія, уздыме столь і тады, абуджаючая, паплыве па ўсім вялікім прасторы палёў.

А на дварэ пачынаўся дзень.


Цэлы дзень хадзіла па хатах комісія ў тоўсты разьлінаваны сшытак запісвала ўсю маемасьць, а па ацэнцы, якую рабілі аглядаючы хлявы, жывёлу, інвентар, ставілі насупраць кожнае рэчы, будыніны, ці жывёлы, кошт яе. Мужчыны, хто быў вальней, рабілі ў новай недабудаванай хаце засекі для аграмаджанага насеньня і падчышчалі і абтыкалі саломай дзьве пуні, гарадзілі ў пунях загарадкі, рыхтавалі хлявы для колгаснай жывёлы.

Пад вечар прывезьлі з коопэрацыі вагу, важыць насеньне, а да пунь прывезьлі воз саломы і параскідалі яе па зямлі ў пунях. Чакалі наступнага дня. Некаторыя з трывогай — што будзе? Другія з абыякавым настроем: што будзе, тое будзе. Трэція з нейкай радасьцю, зьмешанай з трывогай, што дамагліся свайго. І да позьняга вечару людзі нічога не рабілі. Мужчыны, якія ня былі нічым занятыя, альбо стаялі скучыўшыся каля пунь, раілі тым, што працавалі, як зрабіць, каб не налятаў у пуні сьнег, як рабіць загарадзі для кароў, як адпіліць жэрдку і багата гутарылі паміж сабою, альбо сходзіліся па некалькі чалавек у аднэй хаце, багата курылі там і зноў багата гутарылі пра колгасы. З жанчынамі рабілася тое-ж самае. Вёска жыла новым, ніколі раней нязнаным. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсьці ў вёску і тады адразу зьменяцца многія разуменьні. Мая карова, мой конь, маё насеньне, усё гэта заўтра адыдзе, зьнікне, а прыдуць новыя разуменьні нашых кароў, нашых коняй, нашага насеньня. Так думаў Панас. А сяляне думалі пра гэта кожны па-свойму. Адны з трывогай уяўлялі, што заўтра апусьцее хлеў і ня будзе ў хлеве каровы і каня, і што тады ня будзе ён больш ніколі карміць іх, як сваіх і ад гэтага балюча ў гэных ныла сэрца. Другімі заўладалі ў сувязі з гэтым нейкія незразумелыя пачуцьці, у якіх яны ніяк не маглі разабрацца. Усе разумелі толькі адно, што заўтра адбудзецца ў вёсцы нешта такое, ад чаго ўсё зьменіцца і што само ўжо зробіць усё іншае яскрава зразумелым. А пакуль, напярэдадні гэтага заўтра шмат хто думаў пра сваё перажытае жыцьцё і азіраліся назад перад тым, як зрабіць заўтра крок уперад.

Толькі позна ўвечары людзі зышліся ў сваіх хатах і тады-ж пачаліся: у адных ціхія гутаркі пра заўтрашняе, у якіх падзялілі людзі са сваімі сем’ямі надзеі і трывогу і сумненьні свае. У другіх ціхія маўклівыя вячэры. У трэціх, як і да гэтага сваркі.

Пасварыўся з жонкаю і Клемс.

У тую ноч, калі Клемс паставіў першым тры свае крыжыкі на протаколе за колгас, жонка пашла са сходу і, моўчкі паплакаўшы, лягла спаць. Маўкліва хадзіла яна і ўвесь наступны дзень. Клемс разумеў прычыну гэнае маўклівасьці і не чапаў яе гаворкай. Але гэта яму хутка надакучыла. Вось чаму, прышоўшы ў гэты вечар у хату, ён першы загаварыў да жонкі пра наступны дзень, як пра нешта абоім ім вядомае.

— Заўтра абагульваць будзем кароў і коняй, — праказаў ён, — пуні ўжо падрыхтаваныя. Значыць, па-новаму жыць пачнем…

Жонка сукала ніткі. Клемсу хацелася, каб яна суняла самапрадку і згадзілася з ім. Але-ж жонка нібы не пачула, маўчала і толькі яшчэ шпарчэй закруціла кола самапрадкі. І разам з гэтым заміргала вачыма. На шчацэ ў яе пад вокам спынілася сьляза, бліснула і расьцяглася па шчацэ аж да губ. Клемсіха абцёрла шчаку і вочы рукою. Суняла кола самапрадкі, узьнялася з услона і паставіла самапрадку ў куце каля ложку, а сама адышла да печы, адсунула ўбок засланку, нібы мерылася дастаць што з печы і знэрваваным голасам сказала:

— Ня дам я каровы весьці! Не твая яна! Ня дам!..

Клемс рад быў, што жонка загаварыла хоць гэтак і ласкава спакойна адказаў ёй:

— А ты ня крычы, дурная, раней толкам разьбярыся, што да чаго. Зьвядуць кароў у кучу, дык табе-ж лепей будзе, а ня горай.

Змоўк, каб падумаць, што сказаць яшчэ. А жонка, сьпяшаючыся, палезла на печ і лягла там, адвярнуўшыся да сьцяны. Клемс больш не гаварыў. Ён моўчкі сядзеў каля стала. Ці то драмаў, ці то думаў што. Дагарэлі на комінку лучыны. У хаце зрабілася цямней, замітусіліся па хаце змрокі. Галавешкі на комінку яшчэ доўга бліскалі малюсенькімі, поўзаючымі сіненькімі агеньчыкамі і няпрыкметна, як слабела сіла агеньчыкаў, абтухалі, апраналіся ў тонкі пласт попелу.

Клемс заснуў. Ён ня чуў, як зьлезла з печы жонка, як яна апранула кажух і вышла з хаты. Ня чуў, як бразнула ў сенцах цяжкая клямка і зарыпелі дзьверы.

На дварэ было сьцюдзена. Высока ўгары за рэдкімі хмарамі плыў на ўсход месяц. Праз хмары прабівалася і слалася па зямлі яго рэдкае сьвятло. За хмарамі іскрыліся халодным і далёкім сьвятлом рэдкія, белаватыя зоры.

Клемсіха стаіць на ганку, назірае на месяц і ціха шавеліць губамі. Ёй здаецца, што прышоў ужо канец жыцьцю яе, што цяпер яна старая і закінутая ўсімі, пазбаўленая сваёй гаспадаркі, вымушана будзе пайсьці па людзях прасіць дзеля хрыста і яшчэ ёй здаецца, што ніхто не паспачувае ёй, не пашкадуе яе за тое, што сама дапусьцілася да таго, каб застацца без свае гаспадаркі. Буйнымі каплямі наплываюць на вочы сьлёзы і паўзуць па шчоках і падаюць на каўнер кажуха. Сэрца шчэміць балючая, вялікая крыўда на людзей, якія прышлі і разбурылі яе жыцьцё.

Яна сышла з ганка і пашла да хлява. Паціху адсунула завалу ў варотах. Паціху расчыніла вароты і ўвайшла ў хлеў. У хлеве цёмна, чуваць толькі, як перажоўваюць ежу каровы, ды ледзь-ледзь прыкметны нявыразныя іхныя постаці. Хлеў дыхнуў на яе сваім пахам, цяплынёй і пахам малака. Ад гэтага зрабілася яшчэ больш крыўдна, што ня пытаючы яе забяруць кароў з хлева, што ня будзе яна сама больш даіць іх, што хтосьці чужы будзе даваць ёй малако ад яе ўласнай каровы. Яна падышла да старое каровы, пагладзіла дрыглівай рукой яе пысу і, ня стрымаўшыся, абхапіла рукамі карову за шыю. Карова пастаяла хвіліну ня кратаючыся з месца, пасьля павярнула ўбок да гаспадыні голаў, абнюхала кажух, руку яе і пачала лізаць руку. Ад рукі, ад месца, якое лізнула карова, з нястрымнай балючасьцю пацякла па ўсім целе крыўда і Клемсіха заплакала ужо голасна наўзрыд.

Каля акна Клемс хутка зьмерз і прачнуўся. Захацелася выйсьці на двор. У сенцах зьдзівіўся, што не запёрты дзьверы. А за дзьвярыма адразу і зьдзівіўся і спалохаўся. У хлеве нібы нехта гутарыў. Ён прыслухаўся ўважлівей і дагадаўся, што ў хлеве плача жонка. Спрытна падышоў і расчыніў вароты. Плач адразу сьціх. З хлева насустрач яму пашла жонка. Яна ня спынілася ў варотах, не адказала на яго запытаньне, — «чаго гэта яна тут ноччу раве», — пашла назад у хату. Калі Клемс замкнуў вароты хлева і вярнуўся ў хату, жонка ўжо зноў ляжала на печы. Ён не распранаючы, як гэта рабіў кожны раз, калі на каго-небудзь злаваў, лёг спаць.

Раніцой, як толькі разьвіднела і пачала жонка хадзіць каля печы, Клемс вышаў на вуліцу. Захацелася спаткацца з кім-небудзь з суседзяў і пагутарыць, каб прайшоў сум.

Паціху ішоў ён вуліцай, зазіраў у суседнія двары, а туга ад таго, што плача і сварыцца жонка, трывожыла сэрца, не давала спакою. У суседа ўбачыў расчыненыя дзьверы ў клеці. Спыніўся каля брамы суседавай і, пастаяўшы крыху, пашоў у двор. На дварэ стоячы каля дзьвярэй клеці, пазіраў у сярэдзіну, ці ёсьць хто там. І ўбачыў: у клеці, каля засеку, у які насыпана мякіна, стаяў гаспадар. Ён сагнуўся над засекам і рукамі разгроб у мякіне яму. Пасьля ўзяў новы хамут, што стаяў ля ягоных ног і асьцярожна паклаў у засек. За хамутом зьняў з коліка сырыцавую аброць. Клемс сказаў дзень добры. Спалоханы нечаканым чалавечым голасам, гаспадар узрыгануў, хуценька ўсунуў аброць у засек і, сьпяшаючыся, баючыся, што Клемс прыдзе і ўбачыць, што ён робіць, пачаў награбаць на хамут і аброць мякіну. Нэрвуючыся зачапіў рукой у мякіне за цуглі аброцьці. Цуглі заляскалі. Баючыся, каб не зайшоў Клемс у клець, гаспадар адышоў да дзьвярэй.

— Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць, — сказаў ён, — дык я мякіну бяру… павядзем, значыць, коняй, а?

— Калі ўхвалілі на сходзе, дык трэба весьці, а як-жа.

— А што яно будзе з гэтага?

— Тое будзе, што рабіць будзем самі!.. — злосна адказаў Клемс. У яго болей ня было жаданьня гутарыць з суседам, яно зьнікла.

І, пастаяўшы крыху моўчкі каля клеці, ён завярнуўся і пашоў зноў у вуліцу. Сусед-жа пашоў ад клеці, нібы за чым патрэбным у сенцы, а праз паўхвіліны зноў вярнуўся ў клець.


Раніцою Галіна з мужам пашла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі зьвеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Калі насыпалі ў мяшок пудоў пяць аўсу, муж пацягнуў мяшок па таку да тарпы кулёў. Пасьля адкінуў некалькі кулёў у бок і паказаў Галіне, каб яна дапамагла пакласьці мяшок паміж кулёў і сена. Галіна не зразумела, для чаго ён хоча гэта рабіць і ня краталася з месца. Тады муж растлумачыў:

— Гэта на ўсялякі выпадак, — сказаў ён, — мала што можа быць. Ссыплем, а гэта ўсё не на доўга, дык тады дзе возьмеш? А што ссыплеш, таго ўжо ня возьмеш, дудкі…

— Што ты гэта кажаш?

— Тое, што ведаю. Абы туды, а тады толькі яго і бачылі!

— А дзе яно дзенецца?

— Знойдуцца гаспадары. Вунь голад скрозь, а ніхто не прадае, дык яны так хочуць узяць.

— Хто табе нагаварыў такога. Панас-бы ўжо не маніў, ён справядліва гаворыць.

— А ты, як бачу я, нешта вельмі-ж верыш яму!

— Як і іншым. Што ён мне? — Галіна пачырванела, — але гэта мана. Навошта тады было пісацца, калі так рабіць?

— А што-жа рабіць? Не запішашся, дык нічога ў копэрацыі не дадуць і ўсёроўна адбяруць ўсё.

— Плявузгаюць чорт ведае што… Калі папісаліся, дык няма чаго хаваць!

— Усе хаваюць! Ніхто ўсяго не аддасць, няма дурняў такіх!

Галіна стаяла на месцы. Муж узяў мяшок і сілячыся адзін усьцёг яго на кулі, а там прыкідаў сенам і заклаў зьверху кулямі. Галіна палезла на сена набраць мурагу. Як скідала сена, ўбачыў муж яе аголеныя, вышэй за панчохі ногі і чамусьці ўспомніў яе гутаркі з Панасам на сходах. Зьлез з кулёў на сена, падышоў да яе. Яна чырвоная, ад таго, што разагрэлася, маладая і здаровая будзіла кроў. Муж узяў яе за плечы, абняў і пачаў калючай сваей шчакой вадзіць па яе твары, шукаў губ, каб пацалаваць. Галіна спачатку зьдзівілася, пасьля сустрэлася з яго поглядам, поўным палкасьці і, спалохаўшыся, лёгка адпіхнула яго. Ён зьдзівіўся.

— Ты чаго піхаешся?

— А чаго-ж ты лезеш? Ці ночы мала яшчэ?

Тады ён схапіў яе зноў і, сьціскаючы ў абдымку, пачаў ціснуць да сябе і згінаць яе цела, каб паваліць на сена. Галіна цяпер ужо са злосьцю моцна штурханула яго і вырвалася.

— Адыдзі! Чаго ты?..

Саскочыла з сена на ток, пачала падбіраць у посьцілку скінутае на ток сена.

Муж усхваляваны і злосны, стаяў на сене.

— Ведаю чаго ты так, — праказаў ён. — Комісарскага ці не паспрабавала?

Брудныя і злосныя мужавы словы пакрыўдзілі. Галіна ўзьняла галаву, зірнула на яго і злосна, з крыўдаю ў словах запытала:

— Ты што-ж гэта выдумаў?

Муж адвярнуў вочы ўбок і, злазячы з сена, адказаў:

— А на сходах як ты з ім? Думаеш не разумею? Як улаўлю — прыб’ю, нагой у хату ня ступіш тады!

Нічога не адказаўшы, Галіна ўзяла сена і пашла з току.


Даеньне кароў было даручана спэцыяльна вылучаным для гэтага васьмі жанчынам. Адна з іх, самая старэйшая узростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даеньне і разьмеркаваньне малака. Але калі падвячоркам у першы раз пашлі восем дойніц у пуні, дзе стаялі каровы, за імі адразу-ж пашлі сьпяшаючыся з гладышамі і даёнкамі жанчыны. Яны прышлі атрымаць малако і прасачыць, як будуць даіцца каровы, ці не адліе малака куды-небудзь тайком дойніца. І па гэтай прычыне ў гэты вечар у Клемса з жонкай зноў адбылася сварка. Зьмеціўшы, што пашла з даёнкай па вуліцы суседка, яна кінула нявыпаленую печ, адсунула ад вугальля ў бок чыгуны, і, схапіўшы кажух, пачала шукаць, што-б такое ўзяць з сабою.

— Куды гэта ты? — запытаў Клемс.

— Мо-ж малако любіш жэрці, а карову аддаў, дык трэба-ж бегчы!..

— ’Шчэ-ж не падаілі мо’?

— Чакай пакуль падояць, дык усё пакрадуць!

— Хто гэта будзе красьці, што ты чаўпеш?

— Самі-ж вы насадзілі такіх і ня ведацьмеш дзе дзенецца! Гарпіну знайшлі старшай пасадзіць…

— А чаму не?

— Тады будзеш ведаць чаму. Яна ялаўку ў пуню прывяла, а крычыць нібы трох дойных.

— Дык ці яна іх зьесьць? Няхай крычыць.

— Дык-жа ты, вось такі, скулу тады зьясі!

— У-у-у, каб цябе, цыбуля ты няшчасная!.. чаўпе і чаўпе бяз конца і што ёй ужо трэба?.. скажу, ужо каб цябе, хіба старшай прызначылі.

Апошніх ягоных слоў жонка ўжо ня чула. Яна выцягла з-пад лаўкі гладыш і ня вышла, выбягла з хаты.

Каля пуні, дзе даілі кароў, стаяў вялізны натоўп жанчын і некалькі мужчын. Мчогія з іх стаялі ў пуні, сачылі за работай дойніц.

Гарпіна, падаіўшы карову, выходзіла з загарадзі і, трымаючы ў руцэ вядро, паварочвалася ў бакі, прыстуквала чаравікамі аб умёрзлую утаптаную зямлю і прыпявала:

У садочку галубочкі, на гольляйку селі,
Плача хлопец, дзевак прося, каб вясельле сьпелі…

І паважна перакруціўшыся на месцы, яна яшчэ раз сьпявала тыя-ж словы і, сагнуўшыся, лезла пад жэрдку ў загарадзь да другой каровы.

Мужчыны рагаталі, жартавалі.

— Гарпіна ў колгасе ў нас спэктаклі даваць будзе.

— Мы працаваць, а яна, каб весялей было, будзе скакаць, ды сьпяваць.

І прасілі Гарпіну прасьпяваць яшчэ. Гарпіна казала пачакаць, пакуль падоіць карову, а падаіўшы зноў гэтак жа скачучы ішла да наступнай каровы і пела:

Дзеўкі ў рогат, дзеўкі ў сьмех: ня хочам сьпяваці.
Пачастуй раней гарэлкай, каб маглі гуляці…

Як скончылі даіць і вынесьлі апошняе малако на дошкі, што ляжалі каля пуні, жанчыны ўсе скучыліся наўкол вёдзер і малаком і загаманілі, закрычалі, перабіваючы адна адну. Адна крычала, што ня ўсіх кароў падаілі, што гэта па малаку відаць, што калі-б падаіць усіх добра, дык заліцца-б малаком можна. За ёй другія крычалі, што дойніцам усёроўна падоена карова, ці не, што яны сваіх толькі добра дояць.

А ля дошчак Гарпіна меднаю конаўкай чэрпала малако з вёдзер і пералівала яго ў даёнкі і гладышы. Атрымаўшы малако, некаторыя жанчыны ішлі дадому. Некаторыя-ж зноў лезьлі ў натоўп і пакрыўджаныя, што не яны, а Гарпіна раздае малако, пачыналі крычаць, што хто прывёў тры штукі, а хто ніводнае, што няма праўды, бо той, хто ня прывёў ніводнае і есьць і п’е больш за таго, хто прывёў трох кароў. Другія пачыналі ў адказ першым з яшчэ большай злосьцю, крычаць, што мінулася багатым іхнае і што прышла бедняцкая пара. Яшчэ нехта крычаў, што хтосьці ноччу доіць кароў і есьць і масла і малачко, што хтосьці пакрадзе з засекаў абагуленае насеньне і тады ня будзе чым сеяць вясною поле.

Крыкі гэныя і гоман сьціхлі тады, як зьмерклася і дойніцы панесьлі ў агульную клець малако, што засталося пасьля раздачы. За імі пашлі ў вуліцу ўсе і разгубіліся ў ёй па дварох.

А калі сьцямнела і ў хатах пачалі гасіць агні, з-пад плоту, што каля пуні, узьняліся дзьве жаночыя постаці. Яны хуценька перакінуліся цераз плот і стаіліся каля густога рабінавага куста.

Наўкола было ціха. Лёгкі вецер прылятаў з-за загуменьняў, гнаў перад сабою дробныя сухія сьняжынкі, застраваў у азяродзе і паціху жаласна сьвістаў.

Тады, з другога боку, з-за стогу саломы выйшлі яшчэ дзьве постаці. Яны спыніліся, пастаялі хвіліну і падышлі да сьцяны пуні, а там зьніклі, нельга было адрозьніць іх ад чорных сьцен пуні.

Доўга стаялі так тыя, што прышлі раней, слухалі, ці ня рыпнуць вароты ў пуню і нарыхтаваліся, каб тады пабегчы да пуні з палкамі і біць тых, што будуць лезьці ў пуню. Але нішто не парушала спакою ночы. Усё гэтак-жа прылятаў з-за загуменьняў лёгкі вецер і гэтак-жа жаласна сьвістаў, застраючы ў рашэцінах азяроду. Было позна. У дварох засьпявалі першыя пеўні. Тады з-пад сьцяны вышлі чорныя, у цёмры ночы, постаці і зьніклі за стогам, пайшлі ў вуліцу. А ўсьлед за імі, сьпяшаючыся, каб крыху нагрэцца пашлі дадому і тыя, што стаялі пад рабінавым кустом.


Да вялікадня заставалася ўсяго чатыры дні.

Апошнюю ноч Клемс ніяк ня мог заснуць. Ён успамінаў сход, калі ледзь не перахрысьціўся перад тым, як падпісаць протакол і нешта вырашаў. А раніцою зьняў абразы з кута і паклаў іх у печ. Калі жоўтыя языкі полымя забеглі па наалейных фарбах портрэтаў божай мацяры і Ільлі прарока і папера портрэтаў на полымі зморшчылася і скрывіла твары сьвятых, ён узяў чапялу і крыху ўзьняў іх над полымем, каб хутчэй згарэлі. Папера згарэла хутка. Застаўся чорны, нераскіданы попел і палаючыя сухія рамы. Тады ён закінуў рамы чапялой за дровы, каб гарэлі не на ваччу, пацёр чапялой попел, што застаўся ад паперы і, усунуўшы ў печ галаву, дунуў на яго. Чорныя кавалкі згарэўшай паперы ўзьняліся, рассыпаліся на палаючых дровах і ў полымі зусім зьніклі.

— Раз у колгасе, дык якія тут абразы. Аднаго чаго трэба трымацца, — праказаў ён ціха, нібы сам сабе.

Жонка моўчкі таўкла ў ступе семя. Пасьля пачала замешваць сьвіньням цеста і злосна браскала чыгунамі і конаўкай аб вядро.

Пасьля сьнеданьня Клемсіха з унукам пайшла у ток набраць мякіны. Унук Сёмка, дзесяцігадовы бялявы хлапец, стоячы на каленках, напіхаў у мех мякіну і рукой уціскаў яе. Час-часам ён узьнімаў да твару руку і запыленым рукавом сьвіткі падціраў нос. Клемсіха тым часам насыпала свой мех і сачыла за ўнукам.

— Замурзаўся ты ўвесь. Ня тры носу рукавом — балець будзе.

Сёмка зірнуў ёй у твар, усьміхнуўся і правёў яшчэ раз сваім рукавом па падносьсі. Старой захацелася пагутарыць з ім.

— Вунь, Сёмачка, у колгасе ўжо і богу не даюць памаліцца, абразы паздымалі, ды папалілі… бяз бога ўжо жыцьмем…

Сёмка паставіў мяшок на ток, патрос яго і націснуў зьверху тулавам. А як, сагнуўся лежачы на мяшку, нечакана для старой адпаліў:

— А на чорта тыя абразы, яшчэ тое і з царквой хутка будзе. І зарагатаў. Клемсіха, як стаяла, сагнуўшыся над мякінай, зьбялела, схапіла жменяй мякіну і са злосьцю з ўсей сілай кінула яе на Сёмку. Але мякіна рассыпалася, а Сёмка зарагатаў яшчэ мацней. Клемсіха узлавала, пачала лаяць яго.

— Ах ты, паскуда, злодзей ты, лузан здаровы, каб табе… Я табе пакажу, я табе…

У яе не хапала слоў. Губы дрыжэлі ад злосьці. Вочы сачылі, чым-бы ўдарыць Сёмку. А ён замеціў намер бабы, узяў мяшок і выбег з току. Тады Клемсіха выйшла ўсьлед за ім за вароты і там спынілася, прыхіліўшыся да шулы.

Непадалёк ад гумна, на ўзгорку стаіць шэрая, высокая царква. У царкве гэтай тры разы ў год поп правіць: на Міколу восеньскага, на тройцу, ды яшчэ на Пятра і Паўла, і яшчэ бывае там, як памрэ хто.

Каля царквы на могілках бярэзіны, а над імі белы ў сьнягу купал і крыж шэры ў белай сьнегавой кучомцы.

Клемсіха ўжо каторы раз асьцярожна, каб ніхто не бачыў, выходзіць за ток і, сьпяшаючыся, моліцца на царкву.

Калі Сёмка з мякінай схаваўся за хлевам на дварэ, яна зайшла ў ток, закруціла свой мех, як несьці, паставіла яго каля варотніцы і вышла за ток у сьнег.

Перад вачыма ў яе аж да цэркаўкі ўсьнежанае белае поле, чыстае, нібы кужэльным выбеленым абрусом засланае. Над полем кружацца і кладуцца паціху на сьнегавую мяккую ўсьцель белыя лятуны-сьняжыны. Лятуць і кладуцца яны бесьперастанку.

Клемсіха пазірае на царкву, а сьняжыны мітусяцца ў позірку перад вачыма, расьцягваюцца ў тонкія белыя касьнічкі і з іх пляцецца вялізная заслона. Заслона гэтая захоўвае царкву. Крыж і купал і ўся царква, нібы ў тумане, дрыжаць памаленьку.

Клемсіха стройвае зьмерзлыя пальцы, падтыкае імі-ж косы пад хустку, каб не засьцілі вачам, хрысьціцца і шэпча:

— Божухна, бацюхна міласьцівы. Ужо-ж абразы твае сьвятыя зьнімаюць, ужо і мой дурны стары спаліў абразы. Я ні за сябе, божухна, а за яго дурнога малюся… Абразы папалілі, да цябе, божухна, дайшлі ўжо, не шануюць і твайго сьвятога імячка, уваскрошаньня сусавага не дачакаліся… божухна…

Шэпча і хрысьціцца. А сьняжыны нібы наўмысьле шпарчэй мітусяцца, кружацца і ўсё ад гэтага дрыжыць, усё наўкола спавіта белай густой заслонай.

У Клемсіхі дрыжаць павекі, падае сьнег на іх і на вочы наплывае сьлязьлівая муць. Ёй здалося, што дрыжыць, хістаецца на царкве крыж. Узіраецца яна, перастала маліцца, але думае, што гэта ад таго, што не дабачыць ужо трохі. Яна працірае вочы, абцірае з павек сьняжыны і хоча паднесьці яшчэ раз руку да ілба, але рука спынілася каля губ, растапырыліся самі пальцы, разявіўся сам неяк рот. Крыж на царкве хіснуўся ў адзін, у другі бок некалькі разоў і павольна, растапырыўшы ў бакі канцы, нібы зьбіраючыся ляцець, упаў на купал, бразнуў па бляшаным даху і паляцеў круцячыся ў сьнег. А замест крыжа высунулася з купала жэрдачка і як толькі высунулася, вецер разматаў на ёй і пачаў гуляць угары над царквой кавалкам чырвонага палатна. Жэрдачка-ж хіснулася некалькі раз над купалам і потым моцна стала на месцы, як раней крыж.

У Клемсіхі апала ўніз рука. Яна вышла з сьнегу і, запамятаўшы на мякіну і на тое, што не зачыніла варот у таку, зірнула яшчэ раз на царкву і подбежкам кінулася ў двор.

З-за пляча, бачыла, мітусіўся ў табуне сьняжынь над царквою кавалак чырвонага палатна. Сьпяшалася, ногі коўзаліся па вузкай сьлізкай сьнежцы, пападалі ў мяккі глыбокі сьнег з бакоў сьнежкі. Сьнег набіраўся ў чаравікі. Яна падабрала рукою спадніцу, і ступаючы аднэй нагой па сьцежцы, другой у сьнег, азіраючыся на царкву, ішла дадому.

Дома, на дварэ, каля студні Клемс паіў авечак. Калі жонка напуджаная са спалохам на твары, спынілася на дварэ насупроць студні, ён пусьціў з рук вядро, ступіў крок уперад і памерыўся спытаць, што з ёй такое. А яна ўспомніла спаленыя абразы, аб нечым дагадалася і, крыху нахіліўшыся ў бок Клемса, злосна плюнула яму пад ногі і пайшла ў хату.

Моцна стукнулі ўсьлед ёй дзьверы. Бразгнула і весела зазьвінела новая клямка.

XI

Халодны вецер моцна нацягвае павешаны ад клюбу праз усю вуліцу плякат, хлопае палотнішчам плякату. На плякаце, на чырвоным палотнішчы вялізнымі белымі літарамі напісаныя словы:

ПРОЛЕТАРЫ, ПАМЯТУЙ!

ЗМАГАНЬНЕ ЗА ПЯЦІГОДКУ — ЗМАГАНЬНЕ ЗА КОМУНІЗМ

А побач, каля сьцяны клюбу, вялікі размаляваны плякат аб утыль-сыравіне. Вецер пралазіць паміж сьцяной камяніцы і фанерным плякатам і стукае плякатам па сьцяне камяніцы. На чырвонае палатно плякату льецца з вокнаў клюбных сьвятло. У клюбе сход. За асьветленым сталом прэзыдыум і ў боку, каля стала, нахіліўшыся на стол, гаворыць Сідар.

— Нам далі, — кажа ён, — усяго тры месцы, улічваючы, што гэты штат нам самім, заводу, вельмі патрэбны. Дык вось гэтых трох чалавек нам і трэба вылучыць, ды такіх вылучыць, каб зрабілі, што патрабуецца ад іх. У вёсцы цяпер работы вельмі багата. Сялянства ўсьвядоміла, што з паняверкі можна выйсьці толькі агулам, агульнымі сіламі. Сялянства організоўвае колгасы, пачынае новае жыцьцё, зусім іншае ад таго, якім век жыло. А вось як пачаць такое жыцьцё. Як яго будаваць? Гэтага добра ня ведаюць. Партыя вядзе растлумачальную і організацыйную работу, але вядзе сваю работу і кулацтва, якое ўсё робіць, каб колгасы разбурыць. Колгасам маладым патрэбна дапамога ад рабочых. Справа ў тым, што блізка веснавая сяўба, а трэба, каб яна, як кажа партыя, прайшла па-бальшавіцку. Да сяўбы, значыць, трэба рыхтавацца і рыхтавацца добра. Дзеля гэтага рабочыя з гораду пасылаюць у колгасы свае брыгады, каб пасабіць там і ў організацыйнай справе і ў справе рамонту інвэнтару. Але рамонт гэты ня проста рамонт. Рамонтаваць зараз у колгасе плуг, ды барану, гэта значыць умацоўваць колгас, гэта значыць біць кулацтва, біць усіх нашых ворагаў. Дык вось, выходзячы з гэтых задач, пашлем і мы сваю брыгаду. Таму і трэба паслаць лепшых рабочых. Вось і ўсё маё слова…

Сідар змоўк. А старшыня сходу запытаў:

— Дык каго пасылаць будзем, таварышы, прапануйце.

— Ціхана! — крыкнулі з залі.

— Іцку!

— Іцку!

— Кліма Чурылава!

— Мітрахвана Камяча! Ён добры работнік.

— Клімовіча!

Старшыня запісваў прозьвішчы, названыя ў залі. Хтосьці з залі гукнуў да прэзыдыуму:

— Нельга ўсіх самых лепшых пасылаць, з варштатамі ня будзе каму упраўляцца.

Старшыня сходу адказаў яму:

— Усіх не пашлем, хопіць каму і з варштатамі быць, а там патрэбны лепшыя, бо трэба мець справу з людзьмі, з жывымі, каб ня толькі каваць.

Калі сход ухваліў паслаць Чурылава, Ціханава і Іцку брыгадай у Цярэшкаў Брод, слова папрасіў стары рабочы Камяч.

— Я да іх хочу слова сказаць, — пачаў ён сваю прамову, — каб яны, едучы ад нас, ад усіх рабочых, ды ад партыі, не падкачалі, не спалохаліся. Каб яны, канечне, і агітавалі словам, але каб больш агітавалі працай сваёй, каб пасьля работы іхняй і плуг быў, як сьлед быць і каб колгас быў моцны. Ці пад’ёў, ці не, ці паспаў, ці не, а каб работа была па-бальшавіцку.

За яго словамі па залі пракаціліся ад пярэдніх радоў воплескі. Калі заля гаманіла воплескамі, з задніх радоў узьняліся жанчыны, падышлі наперад, а адна падышла аж да самага прэзыдыуму сходу. Воплескі сьціхлі. Жанчына папрасіла ў старшыні слова і, як стаяла на сцэне, пачала ўсхваляваная разгортваць невялічкі папяровы пакунак.

— У нас, у вёсцы, — загаварыла жанчына, адбываецца цяпер рэволюцыя. Яна ня можа быць без машыны, без трактару. Мы дасылаем на дапамогу вёсцы сваіх лепшых рабочых, але гэтага мала. Ёсьць і яшчэ ў нас адна магчымасьць дапамагчы. Вунь у нас каля клюбу плякат аб утыльсыравіне. Утылю ў нас багата ў кожнага. І ня толькі ад вопраткі старой, ці ад абутку, але і ад мінулага жыцьця нашага ўтылю багата ў нас. Вось я і прынесла гэты утыль. Яна трымала, паказваючы ў руцэ нешта маленькае, бліскучае, чаго нельга было пазнаць адразу. Гэта мой залаты крыжык, што на шыі насіла я ў маладосьці…

Словы яе згубіліся ў бурнай хвалі воплескаў і зноў выплылі з воплескаў ціхія, выразныя.

— … Малілася, як дурніца, а багі не дапамагалі. Дапамагла мне цяпер рэволюцыя, дык і я хачу богавым дапамагчы ёй…

І зноў прарваліся і паплылі воплескі. Жанчына гаварыла яшчэ:

— … А другое, пярсьцёнкі залатыя, мой і чалавека майго, якімі вянчаліся мы. Гэтым утылем хочу я пасабіць рэволюцыі, каб яна хутчэй ішла ў вёску беларускую трактарамі, ды машынамі.

Жанчына паклала крыжык і пярсьцёнкі на стол перад прэзыдыумам, пачырванела ад хваляваньня і хуценька вышла ўніз у залю. Заля правяла яе доўгімі шумнымі воплескамі. А да сцэны падышлі гуртам жанчыны, разгортвалі розных памераў пакункі і клалі на стол перад прэзыдыумам сходу залатыя і срэбныя рэчы. На стале зьявіліся, апрача крыжыка і пярсьцёнкаў, срэбныя і залатыя завушніцы, бранзалеты, яшчэ пярсьцёнкі і крыжыкі, срэбныя падсьвечнікі, два залатыя гадзіньнікі. Расла, павялічвалася на стале горка з рэчаў залатых і срэбных. Пералівалася ў іх блескам іскарак сьвятло ад лямп, а заля гаманіла, крычала воплескамі гучнымі і з воплескаў, з самай гушчыні іхнай, прарваліся гукі гімнаў, і ўзьнялі з месц людзей, запоўнілі сабою залю і паглынулі ў сабе воплескі…

Каб ня згібаць плеч пакорных.
Каб волі дух лунаў у нас…

Мацнелі, вырываліся і плылі праз асьветленыя вокны ў вячэрнюю ціхую вуліцу словы гімну. У залі стаялі людзі. Разам ва ўсіх іх уздымаліся і апускаліся ў гэты момант грудзі, разам адным гукам з усіх грудзей вырываліся простыя, але поўныя магутнай сілы словы і гучалі цьвёрда ўпэўнена.

Мы сьвет на новы лад збудуем,
Хто быў нічым, той будзе ўсім…

У вуліцы вецер хлопаў палатном плякатаў, яшчэ мацней нацягваў яго, выгладжваў, каб лягчэй было чытаць тое, што напісана на палатне белымі вялікімі літарамі.


— Ня добра, далібог ня добра так рабіць, Аўгена Сьцяпанаўна.

Пацяруха паціскаў руку Аўгены Сьцяпанаўны і, зазіраючы ёй у вочы, усьміхаўся. Яна-ж чырванела і поглядам, поўным зьдзіўленьня, пазірала на яго.

— Што? Аб чым вы?.. Я не разумею… Я, здаецца, нічога дрэннага не зрабіла.

— Прыпомніце…

— Далібог-жа ня ведаю… Скажэце.

— Ну, добра, скажу…

Ён усьміхнуўся.

— … Вы абяцалі прысьці і ня прышлі…

Аўгена Сьцяпанаўна зарагатала.

— Ай, Сымон Сымонавіч! А я напалохалася, думала, што я такое зрабіла? Ха-ха-ха… Ня было як прысьці, выбачце мяне за гэта. Зьбіралася аж некалькі разоў, але ўсё то тое, то сёе і нельга часу выбраць…

— І ня прышлі, — перабіў яе Пацяруха, — дык я сам да вас. Прымайце гасьцей.

— Я вельмі рада.

— А дзе Дзям’ян Андрэевіч?

— На другой палове. Гэта ў нас і сталовая, і прыёмная і гасьцінная, а там спальня і габінэты. Цесна ў нас.

— У цеснаце, ды ня ў крыўдзе, як той казаў.

— А ці вылезем калі з цеснаты гэтай?

— Вылязем, Аўгена Сьцяпанаўна. Пабудуем соцыялізм і вылезем у лепшае.

— Ня хутка яшчэ мусіць?

— Не адразу і Масква збудавалася. Па крысе вылазіць будзем, па-маленечку, каб лягчэй. А то цяпер есьці асабліва няма чаго, дык трэба па-лёгенечку.

— Дай бог хоць гэтак. А цяпер, сядайце за стол… Дзёма! Дзёма! ідзі гарбату піць, Сымон Сымоныч прышоў.

Пілі гарбату павольна. Гутарылі пра розныя свае хатнія і гарадзкія навіны. Аўгена Сьцяпанаўна ўстала з-за стала, каб паказаць рэчы, якія купіла ў апошнія дні. Яна разгортвала пакунак шарсьцяное матэрыі і радасна ўсьміхалася,

— Як мала трэба жанчыне, каб быць радаснай, — праказаў Пацяруха. — Усяго чатыры мэтры шэрсьці і ўжо радасьць…

— А чаму-ж? — Аўгена Сьцяпанаўна зрабіла выраз твару пакрыўджанай. — Шэрсьць так цяжка цяпер дастаць.

— Дык ці-ж гэтаму радавацца варта? Па-мойму, дык трэба сумаваць. Мне, ведаеце, да чорта сумна, бяз конца сумую. Праходзіць жыцьцё і хоць-бы што радаснае. Скрозь адно паскуства… Нават у кіно паскуства адно.

— Гэта дарэмна, Сымон Сымоныч, бываюць-жа і добрыя карціны. Хоць-бы ўзяць «Дзеля дзіцяці», дый іншыя былі…

— Дзе вы іх, Аўгена Сьцяпанаўна, бачылі? Колькі год таму? Я, калі не пайду ў кіно, дык усё артылерыя, кавалерыя, комсамолія, піонерыя…

Гаспадары маўчалі. Пацяруха працягваў сваю думку далей.

— А каб-жа гэта толькі ў кіно, а то ва ўсім жыцьці так. Пустэча… Пачуцьці чалавечыя мы ў куток загналі. У глухі куток.

— А вы, як партыец, Сымон Сымонавіч, рабеце, каб лепш было.

— Мы ня можам гаварыць.

— Чаму? — зьдзівілася гаспадыня. — Вы-ж партыец?

— Ха-ха-ха! Якая-ж вы наіўная, Аўгена Сьцяпанаўна. Ня ўсё і партыйцу можна. Мо’ я і яшчэ з чым ня згодзен, а скажы, дык заўтра — ф’юць…

— Няўжо так?

— Сымон Сымонавіч страшыць, — прамовіў гаспадар, — наўмысьле страшыць.

— Чаго там страшыць. Вы свае людзі, ня буду таіцца. Колькі гэтага ў нас бывае. Выступіць чалавек і адразу яму, то вымова, то папярэджаньне, а то і выключэньне з партыі…

Гаспадары маўчалі.

— … Як сваім вам скажу, ад сэрца. Я не адзін так думаю, багата ў партыі нас такіх, ды маўчаць, баяцца. А ці дзіва? Хіба гэтага чакалі? Я ўспомінаю ранейшыя свае гады. Як я ўсё ідэалізаваў! Як я ўсім захапляўся, усяму пляскаў. Адно гарачае слова і мяне аж падмывала. На ўсё здолен быў пайсьці… Так багата з кім было. Да нейкае пара чалавек на ўсё гэта нашае пазірае праз акуляры ідэалізацыі, асабліва моладзь, якая ня ведае старых часоў. Яна ўяўляе ўсё мінулае, як бясконцыя жудасьці. І таму так лёгка мірыцца з сучасным, як яно ёсьць. А потым, як падрасьце чалавек, як улезе ў яго душу са сваімі гострымі копцюрамі жыцьцё, ды як вышкрабе гэтую ідэалізацыю, дык у чалавека адразу крызіс, трагедыя, нічога ён тады не разумее. А хіба я не перажываю гэтую-ж трагедыю?

— Вы, Сымон Сымоныч, занадта пэсымістычна да ўсяго ставіцеся, так нельга. Патрэбна раўнавага ў поглядах, гэта самае лепшае, — параіў гаспадар.

— Ну, во. А я сам, дык лічу сябе оптымістым яшчэ, бо ў іншых гэта глыбей у нутро пралезла. Я багата пра ўсё гэта думаў. Да чаго мы ідзем? У краіне цяжкі крызіс, заняпад, а мы ня прызнаем, у нас усё толькі часовыя цяжкасьці. Усё на цяжкасьцях выяжджаем. А калі яны скончацца? А што ў вёсцы робіцца? Прыслалі да нас аднекуль з-пад Масквы работніка, ён інструктарам, дык што апавядае. Гэта-ж жудасьць. Прыходзіць у адну хату, а на памосьце сядзіць апухлы стары і есьць з карыта мякіну, звар’яцеў ад голаду.

— Няўжо? Божа!.. — ускрыкнула Аўгена Сьцяпанаўна.

— Цэлыя сем’і пухнуць з голаду, — расьцягваючы словы сказаў Пацяруха, — і гэта ў вёсцы. І гэта-ж не васемнаццаты год! Як партыец, я хварэю за гэта, а сказаць нічога не магу.

— А інструктар той ваш пісаў-жа мусіць нешта, гаварыў?

— Пісаў. Ён напісаў вялікую справаздачу, але яе ўзялі ў паперы і засэкрэцілі.

— Страшэннае вы ўсё, Сымон Сымонавіч, гаворыце. Ня трэба вам так гаварыць, можа нядобра быць.

— Я не магу, як партыец, у мяне сэрца баліць.

— Роўнавага патрэбна, — зноў параіў гаспадар, — самае галоўнае ў жыцьці, — роўнавага.

— Гэта і пяройдзе мо’ хутка, возьмуць дзе і дадуць галодным, — зрабіла сваю заўвагу гаспадыня.

— Дзе возьмуць, Аўгена Сьцяпанаўна? У кулака? У яго мы ўжо ўсё ўзялі. Колькі год ужо бяром у яго, дзе-ж яно будзе?

— Цяжкія часы нашыя, Сымон Сымонавіч, — згадзіўся памаўчаўшы гаспадар. — Я і сам, як падумаю, дык вельмі цяжкія. — Гаспадар прычмокнуў губамі. — Эх-хе… Хіба гэтага, сапраўды, чакалі? Да соцыялізму ідзем, а есьці няма чаго. Ды хіба можна сілай соцыялізм пабудаваць? Вось мне, Сымон Сымонавіч здаецца, што ў гэтым і крыецца галоўная памылка, у тым, што сілай хоча партыя соцыялізм насадзіць у такой адсталай краіне, як Расія. Хіба можна з рускім мужыком, ды яшчэ сілай? Ён-то пойдзе ў колгасы, але што-ж з таго яшчэ? Ці будзе рабіць? Ужо дзе-дзе, а тут-бы варта, каб сам мужык выбіраў, як ён хоча, што больш карысьці яму дае, туды-б ён і пашоў… Цяжкія часы…

— Яшчэ якія цяжкія! — азваўся Пацяруха. — На якія дробязі разьменьваем мы сваё жыцьцё. Галоўнае, робіш нешта, працуеш і ня ведаеш, на што, на карысьць, чаго? Усё ідэальнае забруджана, запэцкана дробязямі нашых штодзённых спраў…

— Як правільна, Сымон Сымонавіч! Як правільна, — умяшалася зноў у гутарку гаспадыня. — Бывала чытаеш кніжку пра соцыялістаў, пра народнікаў яшчэ, дык да сьлёз бывала. Марыш, бывала, думаеш, якія шчасьлівыя будуць людзі! Якія шчасьлівыя! А цяпер зусім ня тое…

— Да-а-лё-о-ка ня тое, Аўгена Сьцяпанаўна. Далёка адышлі мы ад тых соцыялістычных ідэй… Кажучы проста, па праўдзе, да дваццаць восьмага году яшчэ было прыемліма, яшчэ можна было мірыцца. Як мацнела гаспадарка! Толькі прыпомніце дваццаць шосты, дваццаць сёмы гады. Тады сапраўды мы да соцыялізму ішлі. А гэты паварот, асабліва апошні, сёлетні, гэта штучнасьць, гэта крок назад, а не наперад. Мы самі абменваем, бо паніка вакол. І панікі самі нарабілі, як Дон-Кіхот з млынам, крычым што вакол нас клясавае змаганьне, змаганьне, ворагі, тады, калі ніякага чорта нідзе няма. Штучнасьць, скрозь штучнасьць. А ў выніку назад ад соцыялізму ідзем… І думаеце, наша грамадзкасьць гэтага не разумее? — ён зьнізіў голас. — Усе разумеюць, ды маўчаць, баяцца. А гэта яшчэ горш, бо другія гавораць такое, што жудасьць… А што абываталі гавораць, каб вы паслухалі. Жудасьць адна.

Аўгена Сьцяпанаўна налеяла шклянку гарбаты і паставіла яе перад Пацярухай. Пацяруха змоўк, зірнуў на гадзіньнік і схамянуўся.

— Дадому мне трэба, бо я-ж на хвілінку зайшоў, даведацца, а піць больш ня хочу, дзякую.

— Гэта апошняя ўжо. Выпеце, Сымон Сымонавіч.

— Для вас, Аўгена Сьцяпанаўна, вып’ю гэтую і больш ні-ні.

— А мо’ і яшчэ тады?

— Не-э, хопіць ужо.

Ён хутка выпіў гарбату і ўзьняўся, каб ісьці дадому.

— Цяпер мы ўжо будзем чакаць вас без усялякіх, — загаварыў ён. — Ніякіх прычын не прызнаем. Пазнаёмлю вас з маім новым сябрам.

— Як яго прозьвішча?

— Асьцюк Яўмен. Інструктар, пра якога я казаў. Ён анекдотысты добры, вясёлы. Ведаеце, калі чакаем? На дзень нараджэньня Лізаветы Піліпаўны.

— Добра, добра, прыдзем. А сёньня пакланецеся Лізавеце Піліпаўне ад нас. За мяне пацалуйце я горача…

— Добра, зраблю гэта абавязкова. Ха-ха!.. Бывайце.


Яўмен Асьцюк зірнуў на гадзіньнік і падышоў да акна. За акном вялікі гарадзкі сад. Над садам кружацца цэлай зграяй галкі. Яны то садзяцца на голыя дрэвы саду, то зноў уздымаюцца і з карканьнем носяцца па-над садам. Унізе, каля агарожы, стаяць адзін за адным вазкі рамізьнікаў. Сядзеньні ў некаторых вазкох, накрытых старымі мядзьведжымі скурамі, у некаторых лапленым сінім сукном. Коні некаторых рамізьнікаў накрыты шырокімі, плеценымі з тонкага шпагату, папонамі. Коні ядуць авёс, махаюць галовамі і як махаюць, на шыях у іх браскаюць бомы. Рамізьнікі самі зышліся каля агарожы, пра нешта гутараць. Асьцюку хочацца пазіраць на рамізьнікаў. Ён хукнуў на шкло, потым працёр далоньню ўспацелую шыбу і тады убачыў што рамызьнікі стаяць наўкола агню, грэюцца.

— «На вуліцы ў горадзе агонь кладуць, як ў лесе», — сказаў гэта сам сабе і знэрвована забарабаніў па шыбе пальцамі. У пакой у гэты час неўзаметку зайшоў Асьцюкоў знаёмы. Ён падышоў да Асьцюка і крануў яго за плячо.

— Дзень добры! Чаго ты тут стаіш і… што гэта з табою? Чаго ты такі вялы?

— Сам ня ведаю, чаго стаю. Учора даслалі паперку. Вось выклікалі роўна на дзевяць, а цяпер вось палова на дзесятую, а іх нікога няма, парадкі ў нас, каб іх чорт узяў.

— З вучразьмерку?

— Ага.

— Ну, дык вітаю, Яўмен Антонавіч.

Асьцюк зьдзіўлена зірнуў на знаёмага, не разумеючы, што той хоча сказаць.

— З чым гэта ты мяне вітаеш? — запытаў ён.

— З паездкай у вёску, на фронт колектывізацыі.

Асьцюк маўчаў. Ён аб нечым здагадаўся. І ад гэтага адразу сапсаваўся настрой. Ён мэханічна ўзяў са стала асадку і памачыў пяро ў атрамант. Пасьля гэтак-жа мэханічна ўзяўся пальцамі за пяро. Потым зірнуў на пальцы, запэцканыя ў атрамант і злосна адкінуў асадку на стол. Пальцы выцер аб палу палітона.

— За гэта я ім вялікае дзякуй скажу, — прамовіў ён. — Нарабілі там чорт ведае чаго, а ты едзь, расхлёбывай.

— Дык паедзеш, ды наладзіш, дзе ня так што. Для гэтага і пасылаюць.

— Я не перагінаў.

— Ну, ды што-ж?

— А тое, што трэба цьвярозую політыку весьці. А ў нашага начальства, браце, гэтае цьвярозасьці бракуе відаць. Хіба не папярэджвалі гэтага? Хіба матэрыялаў ня было належных, якія паказвалі становішча вёскі? Усё, брат, было. Я вось, хоць сваю дакладную запіску бяру. У ёй я сыгналізаваў, што да гэтага можам прысьці.

— Да чаго гэта гэтага? Прышлі да колгасаў. У іх работы багата, трэба замацоўваць, вясна ідзе.

— Во, во. А перагіны?

— Ну, перагіны былі, трэба-ж і іх выпраўляць. А што ты там пісаў — глупства.

— У вас усё глупства. Я думаў, што ты крыху сур’ёзьней…

— Ладно! Менш рыпі, а едзь лепш у вёску, ды рабі. Я пайду. Як прыдзе Семчык, скажы, што я зайду а дванаццатай.

Асьцюк зноў застаўся адзін. Ён ніяк ня мог разабрацца ў наплыве думак і сваіх пачуцьцяў. Ці то хочацца паехаць у вёску і там чагосьці нарабіць, каб давесьці ім правільнасьць сваіх думак, ці то ўзяць і, выказаўшы гэту думку Семчыку, адмовіцца ад паездкі. Нарастала злосьць. І было нейкае задаволеньне, што выказаў свае думкі хоць гэтаму знаёмаму.

Ён падсунуў да стала крэсла і сеў. Адарваў ад календара лісток і на чыстым яго баку занатаваў думкі, якія меркаваў выказаць Семчыку. Нехта спыніўся ў корыдоры каля дзьвярэй пакою. Асьцюк прыслухаўся, выняў з кішэні паперку, дасланую з парткому і паклаў яе перад сабою, каб адразу-ж падсунуць яе Семчыку, як той прыдзе. Але ў пакой ніхто не зашоў. Тады ён яшчэ раз зірнуў на гадзіньнік. Было роўна сорак дзьве хвіліны на дзясятую. Асьцюк узяў прэс і пачаў з яго абдзіраць прамакатку. Пасьля адкруціў ручку. У гэты час увайшоў Семчык. Ён прывітаўся, скінуў у куце паліто і галёшы, падышоў і павітаўся з Асьцюком яшчэ раз за руку.

— Ты ўжо чакаеш? А я спазьніўся крыху. — Ён зірнуў на гадзіньнік. Зірнуў і Асьцюк. — Дый здорава спазьніўся.

Пакуль ён гаварыў, Асьцюк нэрваваўся, баяўся, што не адважыцца пасьля выказаць сваіх думак Семчыку, калі той будзе так па таварыску весьці гутарку. А Семчык сеў у крэсла і гаварыў далей:

— Мобілізуем у вёску яшчэ пятнаццаць чалавек. Трэба пасабіць колгасам замацавацца і сяўбу падрыхтаваць. А ведаеш, паехаў-бы я туды з такой ахвотай, цяпер, брат! Тут у горадзе сум, клопаты, розныя, а там як ніколі жыве ўсё, там у зямлі самай рэволюцыя цяпер. Не паўторыцца гэты час болей, бо гэтая вясна вырашыць пералом вёскі, паставіць яе на новую дарогу.

— Я думаю, што не паўторыцца, — праказаў Асьцюк. — Вы мяне ў сувязі з гэтым і выклікалі?

— Ага, ага. Ты ў ліку пятнаццаці. Дык што ты скажаш?

Семчык сеў на край стала і чакаў адказу.

— Я нічога-б ня меў супроць, але мне ня зусім выпадае зараз ехаць. Дый іншыя мотывы…

— Кінь ты, якія там яшчэ мотывы?

— Я, напрыклад, ня ведаю беларускае мовы, а там сялянства…

— Дык вось там і вывучыш дасканала мову. Гэта не мотыў.

— Ды яшчэ і іншыя меркаваньні, больш сур’ёзныя.

Семчык зьдзіўлена зірнуў на Асьцюка і запытаў:

— Ты ня хочаш ехаць?

— Так, ня хочу, — адказаў Асьцюк.

І ужо больш рашуча прамовіў. — І не паеду, хоць і загадаеце.

— Чаму?

— А таму, хоць-бы-ж, што ня ўмею я перад мужыком хвастом круціць пасьля таго, што нарабілі там…

— Ты гэта пра што?

— А пра тое, што за чужыя перагіны аддувацца я не хачу і ня буду. — У Асьцюка зьявілася рашучасьць. — Мы заўжды, — казаў ён, — ня ведаючы абставін, не абдумаўшы нічога, ідзем на ура, усё на ура хочам узяць, а тут політыка не такая патрэбна. На такой політыцы, што гні, перагінай, а тады аддай на пяцьдзесят процантаў назад, далёка не заедзеш! Адны пішуць рэзолюцыі, седзячы ў раённых габінетах, што ўсё добра, што ўсе сяляне за комуну, а другія дырэктывы пішуць, а потым чорт ведае што.

— Ну, ты глупства гаворыш. Хіба мы ня ведаем, што дзе-ні-дзе зроблены перагіны? Дык-жа і пасылаем вас, каб не паглыбляць іх, а папраўляць. Каб не сарваць сяўбы. Ці ты не разумееш гэтага?

— Я то разумею. Пра гэта я пісаў яшчэ ў сваёй дакладной запісцы выканкому. Дык на гэта не зьвярталі тады ўвагі.

— Дружа! Ты іншае пісаў, ты паніку наганяў, а што правільна было, тое-ж улічылі і зрабілі, што трэба.

— У вас вечна паніка, што ні скажы.

— У каго гэта ў вас?

— А хоць-бы у комітэтчыкаў! Паперамі вочы засланілі і ня бачыце жыцьця.

— Дрэнь ты гаворыш!

— У вас усё дрэнь… І вось я рабіць гэтае дрэні не жадаю!

— А, я пачынаю цябе разумець.

— Слава богу! І, вядомая справа, прыпішаш ухіл. Гэта ваш канёк.

— Мялі Емеля…

— Я не мялю… Я толькі ня хочу расхлёбваць кашы, пасьля таго, як там пазаганялі мужыкоў у колгасы, параскулачвалі сераднякоў. І ўсё з-за вашае ўстаноўкі.

— Так, я цябе зусім разумею… — азваўся Семчык.

— Песьні знаёмыя.

— Як-жа!..

— Ну, годзе! Такі сапраўды добра, што цябе ў вёсцы ня будзе. Бо толькі псаваў-бы. Там патрэбны не такія… А пытаньне пра адмаўленьне паехаць у вёску і мотывіроўку гэтага адмаўленьня разьбяром на бюро комітету.

— Кажы проста, пра мотывіроўку…

— Можна. Ва ўсякім выпадку, яе варта абмеркаваць, паказаць організацыі і паслухаць, што ты скажаш організацыі. Я ня ведаў, што ты…

— Правы? Так?

— Можа і так. Адно ясна, што ты далёка адстаў ад вясковага беспартыйнага актыву.

— Гм… усяго?

— Ах, я забыўся, што ў цябе яшчэ глыбокія прынцыповыя переконаньні… Але ладна! Цябе я са сьпісу выкрасьлю, памыліўся, выбачай… А ў вогуле раіў-бы хоць так, самому зьезьдзіць у вёску, ды паглядзець, што людзі робяць… Можа-б перакананьні зьмяніліся…

— Мае перакананьні не пальчаткі, я іх не зьмяняю так часта.

— Гарбатага магіла выпрастае…

Асьцюк, не разьвітаўшыся, узяў шапку і вышаў. У карыдоры ён спыніўся на хвіліну, штосьці мяркуючы, пасьля заплікнуў паліто і пайшоў на сходцах на вуліцу.


Над горадам чыстае неба, ніводнае хмаркі. Патухлі, патанулі ў чыстай, глыбокай яго сіняве далёкія зоры і толькі месяц зьбялелым поўкругам вісіць яшчэ над горадам.

Горад толькі што праснуўся і, пацягваючыся, з прасоньня, застыў на момант. Здаецца, што ён вось-вось, парушыць сваімі плячыма, пазяхне і тады загудзе, загаварыць усім сваім каменным целам.

У вуліцах лётае ранішні сьцюдзёны вясеньні вецер. Маўкліва, што муляры ў адпачынку, стаяць ў белых запэцканых вопратках старыя камяніцы. Высока ўзьняліся побач з імі, прыбраныя ў тканіну рыштаваньняў, чырвоныя з сьвежаю цэглаю сьцены новых дамоў. Уздоўж вуліц пракапаны каля тротуараў глыбокія вузкія канавы. Па вуліцах, ля канаў, ляжаць паскамі ўзгоркі сьвежага, зацьвярдзелага на марозе, пяску. На пяску ляжаць цяжкія, сьветлашэрыя каналізацыйныя трубы з бэтону. Па другім баку вуліцы, каля тротуара ляжаць цяжкія, чорныя трамвайныя рэйкі. Гадзіньнік са старой вежы на пляцу Волі паказвае толькі пачатак чацьвертай.

У вуліцы ля дзьвярэй магазыну гатовае вопраткі сядзіць на зэдліку вартавы. Ён завярнуўся плячыма да ветру, схаваў твар у высокі каўнер новага армяка і, схіліўшы голаў на дзьверы, дрэмле. Сіліцца заснуць, але заснуць ня можа, бо па тратуары ідуць ужо, сьпяшаючыся, адна за аднай жанчыны і становяцца ў чаргу ля суседняе продуктовае крамы. Адтуль далятаюць да вартавога галасы іхняй гамонкі і перабіваюць сон. А старому вартаўніку вельмі-ж хочацца спаць. Ён сплюскае вочы і павольна, ахутаны цяплынёю пад армяком, спускаецца, так здаецца яму, на ложак і пачынае нешта сьніць. Аж тут, акурат, калі пачала плесьціся прыемная вяроза сну, загаманілі голасна над самым вухам жанчыны і ўсё адразу зьнікла, а вочы ўбачылі пабелку сьцяны магазыну жоўты вушак дзьвярэй. Тады ён мармоча сабе пад нос:

— У-у, каб вас немач, ночы на вас няма, цэлую ноч у чарзе стаіцё!

І зноў сплюскае вочы, але сон ужо не вяртаецца, чарга дарасла ўжо да яго і над галавой збоку ня сьціхае жаночая гамонка. Вартаўнік пасядзеў яшчэ крыху з заплюснутымі вачыма, думаў задрэмле, потым узьняўся, адхінуў каўнер і пачаў хадзіць па тротуары каля чаргі. А чарга нарастае і робіцца з гэтым маўклівей. Недаспаўшыя жанчыны прыходзяць у чаргу нашча і таму хутка здаюцца ў палон млявасьці, стомы. Яны змаўкаюць, шукаючы месца, каб хоць крыху прысесьці, ці каб зручней абаперціся на сьцяну камяніцы.

На старой гарадзкой вежы гадзіньнік адзваніў толькі чацьвертую гадзіну раніцы, а чарга сваім хвастом завярнулася аж на Балагольскі завулак.

Замарыўся і зноў сеў на зэдліку стары вартаўнік.

Стомленыя жанчыны прыхінуліся да сьцен будынкаў, трымаюцца за жалезныя парэнчы каля вітрын. Некаторыя селі на каналізацыйныя трубы і, адпачыўшы, пацягваюцца, пазяхаюць. У руках у жанчын кошыкі, у некаторых толькі коопэрацыйныя кніжкі. І па ўсёй чарзе злосныя, пакорлівыя нездаволеныя і сварлівыя жаночыя твары.

Прайшло яшчэ тры гадзіны. Гадзіньнік на вежы адзваніў сем разоў. І зараз-жа за горадам нарадзіўся і паплыў на горад тонкі, зычны голас фабрычнай сырэны. І не пасьпела яна змоўкнуць, як разам з усіх ускраін гораду адгукнуліся ёй рознымі галасамі другія.

Прышлі прыказчыкі. Фурманка прывезла мяса. Бразнулі запоры дзьвярэй і чарга выпрасталася, стала шчыльней, заварушылася.

Клімава жонка прышла ў чаргу пазьней другіх, яна далёка ад пярэдніх і ад таго хвалюецца, баіцца што ня хопіць у краме мяса на ўсіх, што ў чарзе. Мяса даюць рэдка, каб атрымаць мяса, жанчыны пільнуюць наўмысьле момант, калі яго прывязуць у краму. Ад гэтага хвалюецца Кліміха, а чарга ўперадзе пасоўваецца паціху, вельмі-ж павольна. Уперадзе ад яе стаіць маладая жанчына з кошыкам. Яна нэрвуецца чагось і гаворыць нібы да самой сябе:

— Усе сілы па гэтых чаргах разьнясеш, ды каб яшчэ атрымаў што людзкае, а то і пастаіш, і дрэнь адну атрымаеш, мусіць…

Кліміха хоча падтрымаць яе, загаварыць з ёю, каб спагнаць сваю злосьць.

— Вось-жа тое і ёсьць, — кажа яна, але жанчына нічога не адказала на яе заўвагу, змоўкла. І ад гэтага ў Кліміхі яшчэ большая злосьць накапліваецца, нарастае з тым, як бліжэй падыходзіць яна да прылаўка.

За прылаўкам двое прыказчыкаў. Адзін, старэйшы, бярэ у жанчын коопэрацыйныя кніжкі, разгортвае іх і падоўга ўглядаецца ў аднаму яму вядомыя, адзнакі, правярае, каб хто не атрымаў пайка два разы. Маладзейшы расьсякае тапаром на прылаўку мяса, адважвае і дае жанчынам іхную долю.

Пярэдняя жанчына заспрачалася з прыказчыкам і той груба, ня слухаючы яе, адказаў:

— Не затрымлівайце грамадзянка, а то нічога ня дам.

— Не дасі? А ты маеш права ня даць? — крыкліва пытала ў яго жанчына. — Што мне палагаецца, тое дасі мне, пытаць у цябе ня буду!

Прыказчык зноў сказаў:

— Праходзь, праходзь, грамадзянка.

— А ты ня крычы, не пакрыквай! — умяшалася ў спрэчкі Кліміха, — ня думай, што ты адзін работнік ў Савецкім Саюзе…

Жанчына адышла. Прыказчык зірнуў на Кліміхіну кніжку і, зьняўшы з вагі, кінуў ёй у кошык кавалак косткі з мясам. Мяса на костцы небагата, расьсечаная таўстая костка тырчыць гострым круглым канцом, займае ў кошыку багата месца.

— Ты што-ж гэта? — запытала Кліміха, выцягваючы з кошыка костку. — Ты што мне кідаеш? Ці я сабака, што ты мне голую костку кідаеш?

— А што-ж я сам яе зьем? — адказаў ёй прыказчык. — Мне далі яе і я даю і ты, грамадзянка, ня крычы калі ласка.

— Ня крычы! Шчэ ня так вас трэба. Табе не далі, каб ты аднэй мне костку кідаў!

З гэтымі словамі схапіла костку, тырканула яе пад нос суседкам жанчынам, потым прыказчыку і кінула яе на прылавак. Костка цяжка ўпала і стукнула аб нагу. Вага забраскала. А Кліміха не сказала, а крыкнула прыказчыку:

— Сабе костку вазьмі, а мне мяса давай, я не сабака!..

— А ты не займай часу, грамадзянка, — адказаў прыказчык. — Хто наступны, падыходзьце…

Кліміха хвіліну пастаяла раздумваючы, потым схапіла з прылаўка костку, сунула яе са злосьцю зноў сабе ў кошык і мятнулася з крамы, распіхаючы баб. На хаду сказала:

— Есьці чаго, дык не даюць, а мужа ў колгас, дык паслалі на рамонт!..

— Так нельга, — грамадзянка, — заўважыла адна з жанчын. — Мужа трэба паслаць, дык і паслалі, не адзін ваш паехаў…

— Трэба? — запытала спыніўшыся Кліміха. — Трэба? А есьці ня трэба?

Яна спынілася на момант, зірнула на жанчыну, на прыказчыка і тады пашла, гаворачы на хаду:

— Соцыялізму будуюць… Дабудаваліся, няма куды больш ужо…

Мятнулася з крамы і за дзьмярыма зразу спынілася. На тротуары загарадзіў ёй дарогу п’яны мужчына. Ён абапёрся рукой на яе плячо, потым адхіліўся да сьцяны і, дыхаючы ў твар ёй густым пахам гарэлкі, сказаў, паказваючы на чаргу:

— Да чаго дажыліся, грамадзяне праваслаўныя? Чаго дачакаліся за воляй, гэтай, а? Варта вам, варта, ня будзьце авечкамі…

Кліміха спынілася зьдзіўлена, потым аднесла руку і з усяе сілы штурханула п’янага ў грудзі.

— А ты чаго тут шляешся, гад ты праваслаўны, п’яніца ты няшчасная! У астрог цябе, гада, даўно трэба за гэткае!..

Сказала гэта, павярнулася і таропка пашла па тротуары каля чаргі. П’яны ад штуршка абсеў на сьцяну, але ня ўпаў, затрымаўся, а потым пашоў хістаючыся каля чаргі па бруку, і, паказваючы, на Кліміху, замармытаў да жанчын:

— Ого-о-го! Салдат, а ня баба… далібог-жа салдат, а ня баба… здаровая… як піхнула, брат мяне-э…


Гэта быў дзень нараджэньня Лізаветы Піліпаўны, Пацяруховай жонкі. Яшчэ ў дзень, калі Асьцюк сядзеў за нейкімі паперамі ва установе, да яго званіў Пацяруха і ўспомніў, што а восьмай гадзіне ў яго вечарынка. Асьцюк пацьвердзіў яго згоду быць на вечарынцы і пачаў думаць, які-б падарункам купіць Лізавеце Піліпаўне. А пасьля полудню ў харчэўні, ён забег на некалькі хвілін дадому, узяў портфель і пашоў па крамах. Па дарозе парашыў, што купіць для імяніньніцы альбом і дарагіх цукерак, а для усіх, хто будзе на вечарынцы, віна. Так і зрабіў. І ўжо а шостай гадзіне сьпяшаўся дадому, каб падрыхтавацца і сваячасова пайсьці на вечарынку.

Сонца заходзіла. На горад падалі яго апошнія, поўныя густой чырвані, праменьні. Чырвань расплывалася па чорных дахах камяніц дамоў, па жоўтых рыштаваньнях на новых будоўлях, па шэрым бруку вуліцы і ўсё залаціла.

Па вуліцы, праз якую Асьцюку трэба было перайсьці, рушылі густою колёнаю дэмонстранты. Яны несьлі чырвоныя, вышытыя пазалочанымі літарамі слоў сьцягі і белыя з фанеры і паперы плякаты з лёзунгамі. Чырвань сонечная плыла па сьцягах, па тварах і вопратках людзей і ўсё залаціла.

Людзі ў колёнах ішлі сур’ёзныя і задуменныя. Ішлі не пасьпеўшы перапрануцца. Уперадзе колёны і дзесьці пасярод яе гралі оркестры. Людзі сьцішалі крокі насупроць двохпаверхавага дому і ўсе, тысячма вачэй пазіралі ўгару на балькон. Там стаялі такія-ж людзі, з такімі-ж сур’ёзнымі і задумённымі тварамі. Яны пазіралі ўніз, на дэмонстрантаў і насустрач ім з балькону кідалі кароткія лёзунгі. У адказ ім па ўсёй колёне кацілася «ура» і новыя лёзунгі. Зноў «ура» і «ура» зьлівалася з гукамі оркестраў і сьпеваў. А на тротуарах, з абодвух бакоў вуліцы шчыльна стаялі людзі.

Колёны ішлі шчыльнай сьцяной. Параўняўшыся з двохпавярховым будынкам яны ўздымалі вышэй сьцягі і гучней і радасьней крычалі ў адказ лёзунгам з балькону свае лёзунгі:

Хай жыве рабочая кляса!
Хай жыве бальшавіцкая партыя!

Абодвы лёзунгі, кінутыя адзін з балькону, другі з колёны дэмонстрантаў, зьліваліся пасьля ў магутных крыках «ура» ў адно непадзельнае.

У вялікай колёне дэмонстрантаў ішоў асобна, са сваім оркестрам, са сваімі сьцягамі, мэталюргічны завод. Уперадзе колёны, кульгаючы, шырока махаючы рукамі ішоў Сідар, а за ім, займаючы шырыню вуліцы, рушыла заводзкая колёна. Калі колёна параўнялася пярэднімі радамі з двохпавярховым домам, Сідар завярнуўся тварам да колёны, мятнуў угару шапкай і тады з колёны паляцела да балькону разьмерана, крок у крок:

Хай жыве баль-ша-віц-кая пар-ты-я!..

і ўсьлед за гэтымі словамі дзьвёхтысячная колёна ўзьнялася да балькону шматгалосым ура, мятнула ў паветры рукамі, а Сідар зноў пашоў уперадзе, кульгаючы шырока махаючы рукамі.

Гойдаюцца над колёнамі залочаныя ў чырвань сьцягі, бялеюць плякаты і крычыць у вуліцы дзесяткамі лёзунгаў. Колёне няма канца.

Асьцюк нэрваваўся, баючыся спазьніцца на вечарынку. Пастаяўшы некалькі хвілін, ён паімкнуўся пайсьці на колёны дэмонстрантаў, каб перайсьці вуліцу, але яшчэ каля самага тротуару яго затрымаў міліцыянэр і сказаў пачакаць канца дэмонстрацыі. Знэрвованы, Асьцюк стаяў за плячыма людзей, нешта злосна мармытаў сабе, раз за разам паглядаючы на гадзіньнік, стаяў, аж пакуль не прайшла апошняя колёна дэмонстрантаў.

На вечарынку Асьцюк спазьніўся. Калі ён прышоў на Пацярухову кватэру, госьці былі ўжо ўсе там і чакалі яго. Лізавета Піліпаўна спаткала яго, памагла распрануцца і павяла ў пакой. У пакоі Асьцюк пацалаваў Лізавеце Піліпаўне руку, віншуючы яе з днём нараджэньня, падаў ёй з портфэлю дарагі альбом і цукеркі, а потым ужо, усьміхаючыся, пакланіўся прысутным і выняў з портфэлю і паставіў на стол перад поглядам зьдзіўленых гаспадара і гасьцей, дзьве бутэлькі віна.

— Мне ў гасьцях заўжды мала, дык я сваё прыношу, — растлумачыў ён і загэтым адышоў з гаспадаром ад стала і сеў у шырокае, мяккае крэсла.

— Змарыліся, мусіць, Яўмен Антонавіч? — запытаў гаспадар.

— Змарыўся, бо замарылі, — адказаў Асьцюк. — Даклады, інформацыі, нарады, дэмонстрацыі… каб іх чорт узяў. Конфэрэнцыя ідзе, дык яны ўвесь горад на ногі паднялі, дэмонстрацыю робяць, ледзь я канца яе дачакаўся, праз гэта-ж і спазьніўся… Славутае жыцьцё нашае: дэмонстрацыя, колектывізацыя… прасілі мяне сёньня нашыя комсамольцы, каб я ім даклад зрабіў пра колектывізацыю, дык насілу выкруціўся, сказаў, што некалі, што ў мяне нарада тэрміновая… каб хоць не даведаліся чэрці, а то-ж у іх гэтая лёгкая кавалерыя скрозь нос усуне…

Асьцюк і гаспадар зарагаталі. Госьці, як пачулі рогат, спынілі сваю гаворку і скучыліся каля гаспадара.

— У вас нешта цікаває? — запытала гаспадыня.

— Колектывізацыя, больш нічога, — адказаў Асьцюк.

Падышоў і сеў побач Панчошка.

— Я дзіўлюся, — пачаў ён, — як гэта наш паважаны Яўмен Антонавіч не на колектывізацыі цяпер. Хадзілі-ж чуткі, што вас пасылаюць.

— Без мяне наколектывізавалі больш, як трэба, дык я не паехаў ужо…

— Так. Наколектывізавалі, а што будзе з гэтага?

— Ва ўсякім выпадку нічога добрага ня будзе. Дэмонструем, крычым, а есьці няма чаго. Колектывізавалі, а цяпер раскідалася ўсё амаль і аднаасобнік ня хоча выяжджаць сеяць…

— Няма чаго есьці, Яўмен Антонавіч, нічога няма.

— Масла няма, яек няма, цялят рэжуць, — дадала Лізавета Піліпаўна.

— Што толькі будзе?

— Гм… соцыялізм.

— Вы не жартуйце, Яўмен Антонавіч, мо’ ён калі і будзе, ваш той соцыялізм, але-ж сёньня жыць трэба, есьці.

Дайце руку, Лізавета Піліпаўна, мы з вамі опортуністы. Я пра гэта ўжо думаў. Што з таго соцыялізму, калі я за цэлы месяц чаравік сабе не магу купіць… Сымон Сымонавіч зараз на мяне крычаць пачне за нявытрыманасьць, ён у нас самы вытрыманы чалавек.

— Тут можна дазволіць крыху і нявытрыманасьці, — абазваўся Пацяруха, — але нельга паказваць яе на рабоце ва ўстанове, а Яўмен Антонавіч вельмі-ж любіць пажартаваць і ўсё на гэтую тэму. А цяпер я прапаную пачаць нашу вячэру. Лізавета Піліпаўна прымай гасьцей, садзі іх за стол. Аўгена Сьцяпанаўна, сядайце, і вы Дзям’ян Андрэевіч, як дома сядайце.

Калі ўсе селі, узьняўся з-за стала Асьцюк і папрасіў слова:

— Я не магу бяз гэтага, я хочу слова. У наш век наогул бяз гэтага нельга, а таму я абвяшчаю нашу нараду, якая прысьвечана дню нараджэньня Лізаветы Піліпаўны пачатай і ў прэзыдыум прапаную свае дзьве бутэлькі лікёру і самога сябе…

Ён пакланіўся. Усе зарагаталі. Асьцюк узяў віно і пачаў наліваць у невялічкія шклянкі мужчынам і ў прыгожыя келіхі жанчынам. Рука ў яго дрыжэла. Віно боўталася і лілося няроўнымі струменчыкамі. Крышычку налілося і на белы чысты абрус.

— Ай, які вы няспрытны, Яўмен Антонавіч, так-жа нельга!

Асьцюк усьміхнуўся і паставіў на стол бутэльку. Зноў пакланіўся гаспадыні.

— Вы вельмі добра, Лізавета Піліпаўна, як бачу я, гаворыце па-беларуску.

— Нядрэнна. У нашай установе ўсе паперкі абавязкова друкуюцца па-беларуску, а я друкую і прызвычаілася.

— Прызвычаіўся і я ўжо, але няўжо-ж гэта так і будзе?

— Што, Яўмен Антонавіч?

— Ну, ды гэтая мова, мо-о-ва! Чаго, чаго, а гэтага, дык я не разумею.

— Вы гэтага толькі нідзе больш не кажэце, а то пападзе вам.

— За што? Я калі-небудзь і ў ячэйцы гэтак скажу. Ну, сапраўды, каму гэта комэдыя патрэбна? Ёсьць у нас у ячэйцы адзін такі заядлы беларус, дык я з ім усё рэжуся, жыць яму не даю. Улезла, ведаеце, яму ў галаву палюбіць гэтую мову, а я кпіны над ім кожны дзень з гэнае прычыны ладжу, усё пераконваю, што ён са сваёю моваю далей мястэчка беларускага нікуды не пападзе ніколі. Дык вось ён адзін раз ускіпеў гэта і абазваў мяне расійскім шовістам. Ты, кажа, чалавек з душком «ісьціна-рускага» чалавечка, а па сутнасьці сам ты махровы расійскі шовініст. Бачыце, які стыль. А я яму і кажу, што я лепшы за яго беларус, бо, кажу, вы са сваёю моваю цягнеце беларуса-мужыка на стагодзьдзі назад ад дасягненьняў культуры, а я хочу, каб беларус карыстаўся гэтаю культураю ўжо сёньня, каб і мой беларускі народ быў такі-ж вялікі, як і рускі народ. А ён зноў. Твая вялікасьць, кажа, такая-ж, як вялікасьць былога расейскага дзяржыморды. Даўно, кажа, вядома, што абрусеўшыя нацыяналы звычайна зьяўляюцца самымі паскуднымі прадстаўнікамі ісьцінна-рускіх людзей… І ведаеце, напісаў у ячэйку заяву, мяне сакратар выклікаў ужо.

— Ну, во, бачыце! Нельга-ж так, Яумен Антонавіч. Усётакі кожнаму сваё…

— Ды што тут сваё? Дзе вы, Лізавета Піліпаўна, чулі, каб гутарыў хто такой мовай? Вы ведаеце, — зьвярнуўся ён да гасьцей, — што я са сваёю конторай у часе вайны папаў аж на поўдзень і там ужо і жыў. А ў апошнія часы зрабіў вялікае глупства і прыехаў сюды. Усё гэта дзякуючы зямляку і сваёй таропкасьці. Але я не пра гэта хочу сказаць, а вось пра што. Калі я спаткаў земляка, дык перш за ўсяго пытаю, якія навіны ў Менскай губерні. А ён і кажа, што губерні няма, а ёсьць Беларуская Рэспубліка. Дык я, ведаеце, з паўгадзіны рагатаў, ніяк ня мог зразумець у чым справа. Была губэрня і няма яе, зрабілі рэспубліку. З каго-б, думаю, рэспубліку рабіць? З якой такой нацыі? І ніяк ня мог дадумацца. Думаў, што ўсё гэта жарты. А прыехаў паглядзець, дык тут і мова гэтая ўжо ёсьць. Яшчэ добра, што ў нас ва ўстанове неасабліва з ёю цацкаюцца… Далібог ёсьць ненормальныя людзі. «Няма», ды «няхай», «няхай» ды няма» — вось уся гэтая мова, а людзі, замілаваныя ёю, гутараць, думаюць, што гэта вельмі, бачыце, культурна.

— І яшчэ як думаюць, — праказала адна з жанчын. — У нас машыністка вечна сварыцца з загадчыкам, што ён дыктуе па-руску, а ёй прапануе друкаваць па-беларуску. Нават адмаўлялася друкаваць і ячэйка за яе ўступілася, загадчыку вымову абвесьціла.

Гутарку перабіў гаспадар. Ён запрапанаваў папрасіць Асьцюка расказаць некалькі анекдотаў. Госьці запляскалі і пачалі прасіць. Асьцюк узяў шклянку і наліў у яе віна.

— Вып’ю, а пасьля буду апавядаць.

Выпіў віно і сказаў:

— Будзе рэформа расійскага альфабэту, чулі?

Госьці настарожыліся.

— З альфабэту па прапанове вучоных лінгвістаў, — працягваў Асьцюк, — выкідаецца зусім літара «М».

— ?

— … Яна больш не патрэбна…

— ?

— … Таму, што мяса няма, мануфактуры няма, малака няма, мукі няма… мыла няма…

Прарваўся дружны рогат. Асьцюк і сам рагоча і ветліва ўсім усьміхаецца.

— Можа хопіць?

— Яшчэ, яшчэ хоць адзін, Яўмен Антонавіч, толькі адзін!

— Згодзен. Пра беларусізацыю адзін раскажу.

Асьцюк адхінуўся ад стала і пачаў апавядаць.

Як скончыў, госьці зноў зарагаталі, але ўжо ня так дружна. Жанчыны па-ціху хіхікалі і не пазіралі на Асьцюка. Асьцюк задаволена адхінуўся і прытуліўся плячыма да сьпінкі крэсла.

— А цяпер хопіць, — сказаў ён, — няма чаго мне, партыйнаму, вас беспартыйных пацяшаць, скажаце і вы што-небудзь.

І сам зарагатаў. Зарагаталі госьці. Лізавета Піліпаўна ўспомніла, што ў яе загінуў сабачка.

— Пабег сёньня з работніцай на рынак, — казала яна, — і зьнік. Мне так шкода, я ажно плакала.

— А ён мо’ яшчэ і не прапаў, Лізавета Піліпаўна, ня трэба так ўжо турбавацца.

— Як-жа не прапаў, Яўмен Антонавіч, цэлы-ж дзень няма.

— Прыблудзіў да каго-небудзь і ўсё. Гэта часам бывае. Трэба пра гэта абвестку ў газэтах надрукаваць.

— Я ня ведаю як гэта зрабіць.

— Адну хвіліначку. Зараз-жа і зробім. — Асьцюк вырваў з блёкноту кавалак паперы і нарыхтаваўся пісаць. — Вось… Зблудзіў сабака пароды понтэр. Поўсьці… якой?.. знацца белай, Вушы?..

— Жоўтыя вушы.

— Вушы жоўтыя… На сьпіне ў яго ёсьць што?

— Дзьве невялічкія жоўтыя плямачкі.

— На сьпіне невялічкія жоўтыя дзьве плямкі. Хвост які?

— Адсечаны…

— Хвост адсечаны…

— А на пысе белая плямачка…

— На пысе белая плямка… Больш нічога асаблівага?.. Дык напішам: таго, хто знайшоў, просім зьвярнуць за ўзнагароду па адрасу… прыпішэце і ўсё.

— Вы думаеце, што ён знойдзецца? А які добры сабачка, які разумны!..

— Гэта ў абвестку, Лізавета Піліпаўна?

— Не. Ха-ха-ха, які вы… сабачка сапраўды разумны вельмі быў.

— Знойдзецца, ня сумуйце.

Тым часам за гутаркай скончылі вячэру. Пацяруха адсунуў сваё крэсла і ўзяў газэту. Жанчыны пачалі прыбіраць са стала. Асьцюк закурыў. Зацягнуўшыся папяросай, узяў яе ў пальцы і ўзьняў над галавой.

— Які смак, які смак! А каб-жа сказаў першага гатунку, дык не, толькі танная «розкурочна». Што значыць цяжка дастаць? Смачней робіцца… Што ў газэце новага? — зьвярнуўся ён да Пацярухі. — Я, прызнацца, неяк адвык ад іх, апрыкрала чытаць адно і тое-ж вечна… правыя, левыя, памылкі, цяжкасьці, выканалі, перавыканалі… Сапраўды як пачытаеш, дык цяжка робіцца.

— І сёньня тое-ж, Яўмен Антонавіч. Першы артыкул аб памылках. На другой старонцы цэлы ніз пра опортуністаў і дробязь розная…

— Яны і тыя ж, значыць… самі вінаватыя, а на апортуністах выяжджаем. Ведаеце, Сымон Сымонавіч, я гатоў галаву аддаць адсекці, што хутка опортуністаў знойдуць і на фабрыцы швэйнай.

— А што? — зьдзіўлена і з зацікаўленасьцю запытаў гаспадар.

— Што? Вядомае, як і заўжды. Пабудавалі новую фабрыку, набралі каля трох тысяч рабочых, а сыравіны няма, няма з чаго шыць, усяго на пару дзён запасу засталося і ўжо трывогу б’юць… Пшык… і будзе стаяць новая фабрыка. Вось і дасягненьне, а колькі шуму было!..

— Дык хто-ж у канцы канцоў вінаваты ва ўсім гэтым, Яўмен Антонавіч?

— О-пор-туністы, канечна-ж… а мо’ і другі хто? Хай бяз нас разьбіраюцца, а то бачу я, усе ўжо засумавалі ад нашае гаспадарча-політычнае гутаркі. Трэба што-небудзь весялейшае… Лізавета Пілінаўна, — зьвярнуўся ён да гаспадыні, — паіграйце нам!

— А Яўмен Антонавіч пасьпявае? — запытала гаспадыня.

— З ахвотаю, з вялікай ахвотаю, — адказаў Асьцюк. — Я вельмі рад, вельмі рад…

XII

За дзьвярыма разам затупала некалькі чалавек, абтрэсваючы з ног вясновую ліпкую гразь. Панас прыслухаўся і ўзьняўся з-за стала, каб адчыніць дзьверы і паглядзець, хто прышоў. Думаў, што прышлі сяляне. Але не пасьпеў крануцца з месца ад стала, як дзьверы ў пакой расчыніліся і ў пакой сьледам за Камекам зайшлі Ціхан, Іцка і Клім. Клім спыніўся, усьміхаючыся каля дзьвярэй, зірнуў на свае, аблепленыя гразьзю боты і тады пайшоў да Панаса вітацца.

— Дык мы работу ў Цынгелёх кончылі, — сказаў ён. — Правялі напасьледак і яшчэ адзін сход. Калі-б там паработаць яшчэ троху, колгас будзе. Там добрыя хлопцы ёсьць, ды вось усё нешта баяцца. Па-мойму, як выядзе Цярэшкаў Брод у поле, дык яны прыдуць у колгас. Добрыя там хлопцы ёсьць, талковыя…

— Гэта добра, калі так, — адказаў Панас. — А цяпер, значыць у Цярэшкаў Брод?

— Дык мы вось толькі што адтуль, — умяшаўся ў гутарку Камека. — Ніхто ня хоча ўзяць да сябе таварышоў на кватэру, — сказаў ён. — Ва ўсіх нібы цесна, нібы няма дзе спаць. Мы ўсю вёску абышлі.

— А чаму гэта так?

— Ня хочуць. Пра між сябе гавораць, што ім не патрэбна брыгада. Баяцца, што як дадуць рамантаваць рабочым, дык не адплоцяцца потым.

— А ім-жа тлумачылі, што гэта дапамога ад рабочых, бяз грошай?

— Тлумачылі, а яны ня вераць.

— Нам, каб толькі пачаць, — прамовіў Клім, — тады-б панесьлі. Ды вось зачапіцца няма за што, спыніцца нанач. А нам багата ня трэба, абы пераспаць ноч, ды пад’есьці. А раз тут слабае месца, дык трэба абавязкова гэтага дабіцца і рамонт зрабіць.

— Трэба спыніцца вам пакуль што ў Клемса, — параіў Панас, — а потым пачнеце работу і ўсё наладзіцца…

Так і парашылі. А пасьля полудня кавалі вярнуліся ў Цярэшкаў Брод. Рэчы свае яны кінулі ў Клемсавай хаце, а інструмант, які быў, панесьлі ў кузьню, каб падрыхтавацца да работы.

Калі расчынілі нізкія косыя дзьверы цеснае кузьні і Клім венікам пачаў вымятаць з яе сьмецьце, каля кузьні пачалі зьбірацца мужчыны. Яны падыходзілі, віталіся і стаялі закурваючы, а, закурыўшы, перакідваліся словамі пра другое, што ня мела адносін да кузьні. А калі стала няёмка ўхіляцца ад гутаркі пра галоўнае, пра што ўсе зараз думалі, тады адзін з мужчын сказаў, зьвярнуўшыся да Кліма:

— Даўно ўжо не кавалі ў нашай кузьні, ды яна нам так што і не патрэбна зусім…

— Як гэта не патрэбна? — зьдзіўлена запытаў Клім.

— А так што і не патрэбна, бо калі ёсьць што зрабіць, дык ехалі ў мястэчка, кавалям і там няма чаго рабіць…

— Дый жалеза-ж няма, каб што і хацеў зрабіць, — заўважыў другі мужчына.

— А жалеза трохі мы з сабой з раёну прывезьлі, а трохі знойдзецца і ў вас, у кожнага, калі пашукаць там пад павецьцю, ды ў каморы.

— Дзе яно чорта знойдзецца, калі дзе і завалялася было, дык ужо даўно выпарылі ды скарысталі… няма жалеза.

— А як-жа вы араць, сеяць выедзеце, не наладзіўшы інвентар? Што-ж гэта за работа будзе?

— А так што няма чаго ладзіць вельмі…

— А як колгасам цяпер, дык адбярэм лепшыя плугі ў каго, бароны і до’ будзе, ці столькі яе тае ўжо работы. Гэта, як адзін, дык кожны сабе глядзеў, сваім рабіў, а цяпер абагулім і ўсё…

— Абагуліце вы! У-у каб вас! — умяшаўся ў гутарку Клемс. — Гаворыце вось, а як абагульваць, дык нікога і ня ўбачыш. Ня стойце вось, а нясеце плугі, каб рабілі людзі! Ну, ты вось чаму не нясеш? — зьвярнуўся ён да аднаго з прысутных.

— А мне няма чаго і ладзіць. Ворчык зламаўся дык я і сам зраблю.

— А ты?

— А я так што з восені ладзіў, а цяпер ручкі толькі няспраўныя ў плузе, дык таксама сам зраблю.

— Ды яно ’шчэ й сьпяшацца вельмі няма куды, кінуў словамі адзін з прысутных. — Да ворыва ’шчэ далёка, ’шчэ поле пакуль усохне…

— Ага, — умяшаўся ў гутарку яшчэ адзін, — поле сёлета вельмі-ж нешта грузкае. Помню гадоў пяць таму была такая вясна раньняя, ды грузкае поле, дык араць паехалі нешта праз тыдні два пасьля вялікадня. А і вялікдзень быў ня раньні… і то коні грузьлі…

— Хі-і, грузьлі, кажа, — прамовіў яшчэ адзін. — Цяпер і грузоты тае няма, што колісь. Вось, як бацькі кажуць, як на «дзякаву» езьдзілі колісь араць, во дзе грузьлі.

— Хм, дзякава! Дык то-ж багна жывая, дрыгва адна была. Б’ала, як пагоне вясной пастух кароў, дык так і знай, што цягаць будзеш, абавязкова пагрузнуць…

— Ды вясной ня дзіва, што і грузьне, вясной карова слабая… сташчае за зіму, дык вясной ледзь ногі валачэ.

— А вы чаго-ж, дзядзькі, пра кароў гэта разгаварыліся, — перабіў гаворку Клім, — трэба-ж гэта вырашыць, як з плугамі будзе, каб нам дарэмна не сядзець тут, бо і ў другое месца трэба.

— Яно канечна-ж, а што пра кароў, дык гэта да слова прышлося. Дык хай паглядзяць хлопцы, дзе ў каго што няспраўна, дый нясуць, каму трэба. Канечна-ж так, каб людзей дарэмна не затрымліваць…

Па адным, спасылаючыся на тое, што пара статку даваць, мужчыны разышліся. Але з вечару над кузьняй узьвіўся ў марозным паветры сівы рэдкі дымок і кузьня, даўно маўклівая, азвалася лязгам жалеза, скарагамонкай малаткоў. Ладзілі Клемсаў плуг. Зноў да кузьні прышло некалькі мужчын. Яны дзівіліся на Клемсаў плуг, на новы сашнік, на добрую работу кавалёў і прыкідвалі, колькі каштуе такая работа. Хацелася ім, каб пра гэта сказалі самі кавалі. А кавалі жартавалі, гаварылі, што калі-б за грошы ўсе гэта рабіць, дык-бы каштавала работа ня менш за пяць рублёў. І ў вечары зноў ад кузьні мужчыны пашлі не сказаўшы, ці прынясуць плугі, пашлі штосьці мяркуючы.

Назаўтра раніцою ў кузьню прынесьлі яшчэ два плугі і сабранае гаспадарамі плугоў жалеза. Кузьня зноў ажыла, зноў азвалася лязгам жалеза, а далёка раней за поўдзень, зноў змоўкла і зноў кавалі сумавалі бяз працы.

— Можа-б яшчэ сход сабраць? — запытаў у Клемса Клім, — а то-ж уся работа сарвецца…

— Тое і на сходзе скажуць. Як мядзьведзі. У-у, каб іх!.. Трэба гэныя плугі аддаць, мо’ пады прынясуць.

І сапраўды, праз нейкі час, пасьля таго, як панесьлі з кузьні мужчыны свае наладжаныя плугі, колгасьнікі, адзін за адным пашлі да кузьні нясучы на плячах плугі, бароны, асобныя каткі з калёс, неакаваныя восі. І хутка зьнесенае ўжо ня месьцілася ў сярэдзіне, у кузьні.

А на трэці дзень, акурат ў часе полудня, да Клемса зайшлі двое колгасьнікаў і, пасядзеўшы, пакуль кавалі кончылі полудзень, запрапанавалі:

— Пойдзем да нас хіба. Іцка да мяне, а Ціхан да яго, — сказаў адзін з мужчын, — а начальнік-брыгадзір у нашага начальніка застанецца, ці да другога каго яшчэ… Людзі-ж працуюць, дык чаго-ж…

А яшчэ праз чатыры дні ў нядзелю вёска сьвяткавала. Сяляне ўсёй вёскай зышліся каля кузьні, курылі, гутарылі і адгаварвалі ад работы кавалёў:

— Чалавек не машына, патрабуе адпачынку, а вы чаму-ж. Яно ня то-ж што ў нядзелю, дык адпачываць. У вас, у гарадзкіх, дык яно па-новаму, але сёньня разам з намі і адпачылі-б.

— Мы ноччу адпачнем, — адказаў Клім, — ды як работы ня будзе. Адпачываць мы майстры, але-ж і ў вас трэба вось кончыць работу і ў другім дзе месцы пасьпець…

— А ў другім хай другія.

— Хай, то хай, але-ж другіх у вашым раёне няма. Дзе свае кавалі, а дзе мы павінны…

— Ну, а вас як гэта, — запытаў адзін з сялян, — казна паслала, каб мужыку пасабіць, ці так як?

— Ага, а то-ж, — азваўся другі, — працуюць людзі, а мы і ня ведаем, мо-ж заплаціць што трэба, дык сабралі-б… агулам… людзі-ж рабілі столькі…

Сяляне настарожыліся, чакалі, што адкажуць кавалі. А можа і сапраўды трэба плаціць? І многія прыкідвалі ў галаве, вылічвалі, колькі прыпадзе на іхную долю.

Над кузьняй віецца, мітусіцца клубкамі шызы дым. Каля кузьні самай, каля сьцяны тэлеграфны слуп і ад ветру дрот на слупу бесьперастанна гудзе: гу-у-у, гу-у-у, гу-у-у, гу-у-у… Незмаўкае. Гул гэты нібы далёкія, далёкія гудкі. Клім зірнуў на сялян, сказаў штосьці Іцку і выйшаў з кузьні і адразу загаварыў:

— Вось дзядзька пытае, як мы працуем? Я скажу і пра гэта. А раней троху праўду вам скажу, дык вы за яе не сярдуйце.

— Мы чаго-ж, — адазвалася некалькі галасоў, — мы праўды не баімся, праўду кажы…

— Дык вось я і скажу, — прамовіў Клім. — Мы ведаем як вы баяліся, што не аддадуць вам плугі, як дасьцё ладзіць, баяліся і таго, што багата за работу плаціць прыдзецца. З гэтае-ж прычыны іхто з вас не хацеў нас у хату да сябе ўзяць; казалі, што не патрэбна вам брыгада. Але гэта нічога, гэта прайшло. Мы, вось я і таварышы мае, разумеем, што вы не ад сябе гэта, што вас напалохалі. Ёсьць такія людзі, ворагі нашыя і вашыя, яны супроць колгасаў розныя плёткі пускаюць, яны страшаць селяніна колгасам, як колісь папы страшылі пеклам… Ня трэба верыць гэтым людзям. Мы не нажывацца да вас прыехалі. Нас сюды партыя і рабочыя прыслалі, каб пасабіць колгасу вашаму падрыхтавацца да сяўбы, мы вашае жыцьцё за гэты час блізка ўбачылі, больш пазнаёміліся з ім. Яно нядобрае, трэба жыцьцё другое, новае рабіць, не такое. Для гэтага вы зьядналіся ў колгас. А будаваць вам новае жыцьцё будуць дапамагаць вам і партыя і ўлада і рабочыя. Хочаце вы, ці не? Казаў ён усьміхаючыся, — а рабочыя будуць прыяжджаць, як і мы вось і будуць дапамагаць вам, каб вы хутчэй выйшлі з гэтага цяжкага, цёмнага жыцьця, каб хутчэй забыліся на яго… А на вас мы ня злуем, мы ведаем, што вас плёткамі рознымі напалохалі, што ня самі вы гэта…

Сяляне стаялі маўклівымі. І толькі пасьля Клімавых слоў Ашурак Пётра з сярэдзіны паціху сказаў:

— Яно правільна, таварышы, што нас палохаюць, усяк палохаюць…

— А ня трэба верыць усякім плёткам, — адказаў Клім. Ашурак больш не сказаў нічога. А хтосьці другі прамовіў:

— Мы цёмныя, усяго мы баімося, самі сябе нават баімося часам.

А яшчэ праз два дні кавалі з Цярэшкавага Броду паехалі.


Раніцою на страле каля студні зьмецілі моцна прыклееную да яе паперку, з друкаванымі машынкаю словамі. Адразу-ж пасьля гэтага каля студні зышлася амаль уся вёска і адзін з пісьменных пачаў чытаць надрукаванае на паперы. Як толькі пачаў чытаць, цень спалоху лягла на твары людзей. Яны зашапталіся паціху, пасьля сьцішалі адзін аднаго і слухалі.

Усім адразу стала зразумелым, што паперку гэту наклеілі ноччу і наклеілі якіясьці чужыя людзі.

„Каб выйсьці як-небудзь з таго стану — чытаў селянін, — у якім апынулася краіна, комуністычная ўлада яшчэ больш пасіліла свае гвалты над рабочымі і сялянамі. Гэтым гвалтам ня будзе канца датуль, пакуль будзе існаваць сама ўлада, якая іх ўтварае.

Гэтая ўлада цяпер заганяе гвалтам селяніна ў колгасы, дзе яго пазбаўляюць усяе маемасьці і робяць простым сваім парабкам. А з тымі, хто ня пойдзе ў колгасы, комуністы расправяцца яшчэ горш, яны конфіскуюць гаспадарку тых сялян і вышлюць іх у Сібірскі край на пэўную ўжо галодную сьмерць.

Але ня лепшая доля чакае і тых, хто пойдзе ў колгас. Яны будуць простымі парабкамі комуністаў. Адабраўшы ў селяніна яго ўласнага каня, яго ўласных кароў і ўсю ягоную жывёлу, адабраўшы ў яго ўласны яго кут, дзе ён радзіўся і рос, марачы аб лепшай долі, — комуністы будуць плаціць яму ў колгасе за цэлы дзень цяжкае працы жабрацкія грошы. А каб пражыць і пракарміць сям’ю, дзяцей сваіх, ён павінен будзе за гэтыя-ж грошы купляць у іх кавалак свайго ўласнага, ім-жа самім, сваімі мазалямі здабытага хлеба.

Што-ж рабіць селяніну, каб пазбавіцца гэткае долі? Ёсьць адзін шлях для гэтага — шлях організацыі ў паўстанцкія атрады для змаганьня з комуністычнай уладай.

Годзе верыць комуністычным агентам, што езьдзяць па вёсках і робяць сваю страшэнную д’ябальскую справу! Лавеце і забівайце іх, не давайце ім абманваць сябе! Забівайце комуністаў і комсамольцаў і іхных агентаў! Разбурайце саўгасы, колгасы і комуны, палеце іх! Палеце коопэратывы! Бярэце свае ўклады з ашчадкас, прадавайце облігацыі пазык, не вязіце ў горад ніякіх продуктаў і хлеба! Комуністычнай уладзе засталось існаваць нядоўга. Бог і цывілізаваныя народы Эўропы не дапусьцяць далейшых зьдзекаў над вамі. За намі сіла ўсіх эўропейскіх дзяржаў, якія ўжо ідуць нам на дапамогу. Дык даволі цярпець зьдзекі! Імем бога і вашага ўласнага шчасьця заклікаем вас: організуйцеся, не давайце комуністычнай уладзе чыніць над сабою гвалтаў і зьдзекаў!

Перачытаўшы гэта, перакажэце ўсё, што напісана тут, сваім крэўным і блізкім добрым суседзям“.

На паперы ня было ніякага подпісу. Калі скончылі чытаць, да студні падышоў Камека і адразу пачаў чытаць напісанае ў паперцы. Сяляне маўчалі, пакуль ён скончыць. Калі-ж скончыў і пытліва зірнуў у твары сялян, хтосьці сказаў:

— Нехта ноччу мусіць наклеіў, чужы…

— Ды ўжо-ж не свае клеілі. Напісана вунь як, — дадаў другі.

Камека выняў з кішэні ножык і пачаў адклейваць, саскрабаць са стралы паперку. Сяляне не разыходзіліся. У многіх з іх унутры нарадзілася трывога, выкліканая тым, што пачулі. Палохала пагроза вайны і страшныя словы, напісаныя на паперы. А да ўсяго, дзесьці глыбока ўнутры адразу ажыла і трывога перад тым нязнаным жыцьцём, што будзе ў колгасе. Усхваляваны і ня ведаючы што рабіць далей, стаяў каля студні Камека. Да яго падышла старая жанчына. Тое, што яна пачула ля студні, абудзіла ў ёй незалечаныя яшчэ сумненьні, з якімі яна ішла ў колгас. Яна прыпомніла ўчарайшую і ранейшыя яе сваркі з Гарпінаю за малако, прыпомніла і тое, што Камека абяцаў прыйсьці і разабраць усе гэтыя сваркі і ня прышоў. Таму яна адразу, як толькі падышла да студні, запытала ў Камекі:

— А як-жа, таварыш Камека, будзе з малаком, ды маселкам, а? Калі-ж гэта ўжо разьбярэцца?

Камека ў гэты момант думаў зусім пра іншае, ён думаў пра толькі што прачытанае, думаў што зрабіць, каб растлумачыць сутнасьць напісанага на паперцы. І таму, нэрвуючыся, адказаў жанчыне:

— Ды кіньце вы гэтае малако, ды масла! Ніколі ўжо мусіць не забудуцца на яго…

Жанчына нешта пакрыўджана загаварыла паціху і адышла. За ёй адышлі іншыя. Камека парашыў пайсьці адшукаць Панаса, каб расказаць яму пра тое, што здарылася. Ён гукнуў да сябе члена сельсавета і Клемса, сказаў, каб склікалі на заўтра сход колгасьнікаў, а сам пашоў у сельсавет.

Сяляне разышліся па хатах.


У той жа дзень увечары, калі густыя змрокі надышоўшай ночы агарнулі спакоем і маўклівасьцю вёску і поле, на хутар да Мышкіна прыйшлі двое мужчын. Адзін з іх падышоў да акна і тры разы стукнуў рукою ў акяніцу. Хутка за гэтым бразнула клямка хатніх дзьвярэй, адсунуўся запор у сенцах і на двор вышаў сам гаспадар.

Усе трое яны адышлі пад павець і селі там на дошках.

Усё навокал дыша глыбокім спакоем. У гэтым спакоі глухнуць і зьнікаюць усе гукі і цішыня ад гэтага здаецца настарожанай. З-пад павеці плывуць ціхія мяккія шэпты трох галасоў. Калі-б іх пачуў хто блізка, ён пазнаў-бы знаёмыя галасы Мышкіна і Гарбуля Захара і адрозьніў бы нейкі зусім чужы, якога ня чуў раней, голас. Усе трое гавораць па чарзе.

Гарбуль: — Я прынёс ад бацюшкі эвангельле. Старое, невялічкае, у самы раз.

Мышкін: — Ён нічога табе не казаў?

Гарбуль: — Нічога. Раіў сьцерагчыся пасьля гэтай паперкі.

Незнаёмы: — Ніхто нічога і не падумае, а тое, што трэба, мы зробім.

Мышкін: — А з вопраткай як?

Незнаёмы. — Акурат пад жабрака.

Мышкін: — Дык трэба сёньня-ж пайсьці і прасіцца да каго небудзь нанач. Ноччу што-ні-што сказаць…

Незнаёмы: — Трэба ісьці ў хату, дзе старыя.

Гарбуль: — Я пакажу да каго пайсьці.

Мышкін: — Толькі, каб, барані божа, не пазналі, што вы наўмысьле. Трэба нявельмі каб гаварыць, а лепш іх распытаць пра жыцьцё і намякнуць так-сяк на адно-другое. Калі запытаюць адкуль, скажэце, што з комуны і больш не гавароце, а як прыставацьмуць, скажэце, што боязна праўду казаць, каб не палічылі дрэнным чалавекам.

Незнаёмы: — Я гэта ведаю. Ты пра гэта не кажы. Я паначую і яшчэ заўтра раніцою прайдуся па хатах, прасіць буду. А вы раніцою прыходзьце навіны праведаць і старайцеся, каб ніхто ня прышоў на сход. Гэта, калі ня выйдзе справа з заявамі.

Гарбуль: — Я думаю, што выйдзе. Ужо некаторыя гаварылі пра гэта.

Мышкін: — Абавязкова кажэце, што высяляць будуць, што высяляць будуць усіх, хто хоць крышку гаспадар.

Гарбуль: — Эвангельле бацюшка раіў чытаць толькі сабе, а ім толькі тады, калі папросяць. А каб зацікавіліся, дык чытаць так, каб чулі і не разьбіралі слоў, паціху, тады абавязкова папросяць.

Мышкін: — Як пойдзеце, я праз хвілін, дзесяць буду званіць, нібы ў адзін звон на хаўтурах. Гэта акурат ля царквы. А вы, як пачуеце звон, адразу стукайце ў акно, будзіце, каб пачулі. Запытайце, чаго ноччу ў царкве звоняць…

Незнаёмы: — Каб не ўгадалі, што ў рэйку гэта?

Мышкін: — Ня бойцеся. Спрасоньня, ды ноччу спалохаюцца. А нашыя званы акурат як рэйка звоняць.

Незнаёмы: — Тады добра. Ты толькі не звані доўга, каб не праверылі, бывае, пабягуць да царквы.

Гарбуль: — Варта сказаць, дзе будзеце, што перад вайною званы на званіцах, самі як на хаўтурах званілі…

Незнаёмы: — Гэта добра, удала сказана.

Мышкін: — Да царквы ноччу не пабягуць, а вось раніцою варта намякнуць ім, каб пашлі праверыць, ці не званіў хто наўмысьле, ці няма сьвежых сьлядоў. Яны пойдуць, а сьлядоў ня будзе.

Незнаёмы: — І гэта вельмі ўдала. Пара ісьці.

Мышкін: — Пара. Як рабіць — вы самі ведаеце. Пра паперку толькі, каб ні-ні-ні! Няхай яны вам пра яе раскажуць.

Незнаёмы: — Не палохайцеся. Зраблю, што трэба. Пасьля сьнеданьня, ці так да полудню я павінен зьнікнуць, дык вы ўжо не празявайце моманту. Пра мяне вы ў вёсцы толькі праведаеце, што быў, што казаў, які сам я… Хадзем…

Гарбуль з незнаёмым пайшлі праз поле ў вёску. Мышкін пастаяў крыху на танках і вярнуўся ў хату.

Яшчэ праз дзесяць хвілін каля адной з хат стаяў высокі, у рызьзі і лахманох чалавек. Па абоя бакі ў яго віселі, скрыжаваныя на грудзёх і плечах почашкамі, торбы. Ён чагосьці чакаў. Услухоўваўся ў цішыню ночы і ня ішоў да хаты. Прайшло яшчэ дзьве хвіліны: у полі за вёскай блямкнуў тры разы пад рад звон. Тады чалавек хутка падышоў да акна, моцна пастукаў рукою ў раму і абазваўся.

З хаты да шыбы прыліп на момант нейчы твар і мужчынскі голас запытаў хто стукае і што яму трэба. Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Растлумачыў яшчэ, што спазьніўся крыху таму, што стаміўся вельмі. Нічога больш ня пытаючы, гаспадар расчыніў дзьверы ў сенцы і стаў на парозе, каб разглядзець жабрака. Той стаяў перад ганкамі тонкі, высокі, з напоўпустымі торбамі і тросься ад холаду. Селянін хацеў ужо саступіць з парогу і ўпусьціць у сенцы жабрака, як да вушэй даляцеў хаўтурны звон з царквы. Ён устрывожана прыслухаўся і ціхім, спуджаным голасама сказаў да жабрака:

— Нібы ў царкве звоняць, як на хаўтурах…

— Мо’ хто памёр у вас? — запытаў жабрак.

— Ніхто не памёр і царква-ж, як-бы забрана. Ня служаць у ёй ужо…

Жабрак скінуў шапку з галавы і пачаў таропка, хрысьціцца.

— Перад вайною самі званы хаўтуры званілі, — сказаў ён, — ня дай таго божа зноў, зьлітуйся божа…

Звон яшчэ некалькі разоў пазваніў і змоўк. Запанавала цішыня. Жабрак ад холаду і ад перапуду, што звоняць уначы званы, яшчэ больш затросься, заляскаў, нібы ад сьцюжы, зубамі. Ягоны перапуд перадаўся адразу селяніну. Пазіраючы на жабрака, ён уздрыгануў і перахрысьціўся.

— Хадзем, чалавеча, у хату, ты зьмерз вельмі, трасешся.

— Зьмерз і напалохаўся, як сказаў ты, што царква забраная, а ў ёй уночы звоняць…

Цяжка дыхаючы, усё яшчэ трасучыся і ляскаючы зубамі, увайшоў жабрак у сенцы і пераступіў парог у асьветленую невялікую хату. З лаўкі і з палацей на яго пазіралі, зьдзіўленыя яго позьнім зьяўленьнем, дзеці. Селянін усьлед за ім заклаў засаўку ў сенцах і хуценька ўвайшоў у хату.

У хаце доўга гарэла лямпа. Яшчэ доўга ня спалі.


Суседка выгнулася ўперад галавою, падняла на ўзровень твару руку і неўзаметку, ківаючы рукою, падазвала да студні Пётрыху. Каля студні стаялі гурбай жанчыны і, схіляючы ў кучу галовы, пра нешта гутарылі.

— Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які…


Пётрыха спынілася. А жанчына, што была ў сярэдзіне, адхінула аб’ехаўшую на вочы хустку, узяла за рукаў кажуха Пётрыха і, падцягваючы яе бліжэй, загаварыла:

— … Сам ён высокі, худы, стаіць у парозе, хрысьціцца і просіць імям хрыста скібачку хлеба, а потым моліцца па эвангельлі. Не малітвамі, як мы, а па эвангельлі… Зайшла гэта да мяне яна, — жанчына паказала на суседку, — дык я пытаю, ці не на пагарэлае ён зьбірае, бо-ж і не сьляпы, і не калека і не стары яшчэ чалавек. Дык ён, галубкі мае, вось хай яна скажа, — жанчына зноў паказала на суседку, а тая заківала ў знак згоды галавой, — заківаў галавой, што не, уздыхнуў гэтак цяжка, дый кажа, што ён з комуны з суседняга гэтага раёну. Было гэта іх аж трыццаць дзьве сям’і ў комуне той, аж шэсьць год жылі комунаю, ды гаравалі, біліся як рыба аб лёд, а цяпер усе пашлі па сьвету, бо ні хлеба ні стала, ні вопраткі, ні абутку, з голаду дзеці пачалі паміраць. Дык я яму дала акрайчык хлеба, ды кажу, памаліся чалавеча, за наша здароўе бо бог-жа ведае, як ’шчэ і з намі будзе, папісаліся гэта, а цяпер як будзе, як будзе? Божачка ты мой…

— А у нас ён начаваў, — сказала суседка. — Вячэралі мы, як чуем, нехта стукае ў шыбу. Паглядзеў Сымон, аж чалавек стаіць пад акном, жабрак. Ён гэта і кажа. Дык я кажу, упусьці, хай паначуе, ці ўжо мы з таго зьбяднеем, ці лаўку ён адкусіць, калі перасьпіць. Выйшаў Сымон на ганак, а чалавек стаіць і трасецца, аж зубы ў яго ляскаюць. І чуе гэта Сымон, што ў царкве званы звоняць, як на хаўтурах. А жабрак хрысьціцца, ды пытае, мо’ хто памёр, кажа, ці што? Аж доўга званы званілі, дык Сымон перапужаўся, аж зьбялеў, як прышоў у хату…

— Вось жыцьцё настала, — загаварыла яшчэ адна з жанчын, — жыві, ды трасіся, калаціся. Кара божая, а ня жыцьцё…

Як званілі званы, чулі шмат хто. Чуў і Клемс. І раніцою, пасьля сьнеданьня, ён пашоў да Ашуркі Пётры, каб параіцца што рабіць. Калі Клемс сказаў, што трэба паглядзець царкву, хто там лазіў ноччу, дык Пётрыха паімкнулася была расказаць яму пра жабрака, але чамусьці стрымалася. Пётра апрануў армяк і з Клемсам пашоў па вуліцы, каб паклікаць мужчын і паглядзець царкву.

У аднэй хаце, куды зайшоў Клемс з Ашуркам, сядзелі каля стала мужчыны і аб нечым раіліся. Як толькі Клемс увайшоў у хату, яны змоўклі, паўставалі з лавак і хацелі разыходзіцца.

— Трэба, хлопцы, каля царквы паглядзець, — запрапанаваў Клемс, — хто там гэта ночу браскае, бо бабы ўжо вунь што пусьцілі па сялу, канец сьвету па-іхнаму прышоў. А мы-ж ня дзеці, казкі-ж нам няма чаго расказваць. Вось паглядзім, ды на сходзе скажам усё пра гэта…

Мужчыны маўчалі, штосьці ўтойваючы і неахвотна згаджаліся пайсьці да царквы.

— Ды чаго хадзіць, — выказаў думку адзін з мужчын. — Мо’ вецер надуў, дык звон і бразнуў колькі разоў.

— Дзе-ж яно вецер, — запярэчыў другі, — калі званіла як на хаўтурах і доўга. Вецер так ня звоніць. Я гэта стаяў, аж пакуль ня сьціхла…

— Дык ці хто мог наўмысьле пайсьці званіць, што ты, суседзе?

— Я-ж не кажу, што нехта пашоў, але-ж ня мог так вецер…

Гурбою абышлі вакол агарожы царкоўнай, паглядзелі, ці ёсьць дзе якія сьляды чалавечыя. На няўсохлай зямлі, веснавой сьляды вызначаліся выразна і калі-б хто пералазіў цераз агарожу, былі-б сьляды і з гэтага і з таго боку. Але сьлядоў ніякіх не знайшлі. Агледзелі ўважліва зямлю, каля брамы і сьцежку, што вяла да царкоўнага ганку. Ня было сьлядоў і тут.

Зьдзіўленыя, маўклівыя мужчыны сталі каля царквы, пазіралі на званіцу. Са званіцы зьвісала, гойдаючыся, перавязаная вузламі вяроўка. З зямлі вяроўку рукамі нельга было дастаць. Значыць трэба было лезьці на званіцу, каб пазваніць, але дзьверы царкоўныя былі запёртыя цяжкім засовам. На дзьвярах вісеў вялізны цяжкі замок, ключ ад якога хаваўся ў вартаўніка. Ня было сьлядоў і каля ганку.

Мужчыны ад царквы пайшлі маўклівымі і адразу разышліся па хатах. Пашоў маўклівым і ўзлаваным і Клемс. Пашоў думаючы пра тое, што здарылася. Ён ня ведаў яшчэ, што надумаліся рабіць мужчыны, але адгадваў, што яны нешта ад яго ўтойваюць, чагосьці ня хочуць яму сказаць.

А па вёсцы, усьлед за чуткай пра званы, пашла другая пра тое, што глядзелі мужчыны сьлядоў каля царквы і ніякіх сьлядоў не знайшлі. І тады адразу і званы, і жабрак з эвангельлем, і паперка, што была на днях наклеена каля студні, і колгаснае жыцьцё зьмяшаліся ва ўяўленьні многіх ў адно, а з гэтага і пачалося самае галоўнае, што здарылася ў гэты дзень у Цярэшкавым Бродзе.

Кароў даіць вышлі ўсяго тры жанчыны. Рэшта прышла без даёнак. А з імі прышлі да пунь і большасьць вясковых жанчын і мужчын. Калі вароты ў пунях расчыніліся, жанчыны натоўпам кінуліся ў пуні, параскідалі, сьпяшаючыся жэрдкі, загарадзяй, дзе стаялі іхныя каровы і з лаянкай, з крыкам павыганялі кароў на двор. На дварэ да жанчын далучыліся мужчыны.

Людзі са сваркамі, з крыкам ганяліся за перапуджанымі каровамі, былі іх, зьдзіўленых, палкамі і гналі ў вуліцу. А з вуліцы беглі да пунь яшчэ людзі, якія спазьніліся, якія даведаліся пра здарэньне пазьней. Каровы, звыклыя да гурту, беглі да раўчака, дзе іх паілі, а калі пераймалі іх, дык круцілі галовамі і зноў ўцякалі ў пуні на свае месца. Змораныя жанчыны бегалі за імі з плачам, спатыкаліся бегаючы на няроўным гумнішчы, падалі праклінаючы, і кароў, і таго, хто надумаў колгас, зноў выганялі зьдзіўленых кароў на двор.

Пуні апусьцелі і стаялі маўклівымі, з шырока парасчыненымі варотамі, чакалі. Здавалася, што хутка зноў вернуцца каровы і прастыглыя сьцены пунь сагрэюцца цяплынёй іхнага глыбокага дыханьня.

Разлучаныя каровы неахвотна ішлі рыкаючы па па вуліцы і дварох.

Спуджаны тым, што здарылася, Клемс спачатку угаварваў мужчын загнаць кароў у пуні, потым пачаў пагражаць ім законам, які карае за самавольства. Мужчыны ня слухалі, лаяліся і разыходзіліся па хатах. Тады Клемс парашыў пайсьці ў сельсавет да Камекі.

Заплікаючы на хаду кажух, гамонячы нешта з самім сабою, ён таропка крочыў вуліцай у канец вёскі на гасьцінец, да сельсавету. А у адным дварэ ў канцы вёскі ўбачыў такое:

ела з начовак апараную мякіну прыгнаная з пуні карова. Навокал каровы стаялі дзеці. Тут-жа стаяў і гаспадар і паліваў мякіну гарачай вадою, потым пасыпаў яе са жмені вотрубямі. А гаспадыня, то садзілася ля каровы, даіла яе, то ўставала, гладзіла карову па шыі і нешта паціху гаварыла дзецям. Дзеці нешта адказвалі мацеры, а самае меншае стаяла, падымаючыся на цыпачкі і ворсала пальцы свае ў вялікую, сьлізкую каровіну наздрыну.

Клемс спыніўся на хвіліну супроць двара, пастаяў, пазіраючы на двор, потым зьдзіўлена павёў плячыма і не пашоў у сельсавет, а завярнуўся і паціху пашоў назад.

Зьбянтэжаны, нічога не разумеючы, чаму так нечакана і хутка ўсё зрабілася, ён ішоў скінуўшы шапку, выціраў рукой успацелы лоб.

У хлявох рыкалі, адвыклыя ўжо ад адзіноцтва, каровы.


Ужо зьмяркалася, але сход зьбіраўся павольна.

Перад сходам Панас паклікаў убок ад ганка Галіну і доўга з ёй гутарыў, стоячы пасярод двара. Яму хацелася што ні што падрабязьней праведаць яшчэ да сходу. Хацелася яму зрабіць гэта яшчэ і па тэй прычыне, што сяляне, якія прыходзілі на сход, трымалі сябе так, нібы ў вёсцы нічога асаблівага не адбылося і ў той-жа час кожны з іх чамусьці баяўся спатканьня і гутаркі з Панасам і ўсяляк ухіляўся гэтага. Гэта зьдзівіла Панаса.

Пасьля гутаркі з Галінай, ён у соты мо’ раз абдумваў сэнс заяў, напісаных аб выключэньні з колгасаў. Усе гэтыя заявы, напісаныя на розных кавалачках паперы і рознымі рукамі, гаварылі пра тое, што тыя, хто пісаў іх, чагосьці баяцца і чагосьці ня ведаюць. Таму ў хаце, перад пачаткам сходу, Панас яшчэ раз перагледзеў заявы і адклаў найбольш характарныя з іх паасобку.

Ня гледзячы на позьні час, сход усё яшчэ не сабраўся, багата каго ня было. А тыя, што прышлі раней, не жадалі чакаць і са злосьцю патрабавалі пачынаць сход.

— Ну, чаго сабралі? — запытаў адзін і дадаў, — звар’яцеем мы хутка ад гэтых сходаў!

— Павар’яцелі ўжо людзі, — дадаў другі.

— Гэта ад колектывізацыі павар’яцелі, а не ад сходаў.

— А на сходах-жа адна толькі колектывізацыя і ёсьць…

Панас слухаў гэтыя сказы, разумеў, што сход будзе бурны і разумеў, што адцягваць гэтага сходу ні ў якім разе нельга. Таму ён адразу, калі ў хаце крыху сьціхлі, параіў Клемсу абвясьціць сход пачатым і сам узяў слова.

— Сёньня нам-бы варта, — пачаў ён, — вырашыць ужо гаспадарчыя пытаньні, бо хутка вясна, але-ж трэба займацца другім, прычынамі, з-за якіх распаўся колгас.

Ён ня скончыў гаварыць, як некалькі галасоў запрапанавала:

— Хопіць ужо гаварыць пра колгасы, таварышы, можа пра што новенькае пагутарым?

— Пра новенькае другім разам, — адказаў Панас, — сёньня давайце са старым разьбярэмся.

— Давай і так, — згадзіліся тыя. Панас гаварыў далей.

— Некаторым здаецца, што вось не пажадалі яны быць у колгасе, падалі заявы аб выключэньні і ўсё, а яно ня так…

— А як-жа, як? — закрычалі з хаты.

— Ня так, — працягваў Панас, — не паверу я гэтаму. Нейчая вельмі хітрая рука вадзіла вашымі рукамі, калі вы пісалі заявы…

— Свае галовы маем, ніхто нам ня пісаў!..

— Можа і ня пісаў, дык паказваў, дыктаваў і можа ня так, каб прыйсьці, стаць над плячыма і казаць, што пісаць. Ды не. Рабілі па іншаму. Вас проста палохалі жыцьцём колгасным, плёткі пра яго пускалі розныя і вы паверылі…

— А як-жа не паверыць? Хіба няпраўда?

— Што хіба няпраўда? — запытаў Панас.

— А тое, што напісалі ў заявах.

— Заявы сьведчаць часткова пра тое, што шмат чаго вы пра жыцьцё колгаснае ня ведаеце, а яшчэ больш пра тое, што вас напалохалі. Я вось перачытаю некаторыя заявы. Вось, хоць бы-ж гэтая:

Так як я яшчэ жыцьця колгаснага ня ведаю, дык прашу і маю сям’ю, жану і дзяцей, с колгасу выключыць, як нязгодных на колгаснае жыцьцё. Пражывём мо’ тады і ўступім.

— Гэта Сватоўскі піша, — такіх заяў багата. Вось другая:

Як я, і мая жонка і дзеці хворыя, і не работнікі ў колгасе, дык просім выключыць.

— Гэта Абуховіч. У сябе ён працаваў, а як у колгас, дык і сам, і жонка, і дзеці хворыя ўжо…

— А не-ж здаровыя.

— Можа і хворыя, я не спрачаюся, але-ж нідзе не напісана, што хворы ня можа быць у колгасе, для таго, у каго здароўе кволае, будзе лягчэйшая работа… Але пра гэта пасьля. Вось заява цёткі Урбан. Яна піша:

Прашу выключыць з колгасу, як я ўвесь час чытаю газэткі, а ў іх напісана, што ў колгасе рэлігія ня ўтрымаецца і ўжо гэта па нашай царкве відаць, а я з гэтым ня згодна, я хачу быць вольнай і верыць богу і маліцца.

— Нібы ў колгасе цётцы ня даў-бы нехта маліцца. А, напрыклад, Адам Станкевіч пра другое піша:

Прашу выключыць мяне з членаў колгасу, так як я ня маю разуменьня ў колгасным жыцьці і ня хочу быць пад няволяй, а жадаю пажыць на волі, як за яе шэсьць год змагаўся, а сям’я мая ўсё цярпела, а цяпер дажыліся волі, а нам ня хочуць даць ні зямлі, ні каровы, нічога.

— Станкевічу нехта сказаў, што ў колгасе ў яго ўсё адбяруць…

— Ніхто мне не казаў…

— Калі ніхто не казаў, дык чаму-ж ты, дзядзька, так думаеш?

Селянін не адказаў. Панас гаварыў далей:

— Цікавая заява і Шаболтаса:

Прашу выключыць з колгасу, бо я не па сваёй волі пашоў, а мяне загналі, як я папытаў, што будзе, калі не пайду, мне Камека сказаў, што хто ня пойдзе, той як плот, будзе выкінуты з дарогі, а цяпер, як газэтка піша, што няма прымусу, вось я і выпісваюся.

— Гэта чалавек праўду напісаў, што ня хоча, а яму не растлумачылі добра пра тое, пра што ён пытаўся і гэтым сапраўды маглі, як ён піша, загнаць у колгас.

— Дык і пазаганялі-ж…

— Ды ніхто-ж не гнаў. У колгасе ня трэба тых, каго заганяюць, а трэба тых, хто сам ідзе, а мы не заганялі, а тлумачылі вам, што ў колгасе лепш жыць будзе…

— А царкву навошта адбіралі? — выкрыкнула жанчына.

— Самі-ж вы пастанаўлялі забраць яе.

— Са-а-мі?

— Годзе нам пра колгасы казаць! Будзеце мне выдайкі, там даваць, баўтанку сівую, а сабе масла, ды сьмятанку! Ня хочам мы!

Жанчыны ўзьняліся з лавак, услонаў, закрычалі, замахалі рукамі.

— Хто вам сказаў, што масла возьмуць? — пытае Панас. — Хто возьме?

— Вы! Раз у свае рукі возьмеце, дык ня выпусьціце ўжо.

— Якое гэта жыцьцё? Аддай усё сваё, і кароў, і ўсё, а сам як-жа?

Панас хоча перавесьці крыкі на спакойную гутарку.

— Давайце па адным гаварыць будзем, а ня крычаць. Вось можа дзядзька што скажа, а пасьля другі…

— Я парашыў дома нічога не казаць і ня буду, — адказаў селянін.

— Дык мо’ пытаньні будуць? — уставіў Камека.

— Мая галава ўжо ня варыць, якія я вам пытаньні дам?

— Як сказалі нам, што сьмятаны не дадуць, так і запалохала нас гэта.

— А мы ӱсе хворыя, кволыя. Самі ’шчэ сваёй сям’ёй жывем, ліпеем, а там хто нам дапаможа? Няма нам жаднай дапамогі…

— Каб праверылі нас, мы ўсе хворыя, усе змучаныя.

— Людзі млеюць, плачуць, а яны пішуць, што з радасьцю пашлі ў колгас. Яшчэ пішуць такое, а людзі вар’яцеюць ад гэтае радасьці мо’? Няхай-бы павесілі ўжо лепш загад, як па мобілізацыі, дык усе-б і пайшлі…

Не гавораць-крычаць. У кожнага жаданьне сказаць толькі сваё і каб яго пачулі, ён крычыць, каб заглушыць другіх. На сходзе даўно ўжо ніхто не сядзіць. Усе ўзьняліся з месц, усе скучыліся ўперадзе бліжэй да стала, каб чуваць самім было і каб пачулі, калі скажаш сам. Панас разумее, што трэба даць выказацца ўсім, хто жадае і ён спакойна слухае, занатоўвае, што-ні-што сабе на паперку. У ўнутры ў яго нарастае моцнае жаданьне сказаць ім і, як мага хутчэй, пра тое-ж, пра што кажуць яны, толькі па-іншаму, так, каб да сэрца дастаць і, каб яны самі сказалі праўду усю, пра ўсё.

Калі змоўклі крыкі і сход на хвіліну застыў у маўклівасьці, Панас загаварыў сам.

— Ня мы вам горшага хочам, а ворагі вашыя і нашыя, тыя, хто наклейвае каля студні контррэволюцыйныя адозвы. Гэта яны вас запалохалі, гэта сябры іхныя вас падвучылі, яны вас адцягнулі ад вашае лепшае долі. Я веру, што колгас у Цярэшкавым Бродзе будзе жыць і будзе ўзорам таго, як будаваць лепшае жыцьцё. Гэты колгас створаць тыя, хто не збаіцца маны ворагаў нашых, хто не паслухаецца кулацтва. Не кажэце, што вас не палохалі! Я не паверу гэтаму! Мы нікога ня гонім сілай у колгас, але мы хочам, каб вы нам сказалі праўду, шчырую праўду пра ўсё…

Каля печы стаялі Галіна і Палашка. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і ня зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галіна шэпча ёй нешта, штурхае яе локцем пад бок, каб казала. А калі Панас праказаў свае апошнія словы і змоўк, Палашка махнула рукой, нібы нешта скінула з сябе і пашла да стала, расьпіхаючы локцямі жанчын.

— Палохалі нас! — крыкнула яна, — усіх палохалі, а мы верым вам, таварыш, ды баімося…

І як загаварыла Палашка, з бакоў са сходу закрычалі, загаманілі, застукалі нагамі, каб ня даць гаварыць ёй. Нехта ў куце завыў па-воўчы, нехта засьвістаў. Панас пазіраў на сход, разумеў, што рашаючымі будуць словы Палашчыны і голасам, якім ніколі яшчэ не гаварыў тут на сходзе, ён крыкнуў у сход:

— Праўды спалохаліся? Каб заглушыць яе, дык па-возчу выеце? Гэтым ня возьмеце! За гэтым ня пойдзе сход!..

І сход адразу сьціх. У хаце запанавала поўная маўклівасьць. Тады зноў гаварыла Палашка.

— Я праўду шчырую, аб якой прасіў ты, таварыш, скажу. Яны нас комунай страшылі, што ўсе там босыя, што вошы там па сьценах поўзаюць, што ўсе галодныя. Мы верылі ім. А паехала я туды з дэлегацыяй, паглядзела, ці так яно? Не, ня так! Гаспадарка там, ніколі ніхто ў нас ня жыў так. Чыстата там, дзеці ў панчошках, у валёначках, усе накормленыя, дагледжаныя. А як сказала я, прыехаўшы пра гэта на вуліцы пры Мышкіну, дык ён таўхель мяне пад бок, дый давай, — так тваю, ды растак, не кажы, кажа, праўды, а кажы, што бачыла як вошы па сьценах поўзаюць, што бачыла, як з мякінай хлеб ядуць, што нічога няма ў іх… А ня будзеш так казаць, дык прапусьцім цябе, кажа, у газэтку… А я хачу быць у колгасе, я ночы плакала цераз іх з-за гэтага…

Пакуль гаварыла Палашка, да стала падышла Галіна, адхінула хуста з ілба.

— І я хочу сказаць! Хочу і я пра гэта. Палашка правільна кажа! Яны ходзяць, палохаюць, пагражаюць! І хоць муж мой і бацька выпісаліся, а я хачу ў колгас і іншымі кажу, — у колгасе наша бабскае шчасьце!..

Тады з кута па сходу хлестанулі брудныя і брыдкія словы, стукнулі Галіну:

— Шлюха ты! Мужавага мала, колгаснага захацела!..

На хвілінку змоўкла Галіна, узьняла да ілба руку, патрымала яе так. Крыўда і сьлёзы, што падкаціліся пад горла, перашкаджалі гаварыць, потым праглынула сьціснутую ў камячок крыўду і надворна спакойная, ціхім голасам адказала:

— Паскуднікі вы. Пляціце, плявузгайце, бо-ж няма ў вас чым, дык хоць гэтым спрабуйце… Паскуднікі, не баюся я вас. Буду ў колгасе…

За Галінай падышло некалькі чалавек да стала.

— І маю заяву парві, — сказаў адзін, — я хочу ў колгас.

— І маю…

Тады зноў ззаду па кутох закрычалі несваімі галасамі людзі, завылі па-воўчы, пашлі кучаю з шумам з гоманам з хаты, каб як мага больш людзей за сабою павесьці.

Праз хвіліну ў хаце засталіся толькі Клемс, Палашка, Галіна, Пётра Ашурка і яшчэ дзевяць чалавек. Яны скучыліся каля стала і моўчкі стаялі пазіраючы на дзьверы, куды пайшло сто з лішнім чалавек. Панас стаяў нярухома і таксама пазіраў на дзьверы. У вялізарнай хаце зрабілася адразу ціха і прасторна і гэта здалося дзіўным. Ашурка Пётра азірнуўся па хаце на пустыя ўслоны, на пакладзеныя ўпоперак хаты дошкі, на закіданы недакуркамі і сьмецьцем памост, асабліва моцна адчуў гэтую прыйшоўшую адразу пустэчу і прасторнасьць і нібы сам сабе сказаў:

— Зусім мала нас, яны нас заб’юць цяпер, затукаюць…

Гэтыя словы Ашуркавы ў кожнага абудзілі ўсьведамленьне таго, што толькі яны вось гэтыя, што ў хаце цяпер колгасьнікі, а ўсе рэшта гаспадароў, сто з лішнім, не ў колгасе, і што з-за гэтага будзе цяжка будаваць колгас. І словы Ашуркавы ўсіх крыху напалохалі. А за Ашуркам загаварыў Клемс.

— А па-мойму, — сказаў ён, — дык і лепш так. Мала, але ўсе такія, хто ад сэрца за гэта стаіць. Абы, каб сяброўства было.

— І я-ж пра гэта кажу, пра сяброўства, а без яго, дык затукаюць і разгоняць нас яны, — зноў сказаў Ашурка.

Трынаццаць чалавек шчыльна сядзелі навакол стала і ціхімі галасамі раіліся, што рабіць. Цяпер усе яны, кожны паасобку, адчувалі сябе сярод усіх ста трыццаці сямі гаспадароў Цярэшкавага Броду адной сям’ёй. І кожны разумеў, што ў паасобку ад гэтае сям’і ён бездапаможны і, калі адыдзе ад усіх, нямінуча апынецца сярод тых, хто сёньня кінуў колас і сход.

—На дварэ па падваконьні туляліся людзі і, зазіраючы асьцярожна ў хату, паціху шапталіся паміж сабой. Была позная ноч.

XIII

На дзьверы ў сельсавеце і коопэрацыйнай краме была наклеена, напісаная атрамантам, абвестка такога зьместу:

У заўтрашні дзень 18 красавіка а 8 гадзіне ранку ў вёсцы Цярэшкаў Брод адбудзецца сьвята першага колектыўнага ворыва колгасу „Парыская Комуна“. Колгасьнікі просяць усіх, хто жадае, прыйсьці на нашае сьвята. У поле будзе мітынг.

Праўленьне колгасу „Парыская комуна“

Сяляне, якія прыходзілі ў сельсавет і ў краму, чыталі абвестку і багата пра яе гутарылі. А ў Цярэшкавым Бродзе колгасьнікі рыхтаваліся да ворыва. Яшчэ за некалькі дзён да 18, калгасьнікі паставілі ў Клемсавай клеці сем параконных плугаў. Чатыры плугі былі зусім новыя. Іх колгасьнікі прывезьлі з раёну. На плугі былі начэплены новыя бярозавыя ворчыкі, абкручаныя пастронкамі. На сьцяне ў клеці, на крукох, віселі для кожнага каня хамуты.

А напярэдадні 18, пад вечар, калі сабраліся ў Клемса на дварэ колгасьнікі, на двор прышло сямёра мужчын-вяскоўцаў. Яны павіталіся, стоячы кучай і адразу загаварылі, зьвярнуўшыся да Клемса:

— Дык як-жа, суседзе, будзе, а? Ты-ж сам т’кі гаспадар. Няўжо-ж вы гэта і будзеце заворваць нашае?

— Будзем, — адказаў Клемс.

— А як мы не дадзім?

— Як-жа гэта вы не дасьцё? Адмералі нам, мы і араць будзем, сеяць пара, няма чаго чакаць.

— Але-ж вы заворваеце нашыя два ўкосы! Ты-ж падумай, чалавеча, што вы гэта робіце? Вясною летась пасеелі канюшыну, яшчэ два гады касіць яе, а вы што-ж гэта?

— Дык і нашае-ж у палосах засталося вам. Якая-ж тут крыўда?

— Як-жа якая крыўда? Ці-ж на «Дзяковай» парасьце такая канюшына, як на сядзібах? Гэта-ж бога трэба мець у сэрцы…

— Бог тут ваш ня пры тым, — адказаў Клемс. — Араць мы будзем, як вызначылі, увесь гэты кавалак, пад авёс і лапек пасярод поля кідаць ня будзем.

Мужчыны змоўклі. Моўчкі стаяў і Клемс, а колгасьнікі сядзелі на бервяне каля клеці і таксама маўчалі, чакалі чым скончыцца гутарка. Набліжаўся вечар. І вечар вясновы таксама быў маўклівым, настарожаным. Мужчыны сабраліся ісьці дадому. Перад адыходам яшчэ раз адзін з іх, які прывёў другіх, сказаў:

— Дык, значыць, будзеце заворваць? Па-суседзку значыць, ня хочаце пагадзіццца?.. Што-ж рабеце, няхай і так будзе, мо калі… прыдзе коза да воза…

Клемс нічога не адказаў і мужчыны пашлі. Каля брамы іх сустрэў Панас. Прывітаўся. Мужчыны адказалі на прывітаньне, але нічога не сказалі да яго, пашлі ў вуліцу. Панас прайшоў з вуліцы проста ў хату. У руках ён прынёс невялікую фанерную скрынку і ў хаце паставіў скрынку на лаўку.

— Вось я, цётачка, і зусім да вас, — сказаў ён, — зьмеціўшы ў цемры жаночую постаць. — Працаваць у колгасе разам з вамі буду.

На яго словы з хаты абазвалася Галіна.

— Каб не заўсёды да нас, вось бы добра было, — сказала яна.

— А я і не пазнаў цябе, вось мусіць багатая будзеш!

— Ужо-ж буду, ’шчэ якая багатая… кінула я чалавека свайго, — сказала яна памаўчаўшы, — і жыву вось цяпер удавой у дзядзькі Клемса. А мой з-за гэтага самы люты вораг колгасу будзе. Ён ніколі ня пойдзе ў колгас… Мы з ім, бывала, кожны вечар пра гэта гутарылі і сварыліся… А яшчэ з-за цябе ён мне жыцьця не даваў, дык я і парашыла кінуць яго, усё-ж роўна ня было-б жыцьця: у колгас-бы ён не пашоў, а я з колгасу не пашла-б… А потым і цябе бачыць хочацца часьцей…

У хаце цёмна і цемры гэтай радуюцца абое і Панас і Галіна. Галіна ня хоча, каб Панас бачыў у гэты момант яе твар, а яму прыемна скрозь змрочнасьць ночы, што ўвайшла ў хату, пазіраць на яе і няпрыкметна для яе самой, любавацца ёю. Але ў той-жа час абоім хочацца блізкае шчырае гутаркі, для якой трэба быць бліжэй аднаму да другога. Яны абое разумеюць гэта і ад таго, калі Панас запрапанаваў пайсьці на двор, пахадзіць, Галіна адразу згадзілася.

На дварэ каля клеці ўсё яшчэ, ня гледзячы на цемру, раіліся колгасьнікі. Ужо ў каторы раз гаварылі яны пра тое, якая парка ў якім плузе пойдзе і хто пойдзе за плугам. І хоць пары даўно былі складзены, яны ўсё яшчэ абгрунтоўвалі для сябе неабходнасьць, каб Клемсаў Буланы ішоў абавязкова з Ашуркавай кабылай, а не з якім другім канём і што плуг павядзе за гэтай парай сам Клемс, а ня другі хто, і што гэтая пара павінна ісьці самай першай. Гаварылі і пра тое, што ўперадзе ўсіх у поле, як будуць выяжджаць і як пагоняць першую разору, будзе ісьці са сьцягам Галіна. Сьцяг сама Галіна пашыла і сама вышыла на ім лёзунг, які прыдумалі разам усе, вось тут-жа на бярвеньні каля клеці.

У кожнага з гэтых людзей, цяпер, як ніколі яшчэ да гэтага, б’ецца сэрца, б’ецца ўсхваляванае, набліжэньнем новага, што заўтрашні дзень канчаткова узаконіць, замацуе, што правядзе навекі ўжо разору паміж гэтым новым і старым, у якім былі дзесяткі год.

Панас з Галінай пастаялі крыху каля клеці разам з усімі і пашлі ў вуліцу. Вуліцай ішлі моўчкі, думалі кожны сваё. А каля лазьні Ашуркавай зьвярнулі ў завулак, каб выйсьці за вёску, у поле. Тады першай загаварыла Галіна:

— Я заўсёды, — сказала яна, — з першых дзён амаль, была згодна пайсьці ў колгас, але маўчала, бо баялася, але затое баб сваіх угаварвала. Паслухаю на сходзе цябе, а потым ім тое-ж гавару. Ну, і сварак-жа было, ну і палаялі-ж яны мяне за гэта. А ты думаеш Макару не яны сказалі пра нас? Яны наўмысьля сачылі, выглядалі і ўсё яму нагаварвалі… А вось на сходах я ня ўмею гаварыць, можа і тады-б не сказала, але-ж бачу, абман адзін робяць, дык я Палашку падгаварыла сказаць і сама сказала. А Палашка-ж, каб ты ведаў, як яна баялася, насілу ўгаварыла я яе. Хоча сказаць, а баіцца, бо што-ж яна, удава, а яны вакол яе зьвяры, заелі-б, каб прымелі, каб не колгас… А цяпер я й сама дзіўлюся, як гэта ўсё выйшла. Гэта-ж каб раней хто сказаў у нас, што я ў колгас пайду і з-за колгасу мужа кіну, дык ніхто-б і не паверыў. І я не паверыла-б гэтаму, а цяпер во, кінула мужа і хоць бы што… А ад бацькоў-жа што было мне! Бацька прыслаў матку, каб прывяла мяне ў хату. Прыходжу я, дык ён як накінецца, а мама ўплач, такі голас паднялі, што я аж спужалася. І праклінала мяне мама і ўпрашвала, яна і памысьліць сябе ня можа, як гэта я ўсяго адчуралася і мужа і гаспадаркі, і пашла на такое, невядомае, дзе нічога майго… Яна ня ведае, што яно ўсё маё тут цяпер… Хіба-ж бы я так добра ў сям’і з мужчынамі жыла, як цяпер? Усе нібы браты яны, а Клемс, дык што родны бацька, ’шчэ і лепш…

З левага боку вулачкі даўгі будынак Ашуркавай пуні. Як праходзілі каля пуні, Галіна ўздрыганула і прыслухалася. Ёй здалося, што хтосьці схаваўся ва вугал пуні. Яна шмарганула Панаса за рукаў, хацела сказаць яму пра тое, што ёй здалося, але не пасьпела. З-за пуні прагучаў прарэзьлівы сьвіст, а за ім паляцелі ліпкія сваёй брыдкасьцю, абразьлівыя словы…

— Эй, ты шлюха! У адкрытую гуляеш ужо? Дуй, дуй, па-колгаснаму!

Галіну гэтыя словы стукнулі нібы нечым важкім. Яна адразу змоўкла, кінула Панасаву руку і пайшла ўперад ад яго. Ідучы, сказала:

— Зноў, зноў яны мяне… Пільнуюць, куды не пайду… А гэта ён, мой…

— Дурні яны. А ты не зважай. Паплявузгаюць і змоўкнуць, што-ж яны яшчэ могуць? Будуць лаяць і ня толькі мусіць цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Хвалявацца з-за ўсяго гэтага, дык у нас і сіл ня стане… Кінь.

Панас узяў яе за руку.

— Кінь зважаць на гэта, хай мазоляць языкі, усё-ж роўна не забароніш ім лаяцца.

— А і праўда, — згадзілася Галіна, — стань на ўсё зважаць, дык хоць і ня жыві, а мне добра, хоць і лаюць, я шчасьлівая. Бабы нашыя сьлязьмі гора сваё замываюць і я так рабіла, а за гэты-ж час я ні разочку ня плакала, а радавалася вунь колькі разоў… Мне добра, што пра нас з табою гавораць… ты-ж такі добры. Яны і то пра цябе ня так, як пра другіх комуністаў гавораць…

Яна змоўкла і, памаўчаўшы, запрапанавала:

— Позна ўжо вельмі, а заўтра раненька трэба ўставаць, у поле-ж… Хадзем дадому.

Як ішлі дадому, гаварылі ўжо зусім пра іншае. Варажылі, як будзе заўтра, ці прыдуць на сьвята сяляне з суседніх вёсак. А калі прышлі ў хату, Клемс пажартаваў:

— А дазволу-ж чаму гэта вы ня бралі на гулянку? А? Як-жа гэта, што і праўленьне ня ведае?

— Мы недалёка хадзілі, — азвалася з усьмешкай Галіна, — думалі, што на блізкае ня трэба дазволу.

— Няхай па-твойму, будзе. Што з вамі зробіш, — згадзіўся Клемс і за гэтым сказаў: — Можа-б ты нам падрыхтавала вячэру, а то недзе старая мая зьнікла. Яна вось, — сказаў ён да Панаса, — мужыка свайго з-за колгасу кінула, а я баюся, што ад мяне з-за колгасу старая мая ўцячэ. Ніяк пагадзіцца са мною ня хоча, усё бурчыць яшчэ… А я прывык ужо, увесь век так бурчым друг на дружку…


Як ледзь-ледзь глянула з-за небасхілу сонца, Клемс апрануўся і пайшоў будзіць колгасьнікаў. Але колгасьнікі, як і сам ён, ужо даўно ня спалі, сьпяшаліся са сьнеданьнем, каб не спазьніцца да выезду у поле. А праз колькі часу яшчэ, на Клемсаў двор прывялі коняй і далі ім аўса. Коні жавалі авёс, пераглядаліся, чакалі, калі падвядуць іх да плугоў і паставяць у пастронкі. Клемс з хлопцамі выносіў з клеці плугі, ставіў іх на дварэ падрад, адзін побач з другім і разматваў пастронкі, каб усё было напагатове.

А сёмай пачалі запрагаць. Запрагалі кожны сваю пару. Каля клеці зышліся сем’і колгасьнікаў. Жанчыны прышлі з малымі дзецьмі, прышлі як на сьвята, чыста апрануўшыся, прышлі, каб за аратымі пайсьці ў поле. Групамі прыходзілі сяляне з суседніх вёсак. Некалькі чалавек далёкіх прыехалі верхам на конях і коняй паставілі ў дварэ, прывязалі іх за плот. Але ніхто ня прышоў са сваіх вяскоўцаў.

Праз гадзіну Клемс стаў са сваёй парай і падаў знак станавіцца за плугі. Галіна вынесла з клеці сьцяг. Дзеці кінуліся да брамы, шырока адчынілі яе, далі дарогу Галіне. Яна ганарлівая і прыгожая пазірала на людзей і ішла высока ўзьняўшы сьцяг. Косыя праменьні вясновага сонца залацілі чырвань сьцягу. Легкі вецер хістаў яго, распростваў і тады на палатно выплывалі кароткія простыя словы. Словы гаварылі:

Хай жыве комунізм!

За Галінай пайшла Клемсава пара, а за ёй па чарзе ўсе. Клемс бяз шапкі і ён, як і Галіна, ганарлівы і радасны, паважна ідзе за плугам. Вецер гульліва шавеліць срэбныя густыя косы на яго галаве. Сонца сьвеціць проста ў твар. А разам, усьлед за імі пайшлі госьці, жанчыны і дзеці.

Побач з вёскай, акурат супроць сонца, высіцца ўзгорак леташняга жытнішча, спаясаны вузкімі палосамі. Палосы, адрэзаныя адна ад адной цьвёрдымі, высокімі межамі. На межах сухая леташняя дзікая мурава.

Галіна ўзышла на ўзгорак і чакала. Клемс спыніў коняй на дарозе, завярнуў іх насупраць леташняе разоры, зьняў плуг з драўлянага палазка.

— Адсюль пачнем, — сказаў ён. — Будзем у разгон араць, а не загонамі.

Яшчэ вышэй узьняла Галіна сьцяг і пайшла ўперадзе па старой разоры. Вецер у полі мацнейшы. Вецер разгортвае сьцяг, выгладжвае яго. За Галінай пагнаў сваю пару Клемс і, як уеўся плуг у жытнішча, як адгарнуў і паклаў першую скібу, сырой веснавой зямлі, ён павярнуў назад галаву да людзей і радасна сказаў:

— Пачынаем, знацца, жыцьцё колгаснае на зямлі.

Ішла ўсё вышай і вышай на ўзгорак Галіна, на самы верх яго проста да сонца. Хутка ішлі за ёй коні Клемсавай пары, а за ёй яшчэ шэсьць пар і адна за адной роўна і цесна клаліся цёмнашэрыя паскі сырой узьнятай зямлі. Людзі прайшлі за аратымі збоку да самае верхавіны ўзгорку і спыніліся там, стаялі і маўкліва пазіралі ўсьлед адышоўшым. Пазіралі, як дайшла да канца паласы Галіна і завярнуліся назад, як прагнаў, не аручы, упоперак поля сваю пару Клемс і завярнуўшы яе, пагнаў другую разору ўсьлед за Галінай. Галіна, параўняўшыся з людзьмі, падышла да іх і стала крыху збоку.

Прайшлі коні з плугамі і дзьве шырокія, па сем разор, цёмнашэрыя паскі ўзьнятай зямлі, ляглі на жытнішча, а паміж іх яшчэ больш выпуклілася высокая мяжа. Убаку стаяць кучкай сем’і колгасьнікаў і госьці. Госьці стаяць маўклівыя, сур’ёзныя. У кожнага з іх цяпер свае думкі пра колгас, пра тое, што гэтак вось талакой добра араць. Усе яны думаюць, пра людзей, што асьмеліліся сыйсьці ў колгас. Некаторыя крыху шкадуюць колгасьнікаў, што вось яны назаўсёды ўжо адчураліся, адракліся ад свайго ўласнага каня, сваёй зямлі, сваёй клеці, сваёй сядзібы і пайшлі ў новае, нідзе ніколі нябачанае, ніколі нязнанае раней жыцьцё. Шкадуюць і крыху моўчкі, рады, што гэтыя людзі ўжо ніколі ня будуць мець свае ўласныя гаспадаркі і ня змогуць хваліцца ў горадзе, ці на кірмашы добрымі сваімі ўласнымі калёсамі, сваім канём. Рады былі думаючы, што гэтыя людзі некалі пашкадуюць аб зробленым сёньня. А другія стаяць усхваляваныя. Ім балюча і крыўдна. Яны зайздросьцяць колгасьнікам, зайздросьцяць і крыўдна ім, што не яны, а вось гэтыя першымі пайшлі і што ім прыдзецца быць толькі наступнымі. Зайздросьцяць, што не яны, а вось гэтыя маюць магчымасьць хваліцца, што першыя організавалі колгас, што не пра іх, а пра гэтых будуць гаварыць у горадзе на рынку і на кірмашох людзі.

Нечакана да ўзгорку даляцелі гукі званоў.

Прыслухаўся да званоў Клемс і прытрымаў на хвіліну коняй. Не зразумеў ён у чым справа, чаго звоняць.

Па другім разу ішлі ўжо плугі па жытнішчы. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчэлі на сонцы. Ужо блізка падышлі да мяжы.

З-за ўзгорку, дзе царква, вышаў вялікі натоўп людзей. Уперадзе ішоў бацюшка і, макаючы квач у ваду, якую нёс у пасудзе царкоўны вартаўнік, пырскаў вадой на поле. За бацюшкам мужчыны несьлі прошчы. У натоўпе пелі нейкую малітву, нельга было разабраць яе. Сьпеў заглушалі званы. Як пашоў натоўп па полі, дык заскакалі ў нейкай шалёнай радасьці, загулі на розныя галасы званы.

Блям-блям-блям-бом, блям-блям-блям-блям-бом, блям-блям-блям-бом…

Гулі званы, а плугі ўздымалі зямлю. Зямля лёгка выпроствала грудзі, раскрывала нутро сваё людзям, радасная тым, што прышлі яны да яе з вясновым сонцам, каб разарваць на ёй векавыя ланцугі меж.

Бліжай і бліжай падыходзілі да мяжы плугі. Мяжа настаражылася, ашчацінілася леташняй сухой, дзікай травой.

Па полі, як праведзена мяжа колгаснай і вясковай зямлі, ідзе з прошчамі натоўп сялян. Мужчыны бяз шапак, жанчыны з белымі сьвяточнымі хусткамі на галовах. Уперадзе бацюшка ідзе і пырскае на поле сьвянцонай вадою. За бацюшкам мужчыны сьпяваюць і вецер даносіць да вушэй колгасынікаў словы сьпеву:

О-о-о-тча на-а-ш
Іжа есі на небесі-і-і…

Клемс спыніў каня акурат пасярод узгорку, усьміхнуўся.

— Межы нашыя яны абыходзяць, сьвянцонай вадой паліваюць свае поле, каб зараза нашая не перапаўзла туды.

Усьміхнуўся, шмаргануў лейцы і павёў плуг далей.

А ўсім адразу зразумелым стала, чаго ходзіць па полі процэсія і людзі зарагаталі.

Аддаляецца ад узгорку ў поле процэсія. Бліжай і бліжай падпаўзаюць да мяжы гострыя, бліскучыя лемяхі плугоў, вось-вось зачэпяць яе і зрэжуць, паваляць. Мяжа выпрасталася, выгнулася на сярэдзіне, угару ўзьняла ашчаціненую сваю сьпіну. Клемс завярнуў коняй. Коні пайшлі па абодвы бакі мяжы. Накіраваны плуг падчапіў зьнізу канец мяжы, адарваў яго, адкінуў камяком у кучу з заараным, потым выкаўзнуўся з-пад яе. Каля мяжы глыбокая леташняя разора. Яна шкодзіць і плуг: то выскаквае з-пад мяжы, то зноў падпаўзае пад яе і гострым носам адрывае ад яе кавалкі і адкідае іх у бок на ральлю, то выпаўзае і, стомлены, зрывае носам мураву ў леташняй разоры. Злуе Клемс. Мяжа выгінаецца, ня хоча здацца.

— Бач ты, мяжа не здаецца! — крычыць нехта з узгорку.

Але другая пара коняй абняла нагамі мяжу. Панас моцнымі маладымі рукамі накіраваў плуг і трымае яго. Плуг падразае мяжу і адвалам павольна кладзе яе на бок. Трэці араты плугам падбірае пакінутыя кавалкі мяжы, падчышчае новую разору, на месцы, дзе толькі што яшчэ была мяжа. А на ральлі, парванай на кавалкі, ляжала праз увесь узгорак цела былой мяжы.

— Мітынг давайце цяпер, — кажа Панас Клемсу, — заварачвайма коняй і пачнем.

— Пачнем, — адказвае Клемс, — я скажу троху, ды табе слова дам.

Як даехалі да канца і завярнулі коняй, малады хлапец, што ішоў з трэцяй парай, паставіў плуг і пабег да людзей на верхавіну ўзгорку. Бягучы крыкнуў:

— Таварышы! Ды калі-ж такое было у нас! Ура!..

Узмахнуў абеімі рукамі, падкінуў угару шапку. А Галіна з узгорку замахала яму сьцягам. І тады гарачым камячком падпаўзьлі да горла ў Панаса словы, якія прадумаў яшчэ, як ішоў за плугам і хочуць вырвацца ўсе разам і, як мага хутчэй на волю.

Па полі непадалёк ад узгорку, цягнучы маліцьвенную мэлёдыю ішла з прошчамі процэсія. Як падышлі ўсе аратыя да гасьцей на ўзгорак, Клеме паказаў на процесію рукой.

— З богам ужо супроць нас пайшлі. — Сказаў ён. І за гэтымі словамі пачаў сваю прамову: — Яны з прошчамі, з крыжамі супроць нас ідуць, а што мы? Хіба на дрэннае, што мы пайшлі? Мы з пакуты вылезьці хочам, шчасьця хочам сабе і другім, хочам, каб крыху хоць радасьней жыць. Дык чаму-ж і гэта іхнаму богу не да спадобы? Чаму яму хочацца, каб век свой увесь мы пакутвалі, як бацькі, як дзяды нашыя?..

Гаворыць Клемс, трымаецца правай рукой за сарочку на грудзёх. Рука дражыць, дрыжаць і ногі на нагах трасуцца шырокія белыя нагавіцы.

— Дык-жа ня трэба і багі нам! — кажа Клемс. — Яны сьвянцонай вадою абпырскваюць сваё поле ад нас, каб не пайшло хаця пошасьці ад нас жыцьця колгаснае і на іхнае поле, але не адсьвенцяцца, пойдзе яно, па ўсім полі пойдзе, па ўсёй зямлі пойдзе, бо захацеў чалавек лепшага, чаго ўвекі ня бачыў… Пойдзе яно па ўсёй зямлі!.. А цяпер засьпявайма Інтэрнацыянал.

І кволым, хрыплым голасам адзін прапеў першыя словы гімну. А за ім уздыхнулі ўсе і дружна падхапілі моцнымі галасамі:

Паўстань, хто з голаду век пух!..

З узгорку несьліся насустрач сонцу словы гімну, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Далёка ў полі ішоў чалавек. Ён пачуў сьпеў, спыніўся, прыслухаўся і праз поле, праз леташнюю восеньскую ральлю пабег насустрач сьпеву.

Яшчэ ніколі, ніколі ў жыцьці Панас ня ведаў такое радасьці. Ён не разумеў, ці то ён гаварыў, ці то думаў такое, толькі здавалася, што ўсё наўкола ўторыць ягоным думкам.

— Я радуюся, — гаварыла ўся істота Панасава, — што зьдзейсьняюцца мары найвялікшых людзей сьвету. Чалавек у даўнія вякі яшчэ прышоў да зямлі, каб карміцца ад яе. Зямля тады давала чалавеку зусім мала. Чалавек змагаўся з прыродай, змагаўся за тое, каб пад’есьці і выгадаваць дзяцей. У гэтым змаганьні ня мала разоў перамагала чалавека прырода, але ўпарты, баючыся галоднае сьмерці, чалавек напружваў сілы і прырода скарылася яму. Чалавек навучыўся браць багацьці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Ды толькі ніяк ня мог чалавек зрабіць такога, каб ня было на зямлі паміж людзей няроўнасьці. Ёсьць людзі галодныя і сытыя, ёсьць тыя, што нічога ня робяць і тыя, хто гібее ў цяжкай вечнай працы з-за кавалка хлеба.

Таму, яшчэ задоўга да нашых дзён, лепшыя з людзей напісалі на сваім сьцягу адно вялікае слова. Слова гэнае — комунізм. І ў імя яго гэтыя людзі пайшлі змагацца супроць тых, хто не працуючы жыў, хто жыў вынікамі працы другіх. Сотні, тысячы ішлі за імі, а цар і ягоныя служкі імем бога хапалі іх, кавалі ў кайданы і кідалі за краты ў астрогі, ссылалі на катаргу ў далёкія таежныя месцы, вешалі, расстрэльвалі, адбіраючы ў гэтых людзей самае дарагое, што было ў іх, іхнае жыцьцё. Але з гэтым жыцьцё іхнае ўсё яскравей палала, і на месца іх прышлі мільёны людзей, раней прыгнечаных, пакрыўджаных і цаною жыцьця лепшых з сябе адваявалі права на будаваньне комунізму.

Мы хочам, каб на зямлі было жыцьцё радаснае, сьветлае, разумнае. А яны, і вось гэты поп, што вядзе за сабою натоўп несьвядомых людзей, яны хочуць для чалавека бясконцае пакуты.

Мы зааралі толькі адну мяжу. Але ў каго ня білася мацней, як звычайна, у гэты раз сэрца? Векавую мяжу мы зааралі, тую мяжу, што не давала вам назваць друг дружку братам, што выклікала сваркі і бойкі і рабіла вас ворагамі.

Цэлыя вякі быў скованы чалавек ланцугамі няволі. І цэлыя вякі межамі, як ланцугамі, была скавана зямля. Чалавек вызваліў сябе, а цяпер ірве ланцугі на зямлі, каб большымі былі яе скарбы ад якіх жыве чалавек…

Людзі стаялі неспакойныя, пазіралі ці то ў зямлю самую, ці то кудысьці ў бок, у поле. Жанчыны церлі ражкамі хустак вочы. Вецер выгладжваў над людзьмі сьцяг.

Малады хлапец, што ішоў з трэцяй парай за плугам, доўга, ня кратаючыся, пазіраў на сьцяг, складаў у словы літары, якія ніклі ў мітусеньні сьцягу і, склаўшы крыкнуў, узьняўшы ў гару рукі.

Хай жыве комунізм!

Зноў пайшлі чарадою паркі коняй. Цёмнашэрая паласа сьвежай ральлі шырылася, усьцілала ўсё большы і большы прастор узгорку, набліжалася туды, дзе за поплавам малады зялёны алешнік.

З поля разыходзіліся людзі і на разьвітаньне гаварылі адзін аднаму радасныя, ласкавыя словы. Праз поле ў вёску варочалася маўклівая процэсія з прошчамі, перасьцерагала.


Калі Клемс, напаіўшы коняй, варочаўся ў хату, дык на дзьвярах сянец прыкмеціў, прыклееную хлебам, паперку. Ён асьцярожна адарваў яе і прынёс у хату. На паперцы было напісана:

„У восемнаццатым годзе тым, хто спаганяў разьвёрстку, мы ў жывой сыпалі грэчку і ячмень, а табе калі не ўбярэшся зараз-жа адсюль, насыплем сырой зямлі“.

Панас прачытаў напісанае на паперцы і хоць там і не гаварылася, да каго зварачаюцца тыя, хто пісаў паперку, ён, як і ўсе, хто быў у хаце, адразу зразумеў, што гутарка ідзе пра яго. І адразу спалоханая Галіна папярэдзіла:

— Ня трэба табе нікуды ўвечары хадзіць, сьцерагчыся трэба.

— Пільнавацца трэба, — дадаў Клемс, — хто іх тут разьбярэ.

Панас усьміхнуўся, схаваў паперку ў кішэнь і адказаў:

— Добра, што папярэдзілі паперкай. Буду пільнавацца цяпер.

Пайшлі запрагаць коняй.

А ў гэты-ж час, у суседняй вёсцы, што ў трох кілометрах ад Цярэшкавага Броду, сяляне самі зьбіралі сход. На сход загадвалі толькі некаторым, вызначаным раней.

Панас і яшчэ два маладыя хлапцы хутка выехалі даараць кавалак жытнішча. Было яшчэ зусім рана.

Непадалёк ад месца, дзе пачалі араць, густы малады алешнік. Гольле маладых алешын прыбралася ўжо ў зялёныя пупышкі. Яны блішчаць расою. У каплях расы іскрыцца сонца. Пупышкі сустрач сонцу паўнеюць, наліваюцца ліпкім сокам. На ральлю садзяцца і паважна ходзяць па ёй грачы. Над полем уздымаюцца і падаюць на зямлю, рассыпаючыся сьпевамі, жаўранкі.

Панас прагнаў адну разору і скінуў пінжак, паклаў яго на ральлю. Было душна.

У суседняй весцы, у самай першай хаце па вуліцы, зышлося трыццаць два чалавекі. Той з іх, хто першы пашоў загадваць на сход, выняў асьцярожна з-за пазухі аркуш чыстай паперы і паклаў яе на стол.

— Давайце пачынаць, — сказаў ён.

— А хто-ж нам напіша? — запытаў другі.

— Самі я думаю напішам. Чаго-ж тут не напісаць? Напішам…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

У Цярэшкавым Бродзе на дварох сьпяшаючыся бегалі жанчыны. Забягаючы ў двор, яны стукалі ў аконную шыбу суседа, клікалі гаспадыню і ішлі далей. Хутка каля царквы сабраўся натоўп жанчын. Некаторыя з іх трымалі ў руках кійкі, другія прышлі з рыдлёўкамі, трэція бяз нічога.

Зьявіўся вартаўнік і адамкнуў дзьверы царквы. За ім прышоў высокі, худы мужчына ў старой чорнай рызе. Чалавек гэты ўвайшоў у царкву, прайшоў да аналою і там спыніўся. Вартаўнік прынёс яму з аўтара ікону расьпятага хрыста. У царкву заходзілі жанчыны і хрысьціліся. Чалавек у рызе ўзьняў над галавой ікону, блаславіў ёю жанчын і пачаў гаварыць. Жанчыны стаялі маўклівыя і слухалі казань незнаёмага чалавека…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Накормленыя коні ходзяць хутка і ральля ўсё бліжай і бліжай падсьцілаецца да алешніку.

— За гадзіну дааром, — кажа Панас.

— Калі схочам, дык і раней яшчэ, — адказвае другі араты.

— Раней не, коням-жа адпачыць трэба.

Лёгкі вецер прылятае з поля, прыносіць прыемную прахладу. І ад гэтага лёгка ісьці ўздоўж загону, падстаўляць ветру ўспацелы твар…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

— Пачынайма пісаць, — кажа селянін, — трэба-ж управіцца да вечару схадзіць у Цярэшкаў Брод і ўмовіцца.

— Пачынайма.

Людзі розных узростаў, розныя самі, скучыліся каля стала, пазіраюць на чысты аркуш белай паперы. Той, што выняў паперу з-за пазухі, цяпер сеў за стол сам, узяў у руку аловак.

— Як гэта пачынаць вось толькі? Мне, каб толькі пачаць, а там ужо напішу.

— А чаго пачынаць? Куды пішаш? У колгас. Вось і пачынай з гэтага, што пішаш у колгас «Парыскую комуну» такомута…

— Правільна, так і буду пісаць. У колгас «Парыскую комуну» ад беднаты і сераднякоў вёскі Цынгелі ў ліку трыццаці двох чалавек…

Селянін схіліў убок нізка над сталом галаву і вялікай маршчатай рукою водзіць па паперы аловак. З-пад канца алоўка выходзяць няроўныя літары і няроўна кладуцца на белы аркуш, адно за адным словы…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

З царквы вышаў і пайшоў у поле, уперадзе натоўпу жанчын, высокі худы чалавек у рызе. У руках ён нясе, трымаючы перад сабою, ікону расьпятага хрыста. Хрыстос на крыжы схіліў набок мёртвую галаву. З ягоных рук і ног, якія прыбіты да крыжа цьвікамі, капае кроў. Наўкол галавы хрыста круг жоўтай пазалочанай паперы. Шкло іконы і ўся яна, зробленая з бляхі і медзі, і пазалочаны круг блішчаць на сонцы. Чалавек у рызе махае іконай і сьпявае. А за ім праз поле, туды, дзе алешнік, ідуць жанчыны, п’яныя ад слоў гэтага чалавека, ад сьпеваў яго маліцьвеных і пахаў веснавой зямлі…

Кладуцца адно за адным словы на чыстай паперы і аркуш паперы перастае быць толькі паперай, ён робіцца часткаю ўсіх гэтых людзей, што шчыльна зышліся вакол стала. Вуснамі гэтых людзей гаворыць папера:

… Мы ўсе амаль былі на франтох, ваявалі і ў старой арміі, ваявалі і з белымі, пахадзілі па белым сьвеце, наглядзеліся ўсялякага жыцьця, сваё бачылі і чужое, усяго нацярпеліся ад паноў розных і офіцэраў, ды толькі нідзе мы ня бачылі жыцьця такога, пра якое гаварылі нам на фронце, за якое мы змагаліся супроць белых. Словы тыя ў грудзёх нашых і будуць яны жыць аж покі ня ўсохнуць грудзі нашыя, бо яны крывёю ўспрыняты гэтыя словы. Мы не павінны так пакінуць таго, за што ішлі на франтох…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Панас зьмеціў натоўп і наперадзе чалавека з іконаю, азірнуўся назад на таварышоў.

— Ізноў да нас з іконаю ідуць, — сказаў ён.

Таварыш адразу спыніў каня, зірнуў на натоўп.

— Каб чаго дрэннага ня было, — спуджана сказаў ён. — У цябе нічога няма на выпадак, калі бараніцца трэ’ будзе?

— Нічога. А ты думаеш, яны біцца пачнуць?

— А чаго-ж яны?

— Палохаюць. Зачапіць — не зачэпяць.

Зноў пагналі коняй.

Махаючы перад сабой іконаю ідзе ўперадзе ад жанчын чалавек у чорнай старой рызе. За ім ідуць, з расхлістанымі ад ветру вопраткамі, жанчыны. Панас кіруе плугам і пазірае на жанчын, хоча ўгадаць, чаго ідуць яны…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Мы багата думалі, гутарылі паміж сябе і цяпер пераканаліся, што толькі гэтым шляхам мы дойдзем да лепшага жыцьця, да шчасьця свайго. Мы, трыццаць два беднякі і сераднякі, сабралі ўсіх нашых коняй, кароў, інвэнтар і насеньне і іншую сваю маёмасьць…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

У жанчын бачыць Панас, твары ўзбуджаныя, азьвярэлыя. У руках яны нясуць кіі, рыдлёўкі. Ужо зусім яны блізка. Чалавек у рызе махнуў іконаю накрыж і закрычаў.

— Хай зьнікнуць з твару зямлі тваёй нечасьціўцы!..

І яшчэ раз махнуўшы іконаю, запеў:

Да ўваскрэсьне бог…

Грубы, крыклівы голас яго парушыў спакой поля. За ім жанчыны зацягнулі на розныя галасы:

І растачацца ўразі яго…

Мятнуліся з ральлі, закружыліся над полем спалоханыя грачы. Да Панаса падышлі абое хлапцы. Адзін бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі.

— Уцякайма, яны біць будуць.

— Мо’ і праўда, — кажа другі, — каб ня здарылася чаго?

А Панас не разумее, што страшнага, можа быць у тым, што вось ідуць натоўпам жанчыны і нейкі дзіўны манах з іконаю. Ён усьміхаецца і супакойвае таварышоў:

— Кіньце вы, глупства такое, пакрычаць і ўсё.

Натоўп разыходзіцца паўкругам. Па сьвежай ральлі ідзе ўжо манах, высока ўзьняў ікону і сьпявае. За ім сьпявае і ўвесь натоўп. У жанчын вочы страшныя, блішчаць дзікімі агенчыкамі. Панас бачыць гэта і ўжо ня можа скрануцца з месца. Перад самым тварам ягоным узмахнуў іконаю манах і спыніўся. Абое таварышы адышлі ад Панаса да сваіх коняй. Падышлі блізка жанчыны. Блізка іхныя маршчатыя, спацелыя і злосныя твары. Яны штосьці крычаць, а мо’ пяюць усьлед за манахам, Панас ужо ня можа разабраць. Перад яго тварам узьняла старая жанчына іржавае жалеза рыдлёўкі. А ён выставіў наперад рукі, закрывае растапыранымі пальцамі твар…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Паціху ходзіць па паперы аловак, выводзіць няроўныя літары і кожнае слова, складзенае з гэтых літар, — чалавек.

І з усім гэтым дабром мы парашылі пайсьці ў колгас і просім праўленьне прыняць нас усіх трыццаць двох беднякоў і сераднякоў вёскі Цынгелі ў колгас «Парыскую комуну», каб маглі мы разам з вамі здабываць лепшай долі сабе, каб змаглі пазбавіцца гора і пакуты, з якімі жылі ўвесь век свой аж да гэтае пары.

— А цяпер падпішам усе, — кажа той, хто пісаў, — і занясем, а заўтра выядзем і мы ў поле.

Ён паціху, роўна, але так, каб адрозьніваўся подпіс ад усіх раней напісаных у заяве слоў, вывеў літары свайго прозьвішча, і за цьвёрдым знакам, напісаным у прозьвішчы, загнуў уніз пад слова кручок. Пасьля перадаў заяву і аловак другім, каб падпісалі…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Іржавае жалеза рыдлёўкі наплыло, засланіла сабою сонца, вырасла ў вялікае і цяжкое, спусьцілася на галаву і прыціснула Панаса да зямлі. І тады наўкол яго ў нейкім дзікім карагодзе закружыліся, заскакалі з перакрыўленымі злоснымі тварамі жанчыны. А пасярод іх, сьмешна ўздымаючы высока ўгору, ногі, трымаючы над галавой ікону хрыста, які за шклом афарбаваных рам перадражніваў манаха, скакаў сам манах. Пасьля ўсё зьнікла.

Аднекуль с поля прыляцеў вецер. Ён затрымаўся, закружыўся над тварам Панасавым, адхінуў з ілба ў яго невялікі шматок валос, што засланяў яму вочы, і паляцеў далей.

3 поля, ад пакінутых коняй, беглі ў розныя бакі два чалавекі бяз шапак. За адным з іх, што бег у вёску, гнаўся, высока ўздымаючы ногі, чалавек у рызе і махаў іконай, а за ім подбежкам з крыкамі пашлі жанчыны.

Панас ляжаў упоперак загону плячыма на мяккай сьвежай ральлі. Ён закінуў, як мага голаў, выцягнуўся праз увесь загон і, раскінуўшы шырока ўбакі рукі, затуліў сабою зямлю.

Вышэй узьнялося сонца. Стаялі ў разорах, чакалі аратых, запражаныя ў плугі коні, а зямля, прыбраная ў мяккую вопратку сьвежай ральлі, дыхала вялікай радасьцю жыцьця.


Было:

вечны смутак, туга вечная і роспач…

Бігосава-Менск — Копысь.
1930—1931 гады.

ДА ЧЫТАЧОЎ.

Ці то з прычыны няпісьменнасьці, ці то прычыны нядбайства з боку карэктараў, амаль на кожнай старонцы маёй кнігі зроблена некалькі грубых друкарскіх памылак, якія часам зьмяняюць сэнс асобных сказаў. Прашу чытача перад тым, як чытаць кнігу, гэтыя памылкі выправіць.

Платон Галавач.

Зак. № 759.

Старонка
Радок
Надрукавана
Павінна быць
3 3
зьверху
стройная
странная
3 8
М. Горкий
М. Горький
3 2
зьнізу
праком
прахам
5 9
зьверху
грымаць і шыбаюць у асьмяглае
грымяць і шыбаюць у асьмяглае
6 6
чыгуну
чыгуна
6 9
зьнізу
працягваюць
працякаюць
6 7
сваёй
тваёй
6 6
чаране
чарэні
6 2
бабачыш
бачыш
6 1
папленай
лапленай
7 15
зьверху
узыкі
языкі
7 6
зьнізу
аддаюць
аддаюцца
8 4
зьверху
росчачы
роспачы
9 6
поўнай
поўная
9 9
сьмерцю
сьмеласьцю
9 15
шнадавала
шкадавалі
9 14
зьнізу
велічыны
велічы
10 5
ірваў
ірвануў
16 6
глухія
глухлі
17 3
казыча
казлыча
19 15
пракусвае
прыкусвае
19 17
словы
словам
24 11
сябе
сабе
24 12
гэтай
гэтае
25 20
зьнізу
— Чаго гэта яма?
Чаго гэта яма?
27 6
а пабое
а паабое
28 10
„зьверху
высыхла
высахла
28 18
зьнізу
Не казыч! — нечана
Не казыч! — нечакана
29 9
зьверху
паўтарыцца
паўторыцца
31 1
гаспадара
гаспадар
31 5
гэтак
гэта
31 17
судзелі мукі
сядзелі мукі
31 19
зьнізу
бальнічнага
больнічнага
32 16
зьверху
ведыў
верыў
34 4
з ложку
з ложкаў
35 6
зьнізу
спыніўся няёмка неяк
спыніўся, няёмка неяк было
36 5-6
зьверху
прыстанеш толькі
прастынеш толькі
37 5
зьнізу
падзеўкі
паддзеўкі
38 13
папрабіраць
папрыбіраць
38 19
цаглыны
цагляны
38 11
зьверху
А тым мо‘
А ты мо‘
39 2
і пагранка
і вагранка
40 3
хволасьць
кволасьць
41 2
зьнізу
усталі
услалі
42 1
зьверху
сузім
зусім
45 8
зьнізу
пад павец
пад павець
46 8
зьверху
зямлі пахалі
зямлі пахаці
48 6
псьпела
пасьпела
49 7
зьнізу
На каўняра
На каўняры
50 15
зьверху
варата — болей-бы
варта болей-бы
51 19
упоперад
упоперак
51 7
зьнізу
замеціў
зьмеціў
51 10
ад Сідарава
ад Сідара
51 17
і за ім пакой
і за імі пакой
56 3
зьверху
Сідар, навітаўшыся
Сідар, павітаўшыся
58 5
зьнізу
падзеўку
паддзеўку
59 9
зьверху
з даху краплі
з даху кроплі
62 6
Але гэта галоўнае,
Але гэта не галоўнае,
63 12
зьверху
і мэтод
і мэтоду
63 17
коопэрацынўых
коопэрацыйных
63 20
вес час
увесь час
64 10
зьнізу
не кратаючыся
не кратаючы
65 5
зьверху
словы жанчыны
словы жончыны
65 18
зьнізу
на паламаныя
на паламаных
66 2
і намераўся
і намерыўся
67 1
чыстыя ўсхліпы
частыя ўсхліпы
69 8
зьверху
не патрапляўся
не патрапляў
71 13
На станцыях
На станцыю
71 12
зьнізу
выразных
выразаных
72 6
рух мацалі, ці сытая карова і маркавалі
рук мацалі, ці сытая карова і меркавалі
74 6
Па дваццаць
па дванаццаць
74 9
тулава
тулавам
75 11
зьверху
чына ўзяла
Жанчына ўзяла
76 18
зьнізу
з-па кашлатай
з пад кашлатай
77 2
зьверху
стэміўся
стаміўся
77 10
зьнізу
на брука
на брук
78 17
зьверху
скаліўшы
скаліў
78 1
зьнізу
Вам, грамадзкім
Вам гарадзкім
78 6
шпаргануў
шмаргануў
79 10
зьверху
селянін гіроічна
селянін гіронічна
81 2-1
зьнізу
пац хуньку
паціхеньку
81 5
ты нічарта лысага
ты ні чорта лысага
82 6
зьверху
і глатка
і гладка
82 12
і ён мякчэў, ужо
і ён мякчэй ужо
83 5
зьнізу
сам і што
сам што і
84 2
парадак нанесьці
парадак навесьці
87 12
Ліцейны
Ліцейні
88 11
зьверху
зьліліся
сыйшліся
88 5
зьнізу
і неасьцярожна
і насьцярожана
90 8
зьверху
з вуснаў самага
з вуснаў самога
90 15
зьнізу
злучаючы
злуючы
90 16-17
і перасіляў яе
і пасіляў яе
94 17
са страхі і рэбры
са страхі рэбры
97 7
зьверху
і сытыя
і сытае
98 16
я ад добра
я ад дабра
101 11
гэта ніхто
гэтага ніхто
104 6
зьнізу
і непакоілі
і не непакоілі
105 8
зьверху
гарадзіўся
адгарадзіўся
108 3
зьнізу
на дзеда не пазірала, у двор
слухала дзеда і пазірала ў двор
110 5
зьверху
пабачыць і яго
пабачыце і яго
113 2
ў рэчаіснасьці хоць
у рэчаінсасьць, хоць
113 3
фантастычнай
фантастычней
114 18
зьверху
71 лютага
17 лютага
115 3
зьнізу
месты
месцы
115 6
хортку
фортку
117 10
Як віталіся
Як разьвіталіся
121 5
зьверху
скажа што-ж
скажа што
121 8
гэтым
гэта
122 15
зьнізу
комісія ў тоўсты
комісія і ў тоўсты
123 17
зьверху
і азіраліся
і азіраўся
123 20
у якіх падзялілі
у якіх падзялялі
129 10
вёдзер і малаком
вёдзер з малаком
132 7
зьнізу
сьнежкі
сьцежкі
132 10
сьняжынь
сьняжын
134 16
Ціханава і Іцку
Ціхана і Іцку
135 9
згібаць
згібаці
135 11
гімнаў
гімну
136 1
зьверху
палатном плякатаў
палатном плякату
139 9
зьнізу
Мы самі абменваем
Мы самі сябе абманьваем
140 10-11
накрытых
накрыты
143 17
зьверху
што дні
што гні
144 4
зьнізу
чытай
чыстай
145 1
зьверху
загаварыць усімі сваімі
загаворыць усім сваім
147 12
зьнізу
аб нагу
аб вагу
148 10
які-б падарункам
які-б падарунак
148 11
пацьвердзіў яго згоду
пацьвердзіў сваю згоду
165 8
зьверху
Пётрыха і,
Пётрыху і,
166 11
усё пра гэта
усе пра гэта
167 14
былі іх
білі іх
172 7-8
на Панас
На Панаса
172 2
зьнізу
хуста з ілба
хустку з ілба
174 17
У поле будзе
У полі будзе
175 20
Каб не заўсёды
Каб на заўсёды
177 7
зьверху
сябе ня можа, як гэта я ўсяго адчуралася
сябе ня можа, як гэта я ўсяго ачуралася
180 3-4
сыйсьці
сыйсьціся
180 9
ўласныя
уласнае
181 12
каб зараз нашая
каб зараза нашая
182 11
зьнізу
пошасьці ад нас жыцьця
пошасьцю ад нас жыцьцё
184 7
зьверху
— Хаў жыве
— Хай жыве
184 16
я і прынёс
яе і прынёс
184 17
мы ў жывой
мы ў жывот
188 18
зьнізу
Паціку ходзіць
Паціху ходзіць

МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА

ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
МЕНСК


АСІНСТАН

БАРАШКА
Цана 45 кап.



ХВЯДОС ЧЫРВОНЫ НОС

КРАПІВА
Цана 1 р. 55 кап.



АПОШНІ ЗЬВЕРЫЯДАВЕЦ

М. ЛЫНЬКОЎ
Цана 30 кап.



ВЕРШЫ І ПОЭМЫ

АЛЕКСАНДРОВІЧ
Цана 3 р. 50 кап.



ЧОРНАЯ ВІРНЯ

Б. МІКУЛІЧ
Цана 90 кап.



КАВАЛІ ЖЫЦЬЦЯ (п‘еса)

ІЛЬІНСКІ
Цана 55 кап.



КРЫВАВЫЯ ЗЬНІЧКІ НА СЬНЕЗЕ

С. ЛІХАДЗІЕЎСКІ
Цана 75 кап.



ГУДКІ

АЛЕКСАНДРОВІЧ
Цана 35 кап.



ВЕСНАЦЬВЕТ

БАНДАРЫНА
Цана 1 р. 30 кап.


КНІЖКІ ПРАДАЮЦЦА ВА ЎСІХ КНІГАРНЯХ ДЗЯРЖВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ, СПАЖЫЎКООПЭРАЦЫІ І САЮЗДРУКУ

ЦАНА 1 р. 25 к.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.