Я калісь та, як пасьвіў каровы,
Хадзіў часта ў суніцы, грыбы…
Як тады шалясьцела дуброва
І як нізка схілялісь дубы!
Я з бярэзіны стройнай і тонкай
Абцінаў самы доўгі дубец,
А з алешыны драў я палонкай
Слой кары, каб зрабіць кадаўбец.
І выходзіла гладка і чыста.
Нагінаўся пад кожны я куст,
Падзяцінаму радасьцю чысты,
Падбіраў баравік я і хруст.
І нанізваў я іх на ражэнчык,
А суніцы я клаў ў кадаўбец;
Калі стражнік лясны мне пярэчыў,
Я паказваў яму на дубец.
Праўда, часта губіў я каровы,
Сам ня раз я блудзіў ў гушчары,
Я пушчаў тады сьвіст па дуброве —
Разьбягаліся ўсе ведзьмары.
Памятаю цяпер тую пору —
Не вярнуць яе толькі назад,
Не вярнуць таго спрыту, задзёру,
Што ня страшыла розга-лаза.
Бацька часам, бывала, ўзлуецца
І намерыцца нават набіць,
Каб зласкавіць яму яго сэрца,
Я вазьму пакажу на грыбы.
А цяпер я вандрую па бруку,
Захлынаюся часта ў віне,
Ем грыбы, што сялянскія рукі
Назьбіралі ў кашэль для мяне. —
Гэта мне не пад густ, не пад нораў…
Каб дзіцяцтва яшчэ раз спаткаць,
Каб загладзіць на жыцьці разоры —
Я ня стаў-бы на лёс наракаць.
|