Справа беларускага нацыянальнага гімна

«Страхі жыцця», драма ў 3-х актах Ф. Аляхновіча Справа беларускага нацыянальнага гімна
Аўтар: Янка Купала
1920
Крыніца: Час. «Рунь», Мінск, 1920 г., № 4, с. 6.
Думка за думкай
Матэрыял сканаваны з часопіса «Спадчына», 1990. № 1. С. 19—10.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Справа беларускага нацыянальнага гімна

Мы, беларусы, дзякуючы ўсялякім гістарычным і палітычным безгалоўям нашай бацькаўшчыны вечна цягнуліся ў хвасце сваіх суседзяў ды яшчэ і цяпер не можам у шмат якіх справах раўняцца з імі. Абмінаючы ўсе іншыя недахваткі нашага палітычна-дзяржаўнага і нацыянальнага жыцця, я хачу тут звярнуць увагу на справу беларускага нацыянальнага гімна.

Справа гэта вельмі важная, і трэба, канешна, каб наша ідэйная інтэлігенцыя — паэты і кампазітары — заняліся ёй паважна. Бо, па праўдзе кажучы, з беларускім нацыянальным гімнам выходзіць нейкая неразбярыха. Мы і маем свой гімн, і не маем. Чаму гэта так?

Калі заглянуць у далёкую мінуўшчыну, у тыя часы, калі існавала незалежная Літоўска-Беларуская дзяржава,— мы з пэўнасцю не можам цвердзіць, ці быў тады гімн нацыянальны, ці не быў. Магчыма, што і быў — можа, яго замяняла якая выдатная духоўная песня. Але рухнула дзяржава, забыў народ і свой гімн-песню.

У нашы ўжо часы (пасля 1905 г.) з’явілася на свет божы некалькі беларускіх гімнаў такой ці іншай ідэйнай і мастацкай вартасці. Пачатак гэтага зрабіў кампазітар Рагоўскі, які стварыў музыку да слоў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» і назваў гэта гімнам. Далей гэты самы кампазітар напісаў музыку да верша Каганца «О божа, спасе наш», і таксама часта нашы спевакі называюць гэта гімнам. Далей, да верша Я. Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе…» улажыў музыку Янчук і таксама назваў гэта гімнам. Хор Тэраўскага ў Мінску пяе песню «Працуй, беларусе…» І таксама называе гэта гімнам. Ды і шмат яшчэ ёсць усялякіх песень і вершаў, якія ахрысцілі гімнамі, не зважаючы на тое, ці яны заслугоўваць на такую назву, ці не.

І вось з гэткага вялікага ліку «гімнаў» мы ўсё-такі не маем — сказаў бы я — прызнанага і ўсвенчанага беларускага нацыянальнага гімна.

Такая пастаноўка гэтай справы часта адбіваецца на добрым імі беларускага народа і не раз ставіць публіку ў прыкрае палажэнне, як і было гэта не вельмі даўно. 3 прычыны прыезду Начальника Польскай дзяржавы ў Мінск у гарадскім тэатры адбыўся спектакль, у якім выступаў і беларускі хор Тэраўскага. Хор запяяў нейкую песню — якая азначала на афішах «беларускі гімн», але мелодыя была незнаёмая, і ніхто не ўстаў, абражаючы гэтым, як бы здавалася, гонар беларускай нацыі.

І вось трэба ўвайсці ў палажэнне шчырага беларускага грамадзяніна: што такі чалавек павінен быў перацярпець у сваёй душы, бачачы гэту нібы знявагу. А папраўдзе тут і знявагі няма, бо няма прызнанага — гэтым жа беларускім грамадзянствам — свайго нацыянальнага гімна.

Такім чынам, зважаючы на сказанае, справа беларускага гімна павінна быць вырашана, і то як найхутчэй. 3 беларускай марсельезай справа стаіць як бы лепей: маем «Адвеку мы спалі», і іншых вершаў з музыкай, называных беларускімі марсельезамі, штосьці не чуваць. Гэта, бадай, і лепей.

Як «нацыяналізаваць» — калі можна так выказацца — нацыянальны беларускі гімн з паміж ужо існуючых гэтых твораў — не бяруся выясніць. Гэтым павінна заняцца само грамадзянства ў асобах сваіх ідэйных прадстаўнікоў — паэтаў і кампазітараў.


К-а. Час. «Рунь», Мінск, 1920 г., № 4, с. 6.