Справа беларускага шрыфту

Cправа беларускага шрыфту
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Беларускі Селянін, 1925

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Імкненьне польскага ўраду гвалтам навязаць беларусам, што пад Польшчай, лацінскія літары — мае чыста палітычныя мэты: па думцы пана Станіслава Грабскага, лацініка мае служыць пераходнай ступеняй да польшчыны, каб дзеці, навучыўшыся чытаць на беларускім лемантару, надрукаваным лацінікай, не маглі чытаць пасьля сваіх беларускіх кніжак, друкаваных кірыліцай, ды каб прымушаны былі карыстацца польскімі кніжкамі. На гэта паказуе факт, што міністэрства асьветы абмяжоўвае сваё беларускае выдавецтва адно толькі букваром і першай чытанкай ды на гэтым супакоіваецца.

У стацьці «Замах на самастойнасьць беларускае культуры», зьмешчанай у гэтай аднаднёўцы, гр. М. Дубоўскі распраўляецца з гэтым палітычным імкненьнем га ўраду. Мы ж хочам разглядзець пытаньне аб «лацінізацыі» беларусаў крыху шырэй.

Запраўды, пытаньне аб тым, якімі літарамі павінны карыстацца беларусы, — гэта пытаньне ня новае і паўстала шмат раней за ўваскрашэньне Польскае дзяржавы.

Калі Беларусь і Літва злучыліся з Польшчай, дык ужо тады распачаўся з Польшчы паход на Беларусь (як і на Ўкраіну) лацінства. Пачалася барацьба захватніцкіх імкненьняў польшчыны і каталіцтва з старой беларускай і ўкраінскай культурай і ўсходневізантыйскімі ўплывамі, ішоўшымі праз праваславіе. Барацьба гэтая закончылася для нас вельмі непамысна: наша інтэлігенцыя ўжо ў XVII сталецьці была спольшчана ды значная частка сялянства ў Заходняй Беларусі праз вунію і каталіцтва падпала пад польска-панскія ўплывы.

У канцы XVII ст. ужываная ўва ўсіх ўрадовых актах і дакумэнтах беларуская мова і кірыліца была заменена польскай мовай і лацінскімі літарамі. І цікава тое, што ўрадовыя ўстановы з таго часу навет копіі з старых беларускіх кірылічных дакумэнтаў і актаў выдаюць ужо толькі пісаныя лацінікай. Лацініка сталася як быццам сімвалам сьмерці беларушчыны: у ей нічога беларускага ня творыцца,— пад той час, як толькі кірыліцай друкуюцца ўсе беларускія кніжкі XVII і XVIII сталецьця.

У пачатку XIX ст., калі некаторыя адзінкі спаміж спольшчанае шляхоцкае інтэлігенцыі пачынаюць варочацца да свайго беларускага народу і пісаць па-беларуску, — дык яны, ведаючы толькі лацініку, пішуць свае творы лацінскімі літарамі. Так робяць Баршчэўскі, Рыпінскі, Чачот, а пасьля — Дунін-Марцінкевіч ды Мацей Бурачок. У 1835 годзе выходзе у Вільні каталіцкі катэхізм у беларускай мове, друкаваны лацінікай. А бязглуздая палітыка расейскага ўраду, якая не аддзяляе каталіцтва ад польшчыны, убівае ў галовы беларусаў-каталікоў сьмешную думку, быццам з кірыліцай канечна зьвязана праваславіе і г. д. Так у жывое цела беларускага народу быў убіты клін, які цяпер польская ўлада стараецца заганяць далей, не здавольваючыся тымі калючамі дротамі, што адгарадзілі Заходнюю Беларусь ад Усходняе...

Цікава і характэрна тое, што калі ўжо ня спольшчаная шляхта, а беларускае сялянства, збудзіўшыся ад векавога сну, пачало тварыць беларускае пісьменства, дык, бадай, цалком у ім запанавала кірыліца. Праўда, яшчэ апошнія з прадстаўнікоў навярнуўшаеся да беларушчыны польскае шляхты (цяпер адпаўшыя ад беларускага руху!) пробуюць увадзіць прынцыпова абодва шрыфты. Праўда, што — дзеля практычных мэтаў — першыя беларускія газэты друкуюцца і такімі, і сякімі літарамі. Але калі «Наша Ніва» зрабіла анкету ў справе выбару адных літараў — лацінікі ці кірыліцы, дык чытачы яе блізу аднагалосна высказаліся за кірыліцу, навет і каталікі! І бадай усе нашы адраджэнскія паэты — з каталіком Янкай Купалай наперадзе — пішуць свае творы, карыстаючыся кірыліцай і зьяўляючыся мо найбольш перакананымі абаронцамі яе.

Аднак жыцьцё не дало поўнае перамогі староньнікам кірыліцы. Той факт, што значная частка беларусаў-каталікоў ведае толькі лацінскую, або, як у нас кажуць, «польскую» грамату, прымушае і сяньня павадыроў беларускага руху сярод каталікоў выдаваць часопісі і кніжкі лацінікай, — асабліва кніжкі рэлігійныя, лічучыся з пашыраным палякамі сярод цямнейшых сялян страхам, быццам кірыліца нясе з сабой маскоўшчыну і праваславіе! Але ёсьць і ідэйныя староньнікі лацінікі паміж нашай інтэлігенцыі, якія думаюць, быццам ужываньне лацінікі беларусамі зьвязвае іх запраўды з культурай Захаду...

Трэба сказаць, што такі пагляд зьяўляецца слушным толькі пастольку, паскольку пад «Захадам» будзем разумець выключна Польшчу. Запраўды ж: з культурай вялікіх заходніх народаў можа нас зьвязаць ня той ці іншы шрыфт, а выключна веданьне чужых моваў! І хіба ж ніхто ня можа паважна падумаць, быццам веданьне лацінскіх літараў можа даць беларускаму вяскоўцу магчымасьць чытаць у арыгіналах нямецкія, францускія, англійскія і іншыя творы, калі ён перш не навучыцца гэных моваў!!! З усіх заходніх моваў толькі польская мова, як славянская, (ды йшчэ чэская!) можа быць крыху зразумелай беларусу, і гэтак веданьне аднэй лацінікі без кірыліцы, пазбаўляючы нас магчымасьці карыстацца літаратурай больш блізкіх нам украінцаў і расейцаў, адчыняе доступ, дый то вельмі цяжкі — толькі да больш далёкай ад нас польскай літаратуры.

Спробу «лацінізацыі» беларускага пісьменства ў імя тэй жа лучнасьці з культурай Захаду зрабілі былі у Заходняй Беларусі нямецкія акупацыйныя ўлады. Яны сьпярша забаранілі друкаваць па-беларуску кірыліцай і дазвалялі толькі лацінскія друкі. Таксама яны стараліся завадзіць лацінскія падручнікі ў беларускія школы. Але ўжо цераз год прымушаны былі зрабіць уступкі кірылічным друкам, а ў школах беларускіх, нягледзячы на ўсе забароны, вучыцялі навучалі дзяцей чытаць і пісаць як лацінікай, так і кірыліцай.

Пытаньнем аб шрыфце пад той час занялася найпаважнейшая ў Заходняй Беларусі культурная ўстанова — Беларускае навуковае таварыства. Было гэта йшчэ ў 1917 годзе. Прызнаўшы, што аканчальнае вырашэньне гэтага важнага пытаньня аднэй толькі часткай Беларусі, аддзеленай ваенным фронтам ад Усходняе Беларусі, абсалютна немагчыма, Т-ва прыняло рэзалюцыю, якая пратэставала проці навязваньня немцамі гвалтам лацінікі і заклікала вучыцельства і асьветныя ўстановы не выракацца кірыліцы і ўжываць яе раўналежна з вымаганай нямецкімі акупантамі лацінікай.

З таго часу ў беларускім жыцьці сталася многа вялікіх перамен. У сувязі з стварэньнем Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі на Ўсходзе — пераважна зусім ня зьвязаным з лацінікай, а такжа ў сувязі з польскім «культуркампфам» на Захадзе, цэнтр беларускае творчае культурнае працы перайшоў зь Вільні ў Менск. У сувязі з гэтым узмацаваліся і шансы кірыліцы стацца адзіным беларускім агульнанацыянальным шрыфтам. Але зусім магчыма, што гэта станецца йшчэ ня скора — асабліва з увагі на палажэньне Заходняе Беларусі пад уладай Польшчы.

У нармальных варунках існаваньне двух шрыфтаў у літаратуры народу не зьяўляецца само па сабе нечым страшным. Вось жа у Нямеччыне народ карыстаецца і старасьвецкай нямецкай нацыянальнай готыкай, і лацінікай, дый ёсьць кніжкі і газэты, друкаваныя або адным, або другім шрыфтам. Але там у кожнай школе вучаць дзяцей чытаць і пісаць сьпярша готыкай, а пасьля лацінікай, і ад існаваньня двух шрыфтаў ніякае шкоды нікому ня робіцца.

Не было б шкоды і нам, калі б польскі Урад адносіўся да беларусаў ляяльна і дапусьціў у школу навучаньне і лацінікі, і кірыліцы. Але, пакуль гэтага няма, пакуль уводжаньне лацінікі зьяўляецца толькі палітычным крокам польскага ўраду, які мае на мэце паставіць новую загарадку паміж Заходняй і Ўсходняй Беларусяй, — дык «лацінізацыя» беларускага пісьма і пачаткавае школы зьяўляецца для нас цяжкой крыўдай.

Проці шкодных для нашага народу вынікаў сказанага кроку беларускае грамадзянства павінна змагацца дарогай навучаньня беларускіх дзетак — гадунцоў польскіх ці польска-беларускіх «лацінічных» школ — чытаць і пісаць па-беларуску такжа і кірыліцай.