Становішча бібліятэкі I Віленскай Беларускай Гімназіі

Становішча бібліятэкі I Віленскай Беларускай Гімназіі
Публіцыстыка
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1921 год
Крыніца: Газэта «Беларускія Ведамасьці» (Вільня), 15 студзеня 1922, № 3, б. 6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Становішча бібліятэкі I Віленскай Беларускай Гімназіі.

Ужо няраз на шпальтах „Белар. Ведам.“ мы бачылі звароты ад імя пэдагагічнай рады гімназіі да беларускага грамадзянства аб пасільнай дапамозе закладаючайся беларускай гімназіяльнай бібліятэцы, аднак, мала хто ведае сучаснае становішча, ў якім яна знаходзіцца. Ня маючы магчымасьці асьвятліць гэтую справу да самых апошніх дзён, бо кожны дзень нешта дае дзеля папаўненьня бібліятэкі, я бярусь высьвятліць галоўныя мамэнты, і вынікі, зробленыя ў гэтым кірунку.

Ужо няраз ў працягу істнаваньня I В. Б. Г. падымаліся пытаньні аб бібліятэцы, але гэтыя пытаньні так і заставаліся пытаньнямі да апошняга часу, з прычын нязвычайна цяжкіх варункаў істнаваньня гімназіі, не даючых магчымасьці ня толькі стварыць бібліятэку, але навет дастаць лавак, каб сядзець пад час лекцыяў. Аднак, ня гледзячы на ўсё гэта, відаць падымалася пытаньне аб бібліятэцы, бо ўжо стаяла шафа, а ў ёй было некалькі дзесяткаў беларускіх кніжак.

Толькі ў гэтым 1921-22 вуч. годзе, як я ўжо адзначаў вышэй, пэдагагічная рада, ня гледзячы на ўсе труднасьці і навет немагчымасьць пры сучасных варунках, пачала арганізоўваць беларускую фундамэнтальную бібліятэку. Але грунт ужо быў падгатаваны. Сярод вучняў кіпела праца, праўда, тэорэтычная — і не хапала толькі кіраўніка, каб павясьці гэтую працу. Пэдагагічная рада выбрала кіраўніком п. Красінскага, як больш энэргічнага й сьвядомага ў гэтай галіне. На кліч у беларускай прэсе: „Ахвяруйце кнігі!“ адразу пачалі ахвяроўваць кнігі ў розных мовах, як пэдагогі, так вучні і інш. Максім Гарэцкі 75 кн., п. Луцкевіч 21 кн., кс. Станкевіч 3 кн., кс. Бобіч 2 кн., адвакат Казлоўскі 9 кн., кс. з Ваўкавыска Шыпко 1 кн., п. Янка Станкевіч 1 кн., п. Мік. Катовіч 1 кн., п. Бабровіч 3 кн., п. Лямеш 6 кніг, вучні і іншыя. Усяго 286 кніг.

Гэтакім парадкам лічба кніжак узрасла да 571. Ня гледзячы на шчырыя ахвяры, іх яшчэ далёка не хапае, каб адчыніць бібліятэку, і вучні пачалі ладзіць вечарыны, якіх пакуль што адбылося ўсяго 2 і яны далі каля 85 тысячаў. Апрача гэтага, таксама зрабілі дабрачынны месячны вучнёўскі ўзнос, даўшы ў сярэднім каля 6 тысячаў мар.

На здабытыя грошы была куплена віленская беларуская літэратура лічбай 285 кніг.

Гэтакім парадкам лічба ўсіх кніг да 8 сьнежня дасягае 856 к. Кніжкі бяз вокладкі навялі на думку залажыць майстэрню воклалак, якая па ініцыятыве вучняў 7 класы была неўзабаве адчынена і працуе да апошніх дзён.

З гэтай прычыны 8 сьнежня пэдагагічная рада заслухала даклад п. Красінскага аб бібліатэцы і, прыняўшы да ведама, вынясла рэзалюцыю,

(Прыводжу выпіскі з пратакслу).

1. Даклад п. Красінскага прыняты да ведама.

2. Зрабіць дабрачынны ўзнос сярод пэдагогаў на карысьць бібліятэкі.

З. Дазволіць вучням зрабіць „Дзень Кнігі“.

4. Зьвярнуцца да Школьнай Рады з просьбай аб дапамозе бібліятэцы.

5. Зьвярнуцца да Дэпартамэнту Асьветы з просьбай аб дапамозе бібліятэцы.

6. Дазволіць адчыніць вокладніцкую майстэрню і ўзяць на кошт гімназіі матарыял.

7. Даручыць адміністрацыі пашукаць памяшканьні для майстэрні і бібліятэкі.

Вучні, даведаўшыся аб дазволе арганізаваць „Дзень кнігі“, згодна з дазволам пэдагагічнай рады зрабілі агульны сход старшых клясаў і распрацавалі плян дзейнасьці да гэтага дня. У „дзенб кнігі“, як вялікае сьвята гімназіі, пастаноўлена было урачыста адчыніць бібліятэку, а з гэтай прычыны зрабіць:

I. У дзень адчыненьня бібліятэкі запрасіць прадстаўнікоў усіх асьвятовых і дабрачынвых інстытуцыяў м. Вільні.

II. Аднэй з асоб Пэдаг. Рады прачытаць рэфэрат на навуковую тэму.

III. Зрабіць збор скарбонкамі, або падпіснымі лістамі па вул. Вільні.

IV. Выпусьціць чародны № „Маладога Жыцьця“ — асабліва к „Дню Кнігі“.

V. Перш-на-перш прасіць пэдагагічную раду дастаць дазвол ад улады.

Гэткім парадкам беларуская моладзь спадзяецца, што арганізаваны „Дзень Кнігі“ павінен нешта даць дзеля папаўненьня бібліятэкі і што ў гэты дзень адгукнецца ня толькі беларускае грамадзянства, але ўсе грамадзяне м. Вільні і правінцыі.

Вучань М. Іль—ч.