Старабеларуская вясковая школа

Старабеларуская вясковая школа
Успаміны
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 26-31

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старабеларуская вясковая школа.

Пішучаму гэты радкі здарылася вучыцца ў старога тыпу беларускай вясковай школцы, аб якіх цяпер ужо і паміну няма, дый тая, ў якой я вучыўся была дахаваўшыся да маіх часоў дзякуючы толькі адлегласьці яе ад гарадоў і чыгунак.

Школа знаходзілася ў вёсцы Стары Пагост, Дзіс. пав. Мяйсцовая традыцыя ўтрымлівае, што Стары Пагост быў калісь горадам, меў свае цэрквы і гарадзішча. Архэолёгічныя знаходкі да пэўнай меры пацьвярджаюць гэту традыцыю, а распаложаная паміж двумя вазёрамі станцыя каменнага веку, са знаходкамі шчапанага і гладжанага камяня, ды капцы-валатоўкі бронзавага веку, чакаюць яшчэ сваіх дасьледчыкаў. Да цікавейшых знаходак належаць: а) вялікі, ў некалькі тысяч штук, скарб арабскіх манэт, выкапаны прыпадкова каля 1895 г. маскалем Паўлухам на астраўку, ў канцы Красенскага возера; б) залаты абручок са званочкамі, знайдзены селянінам Лакоткам пры расчыстцы пад ніву старога магілішча, на якім раней стаяў вясковы магазын да запасовага збожжа; в) маленькія бронзавыя і сярэбраныя з эмальлю „абразкі“, ласьціва, па маей дагадцы, часткі нагалоўных і нагрудных аздоб, яркага візантыйскага тыпу.

За маей памяці, аднак, акром гучных традыцый і надзей на нейкае прароцтва, што калісь Стары Пагост будзе ізноў вялікім горадам, вёска нічым ня рожнілася ад іншых вялікіх беларускіх вёсак. Хат у вёсцы было звыж 60, пабудаваных ў доўгі рад, абапал адзінай вуліцы, часьцю каторай праходзіла дарога з Гарманавіч у Новы Пагост (бліжэйшыя мястэчкі). На 60 вясковых хат былі толькі 4 хаты каталіцкія, рэшта ўсе лічыліся праваслаўнымі, а раней былі уніятамі. Відочна да перажыткаў уніяцтва належала тое, што кабеты хрысьціліся і маліліся па-польску, страшэнна ламанай польшчынай, прыкладам: „Вымя войца і Сына і Духа сюнтога. Аман.“ „Войчанаш ўторсесты на небі сьвясься меньне тваё пры крулестві маім“… і т. д. Гэтак сама адпевалі нябошчыкаў польскімі псальмамі з польскіх кантычак. Мужчыны хрысьціліся і маліліся ня менш ламанай славяншчынай, прыкладам: „Воччу жэсы на небясі дасьціся мя тваё, здароўе маё.“ і. т. д. Самі селяне прызнавалі, што іхнія малітвы разыходзіліся з друкаванымі тэкстамі, але ўтрымлівалі, што ў кнігах малітвы для духоўнікаў, папоў і ксяндзоў, а сьвецім людзям, ня ў цэркві—і маліцца з іх ня гожа.

Паступіў я ў Старапагоскую школу ў 1892 году і вучыўся ў ей да 1894 году.

Школьны будынак стаяў ў центры вёскі, пры самай вуліцы, і, спаверхнасьцю сваей адрожніваўся ад іншых гаспадарскіх хат, хіба толькі большай сваей старасьцью і кляймом нейкай архаічнасьці. Будынак стояў не канцом, а бокам да вуліцы. Праз шырокія аднастворныя дзьверы,—над якімі, паміж двумя крыжамі, фігуравала цыфра 1721,—уходзілася ў абшырныя сені, якія пры зачыненых дзьверах былі саўсім цёмны, бо палавіна іх, ўдоўжкі, была адгароджана пад склады. На права з сяней вялі дзьверы ў школьную сьвятліцу, на лева—ў хату да стоража Міколы.

Школьная сьвятліца тварыла роўны чатыракутнік, агульным абшарам, на сколькі ня мыліць мяне памяць, крыху большы ад звычайных гаспадарскіх хат. На права, ад парогу, стаяла непрапарцыянальна вялікая, глінабітная з комінам печ. Перад печчу, аршыны два у шыркі і тры ўдоўжкі (прыблізна), знаходзілася, глыбінёй ў рост чалавека, са зрубам, яма. Яма гэта служыла да складаньня запасных дроў. У мае часы дровы да школы звазілі селяне талакой, але раней, як апявала мяйсцовая традыцыя, самі школьнікі, ідучы ў школу, павінны былі прынасіць з дому, кожды па некалькі паленаў дроў; прыносячы скідалі іх ў яму. Яма служыла адначасна і меркай на дровы. Печ стаяла на дубовым зрубе, прычым прыпечак навісаў, блізка над усей ямай, апіраючыся на выступах зрубу, падцятага, зьверху ў ніз, кшталтам лацінскага „S“ пахіленага наперад. Печ „чэлюсьцю“ стаяла да дзьвярэй, над чэлюсьцю высіўся, амаль да самай столі, мураваны „чалесьнік“. З левага боку печы быў вузкі „пяколак“ і на печы роўная, квадратовая плашчына да спаньня.

Сьцены школы былі з часаных бэляк сута імшоныя і, ад часу, крэпка патрэсканыя і пачарнеўшыя. Нявысокая столь ляжала на чатырох тоўстых „перавалоках“, зьверху зчасаных, ўнізе круглых, паложаных паўзьбежна парогавай сьцяне. Столь зроблена была з цёсу, г. зн. не пілаваных, а шчапаных дошчак з двох старон падчасаных. Дошкі былі кароткія, ўсяго толькі ад аднэй „перавалокі“ (папярэчнай бэлькі) да другой, агульна м. б. маючыя мэтры два ўдоўжкі. На зямлі паложан быў так сама цясовы „памост“ з доўгіх, толькі папалам шчапаных, бэляк, гладка вычасаных, а можа, нават, калісь, і выструганых. Паўзбежна парогу, ад вугла печы і да супроцьпарогавай сьцяны стаялі лаўкі, для хлапцоў, а наўпроць іх, у правым кутку, між печчу і сьцяной, наўпопярак хлапцоўскім, былі лаўкі для дзяўчат. Лаўкі асобна былі вышэйшыя „стаўцы“ для працы, і асобна „лавы“ для сяджэньня. Даўжынёй м. б. на 8 вучнёў. Дашка вышэйшай „стаўца“ была роўная, бяз ніякага скосу. На покуці вісеў папяровы, пад школом, абраз М. Божай з подпісам лацінскімі літарамі, ў якой мове—цяпер ўжо не памятаю. Акром гэтага абраза на сьцяне быў яшчэ ў форме круглага цыфрабляту, са стрэлкамі як у гадзінніку, каляндар. Карацейшая стрэлка якога паказвала месяцы, а даўжэйшая чыслы, першыя і другія былі кругам напісаны на цыфрабляце. Стрэлкі, кожды дзень, перастаўляў вучыцель. Акром гэтага ў школе была чорная вялікая драўляная дашка, якая стаяла з боку печы, ў канцы дзявочых лавак, засланяючы сабой пярэднюю часьць пяколку і скрыня да кніг, званая „кніжня“. Вокан ў школе было ўсяго тры: адно на вуліцу, адно супроць парогу і адно супроць вулічнага акна ў супроцьлеглай сьцяне. Кождае вакно складалася з 6 балоначак, агульна вокны былі м. б. аршын з чверцьцю ў вышкі і аршын у шыркі. Сені былі саўсім пустыя, под мелі глінабітны. Канец, дзе жыў стораж быў, курны з глінабітным подам.

Школьны пэрсанал складаўся з „дырэктара“ (вучыцеля), выбіранага штогоду і „дасьціпула“ (стоража), за маіх часаў, спаўняўшага свае абавязкі дажывотна. Як дырэктар так і дасьціпул рэкрутаваліся з беззямельных, тэй-жа самай вескі, селян. Прычым, за ранейшых часаў, дырэктарскі урад заўсёды зьвязваўся з урадам пастырскім: адна і тая-ж асоба летам пасьвіла вясковую худобу, а зімой, калі худобу запіралі ў хлявох, брала ў свае рукі кіраўніцтва і адукацыю вясковай моладзі. Гэты традыцыйны парадак, пасьля сьмерці доўгалетнага вясковага вучыцеля і пастыра Данілы, быў нарушан выборам на вучыцельскі урад адстаўнога фэтфэбэля, колішняга выхаванца гэтай самай школы, а знача добра знаўшага ўсе яе вымогі і традыцыі.

Прозьвішча майго першага мэнтара было Рубаха (імені не памятаю). Прозьвішча „Рубаха“ накінута ўсім пагостчанскім Кушалёнкам, перад самым звальненем з-пад паншчыны, пры такіх варунках: дзеля нейкай патрэбы расійскі чыноўнік сьпісываў ўсіх селян ў воласьці; калі дайшоў чарод да бацькі цяперашняга Рубахі, то чыноўнік запратаставаў: Кушуля, Кушуля! што за кушуля! „Рубаха, а некушуля! Понімаеш: по-рускі—рубаха, а не кушуля і ты не Кушулёнак, а Рубаха!“ Запісаў Рубахай і з таго часу пайшоў род рубахаў ў Старым Пагосьце. Быў гэта чалавек сярэднага ўзросту, шырокаплечы, сутулаваты з шырокай чарнаватай барадой і даносным голасам, прывыкшага да каманды вайскоўца; натуры ён быў павольнай, лянівай.

Увесь маскальскі „полер“ хутка відаць зьлез з яго пасьля павароту ў родную вёску. З расійскай мовы ужываў часам слова „да“ і то-ў надзвычайна важных здарэньнях.

„Дасьціпул“ Мікола, наадварот, быў чалавечак дробненькі, жывы, з голенай барадой, хадзіў ў сівой сьвітцы (як і вучыцель) падпаясанай суконным паясом за якім заўсёды насіў знак сваей ўлады—трохпальцую раменную дысцыпліну ад якой ішла і назова яго ураду. На яго павіннасьці было падмятаць і прыбіраць школу, тапіць печ і выдзеляць кары вучням, як па сваей ўласнай ініцыятыве, калі трэба было ўціхамірыць разбязураных школьнікаў ў часе нябытнасьці вучыцеля, так па загаду і пастанове вучыцеля. Прычым па сваей ўласнай ініцыятыве ўлаўчаўся Мікола, сьцябануць стаячага, ня лічылася праступкам, калі увёртлівы вінаваец здолеў уцячы ад празначаных яму сьцябакоў. Па загаду вучыцеля сек Мікола вінаватых расьцягнутых на школьнай лаўцы, прычым, бітага трымалі, трэба прызнаць з немалым здавольненьнем, яго-ж ўласныя калегі.

За два гады бытнасьці маей ў Пагашчанскай школе былі ўсяго тры выпадкі біцьця разцягнутых на лаве вучняў, і, усяго, адзін толькі раз біцьцё было запраўды сур‘ёзнае, бо вініватаму ўсыпалі да 50 лазовых сьцябакоў па голым целе. Каралі хлопца гадоў 16 за прыставаньне да дзяўчат ў часе пярорвы, ў цёмных сянёх; ў прысутнасьці бацькі вінаватага і з яго згоды, а такжа ў прысутнасьці пакрыўджанай. За ня выўчанае заданьне, ці дробныя праступкі, рука вучыцеля выдзеляла „лапы“, „закрутні“ і „лабатрэсіны“. Лапы даваліся лінейкай па далоні і дзяліліся на „гарачыя“ і „ласкавыя“. Закрутні аднасіліся да вушэй, вышэйшай адменай была закрутня з „потаржкай. Лабатрэсіны лічыліся найлягчэйшымі і найчасьцей былі выдзелянымі.

Школьны год пачынаўся за тыдзень пасьля Пакрава (1 кастрычніка) і ягнуўся да Чыстага Чэцьверга. Збор дзяцей адбываўся па загаду вясковага сходу, зазвычай у нядзелю. Пасьля поўдня вучыцель заклікаў у школу старшых сваіх вучняў (толькі хлопцаў) і, даўшы ім у рукі карзіначкі, выпраўляў зьбіраць „блазноту“. Хлопцы пачыналі з першай канцавой хаты, ў якой меліся, адпаведныя па веку, да вучэньня дзеці: заходзілі ў хату і зьняўшы шапкі, пачыналі пяяць песьню: „Я малы жачак“… а пасьля гаварылі стэрэотыповую орацыю“ Я малы хлопчык, стану на стоўчык…“, ў якой выхвалялася навука (слоў не памятаю). Кончыўшы афіцыальную, так сказаць, часьць зьверталіся хлопцы безпасярэдна да калегі, прыкладам: „Хадзі, Янук, з намі“. Калі хлапец ўпіраўся—яго пераконывалі і тузалі за рукавы, цягнучы з сабой. Найчасьцей хлапец далучаўся да грамады і ішоў з усімі разам далей. Рэдка да грамады далучаліся дзяўчаты, але сьмялейшыя часам далучаліся. Пад канец вёскі зьбіралася грамада ў чалавек 40-50, якія ўсе разам кіраваліся у школу. Наперадзі ішлі „важатаі“ з напоўненымі карзіначкамі яйкаамі, салам, каўбасамі і хлебам, бо кождая маці, выпраўляючы дзяцёй ў школу, паводле сваей магчымасьці, што небудзь клала ў карзіначку. Пакуль „важатаі“ зьбіралі дзяцей, Мікола разтапляў жарка печ. Прынесеныя дары разкладалі на сквароды, стаўцы засьцілалі абрусамі, садзілі за іх малых гасьцей і пачыналася бясёда. Разам з дзяцьмі садзіўся вучыцель і Мікола. Усе астаткі ад бясёды паступалі ва ўласнасьць Міколы. Пасьля закускі старшы гаспадар з вясковай грамады або сам вучыцель казаў „навуку“, зьмест якой зводзіўся к таму, што вось цяпер, вы (дзеці) слухайце „дырэхтара-вучыцеля, а ня будзеце вучыцца дык дырэктар бацькаўскай ўладай а сваей рукой, ці па яго загаду—Мікола, дысцыплінай аддубасіць лянівага. Пасьля гэтага, змовіўшы „Воччу жэсі“, старэйшыя вучні ладзілі гульню ў пытку. Гульня ў „пытку“ адбывалася, так: адсуваліся ставец і лавы, дзеці садзіліся побач на лаве і плячамі апіраліся аб ставец, рукі ўсе хавалі за сябе, каб перадаваць з рук у рукі пытку. Пытку рабілі са скручанага ручніка. Хто небудзь вызываўся лавіць пытку; прычым, каб злавіць яе, прасовываў рукі паміж сідзячымі. Калі адыходзіў далей ад пыткі, яго білі ею па плечах і хутка хавалі за сябе, пушчаючы далей з рук у рукі. У каго злоўлена пытка, той заменяў ловячага. Чым крапчэй каторы злаўчыўся ляснуць ловячага, тым лепш. Каб не было плачу, малых у гульню ня прымалі і тыя маглі толькі разсеўшыся ў пустых лаўках глядзець як забаўляюцца старшыя. Хоць агульна бяручы вучні маладзей 10-ці гадоў рэдка трапляліся. Гулялі ў „пытку“ хлопцы ад 19 гадоў; дзеўчаты ніколі ня прымалі удзелу ў гульнях разам з хлапцамі. Пасьля гульні вясёла гамонячы вучні разыходзіліся па хатах да заўтра раніцы.


На другі дзень, ад усходу сонца, пачыналі вучні схадзіцца ў школу і да полудня, пад наглядам Міколы, які час адчасу заглядаў, каб уцішыць лішне разбушаваную грамаду, ці суняць завязаўшуюся бойку, або ліквідаваць іншы які экстра прыпадак, вучні праводзілі ў гульнях. Пасьля палуднаваньня зьяўляўся вучыцель, разсаджаў кождага на сваё мейсца і пачынаў раздачу кніг. Урачыста адчыняў ён, кніжню,—вялікую плосмую, добра акаваную з вісячым замком скрыню, якая стаяла пры сьцяне, супроць печы, налева ад уходных дзьвярэй.

Вучні, каторыя яшче ня вучыліся ў, школе даставалі толькі „букаўкі“ г. зн. квадратовыя дошчачкі з наклееным на іх рукапісным славянскім альфабатам. Тым вучням, якія дрошлай зімы вучыліся, даваў славянскія „букары“. На „букарах“ чыталі па складох, водзячы дасьціпулкай па кнізе. „Букары“ былі друкаваныя; якога яны былі аўтара і дзе друкаваны, у тыя часы ніхто з нас ня цікавіўся, а пазьней іх мне ніколі не ўдалося бачыць. Памятаю толькі, што друкаваны былі на тоўстай жоўтаватай і сіняватай паперы. Пасьля літараў склады ў іх разпаложаны былі стаўпцамі, зьверху у ніз, праз усю страніцу і пачыналіся ад: „ба, бе, бо, бу, уб, аб иб, об, а далей розныя: пра, тра, бра, кры і т. д. У канцы былі: „Молитвы повседневныя“. Чытаючым „паверху“ без дасьціпулкі, слабейшым ў чытаньні, давалі часаслоўцы, а сільнейшым-псалтыры і евангеліі. Акром „букаўкаў“, „букароў“, часасловаў, псалтыроў і евангелій, задачніка, некалькі гісторый сьвятых, іншых кніг у школьнай кніжні, здаецца, не было. Дзяўчаты прыходзілі са сваімі ўласнымі польскімі Elementarz‘амі i Złotymi Ołtarzyk‘амі. Паміж псалтыроў і евангелій было некалькі кніжак рукапісных, ў дубовых, скурай абцягнутых, з масяжовымі „прытужкамі“, аправах. Але большасьць апраў евангелій і часаслоўцаў былі мяйсцовай, вясковай работы, пераважна майстрам да гэтых спраў быў Сымон Рыдзіка, які моцна зшыўшы кнігу даваў ей акладку з аднэй толькі скуры, без дашкі, падклеянай зысподу белай паперай. Гэткая скураная аправа мела, пры кождай акладцы, па два рэмяшкі, адным канцом рэмяшкі былі прапушчаны ў прарэз акладкі, зьверху падыспод; канец падысподам быў падклеяны і, для моцы, прышыты дратвай. Рамяшкамі кніга зьвязвалася сьпераду, каб не разыходзіліся карты. Блізка ўсе кніжкі былі, кождая іншая, па фармаце і па часу выхаду яе ў сьвет; 2—3 псалтыры, ці евангельлі былі „труднага пісьма“ са зьлітным напісаньнем фраз і хаваліся ў кніжні бяз ужытку. Была адна евангэлія, фармату чацьверкі, з тлумачэньнямі перад разьдзеламі і на „белягох“ ў мове беларускай, якой гаварылі ў вёсцы. Кніжкі вучні атрымлівалі да вучэньняся ў школе і да дому іх не бралі, а кончыўшы час вучэньня складалі ў кніжню, вучыцель, выходзячы, замыкаў кнігі на замок; назаўтрае ізноў раздаваў вучням. Толькі той забіраў з сабой кнігу дамоў, хто прыходзіў у школу са сваей ўласнай.

Курс вучні праходзілі, залежна ад здольнасьцяў: у тры, чатыры, а то ў пяць і сем гадоў. Курс навук гэтай школы вымагаў: навучыцца чытаць па псалтыру і евангельлю, без „стагнаньня“, перапісваць „Отчэ наш“ і „Верую“ славянскімі, такімі як друкаваныя, літарамі і перапісываць з любой кнігі па „руску“, г. зн. пісанымі літэрамі, ды ўменьне чатырех правіл „арыхмэтыкі“. Праграма не абшырная, але яе страшэнна утруднялі завілая пэдагогіка і тое, што менш здольныя вучні праз лета забываліся, што навучыліся за зіму. Пры мне вучыўся у школе 17-18 летні хлапец Дубчонак, які 7-ю зіму ніяк ня мог выбіцца са складоў, хоць хлапец ён быў нормальны. Пры гэткім палажэньні вучні ў школе былі ад 10 да 18 і нават 19 гадоў, бо вясковая апінія вымагала. каб кожды хлапец „скончыў навукі“. 20 гадоў гэта ўжо быў ўзрост пасьля якога лічылася стыдна хадзіць ў школу. Ад дзяўчат не вымагалася пагалоўнай граматнасьці, вучыліся толькі тыя, якія мелі сваю ахвоту.

Дзяўчаты сядзелі на асобных лаўках і вучыліся на асобных кнігах, як ужо вышэй я сказаў — на польскіх лемантарох і малітвенніках. Гэта быў стары абычай заведзены, праўдападобна, уніяцкім духавенствам. Курс навук для дзяўчат канчаўся мшальнымі малітвамі, якія вымагалася умець чыгаць. Дзяўчат ня вучылі пісаць, а з арытмэтыкі толькі, „складаньне“ і „адыманьне“ ў памяці. Хоць некаторыя з іх, сваей ахвотай, навучаліся такі пісаць цыфры і напісваць сваё імя і прозьвішча. Вучомны дзень дзяліўся на дзьве часьці, не па гадзінніку, а па сонцу. Першая часьць вучомнага дня, найдаўжэйшая, праходзіла на чытаньн., Прычым ўсе вучні чыталі голасна і зычна, ад чаго падымаўся такі голкат і гоман, што гук галасоў чуваць было здалёку на вуліцы. Чытаньне цягнулася да абеду. Пасьля абеду была „арыхметыка“, пісаньне і гісторыя сьвятая. Адзін дзень была арытмэтыка вусная, другі дзень паводле задачніка, на пісьме. Са старэйшымі вучнямі займаўся сам вуцыцель, малодшым задавалі задачы і перапытывалі лепшыя з паміж старэйшых вучняў. Пасьля арытмэтыкі ішла лекцыя пісаньня. Пісалі ўсе, кожды сваю лекцыю, якую вучыўся чытаць. На паперы, пісалі толькі тыя, што канчалі школу, г. зн. ў другой палавіне апошняй зімы; рэшта ўсе пісалі на грыфлёвых дошках. Прычым пісаньне і чытаньне гражданкай мпа-руску“ таксама было прывілеям канчаючых навукі. Арытмэтыкі на пісьме з іменнымі лічбамі ніколі не рабілі: іменных лічбаў ужывалі толькі зрэдка пры задачах „на памяць“

Два дні ў тыдзень, у сераду і суботу, замест пісаньня выкладалася гісторыя сьвятая, прычым малодшая і сярэдная катэгорыі вучыліся толькі пацераў, а трэцяй, старшай катэгорыі, вучыцель прачытываў з кнігі якое-небудзь здарэньне са Старога ці Новага закону, пераказываў яго сваімі словамі, а пазьней гэтага ўжо вучні павінны былі ў свой чарод самі пераказаць аповесьць. Дзеля уясьненьня падзеі і замацаваньня яе ў памяці вучняў, практыкавалася драматызацыя. Прыкладам, „Райскае спакушэньне“ разыгрывалася так: пасярод школы ставілі ялінку, з-заду за ёй „чорта“, „Адам“ клаўся спаць на скрыні ад кніг, а „Ева“ падыходзіла да дрэва, на якім замест яблыкаў вешалі дзьве-тры печаныя бульбіны. „Чорт“ захваляў яблыкі, „Ева“ адгаварывалася, што баіцца грэху, а ўрэшце зрывала яблык, кусала сама і, збудзіўшы, частавала „Адама“. Тут зьяўляўся, „Бог“, у асобе вучыцеля з пыткай ў руках: выганяў ею „Адама“, „Еву“ і „Чорта“ ў сені, высказваючы, што праз гэты грэх яны, і іх патомкі, будуць давеку гараваць і ў поце чала есьці хлеб свой. Найбольш падабаліся нам разыгрываныя падзеі з Язэпам, якія цягнуліся цэлымі тыднямі і войны жыдоў з філістымлянамі. Дзеля выабражэньня гэных крывавых воен раздзяляліся ўсе вучні на дзьве палавіны, адсуваліся ў староны лаўкі і пачыналася самая заўзятая баталія.

Выкладовай мовай у школе была мова беларуская. Ня было нават ценю спробы гаварыць іншай мовай. Адзіная мэта навукі была навучыцца маліцца. Практычныя вымогі ставіліся толькі да пісьма „умець падпісацца“.

Перапытываў вучыцель лекцыі ня штодзень, як роўна ня кожды дзень бывала арытмэтыка, пісаньне і гісторыя сьвятая, часам пад рад два-тры дні, было толькі адно чытаньне. У такія дні вучычель залезаў на печ, клаў пад галаву сьвітку і загадаўшы чытаць, засыпаў. Пакуль вучні крычэлі, датуль ён спаў, як толькі сьцішаліся, зара будзіўся і панукаў да чытаньня, кажучы: „чытай!“ „чытай!“ Вучні загалкаталі і вучыцель пад бойкі гоман засыпаў сабе на печы.

У марозныя дні, цэлы дзень тапілася ў печы, ў цяплейшыя дні—ніколі не закрывалася юшка; дзякуючы гэтаму паветра ў школе было адносна добрае.

За вучэньне вучыцель грашамі платы не браў, але два разы зьбіраў дабравольныя даткі: „каляду“ і „валачобнае“, прычым даткі зьбіраў не сам, а выпраўляў вучняў. Зьбіраць каляду хадзілі са зьвяздой і казой, расьпеваючы беларускія старасьвецкія канты. Па валачобнае хадзілі у Чысты Чэцьвяр, бяз сьпеваў, толькі з орацыямі. На каляду давалі па некалькі гарцаў збожжа, па пары каўбас, а багацейшыя прыкідалі яшчэ якую „скароміну“, ці „скварку“. На валачобнае давалі таксама збожжа, яйкі, сыры і ўжо радзей „скароміну“. Яек давалі ня менш дзясятка, а дзе—то і два і тры дзясяткі адразу.

Пасьля Рубахі, у гэтай школе, вучыў акончыўшый Нова-Пагоскую міністэрскую народную школу, пагашчанін—Дубчонак, які завёў ужо расійскія буквары і кнігі, а пасьля яго—Марозька, які дакончыў рэфармацыю школы разам з Нова-Пагоскім сьвяшчэнікам, перамяніўшы яе ў царкоўна-прыхадзкую з расійскай выкладовай мовай. Старыя кнігі са школы сьвяшчэнік забраў да царквы, на замен якіх даў новыя.

Каля 1897 году я выехаў з тых ваколіц і далейшая доля гэтай школы мне ўжо невядома.

ПАГАШЧАНІН.