Старасельскі магільнік
Старасельскі магільнік Апавяданьне Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 4-6 |
Троцкі замак → |
В. Л.
З мінуўшчыны.
Старасельскі магільнік.
Пахоны бераг Дзісенкі здалёк жаўцее пясочкам, а па жоўтым пясочку паразкіданы капцы-валатоўкі. Бывала каваль Даніла кліча нас:—„Пойдзем у выкапкі, дзяцюкі!“ Называў нас блазноту „дзяцюкамі“, каб заахвоціць, але гэта было лішнім. Мы ўсе, як адзін, і ў дзень і ў ночы, гатовы былі ляцець „у выкапкі“. Бо і страшна і цікаўна там!
Кавалю Даніле патрэбен мосяж да зварываньня лемяшоў, і, гэты мосяж, шукаў ён з намі на валатоўках, калі вецяр знасіў пясок і аткрываліся масяжожыя абручы кольцы і пражкі, пярсьцёнкі і ўсякае іншае рухмацьцё пахаваных тут ў прокавець волатаў. Гэта і былі „выкапкі“. Мы, дзеці, сабе на забаву гэных прыгожых рэчаў ня бралі, баяліся каб мярсьцень-волат не прыйшоў па іх. А волаты—мярсьні папраўдзе прыходзілі да тых, хто на выкапках спакусіўшыся прыгожасьцю якой рэчы затаіў сабе яе. Жывы прыклад гэтаму быў Сымон нямы. Хлапец захаваў сабе масяжовы абручок з галоўкамі зьмеяў. Вярнуўся дамоў і схаваў пад стрыжанямі на печы. Сумленьне ў хлапца было неспакойнае, кідаўся ў сьне. Відаць нешта мярэсьцілася яму. Таго-ж дня, позна у ночы, вярнуўся бацька з Лужок, с кірмашу, дзе купіў Адэльці новы куфар маляваны ў сінія, чырвоныя і белыя кветкі. Кірмашане вярнуўшыся загаманілі, затопалі ў хаце. Раскатурхаўся Сымонка і за сваей патрэбай зьлез з печы, адчыніў дзьверы ў сені. І, хто яго ведае што такое яму здалося, але толькі крыкнуў нямым голасам і самлеў на парозе. Можа скрыні спужаўся, а можа і волат здаўся. Калі ачуняў, мову яму атабрала і слух залажыла, навекі нямым астаўся. Ведалі гэта ўсе мы, дзеці і бацькі нашы. Ведаў гэта і Даніла, а таму заўсёды перасьцярагаў нас:—„Дзеткі, не бярыце з сабой гэтых цацак! Забаўляцца імі няможна, іх бралі з сабой у магілу волаты, нашы пра-прашчуры, жоўтыя костачкі якіх тут збуцьвелі даўно ў пясочку, таму і пясочак гэты такі жоўценькі!“—І запраўды пясочак у гэтым мейсцы быў жаўцейшы нячым дзе ў другім мейсцы, прыкладам каля возера. Знаходзілі мы тут грудкі паб саўсім чырвонага, а часам ясна сапорага, бытцам запёклая кроў колеру. І мы ведалі, што гэты камочкі папраўдзе пацямнелі ад крыві волатаў, што гэта была іх кроў пралітая тут у вялікіх войнах, калі яны біліся з чужакамі, баронячы гэтай зямелькі для нас. Натрапіўшы на гэткі грудок трэба было прамаўляць:—„Цур, пухам зямелька!“—і зараз-жа засыпаць тое месца. Набраўшы ў карзіначкі абручоў, пражак і ўсякіх масяжовыя прыладаў,—мы адносілі да Данілы ў кузьню і ссыпалі ў кутку за гарном. Гэтым мосяжам Даніла зварываў толькі ратайскія прылады: лемяшы, банькі да кос, перакладніцы і нічога больш. Калі трэба было каму зварыць якую зялезіну да брычкі, ці чаго іншага, то на гэта бралі старасьвецкі мядзяны траяк ці шастак.
На выкапках былі не адны валатоўкі, былі тут і іншыя магілы, іншых людзей і часаў. Гэты пазьнейшыя магілы азначаны былі чорнымі камяннымі крыжамі, большай часьцю запаўшымі ў зямлю. На рэдкіх крыжах відаць было нейкія знакі, чытаць якія ніхто няўмеў, нават стары Лакотка, вясковы грамацей, які ня толькі чытаў у цэркве часы, але, Богу на хвалу, перапісываў сам гусіным пяром, літарамі як лапці, псалтыр. Каля гэтых чорных крыжоў пясок бываў заўсёды чырвоны. Старая Пракцэся казала што крыжы гэты крывавымі сьлязамі плачуць, таму што ў іх пакутуюць душкі нашых прашчураў, якія волі нашай абараніці няўздолелі, а цяпер каюцца гледзячы як мы, нашчадкі іх, пакутуем. Раз аглядаў гэты крыжы пан Сабалеўскі і казаў, што пясок каля іх чырвоны таму, што камень зялезісты і іржу выпускае. Але паміж нас, блазноты, ніхто гэтаму не паверыў. Вэрсыя Пракцэсі была больш люба нашаму сэрцу і мы цалавалі гэны камянныя крыжы і гаварылі да душак прашчураў пацешаючыя і ласкавыя прамовы. Памятаю, Юлюк, касавокі і вечна саплівы хлапец, якога мы ўсе ня любілі за яго не ахайнасьць, зачне гаварыць і туліцца да гэных крыжоў чорных,—гладзіць іх рукамі дый сам наўзрыд плача, як бабёр, узрыгамі.
Акром таго, на групе валатовак, акружаных круглым накопам быў гаёк і ў гайку, пад бярозкамі і ліпамі „Новы Магільнік“. Была гэтта адна камянная пліта, на якой славянскі надпіс апавядаў, што тут пахаваны мніх Астап Корсак.
Аб гэтым Корсаку хадзіла легенда-показка гэкага зьместу:
„Была вайна. Астап Корсак на абарону краю вырушыў, набраўшы пад харугаў 200 душ сваіх падданых. Біўся Астап з дружынаю харобра, не з панукі чужой, а з пачуцьця абавязку бараніць сваю зямельку родную ад чужацкай навалы. І ўславіўся Астап Корсак на вайне як ніхто, але супакою ён ня меў на душы, што многа крыві людзкой, хрысьціянскай крыві, праліў. І па вайне пайшоў ён у пушчу. А будучы ў пушчы раздумаў, што пушча—гэта ня пакута, што запраўды пакутуюць не манахі па манастырох, не пустэльнікі па пушчах, а той, прыгонны паднявольны народ, які працуе на паноў сваіх. І, вось, ён з пустыні пайшоў у адну з быўшых сваіх вёсак і прыстаў наймітам да аднаго з бяднейшых селян. Гаспадар нацешыцца нямог з работніка: працавіты, пільны; шчыры, спакойны. Ні ён табе ў ежы пераборчывы, ні ў адзеньні вымогчывы. Раней за гаспадара да работы ўстане, апошні спаць ляжа і заслуг сваіх ня дапамінаецца. Пры такім найміту гаспадар у некалькі гадоў аправіўся: і канінку і каравёнку загадаваў, кажаронка і сьвітчонка ў хаце завялая, дый вяпрука на Коляды, пачаў, як і ўсе людзі, аткармліваць. І стаў гаспадар падумываць, як такога чалавека назаўсёды пры сабе ўтрымаць. Не стары быў яшчэ Астап, дык давай гаспадар сватаць яму сваю дачку. А божаму чалавеку ня тое на думцы. І ўцёк ён ад гаспадара, заслуг не пытаўшы ў яго. Зайшоў аж у гэты ваколіцы, і, тут, у бязьдзетных старыкоў, да сьмерці пражыў. Толькі перад скананьнем, на споведзі аткрыўся сьвятару хто ён такі і паперы на доказ даў. З вялікай чэсьцю, пахавалі тут яго Костачкі. Пліту на магілу палажылі, а на ей выпісалі яго жыцьцё“.
І заўсёды жаласна было, калі мы прыходзілі да гэтай магілкі. Каб выказаць сваю прыхільнасьць да нябошчыка мы мох павыдзіраем з пліты, з раўчакоў паробленых на ей літарамі. А раз прышло нам на мысьль вадзіцай абмыць камень і каля камяня пасыпаць пясочкам. Калі мы ўсё гэта зрабілі, на душы было неяк весела і нейкую роднасьць пачулі мы з гэтай магілкай.
Больш тут не было камянных нагробкаў, а толькі дамоўкі на магілках. Старэйшыя дамоўкі, ці як іншыя звалі „церамкі“ былі з дубовых калод у кшталт труны вычэсаныя, былі і ў зруб рублёныя і крытыя цёсам, а на найнавейшых стаялі васьміканечныя крыжы з крывой папярэчкай ў нізе, як гэта вымагаў цяперашні бацюшка.
Дык, вось ён наш Старасельскі магільнік. Калі я яго цяпер успамінаю, ён мне здаецца жывой гісторыяй краю, абнімаючай падзеі ад бронзавага, а мо, нават, каменнага веку, да нашых часаў.
Цур, пухам зямелька вам, мінуўшыя пакаленьні!