Старонка:Ільляшэвіч Дунін-Марцінкевіч.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

верш бяссумлеву прызнаны за Марцінкевічам. Як ніяк ён быў інтэлігент з вялікім нахінам да народніцтва, назіральнік злыдняў, што ад прыгону бярэмем клаліся на сялянства. Дык зусім прыродна, ён ня мог моўчкі прайсьці і міма тых несправядлівасьцяў соцыяльнага жыцьця, пад уражаньням якіх быў напісаны гэты верш. У некаторай меры памагаў тут агульны настрой аб волі сялянства скасаваньнем прыгону. Трэба думаць, што гэты верш адзін з тае значнае лічбы загінулых Марцінкевічавых твораў, з выразнымі соцыяльнымі мотывамі.

Пераклад "Пана Тадэуша" быў зроблены у 1859 годзе і выдрукаваны на грошы, што шмат людзёў злажыла, a паміж імі і мужычкі, як кажа перакладчык у прадмове. Да нас дайшлі толькі дзьве першыя "быліцы". Першае выданьне ёсьць вялікая бібліографічная радкасьць, бо навет такі бязьвінны беларускі пераклад быў не да ўспадобы расейскай цэнзуры і канфіскаваны.

У сучасны мамэнт пры развою нашае мовы, мо' гэты пераклад і не даволі добры, але як першая спроба перакладу на занядбаную дагэнуль беларускую мову, нязвычайна ўдалая. Перакладчык перамог усе труднасьці ўзложанага на сябе заданьня. Гэтым ён робіць значны паступ у нашым літаратурным адраджэньні. Вось пераклад уступу:

Літва![1]-родна зямелька! Ты, маўляў, здароўе,
Той Цябе ашанцуе, каму безгалоўе,
Хто жыў калісь на ніўцы Тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць сьлёзкі у чужым краі!
Цяпер-жа, як Ты красна, я чую, я бачу, -
І апішу, бо горка ўсьцяж па Табе плачу!
Ты Панна, што сьцеражэш яснай Чанстаховы,
Што сьвеціш у Вострай Браме, што горад замковы
Наваградзкі бароніш, яго народ жылы,
Як мяне Ты падняла, маўляў, із магілы
(Вось цябе бедна маці у вачох са сьлязінай
Маліла, каб апеку мела над дзяцінай,
І з немачы падняўся, - і пайшоў у дарогу,
Каб у Тваіх касьцёлах падзякаваць Богу),
Так нас дзівам павернеш у зямельку родну.
Пакуль-жа блісьне шчасьце, хоть душу нягодну
Зьвярні да гор лясістых, - шырокіх пракосаў,
Да ніў родных, калосьсям ярка маляваных,
Залочаных пшаніцай, жытам пасрабраных,
Гдзе жоўтая сьвірапка, дзе грэчка бяленька,
Гдзе дзяціліна гарыць, вось красна паненка,
А усё мяжой прыбіта, бачыцца устужкай,
Там сям быццам к адзежцы прышпілена грушкай".

  1. Літвой, як гэта дауней было звычайна, тут завецца Беларусь.