Старонка:Ільляшэвіч Дунін-Марцінкевіч.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

шырокае ягонае папулярнасьці як уплывовага беларускага дзеяча й пісьменьніка.

Нязначныя спробы пісаць папольску ёсьць як адбітак уплываў польскае атмосферы акружаючай ягонае хатняе жыцьцё. Даволі прыпамятаваць хоцьбы гэткіх несьвядомых Беларусаў як Манюшка, што ўзбагаціў польскую музыку беларускімі мелёдыямі, або Сыракомлю, часткава і іншых, каб дзівіцца мужнасьці Марцінкевіча не паддацца канчальна спакусам па іх прыкладах перакуліцца цалком у польскі лягэр. Ня гледзячы на ўсе закіды, не удалося забіць таго беларускага пачуцьця ў пісьменьніку, якое бясьпярэчна мусім прызнаць у значнай меры. Праўда, мо толькі, каб ня гэны шкодны польскі ўплыў, Марцінкевіч быў бы ў сваёй працы радыкальнейшы, прысьпяшыў-бы беларускі рух памерне да іншых адраджаючыхся народаў.

Разглядаючы драбязьней літаратурную працу Марцінкевічаву, мусім адзначыць, што ён зьяўляецца найвыразьнейшым прадстаўніком у нашай літаратуры романтызму і аcaбліва сэнтымэнталізму. Гэтыя літаратурныя кірункі, хоць і з запазьненьнем, лучылі ў Беларусь з Заходняе Эўропы. Гэтае творства ёсьць зусім нормальным пераходным зьявішчам ад псэўдоклясыцызму, што раней панаваў у нас, выяўленага выразна ў "Энэідзе" і "Тарас на Парнасе". Агулам творства Марцінкевічава даволі цікаўнае й размавітае; напісанае, хоць і сылябічным вершам, жыва й абразова.

Ня гледзячы на даўнасьць у напісаньні, ня губляе цікавасьці ў чытачоў і дагэтуль; а комедыі ня зыходзяць з рэпертуару беларускае сцэны. Дунін-Марцінкевіч, як кажа проф. Ігнатоўскі, ня можа, будучы шляхцічам спусьціцца ў усю глыб сялянскае масы. Ен перакананы, што паміж прыгоньнікам-панам, з аднаго боку, і запрыгоненым бяспраўным селянінам, з другога боку, соцыяльнае прорвы няма. Есьць толькі яма, каторую можна запоўніць без соцыяльнага ламаньня, аднымі моральнымі сродкамі.[1] Дзеля гэтага ўсё творства ягонае й выглядае досыць монатонна. Дзеля характарыстыкі ў разглядзе можна яго падзяліць на тры групы: 1) Драматычныя творы, 2) Аповесьці й апавяданьні, 3) Дробныя вершы й пераклады.


Першай літаратурнай спробай Марцінкевічавай была двуактовая опэра "Сялянка“ у 1846 годзе, музыку да катоpaй напісаў С. Манюшка. Напісана опэра вершам і прозаю. Паны пераважна гутараць папольску, а войт Навум, Ціт, хор сялян ды іншыя дзеючыя асобы пабеларуску. Гутарка чыста народная, даволі прыгожая ў зваротах. Галоўная дзеючая асоба, Войт Навум, у сваіх монолёгах ужывае надзвы-

  1. Гл. проф. У. Ігнатоўскі "Гісторыя Беларусі ў ХІХ і нач. ХХ в." Менск. 1925 стар. 153.