Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

— А як туды дайсьці? — запытаўся Сіад.

— Як знаеш, — адказала ведзьма.

— Ну, — сказаў Сіад, схапіўшыся за кій, — калі ты мне ня скажаш аб гэтым, дык я стаўку́ цябе на парахню.

Што тут будзеш рабіць, — павяла ведзьма Сіада да берагу, сьвіснула, і, раптам, на верх вады выплыла чырвоная рыбка.

— Ідзі за гэтай рыбкай, і яна прывядзе цябе да Фіч-Ан-Крука, — прамовіла ведзьма.

Сіад узыйшоў на карабель, распусьціў парусы і паплыў за чырвонай рыбкай. Плыў ён многа дзён і ночаў, аб’ехаў паўсьвета і, нарэшце, прыплыў да марской затокі, абросшай лесам. Тутака рыбка спынілася і Сіад падплыў і выйшаў на бераг.

Вандраваў ён па горам тры дні ітры ночы і толькі на чацьвёрты дзень знайшоў Фіч-Ан-Крука, каторы дзяліў мяса паміж сваіх людзей.

Сіад падыйшоў і папрасіў мяса.

— Ня дам, — сказаў Фіч-Ан-Крук. — Ты прыйшоў якраз калі трэба, — у мяне выйдзе менш мяса.

— Як-жа гэта? — запытаўся Сіад.

— А так, што я табою накармлю сваіх людзей.

— Ну, яшчэ пабачым, — сказаў Сіад, — і загарэўся паміж імі бой.

Фіч быў страшны і дужы ваяк, але і Сіад быў ня меньш моцны.

На шум прыбеглі з гораў кабаны, лані сабраліся з долінаў, зьляцеліся птушкі з лясоў усяго сьвету. Але да ночы Сіад зваліў Фіча на зямлю, прыдушыў грудзі каленам і запытаўся, дзе скарбы.

— Калі ты з гэтай мэтай прыйшоў сюды і дзеля гэтага біўся, дык дарма, бо я нічым не магу табе дапамагчы. Скарбы знаходзіліся ў маіх руках толькі адну ноч, а пасьля таго Фіч-Ан-Чоль, лясны вядзьмар, адабраў іх ад мяне.

— Ня веру я гэтаму, — сказаў Сіад.

Але-ж Фіч-Ан-Крук паказаў яму сьляды, яшчэ ня змытыя дажджом.

— А дзе жывець Фіч-Ан-Чоль? — запытаўся Сіад.