Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

— Вось гэта праўда, — сказаў Асілак, — мне патрэбен такі прыемны малады чалавек, як ты. Кожны дзень выходжу я біцца з другім асілкам на канец сьвету, дык мне канешна трэба, каб нехта пільнаваў у маю адсутнасьць мой замак і дабро. Калі ты будзеш сумленна служыць мне і выпаўняць усё, што я загадаю, дык, як скончыцца твая праца, я дам табе торбу золата.

Джэк абяцаў выпаўняць усё, што трэба. Пасьля гэтага Асілак даў Джэку сытную вячэру і мягкое ложка. І салодка спалася Джэку ў гэтую ноч. На другі дзень Асілак разбудзіў Джэка вельмі рана, раней, чым засьпявалі жаваранкі.

— Джэк, мой добры хлопчык, — сказаў ён. — Мне ўжо пара ісьці на другі канец сьвету змагацца з Асілкам Чатырох Вятроў. Уставай і бярыся за працу. Ты павінен упарадкаваць усё ў замку і сьцерагчы яго, пакуль я прыду. Дазваляю табе ўсюды хадзіць па ўсяму замку, па ўсім пакоям, апрача стайні. Дзьверы ў стайню замкнёны і пад пагрозай сьмерці не адчыняй іх і не ўваходзь у стайню. Памятай-жа гэта!

Джэк абяцаў выпаўніць усё, як загадалі. Асілак на хвільку заглянуў у стайню і выйшаў з дому. Як толькі ён пайшоў, Джэк пачаў прыбіраць і парадкаваць у вялікім і прыгожым Асілкавым палацы. Прыбраўшы ў пакоях, Джэк пайшоў на двор, пачысьціў падворак і ўсе будынкі, якія толькі былі, апрача стайні.

Скончыўшы з працай, затрымаўся ён каля стайні і доўга стаяў перад ёй. — Вельмі хацеў-бы я даведацца, што там такое і чаму гэта гаспадар забараніў мне ўваходзіць туды пад пагрозай сьмерці, — падумаў ён. — Дай-жа я ўвайду ды пагледжу; мусіць ад гэтага ня будзе вялікае бяды.

Усе дзьверы ў Асілкавым замку адмыкаліся маленькім кальцом, якое пакручавалася пасярэдзіне дзьвярэй. Джэк падыйшоў да дзьвярэй стайні, пакруціў кальцо, і дзьверы насьцеж расчыніліся. У стайні Джэк убачыў Кабылу і Мядзьведзя, якія стаялі каля ясьляў, але не датыкаліся да яды.