Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

Старэйшыя сёстры падбеглі і хацелі выхапіць кеску з рук малодшае, але Джэк адпіхнуў іх і выйшаў вон. Разьвітаўшыся з Кабылай, Джэк вярнуўся ў сад.

У сад Джэк заўсёды зьяўляўся ў пастаці Гарбуна-Крывулькі, а Каралеўне казаў, што ходзіць па справам Караля.

На трэці дзень ён апрануўся так, як быў апрануты ў трэці дзень бою, і, пераскочыўшы праз замковыя сьцены, зьявіўся на абед.

Пасьля балю, ў гутарцы з госьцем кароль запытаўся, як яму падабаюцца ягоныя дочкі і зяці. Джэк адказаў, што ўсе яму надта падабаюцца і запытаўся, ці няма яшчэ ў яго дачок.

Кароль адказаў, што ёсьць у яго яшчэ адна дачка, але яна не паслухалася яго, дый яшчэ закахалася ў Гарбуна-Крывульку, — вось за ўсё гэта ён забараніў ёй паказавацца ў замку.

— Мне вельмі хочацца яе пабачыць, — папрасіў Джэк.

Кароль ня мог адмовіць госьцю і паслаў за Жоўтай Рожай. Калі прыйшла Каралеўна, Джэк з усіх сіл стараўся спадабацца ёй, але надарэмна. Ён гаварыў ёй аб сваім багацьці і множстве маёнткаў і абяцаў усё пакласьці к яе нагам, калі яна згодзіцца стаць яго жонкай. Ён прысягаўся зрабіць яе самай шчасьлівай жанчынай у сьвеце. А калі яна выйдзе за Гарбуна-Крывульку, дык ня толькі будзе мець страшнога мужа, але яшчэ заўсёды будзе цярпець розныя клопаты і нястачу ўва ўсім.

Жоўтая Рожа загневалася яшчэ больш, чымсь раней. Яна ня стала і слухаць далей і сказала:

— Гарбун-Крывулька мілей для мяне за ўсіх каралевічаў. Калі-б ты быў у дзесяць разоў прыгажэйшы і ў сто разоў багацейшы, дык я не абмяняла-бы найменшага пальца Гарбуна-Крывулькі на цябе і на ўсе твае скарбы.

І яна ўстала, каб выйсьці. Але Джэк затрымаў яе:

— Пастой, ня выходзь, — сказаў ён, — Я здзіўлены тваёй безкарыснасьцяй. Прыймі ад мяне невялічкі падарак. Вось чарадзейны грэбень, якім можна