Старонка:Ічэ (1931).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

яго — так не дарэчы ў гэтым пекным гнязьдзечку, так дысоніруе з яго абстаноўкай!

І пані Алёіза пацяшаецца з яго, ад душы сьмяецца з нязграбнага, вуглаватага „жыдэка“. Праўда, яна так ня кажа, так яна толькі думае. Уголас яна гаворыць іначай; „Іцка Абрамавіч“, „шаноўны Іцка Абрамавіч“.

Пані Алёіза таксама вялікая мастачка пячы і смажыць розныя пернікі, конфітуры. Калі яна частуе імі Іцку, пан Пшыбыльскі вучыць яго дзякаваць, цалаваць пані ручку.

Іцка саромеецца. Пані сьмяецца. Пан давольны.

— Які сьмешны, які забаўны гэты Іцка Абрамавіч!

Бачыць Іцка, разумее адносіны да сябе. Бачыць насьмешлівыя позіркі, якімі моўчкі, але выразна перакідаюцца Пшыбыльскія. Адчувае і тую грэблівасьць да яго, яўрэя, якая хаваецца за ветлівымі, глянсаванымі сказамі. Гостра адчувае, але маўчыць. Сьцяўшы зубы, замкнуўшыся ў сябе, пераносіць.