Старонка:Ічэ (1931).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

„Ічэ“. Нават і тыя, хто калісьці так варожа адносіўся да маладога, шчуплага яўрэйчыка, што не захацеў прышываць гузікі, што не захацеў гандляваць а захацеў знайсьці сабе мейсца на вытворчасьці.

— Ого, Ічэ, — галава з мазгамі. Клёк у хлопца ёсьць!

Пачынае Іцка заглядаць і ў грамадзкую працу. І тут яго ў „людзі выводзіць“ Базыль, найлепшы прыяцель Ічэ. Урачыстым днём для Базыля быў той дзень, калі праводзілі Ічэ ў комсамол.

— Мой выхаванец, — горда казаў ён усім. Ганарыўся Базыль Ічэ і паважаў яго. Бо і сам ужо мог шмат чаму навучыцца ў свайго „выхаванца“.

— Разам з Ічэ працуе Базыль над радыё-ўстаноўкай у клюбе. Разам з ім тлумачыць усім карыснасьць гэтага новага дасягненьня ў багатай магчымасьцямі, цікавай навуцы аб электрычнасьці.

Усюды яны разам, усюды яны неразлучны — маленькі хударлявы, чарнявы, заўсёды сур‘ёзны Ічэ, і высокі, дужы, бялявы, заўсёды сьмяшлівы Базыль.