МАЛАДНЯКУ.
Ўсё прайшло…
І сьледу больш няма —
і мяцежны шлях, і перазвоны…
Скрозь тугу, імглістасьць і туман
ўсё прайшло бяз крыўд і без праклёнаў.
Калі трэба — пойдзем на нажы,
сэрца вытачым на жвір, на камень…
Мы жылі,
жывём
і будзем жыць,
бо ў прасторах Заўтра спатыкаем,
Шмат было, шмат будзе перашкод…
Спавіюць туманы пуцявіны…
Толькі крок сталёвей — з году ў год,
Шлях шырэй — з гадзіны у гадзіну.
Шмат было прастораў і журбы,
шмат імкненьняў — звыклых і нязвыклых
О, як цяжка сьцежкі церабіць
да шляхоў далёкіх і вялікіх!..
|