Старонка:І залацісьцей і сталёвей (1926).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

ПОМНІШ ЗІМУ І МАРОЗЫ.

Помніш зіму і марозы,
браму і мёрзлае вецьце?
Быў я п‘яны і цьвярозы
і шчасьлівейшы у сьвеце.
Гнілое, зьбітае слова —
а як сказаць іначай?..
Ўсё-ж такі я ня зломак,
і кроў у сэрцы гарачая.
Выйдзем з табою поруч
на шлях шырокі жыцьцёвы —
можа радасьць і гора
родзяць лепшыя словы.
Страхі ўсе і пагрозы
згоніць шалёны вецер…
Помніш зіму і марозы,
Браму і мёрзлае вецьце?