Старонка:Аб светапоглядзе Адама Гурыновіча (Лушчыцкі).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

І. ЛУШЧЫЦКІ

АБ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ АДАМА ГУРЫНОВІЧА

Адам Гурыновіч (1869-1894 гг.) з'яўляецца выдатным беларускім рэволюцыянерам-дэмакратам, паэтам-мысліцелем канца ХІХ стагоддзя. Нарадзіўся ён у фальварку Кавалі, Вілейскага павета, у сям'і збяднелага дробнапамеснага двараніна. Пасля заканчэння Віленскай рэальнай гімназіі паступіў у Пецербургскі тэхналагічны інстытут. Тут ён праявіў незвычайныя здольнасці да навукова-даследчай дзейнасці. З першых дзён вучобы студэнт Гурыновіч далучаецца да рэволюцыйна-дэмакратычнага руху Пецербурга.

Светапогляд Адама Гурыновіча, як мысліцеля, фарміраваўся ва ўмовах даволі хуткага развіцця капіталізма ў Беларусі, у перыяд рэзкага абвастрэння класавых супярэчнасцей як у горадзе, так і у вёсцы. Гэта былі гады далейшага развіцця вызваленчага сялянскага руху і, што асабліва важна, гады, калі расійскі рабочы клас павёў барацьбу з капіталістамі, а потым выступіў на самастойную палітычную арэну. У Расіі на базе росту рабочага руху і пад уплывам рабочага руху краін Заходняй Еўропы ствараюцца першыя марксісцкія арганізацыі.

У студэнцкія гады Гурыновіч прымае дзейсны удзел у рэволюцыйна-дэмакратычным руху у Пецербургу і піша многа як паэтычных, так і празаічных рэволюцыйных твораў. Яны сведчаць аб тым, што на светапогляд і творчасць Гурыновіча аказала магутны ідэйны ўплыў перадавая руская і беларуская грамадска-палітычная філасофская думка.

У гады вучобы ў Пецербургу Гурыновіч не парываў сувязі з Беларуссю. Прыязджаючы сюды на канікулы, ён праводзіў рэволюцыйную работу, прапагандуючы вызваленчыя ідэі. За рэволюцыйную дзейнасць Адам Гурыновіч у 1893 годзе быў арыштаваны ў г. Вільні і заняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Тут Гурыновіч пакутаваў каля года, а потым па стану здароўя быў вызвалены пад нагляд паліцыі. Апошнія дні жыцця ён правёў у Крыстанопалі, Свянцянскага павета, у сям'і бацькі, дзе і памёр у студзені 1894 года.

Творы Гурыновіча маюць яркі рэволюцыйна-дэмакратычны характар. Натуральна, што ва ўмовах жорсткай царскай цэнзуры яны не маглі ўбачыць свету. Многія творы пры паліцэйскім вобыску у Пецербургу, а потым у часе арышту ў г. Вільні былі канфіскаваны і бясследна зніклі.

Побач з арыгінальнай творчасцю на беларускай, рускай і польскай мовах Гурыновіч перакладаў на беларускую мову творы А. С. Пушкіна, Н. А. Некрасава, А. К. Талстога, польскіх пісьменнікаў Адама Міцкевіча і Элізы Ожэшка і некаторыя творы ўкраінскіх пісьменнікаў. Тым самым Гурыновіч імкнуўся зрабіць здабыткам беларускага народа лепшыя дэмакратычныя творы славянскіх літаратур і ўмацаваць адзінства братніх народаў у іх барацьбе з агульным ворагам — самадзяржаўем, буржуазіяй і памешчыкамі.

Творы А. Гурыновіча падвяргаюць знішчальнай крытыцы самадзяржаўны памешчыцкі лад. Ад крытыкі асобных бакоў грамадскага жыцця аўтар узвышаецца да адмаўлення ўсяго грамадскага і дзяржаўнага ладу царскай Расіі, як несправядлівага, аснаванага на прыватнай уласнасці, эксплуатацыі чалавека чалавекам і нацыянальным прыгнёце.

Выражаючы настроі і думы рэволюцыйнай часткі беларускага сялянства, А. Гурыновіч у сваіх творах фармулюе яго першачарговыя патрабаванні соцыяльнага і нацыянальнага вызвалення. У сваім глыбока патрыятычным вершы «Бор» у вобразе шматгадовага і шматпакутнага, але ўпэўнена ідучага ўгору магутнага бору Гурыновіч паказвае цяжкое становішча працоўных мас Беларусі, якія стагналі пад ярмом соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.