Старонка:Аб чым шэпацелі лісьця (1913).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

ветрык над галавой леса, закалыхаў яловые лапы і дужэй затрос асінавые лісьця. Яны боязна задрыжалі, закалаціліся і яшчэ жаласьней і мацней засьпевалі сваю жальбу-думку аб неўдачнай дзіцячай долі. У гэтым шуме лісьцяў хлопчыку пачулася добрая рада кінуць нямілага старца і ўцячы. Першы раз яму прышла такая думка, і ён сам боязна задрыжаў і зірнуў на старца, як бы ў яго непрыветным твару хочучы прачытаць сваю долю. Старэц спаў крэпка. Нясьмела падняўся хлопчык, азірнуўся і стаў памалу, задам, атхадзіць у глыб леса. Хлопчык дрыжаў усім сваім целам. Вот-вот, здавалася яму, прачнецца жабрак і прыдушыць яго тут і кіне ў рэчку. А рэчка цекла такая сьцюдзёная, непрыветная. Перад вачыма Казюка бліснуў нож, той нож, каторым старэц страшыў яго зарэзаць, калі ён уздумае ўцекаць, і ён застыў, прытуліўшыся да асіны. Уся яго змардаваная душа ўскалыхнулася да самага дна. Хлопчык ня ведаў, што рабіць і заплакаў, прыхіліўшыся да дзерэва. Але яно было моўчаліва і глуха на пакуту малога хлопчыка. Зноў ён вярнуўся да ненавіснага старца, выцер вочкі і сеў. Тут ён пачуў, што не мае сілы ўцячы ад гэтага чэлавека. Казюку стала так маркотна, як чэлавеку, каторага на ўсё жыцьцё пасадзілі ў вастрог без усякай надзеі хоць калі-нібудзь выйсьці на сьвет.

— Га! пойдзем, Казюк, — падняўшы галаву сказаў старэц.