Старонка:Аб чым шэпацелі лісьця (1913).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

торай прабіваліся космы светлых валасоў, парыжэўшых на канцох ад сонца.

Ні Пятрук, ні хлопцы нічого не гаварылі. Пятруку хацелася прылучыцца да іх кумпаніі, але ён чуў, што як бы нешта лягло меж ім і хлопцамі, і ў яго не ставала сьмеласьці падыйсьці да сваіх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былі проста адзеты, і толькі ён адзін кідаўся ў вочы ўсім сваею хормаю. Ён дагадаўся, што гэта хорма і клала той рубеж меж ім і хлопцамі, каторы і стрымовываў яго падыйсьці да іх, як даўней і начаць разам гульню. Трохі пастаяўшы і падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скінуў свой мундзірчык, нацягнуў свой стары каптанік, узяў яшчэ колькі цікавых кніжак з рысункамі і зноў выбег на вуліцу. Цяпер ён сьмела падбег да хлопцаў і, падышоўшы, хацеў сказаць ім «здрастуйце», як гаварыў ён у гімназіі да сваіх таварышоў, але ў сяле меж малымі такога звычая не вялося, і ён проста сказаў:

— Хадзём пагуляем. Я пакажу вам цікавые малюнкі. —

Хлопцы пералезьлі цераз паркан і падыйшлі да Пятруся. Трохі счэкаўшы, яны ўжо бегалі на задворках і агародах, рвалі моркву, скраблі яе трэсачкамі або проста абціралі аб сваю адзежу і елі. Пятрусь ад іх не атставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзін з таварышоў. Хлопцы гаварылі, крычалі, шумелі. Меж імі началася гульня.