Кожная старана старалася выказаць найцікавейшые штукі і гэтым самым выклікаць у другіх зайздрасьць і зьдзіўленьне. Гаворка іх была самая жывая і борзда пераскаківала з аднаго на другое і такім парадкам праз колькі мінут хлопцы сталі гаварыць аб дужанцы.
— Ну, давайце падужаемся! — гаварыў Пятрусь і выставіў упярод адну нагу і наплеваў на рукі.
— Ну, са мною! — вышоў проці яго жывы і разьбітны Ляксей. Зірнуўшы ў вакно, Пятрукоў бацька убачыў, як яго сын качаўся з хлопцамі у пяску.
— Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робіш? —
Яму здавалася, што яго сыну не прыстойна займацца такім глупствам і, завярнуўшыся да жонкі, сказаў:
— Сусім ён тут адзічае, паглядзі: і хорму сваю скінуў, ледзьве пазнаў.
А штож там такое, калі пагуляе? Вядома дзіця яшчэ, — заступілася маці.
Паклікаўшы Пятруся, бацька срога сказаў:
— Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачуць людзі, сьмеяцца будуць. Скажуць — такі самы мужык. —
— А хіба-ж я пан? —
— Павінен быц лепшы за пана! Што там пан? усякі сам сабе пан. А ты вот што: сягоньня у нас будуць госьці, дык ты прыбярыся і — глядзі трымайся так, каб ніхто ня сьмеў на цябе тыкаць пальцам!
А госьці будуць ня простые. —