Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

2. Галоўныя мэты ў справе перабудовы сельскай гаспадаркі.

Што сучасная сялянская гаспадарка мусіць, пры існуючым стане рэчаў, дайсьці да канчальнай руіны — аб гэтым няма ў нас ніякага сумлеву.

Пытаньне толькі — які-ж аграрны лад (устрой) павінен прыйсьці на зьмену існуючаму, каб у ім ня было тых недахопаў, якія мы наглядаем цяпер? Гэткае-ж пытаньне паўстала і ў Савецкім Саюзе, як толькі камуністы апынуліся перад канешнасьцю зрэалізаваньня сваёй аграрнай праграмы.

Першы, хто сур‘ёзна гэтым занепакоіўся, быў Ленін, каторы даў агульніковую формулу для перабудовы ўсяго соцыяльна-эканамічнага ладу: „камунізм — кажа ён — гэта ёсьць савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсей краіны“. Пры гэтым электрыфікацыя, на думку Леніна, павінна ахапіць і земляробства, каторае трэба „перавесьці на новую тэхнічную базу сучаснага буйнага вырабу, а гэткай базаю ёсьць толькі электрыфікацыя“. (Ленін: „О строительстве социалистического хозяйства“ — бач. 68).

Справа рэканструкцыі сельскай гаспадаркі аказалася, аднак, куды складнейшаю, чым аб гэтым думаў навет такі чалавек, як Ленін, каторы зьвярнуў увагу толькі на тэхнічны яе бок, абмінуўшы мамэнты псыхолёгічны і грамадзкі.