Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

У савецкай камуне і калгасах забясьпечаны інтарэсы толькі арцелі. Паасобныя сябры камуны апынуліся там на палажэньні жывога інвэнтара, з якім ніхто ня лічыцца, — і толькі. Гэткае вырашэньне справы задаволіць нас ня можа, бо мы трымаемся таго пагляду, што ня людзі павінны існаваць для камуны, з яе трактарамі і электрыфікацыяю, а наадварот — гэтая апошняя творыцца для аблягчэньня палажэньня яе сяброў і існуе толькі для іх.

Закараненьне і ўзмацненьне коопэратыўна-арцельных пачаткаў у сельска-гаспадарчых працэсах павядзе за сабою, між іншым, радыкальныя перамены ў галіне хатняй гаспадаркі і вясковага быту наагул. Акажацца, напрыклад, зусім непатрэбным, каб у вёсцы, маючай 100 хат, штодня тапілася 100 пячэй, а каля іх ад раніцы да вечара тапталася 100 кабет, каб накарміць 500 чалавек. Будзе зразумелым для ўсіх, што пры коопэратыўна-арцельных умовах куды выгадней гэтую ж працу даручыць нейкім 20 кабетам, ці слабасільным мужчынам, каторыя на агульнай кухні звараць страву для тых-жа 500 чалавек куды хутчэй, чым 100 кабет пры умовах індывідуальнага вядзеньня гаспадаркі.

Увесь гэты пераварот у жыцьці вёскі правядзецца ня з прымусу, як у Саветах, і не пад уплывам выключна аднэй агітацыі, а сам праз сябе — у сілу гаспадарчай канешнасьці

Побач з пашырэньнем новых хвормаў гаспадараваньня, будзе павышацца і культурны ровень самых сялянскіх масаў.