3. Агульны кантроль дзяржавы за дзейнасьцю коопэратыўных аб‘яднаньняў.
Маючы на ўвазе тыя паважныя заданьні, каторыя ўстануць перад коопэрацыяю ў «дзяржаве будучыні» — гэтая апошняя ня зможа роўнадушна ўстасункавацца да таго, у якім кірунку пойдзе коопэратыўнае будаўніцтва ў аграрнай галіне. Коопэрацыя, ператварыўшыся ў рэконструкцыйную сілу — павінна ўвесьці і замацаваць на вёсцы арцельныя суадносіны, імкнучыся да зьністажэньня там соцыяльна-эканамічнай няроўнасьці і ўзмацненьня гаспадарчага поступу ўсяго сялянскага агулу. Іншага стану рэчаў прызнаць мы ня можам і таму не залічаем да ідэалу, напрыклад, сучасны стан данскай коопэрацыі, трымаючай «курс» на ўдасканаленьне індывідуальных сялянскіх гаспадарак, пераважна замажнейшых, шляхам выкарыстаньня ўсіх гаспадарчых плюсоў, каторыя дае коопэратыўная форма аб‘яднаньня.
Аграрна-коопэратыўная палітыка дзяржавы павінна быць пабудавана так, каб тварыліся такія коопэратыўныя аб‘яднаньні, каторыя запраўды імкнуцца да перабудовы і каторыя дакладна ўяўлялі-б сабе тое галоўнае, на чым палягае сутнасьць коопэратыўнага руху, пачынальнікі якога імкнуліся да перабудовы ўсяго эканамічнага і грамадзкага ладу на колектывістычных падставах. Наўпе-