ві любоў да працы, а самае галоўнае — узгадаваць новы тып чалавека, каторы адрозьніваўся б ад сучаснага, прасякнутага эгоізмам і індывідуалістычнаю ідэолёгіяю.
На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу яшчэ Робэрт Оўэн, а за ім і К. Маркс, каторы, ня гледзячы на свае памылкі у агульна-эканамічнай тэорыі, у гэтай справе зусім слушна кажа, што з сыстэмы запрапанаванай Оўэнам „вырас зародак узгадаваньня будучыні, якая для ўсіх дзяцей з пэўнага веку злучыць вытворчую працу з навукаю і гімнастыкаю, пры чым гэта будзе ня толькі мэтадам павышэньня грамадзкага вырабу, але і адзіным мэтадам стварэньня усебакова разьвітых людзей.“ (К. Маркс. Капітал т. I бач. 375). Дзеля гэтага ніколі ня трэба забывацца пра такі мэтад стварэньня патрэбнага нам тыпу людзей, каторы павінен быць узгадаваны ў адпаведным кірунку.
У сувязі з сказаным, у школах павінна быць арганізавана ня толькі праца вытворчая, але й узгадаваўчая. Асаблівае значэньне мела-б коопэратыўная праца моладзі ў умовах індывідуалістычнай вёскі, дзе гэта моладзь павінна была б стацца піонэрам коопэратыўнага будаўніцта. З гэтага пункту гледжаньня ня можна прызнаць мэтаадпаведным заведзены ў некаторых мясцох такі парадак, калі кожная школа мае сваю ўласную гаспадарку, якая аднак не асягае грамадзка-ўзгадаваўчых мэтаў. Школьная гаспадарка павінна злучыцца з коопэратыўным сэктарам сельскай гаспадаркі і толькі там працоўная энэргія вучняў знойдзе для сябе найлепшае застасаваньне. Вучнёўская арцель магла-б