Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

узяць актыўны ўдзел у нейкай адной галіне гаспадаркі (напр. у садоўніцтве) побач з зазнаямленьнем з усімі іншымі.

Разам з гэтым, у кожнай школе павінен існаваць вучнёўскі спажывецкі коопэратыў, арганізацыйна злучаны з агульнаграмадзкай коопэратыўнай сыстэмай.

Тыя парадкі, каторыя практыкуюцца цяпер, ня маюць ніякага грамадзка-ўзгадаваўчага значэньня і маюць толькі тую свомасьць, што ўзмацняюць абасобленасьць школьнага колектыву, у канчальным разрахунку шкодную з пункту гледжаньня інтарэсаў усяго грамадзянства. Наагул-жа трэба сказаць, што ня толькі адна школьная моладзь павінна быць прыцягнена да коопэратыўнай справы, у ёй павінен прыняць удзел увесь вясковы маладняк, катораму прыйдзецца фактычна закончыць коопэратыўнае будаўніцтва, пачатае старэйшым пакаленьнем. Гэты маладняк павінен прайсьці добрую практычную школу колектывізму, разьвіць у сабе грамадзкія прывычкі і пазбыцца індывідуалістычнай ідэалёгіі шляхам уцягваньня ў творчую працу у тых колектыўных базах, каторыя павінны быць арганізаваны па вёсках.

Гэтыя коопэратыўныя базы (сэктары), акрамя выкананьня сваіх беспасярэдніх заданьняў, павінны ператварыцца ў школы колектывізму для йдучага на нашу зьмену малодшага пакаленьня.

Словам, у гэтай галіне адчыняюцца шырокія пэрспэктывы, каторыя зусім магчыма зрэалізаваць, калі-б на месцы знайшліся энэргічныя i ініцыятыўныя работнікі прасьветы.