Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

Міцкевіч выступае перад чытачом у гэтай паэме то важна спакойным, калі паказвае важнае, то дабрадушна-усмешлівым, калі малюе што дробязнае, але скрозь яго адносіны да паказанага цёплыя і пранізаны некаторым смуткам аб усім гэтым далёкім, але дарагім. Праўда, гэта не перашкодзіла паэту паказаць шляхту такою, якой яна была сапраўды з яе дробнымі сваркамі і звадкамі, дробязнай у яе ганарлівасцю, няздольнай да агульнага дзеяння ў вялікай справе, падатлівай на ўсякія авантуры, як апісаны заезд, адным словам, паказаць шляхту такой, якая ніякім чынам не можа стаць апорай у нацыянальнавызваленчым руху. У гэтым і заключаецца заслуга Міцкевіча, у якім мастак рэаліст перамог абмежаванасць свайго класа. Дэмакратычныя погляды паэта дапамаглі яму аб’ектыўна падыйсці да шляхецкага асяроддзя і стварыць паэму нечуванай сілы, аб якой Брандэс праўдзіва сказаў: «Наша стагоддзе ганарыцца толькі адной сапраўднай эпапеяй, але не нямецкай і не англійскай, — гэта «Пан Тадэуш» Міцкевіча».

Нажаль, гэта паэма была апошнім творам вялікага паэта. Пасля яе ён нічога не пісаў, знясілены бесперапынным цкаваннем арыстакратычнай часткі эміграцыі і цяжкою барацьбою за кавалак хлеба. У пошуках гэтага кавалка хлеба Міцкевіч вымушаны быў у 1838 г. узяць кафедру латыні ў пратэстанцкім універсітэце ў Лазане. Неўзабае парыжскія сябры Міцкевіча выстараліся яму кафедру славянскіх літаратур у Колеж дэ Франс у Парыжы. Міцкевіч зноў перасяліўся ў Парыж і 22 снежня 1840 г. прачытаў уступную лекцыю. Паэт выдатна валодаў Французскай мовай, і хоць веды па славянскіх літаратурах у яго былі невялікія, аднак яго красамоўства і энтузіязм зрабілі яму папулярнасць выдатнага лектара і заваявалі сімпатыі вялікай часткі слухачоў. Праўда, прыхільныя і аб’ектыўныя адносіны Міцкевіча да рускага народа і яго мінулага выклікалі ў шавіністычна настроеных польскіх слухачоў абурэнне, і яны гаТОВы былі звінаваціць паэта ў здрадзе за кожнае спагадлівае слова у дачыненні да рускіх. Адам Міцкевіч з гонарам змагаўся супроць гэтага шавіністычнага чаду. Нажаль, на другі год Міцкевіч страціў спакойную разважлівасць вучонага і кінуўся ў містыцызм і рэлігію. Змена поглядаў адбылася ў выніку знаёмства Міцкевіча з містыкам і прайдохам Тавіянскім. Тавіянскаму, які з дапамогаю свайго вучэння хацеў абнавіць рэлігію і на гэтым грунце аб’еднаць палякаў і аднавіць Польшчу, патрэбны былі выдатныя людзі, аўтарытэты, якія маглі-б прапагандыраваць яго вучэнне, і ён звярнуўся да Міцкевіча. Змучаны неадступным смуткам па сваёй радзіме, расчараваўшыся ва ўсіх рэальных сродках яе выратавання, Міцкевіч паверыў Тавіянскаму і стаў яго прыхільнікам. На шчасце, у хуткім часе Міцкевіч разарваў з Тавіянскім, пабываўшы ў апошняга ў Цюрыху і не сышоўшыся з ім у поглядах на рэволюцыйны рух у Еўропе. Міцкевіч адчуваў, што надыходзяць грозныя падзеі рэволюцыі 1848 г. і што яны прынясуць змены ў жыцці Еўропы і Польшчы. І калі ў Галіцыі пачалася ў 1846 г. расправа з памешчыкамі,