Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

Міцкевіч не спужаўся гэтага, як некаторыя рэакцыйныя польскія пісьменнікі, а мужна заявіў, што гэтага заўсёды трэба было чакаць і што гэта справа зусім натуральная.

З такімі шырока-дэмакратычнымі і рэволюцыйнымі поглядамі сустрэў Адам Міцкевіч рэволюцыю 1848 г., усёй душой аддаўшыся грамадскай рэволюцыйнай дзейнасці. Ён арганізаваў польскі легіён на дапамогу італьянцам у іх змаганні супроць аўстрыйскага прыгнёту. У «Палітычным сімвале», складзеным для гэтага легіёна, паэт наступным чынам фармуліруе свае погляды на будучы лад дэмакратычнай Польшчы: «Кожнаму славяніну, які жыве у Польшчы, братэрства, грамадзянства, роўныя з усімі правы. Ізраільцяніну, старэйшаму брату, ушанаванне, братэрства, дапамога. Роўнае ва ўсім права».

Пасля рэволюцыі 1848 г. Міцкевіч стаў выдаваць газету на французскай мове пад назвай «Трыбуна народаў». Газета была рэспубліканская і радыкальная і хутка была закрыта. На гэтым скончылася і публіцыстычная дзейнасць Міцкевіча. Скора Міцкевіч быў канчаткова адстаўлены і ад кафедры славянскіх літаратур у Колеж дэ Франс, і ён заняў скромную пасаду бібліятэкара пры арсенале ў Парыжы. Але нішто не зламала волі Міцкевіча да барацьбы. У час руска-турэцкай вайны 1854 г. надзеі Міцкевіча на аднаўленне Польшчы ажылі ізноў. Ён прапанаваў французскаму ўраду паслаць яго на ўсход у навуковую камандыроўку. У верасні паэт атрымаў гэтую камандыроўку і накіраваўся морам у Канстантынопаль. У Канстантынопалі Міцкевіч захварэў, і 26 лістапада 1855 г. яго ужо не стала сярод жывых. Цела паэта было перавезена ў Парыж і 21 студзеня 1856 г. пахавана на могілках Манморансі, а праз трыццаць чатыры з лішнім годы, 4 ліпеня 1890 г. прах паэта быў перанесены у асобную нішу старадаўняга Вавеля ў Кракаве.

Як бачым, жыццёвы і творчы шлях Адама Міцкевіча быў надзвычай складаны і цяжкі, поўны змагання і працы, вялікіх узлётаў і частых ідэйных зрываў. Але ніводная самая вялікая памылка ў выбары сродкаў не была адступленнем ад раз накрэсленай ідзі свабоды і прагрэсу, і таму перад намі ўстае чысты і благародны воблік вялікага паэта.

У сваіх філасофскіх поглядах Міцкевіч, безумоўна, быў ідэалістам. Паводле яго пераконанняў уся сутнасць грамадскага жыцця заключаецца не ў соцыяльных і палітычных парадках, а у нравах, у маралі людзей. Але будучы вялікім мастаком, ён у сваіх лепшых творах («Дзяды», «Пан Тадэуш»), сам супярэчыць сваім устаноўкам і праўдзіва адлюстроўвае істотныя бакі рэчаіснасці таго часу.

У соцыяльных пытаннях Міцкевіч таксама не мог цалкам пазбыцца абмежаванасці свайго класа і ён рысуе часамі ўзаемаадносіны паміж сялянствам і памешчыкамі ў некалькі ідылічных тонах, але ён заўсёды выступаў з гуманістычных пазіцый у абарону прыгнечанага народа супроць паноў-тыранаў і быў нязменным прыхільнікам адмены прыгону.